Калі Натан Панц нарадзіўся ў Віцебску ў верасні 1917 года, свет ля яго развальваўся і збіраўся нанова. Праз некалькі гадоў яго сям’я пакінула Беларусь і пераехала ў Палесціну. Там, у Тэль-Авіве, хлопчык з Віцебска стаў адным з галоўных футбалістаў свайго часу.
PALATNO расказвае пра Натана Панца.
Змест
Як Тэль-Авіў стаў домам дзіцяці з Віцебска
Натан Панц нарадзіўся ў Віцебску напрыканцы верасня 1917 года — за месяц да пачатку Кастрычніцкага перавароту. Калі Натану было ўсяго тры гады, бацькі — Егуда і Сара — эмігравалі з Беларусі ў Падмандатную Палесціну. На доўгія гады Тэль-Авіў стаў домам для Натана Панца. З гэтым горадам у яго будзе звязана не толькі ўсё жыццё, але і прафесійная кар’ера і поспехі ў спорце.
У год нараджэння Натана брытанскія войскі занялі тэрыторыю Палесціны падчас вайны з Асманскай імперыяй. Тады ж з’явілася Дэкларацыя Бальфура, у якой брытанскі ўрад падтрымаў ідэю стварэння ў Палесціне «нацыянальнага дома для яўрэйскага народа», але з умовай, што не будуць парушаныя правы мясцовага неяўрэйскага насельніцтва.
У пачатку 1920-х гадоў ўзмацнілася эміграцыя ў Палесціну з Усходняй Еўропы, там з’яўляліся новыя яўрэйскія паселішчы, будавалася інфраструктура пад кіраўніцтвам брытанскай улады — вось туды ў гэты час і перабіраюцца Панцы.
У Тэль-Авіве Натан вучыўся ў гімназіях «Герліцыя» і «Нордыя», а пасля паступіў у Амерыканскі ўніверсітэт Бейрута. Ва ўніверсітэце адвучыўся каля года, затым знайшоў офісную працу ў Ерусаліме, а яшчэ пазней уладкаваўся службоўцам у гарадскую адміністрацыю Тэль-Авіва.

Захапленне футболам пачалося з дзяцінства
Натан займаўся футболам з дзяцінства. Спачатку выступаў за моладзевую каманду тэль-авіўскага «Макабі». Разам з «Макабі» ўраджэнец Віцебска дамогся двух перамог у чэмпіянаце.
У 1936 годзе, пасля першага чэмпіёнства, клуб паляцеў у турнэ ў Злучаныя Штаты Амерыкі. Падчас паездкі ён вылучыўся сярод астатніх футбалістаў, што заўважылі амерыканскія заўзятары і спартыўныя клубы. Панцу прапанавалі вялікі кантракт у Нью-Ёрку, але той адмовіўся ад прапановы.
З «Макабі» Панц гуляў яшчэ тры гады. Аднак пасля паміж ім і клубам узнік канфлікт: кіраўніцтва адмаўлялася выпускаць на поле маладых гульцоў. Таму Натан прыняў важнае рашэнне — ён збіраўся змяніць клуб. У 1939 годзе Панц перайшоў у тэль-авіўскі «Бэйтар», які ўвогуле гуляў у другім дывізіёне. У часы Натана Панца ў «Бэйтары» клуб двойчы ўзяў кубак лігі, а першы кубак быў узяты на наступны год пасля пераходу футбаліста ў каманду.

У 1947 годзе каманду расфарміравалі: «Бэйтар» асацыявалі з ваенізаваннай арганізацыяй «Іргун», якая была адным з галоўных праціўнікаў мандатнай улады. Клуб не знішчылі, ён змяніў назву на «Нордыю», аднак Панц вырашыў адмовіцца выступаць за каманду. Гэта рашэнне стала канцом мары Натана выйграць з клубам першы чэмпіёнскі тытул. Ён вярнуўся ў «Макабі».
У 1938 годзе Падмандатная Палесціна спрабавала сябе ў кваліфікацыйным турніры да чэмпіянату свету. Каманда, у якой выступаў і Панц, павінна была перамагчы Грэцыю, каб змагацца далей за месца ў першынстве свету. Аднак зборная прайграла два матчы запар. Праўда, Грэцыя ў фінальным раўндзе кваліфікацыі прайграла Венгрыі з вялікім лікам — 1:11, што дазволіла венграм паўдзельнічаць у чэмпіянаце свету ў Францыі.
Апошнім футбольным матчам у жыцці Натана Панца была гульня супраць «Хапаэля» ў красавіку 1948 года. «Хапаэль» вёў з лікам 1:0, але Натан зраўняў лік — матч скончыў унічыю.
Стаў салдатам падчас Грамадзянскай вайны
У лістападзе 1947 года, пасля прапановы ААН падзяліць Палесціну на дзве дзяржавы — яўрэйскую і арабскую, пачалася грамадзянская вайна. Яўрэйскае кіраўніцтва прыняло план, а арабскія дзяржавы выступілі супраць. Вялікабрытанія, якая збіралася сыходзіць з Палесціны, усё менш кантралявала сітуацыю на вуліцах. Пачаліся сутыкненні паміж яўрэйскімі і арабскімі фарміраваннямі, напады на паселішчы і канвоі. З канца 1947-га да вясны 1948 года арабскія сілы часта блакавалі яўрэйскія дарогі, аднак затым адна з яўрэйскіх арганізацый пайшла ў наступленне і заняла шэраг ключавых гарадоў і дарог. Канфлікт прывёў да выгнання і масавых уцёкаў арабаў з многіх гарадоў і вёсак.
14 мая 1948 года была абвешчана Дзяржава Ізраіль. На наступны дзень у вайну ўступілі арміі суседніх арабскіх дзяржаў — так грамадзянская вайна перарасла ў араба-ізраільскую вайну 1948 года.
Натан Панц увайшоў у ваенную арганізацыю «Іргун». Панц удзельнічаў у маштабнай аперацыі, калі быў абрабаваны брытанскі цягнік з боепрыпасамі і зброяй: гэта дапамагло «Іргуну» пачаць наступ на Яфу. Падчас баёў у Яфе Панц камандаваў разлікам бранявіка, быў кулямётчыкам. Яго разам з двума салдатамі забілі брытанцы ў адным з раёнаў Яфы. Натан Панц памёр на месцы — 28 красавіка 1948 года.
* * *
У 1998 годзе імем Натана Панца была названа адна з вуліц у Яфе. А ў 2001 годзе на плошчы, якая была названа ў гонар футбаліста, усталявалі помнік.


