Натхненне

Як узнікла ВКЛ: чаму аб’ядналіся балты і славяне і як беларускія землі ўвайшлі ў дзяржаву


Як узнікла ВКЛ: чаму аб’ядналіся балты і славяне і як беларускія землі ўвайшлі ў дзяржаву

У сярэдзіне XIII стагоддзя на землях Літвы і Панямоння пачала складвацца новая дзяржава — Вялікае Княства Літоўскае. Яе ўзнікненне было звязана з аб’яднаннем балтаў і ўсходніх славян, а беларускія землі далучаліся да ВКЛ рознымі шляхамі — ад запрашэння князя на княжанне да дынастычных шлюбаў і ваеннай сілы.

PALATNO разбіраецца ў гэтым пытанні.

Як пачало складвацца Вялікае Княства Літоўскае

Сярэдзіна XIII стагоддзя — час, калі на землях Літвы і Панямоння пачала складвацца новая дзяржава — Вялікае Княства Літоўскае. Яна сфарміравалася на землях Літвы і Заходняй Беларусі, а яе ўзнікненне стала вынікам аб’яднання балтаў і ўсходніх славян, якія жылі ў Панямонні.

Першым уладаром новай дзяржавы стаў князь Міндоўг. Каб прымірыцца з папам рымскім і спыніць набегі рыцараў, ён прыняў каталіцтва і атрымаў каралеўскую карону. У 1253 годзе Міндоўг быў каранаваны ў Новагародку.

Новагародак, сучасны Навагрудак, стаў першай сталіцай і галоўным цэнтрам згуртавання новай дзяржавы. Але пасля забойства Міндоўга змоўнікамі ў 1263 годзе над ВКЛ навісла пагроза распаду. Уладу змог аднавіць яго сын Войшалк. З дапамогай пінскіх князёў ён падпарадкаваў сабе Наваградак, а пры падтрымцы жыхароў Наваградка — Літву.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Міндоўг і ВКЛ: што рабіць, калі вакол крыжакі і татары — а табе трэба стварыць дзяржаву

Чатыры прычыны аб’яднання беларускіх і літоўскіх зямель

Чаму балты і славяне наогул вырашылі аб’яднацца? На гэта былі чатыры асноўныя прычыны.

Па-першае, гаспадарчае ўзвышэнне ўсходнеславянскіх гарадоў у Панямонні. Па-другое, рост ваеннай актыўнасці самой Літвы. Па-трэцяе, сталыя і трывалыя сувязі і кантакты паміж балтамі і славянамі Панямоння.

І па-чацвёртае — знешняя пагроза. Беларускія землі патрабавалі сумеснай абароны ад агрэсіі нямецкіх рыцараў-крыжакоў з паўночнага захаду і набегаў мангола-татараў з усходу і поўдня.

Такім чынам, аб’яднанню спрыялі і ўнутраныя ўмовы — гаспадарчае развіццё, ваенная актыўнасць і даўнія кантакты насельніцтва, — і неабходнасць разам супрацьстаяць знешнім ворагам.

Як беларускія землі ўваходзілі ў склад ВКЛ

Беларускія землі станавіліся часткай ВКЛ трыма асноўнымі спосабамі: дабраахвотным, праз дынастычныя шлюбы і ваенным.

Першы шлях — дабраахвотны. Мясцовыя жыхары маглі самі запрашаць літоўскіх князёў на княжанне, бачачы ў іх надзейную абарону ад ворагаў. Пры гэтым заключаліся спецыяльныя дагаворы, або рады. На іх аснове дзейнічаў прынцып: «Мы старыны не рушым, а навіны не ўводзім». Ён азначаў захаванне мясцовых правоў, старых парадкаў, мовы, рэлігіі і традыцый. Так у склад ВКЛ мірна і дабраахвотна ўвайшлі Полацкае і Менскае княствы.

Другі шлях — дынастычныя шлюбы. Яскравы прыклад — Віцебскае княства. У 1320 годзе сын Гедзіміна Альгерд ажаніўся з віцебскай княжной Марыяй. Пасля смерці яе бацькі Альгерд стаў віцебскім князем, і зямля адышла да ВКЛ без ваеннай сутычкі.

Трэці шлях — ваенны. Часам ВКЛ выкарыстоўвала ваенную сілу. Ваенным шляхам у склад ВКЛ увайшлі Берасцейшчына і Мсціслаўскае княства.