У часы Полацкага і Тураўскага княстваў адзенне мела асаблівую ролю. Па элементах адзення можна было зразумець, хто перад табой: дзяўчына ці замужняя жанчына, просты жыхар ці прадстаўнік знаці, свой ці чужы.
PALATNO расказвае, што насілі продкі беларусаў тысячу гадоў таму.
Змест
Адзенне замест пашпарта
Калі мы падумаем пра беларускія землі тысячагадовай даўніны, то можам лёгка ўявіць гарадзішчы, драўляныя пабудовы, князёў. Аднак ёсць яшчэ адзін спосаб убачыць людзей таго часу — паглядзець, у што яны былі апранутыя.
Адзенне для людзей X-XIII стагоддзяў не было звычайнай вопраткай. Адзенне паказвала, хто перад табой знаходзіцца, адкуль чалавек, колькі ў яго грошай, у якім сацыяльным статусе асоба знаходзіцца. На тыя часы толькі па адзенні можна было «прачытаць» узрост, пол, статус і паходжанне.
Беларускія археолагі знаходзілі ў старажытных пахаваннях кавалачкі тканін, рэшткі скураных паясоў, гузікі, пацеркі, скроневыя кольцы, фібулы, абутак і іншыя элементы адзення. Часам ад самога адзення праз стагоддзі нічога не застаецца, але захоўваюцца дробязі, па якіх можна аднавіць старажытны беларускі свет.
Асновай гардэроба былі лён і воўна. Часам выкарыстоўвалі каноплі, крапіву, скуру, мех. Тканіну выраблялі самі: спачатку атрымлівалі валакно, апрацоўвалі яго, рабілі ніткі, ткалі палатно, фарбавалі і шылі. Самым цяжкім этапам быў выраб нітак — на гэта сыходзіла большая частка працы. Таму адзенне было каштоўнасцю: яго доўга насілі, рамантавалі і абавязкова ўпрыгожвалі.
Каляровае адзенне Сярэднявечча
Людзі часта ўяўляюць адзенне мінулага шэрым і не такім каляровым, якім яно было ў рэальнасці. На тэрыторыі Беларусі знаходзілі тканіны і ніткі чорнага, белага, карычневага, зялёнага, жоўтага і чырвонага колераў.
Адзенне фарбавалі раслінамі, карой, лісцем, кветкамі. Напрыклад, жоўты маглі атрымліваць з шалупіння цыбулі, зялёны — з раслінных адвараў, чырвоны — з жалеза або каменю, які растваралі ў гарачай вадзе.
Тысячу гадоў таму чалавек з Полацка, Турава, Наваградка і іншых беларускіх гарадоў і мястэчак мог выглядаць даволі ярка. І асабліва — калі ў яго былі грошы.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Знакамітага краўца каўбойскіх касцюмаў запісалі ўраджэнцам Беларусі. Насамрэч, ён паходзіць з Польшчы

Заможныя людзі ў той час мелі доступ да імпартных тканін. На тэрыторыю сучаснай Беларусі траплялі шаўковыя тканіны з Блізкага і Сярэдняга Усходу, Міжземнамор’я, сукно з Францыі. Асабліва папулярнымі былі чырвоныя, пурпурныя, фіялетавыя, блакітныя, зялёныя і жоўтыя шоўкавыя тканіны. Сустракаліся тканіны з рознымі ўзорамі: крыжамі, ромбамі, выявамі грыфаў, арлоў ці львоў.
У адзенні знаці сустракалася парча з залатымі ніткамі. Візантыйскія тканіны знаходзілі на раскопках у Мінску, Давыд-Гарадку, Брэсце, Наваградку, Тураве.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Колеры жыцця і смерці: сімволіка белага, чырвонага, чорнага і сіняга ў беларускай традыцыі
З чаго складаўся гардэроб старажытнага беларуса
Галоўнай часткай адзення былі льняныя кашулі і паясное адзенне: панёва ў жанчын і порткі ў мужчын. Кашулі рабіліся ніжнія і верхнія, а па кроі былі тунікападобнымі. Ткацкія станкі таго часу дазвалялі рабіць палатно шырынёй прыкладна ў паўметра, таму адзенне часта рабілі з некалькіх кавалкаў тканіны. У жаночых святочных кашулях рукавы маглі збірацца каля запясця бранзалетамі. Край кашулі, рукавы і каўнер часта ўпрыгожвалі вышыўкай, нашыўкамі, шклянымі пацеркамі і металічнымі бляшкамі. Кашуля была базай, на якую накладваліся ўсе астатнія элементы: пояс, панёва або порткі, верхняе адзенне, упрыгожванні. Без кашулі строй проста не складаўся.
Жаночае паясное адзенне — панёва — было кавалкам тканіны, які завязвалі вакол пояса так, каб краі разыходзіліся спераду. Сярод знатных і заможных жанчын былі распаўсюджаныя доўгія сукенкі: такія сукенкі маглі быць яркімі і дарагімі, асабліва калі шыліся з імпартных тканін. Мужчынскія порткі, верагодна, былі нешырокія. Простыя людзі насілі льняныя ці суконныя порткі, заможныя маглі дазволіць сабе шаўковыя.
Пояс быў асобнай важнай рэччу гардэроба старажытнага беларуса. Пояс арганізоўваў увесь касцюм, да яго падвешвалі ключы, нажы, сумкі, амулеты. Пояс мог быць скураным, тканым, плеценым. У мужчынскім паясах часта сустракаліся прамавугольныя спражкі, у жаночых — падковападобныя фібулы са спіралепадобнымі канцамі.

Асаблівую ролю мелі жаночыя галаўныя ўборы. Яны паказвалі ўзрост, сямейнае становішча. У розных рэгіёнах беларускіх зямель былі свае формы і традыцыі па нашэнні галаўнога ўбора. Аднак самым асноўным і пазнавальным элементам былі скроневыя кольцы — яны таксама адрозніваліся ад рэгіёна да рэгіёна.
Мужчынскія галаўныя ўборы вядомыя горш. На старажытных выявах князі і знаць часта паказаныя ў шапках. Шапкі былі розных формаў, некаторыя аздабляліся ўпрыгожваннямі.
Неад’емнай часткай строю былі ўпрыгожванні, якія рабілі касцюм не толькі прыгожым, але і выконвалі важную сакральную функцыю: абаранялі чалавека ад злых сіл.
