Натхненне

Затрымаў злачынцаў, але памёр ад стрэлаў. Гісторыя беларуса, які перашкодзіў выкраданню самалёта


Затрымаў злачынцаў, але памёр ад стрэлаў. Гісторыя беларуса, які перашкодзіў выкраданню самалёта

Падчас адной з першых спроб угону самалёта ў СССР быў забіты беларус, член экіпажа таго самалёта. Цімафей Рамашкін спрабаваў перашкодзіць злачынцам, але атрымаў чатыры кулі ў адказ ад аднаго са злачынцаў. Хто былі гэтыя людзі і навошта ім быў патрэбны самалёт? Як Рамашкін зламаў іх план?

PALATNO расказвае пра загадкавае выкраданне самалёта з рэйса Мінск-Талін-Ленінград.

Мужчына ў ваеннай форме без пагон і жанчына з нажом

Раніцай 8 студзеня 1954 года з Мінска праз Таліну ў Ленінград выляцеў рэйс з пяццю пасажырамі. Пасля прыпынку ў Таліне падчас раздачы прэсы на экіпаж напалі двое чалавек.

Мужчына і жанчына сядзелі на пярэдніх крэслах ля кабіны пілотаў. У мужчыны была форма Ваенна-паветраных сіл, але без пагон. Калі бортмеханік (бортправаднікоў на рэйсе не было) разносіў газеты і часопісы пасажырам, мужчына ўстаў з крэсла і дастаў пісталет. У жанчыны побач з ім быў таксама пісталет і яшчэ нож. Пара пагражала зброяй і спрабавала захапіць самалёт. Аднак ім перашкодзіў гэта зрабіць бортмеханік Цімафей Рамашкін.

«Вярнуўся Цімафей, а за ім услед, не даўшы зачыніць дзверы, у кабіну зайшоў хтосьці падобны да авіятара. Справа ад чалавека ў кіцелі з’явілася жанчына з першага крэсла з пісталетам. Яна накіравала яго ў наш бок. Сумневаў больш не было — гэта ворагі. Мы чакаем, а дыверсант узяў пісталет у жанчыны. Саўдзельніца дастала шнур, які нагадваў парашутныя стропы, і стала звязваць рукі радысту. Рамашкін кінаўся наперад. Жанчына ад удара ўпала, а мужчына адскокнуў назад і пачаў страляць з абодвух пісталетаў», — успамінаў падзеі таго дня лётчык Гаранін.

Падчас сутычкі ў яго трапілі чатыры кулі — пазней ён загінуў у шпіталі. Іншыя члены экіпажу змаглі затрымаць злачынцаў. Самалёт вярнулі ў Талін.

Пазней высветлілася, што нападнікамі былі Лідзія Сцяклова і Андрэй Данчэнка, які да таго часу доўга выношвалі думку пра захоп самалёта. Яны планавалі захапіць пасажырскі самалёт у адной з краін Балтыі і паляцець з Савецкага Саюза ў вольны свет. У іх плане, прынамсі, фігуравала Швецыя. Пазней КДБ сцвярджаў, што пара збірала сакрэтную інфармацыю пра савецкія вайсковыя часткі і хацела перадаць яе заходнім разведкам.

Хто такі Рамашкін?

Цімафей Рамашкін нарадзіўся ў 1919 годзе ў вёсцы Марчанкі на Віцебшчыне. Пасля школы з’ехаў працаваць у Расію. У 1938 годзе пайшоў служыць, скончыў авіятэхнічную школу і стаў тэхнікам самалётаў.

Вядома, што Рамашкін удзельнічаў у савецка-фінскай вайне. Пасля яе яго звольнілі ў запас. Ён застаўся ў Ленінградзе і працаваў некаторы час у грамадзянскай авіяцыі.

Калі нацысты напалі на Савецкі Саюз, Рамашкіна прызвалі ў армію. Прайшоў усю вайну і быў узнагароджаны медалём «За адвагу». Пасля Другой сусветнай вайны зноўку сышоў у грамадзянскую авіяцыю і да інцыдэнту ў небе над Талінам працаваў на пасажырскіх рэйсах.

Рамашкін стаў Героем СССР пасмяротна. Цімафей Рамашкін лічыцца адзіным беларусам, які атрымаў званне Героя СССР у рамках барацьбы са злачыннасцю.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: З вайны — з ордэнамі, пасля вайны — у турму. За што беларусаў пазбаўлялі звання Героя СССР?

У 2022 годзе, пасля некалькіх месяцаў ад пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, памятны камень Рамашкіну ў вёсцы Вяэна-Ёысу быў знесены.