Ён ведаў, дзе жывуць твае сваякі, куды сям’я хавае харчы і ў якім лесе можна знайсці зямлянку. Яшчэ нядаўна ён быў суседам, а цяпер прыйшоў з акупацыйнай уладай і атрымаў права распараджацца чужым жыццём. Мясцовыя паліцаі нярэдка паўстаюць страшнейшымі за немцаў, але тыя ж людзі маглі заступацца за іншага паліцэйскага і лічыць яго пасляваеннае пакаранне несправядлівым. Чаму?
PALATNO разбіраецца.
Вайна памерам з вёску
У вялікай гісторыі вайны галоўнымі падзеямі становяцца наступленні, бітвы і вызваленні гарадоў. У чалавека, які перажыў акупацыю ў вёсцы, магла быць зусім іншая карта мінулага: уласная хата, суседні двор, дарога да мястэчка і лес, дзе хавалася сям’я.
Дапаможная паліцыя была адной з формаў супрацоўніцтва з нацысцкай акупацыйнай уладай. Для вёскі гэта была рэзкая змена звыклых адносін. Яшчэ ўчора чалавек мог не вылучацца сярод астатніх, а сёння атрымліваў уладу. Ён мог прыйсці з патрабаваннем аддаць харчы, забраць чалавека і пагражаць расправай, а за яго спінай стаяла акупацыйная сістэма.
З’яўленне ўзброенага аднавяскоўца ўспрымалася сялянамі як небяспека для ўсёй грамады. Сусед пачынаў выконваць волю чужой улады, а яго веды пра мясцовае жыццё маглі зрабіцца інструментам пераследу.

Чаму «свае» маглі здавацца страшнейшымі за немцаў
Мясцовыя паліцаі былі горшыя за немцаў — і за такой ацэнкай стаяў канкрэтны досвед. Нямецкі вайсковец, які прыязджаў у вёску, мог не ведаць, хто да вайны быў камуністам, у каго сваяк пайшоў у партызаны і дзе сяляне схавалі маёмасць. А вось мясцовы памагаты ведаў.
Жыхарка вёскі Рачныя на Докшыччыне прыгадвала чалавека, які служыў немцам і мог паказаць ім лясныя схованкі. Для людзей, што ратаваліся ў зямлянках, яго веданне мясцовасці станавілася смяротнай пагрозай.
Да страху дадавалася перажыванне здрады. Ад чужога ўзброенага чалавека чалавекі небяспекі. Ад таго, з кім жылі побач, чакалі хаця б спагады. Калі ён дапамагаў пераследаваць суседзяў, парушалася сама аснова супольнага жыцця. Так «свой» ператвараўся ў «чужога»: чалавек заставаўся мясцовым паводле паходжання і мовы, але страчваў права лічыцца сваім у вачах грамады.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
У жніўні 1941-га Гітлер і Мусаліні прыехалі ў Брэст. Што яны там рабілі?
Бліцкрыг, масавыя забойствы, СССР разам з Рэйхам. Якімі былі першыя тыдні Другой сусветнай вайны?
«У голад людзі намруцца, а ў вайну налгуцца». Расказваем пра беларускія прыказкі пра вайну
Ведалі дом, ведалі сям’ю і ведалі, каго шукаць
Асабліва цяжкія ўспаміны звязаныя з удзелам мясцовай паліцыі ў Халакосце. У сабраных сведчаннях Уладзімірам Лобачам паліцэйскія канваіруюць яўрэяў да месцаў забойства, зганяюць людзей капаць і засыпаць расстрэльныя ямы, удзельнічаюць у расстрэлах і шукаюць тых, каму ўдалося схавацца.
У гэтых аповедах забойцы часта маюць пазнавальнае аблічча: чалавек з суседняй вёскі, сваяк гаспадароў канкрэтнай хаты. Памяць захоўвае і гвалт, і блізкасць паміж тымі, хто забіваў, і тымі, каго забівалі.
Супрацьстаянне паліцыі і партызанаў закранала сваякоў па абодва бакі. Ва ўспамінах, якія прыводзіць Уладзімір Лобач, паліцэйскія расстрэльваюць сем’і партызанаў і пагражаюць людзям, якіх падазраюць у дапамозе ім. Іншыя сведчанні расказваюць пра партызанскія пагрозы і расправы ў дачыненні да родных паліцэйскіх.
Адна з суразмоўцаў прыгадвала, як у іх хаце хаваліся людзі, чый сын пайшоў у паліцыю. Яна запомніла страх перад узброенымі людзьмі і немагчымасць знайсці бяспечнае месца. Жыхарка вёскі Шо на Глыбоччыне сфармулявала раскол яшчэ карацей: «У нас была: адзін брат у парцізанаў, другі ў немцаў».

«Каб добра жыць» за чужы кошт
Чаму людзі ішлі ў паліцыю? Былі розныя прычыны: варожасць да савецкай улады, перажытыя рэпрэсіі, жаданне звесці даўнія рахункі, матэрыяльная выгада.
Самі вяскоўцы рэдка падрабязна разважалі пра палітычныя перакананні паліцэйскіх. У іх аповедах асабліва выразна гучыць матыў: «каб добра жыць». За гэтым словамі стаялі рэчы, якія людзі бачылі на свае вочы. Жыхарка Ладасна на Лепельшчыне расказвала, як паліцаі вывозілі з вёсак адзенне, калаўроты і іншую маёмасць. Пасля вайны гаспадары пазнавалі некаторыя са сваіх рэчаў.
Адносная бяспека і дабрабыт аднаго чалавека дасягаліся праз безабароннасць іншых. Гэта таксама станавілася прычынай, па якой грамада адмаўлялася прымаць чалавека назад.
Чаму ў памяці застаўся і «добры паліцай»
Разам з гісторыямі пра забойствы і рабункі ёсць аповеды пра паліцэйскіх, якія дапамагалі людзям. Вяскоўцы адрознівалі тых, хто пайшоў служыць добраахвотна, ад тых, каго прымусілі. Для часткі моладзі служба ў паліцыі была спосабам пазбегнуць адпраўкі на прымусовыя працы ў Германію, а іншыя пазней пераходзілі да партызанаў.
Вырашальнае значэнне мелі канкрэтныя паводзіны. Ці забіваў чалавек? Ці выдаваў суседзяў? Ці рабаваў? Ці дапамагаў, калі мог? Адны запомнілі паліцэйскага, які засцерагаў родную вёску ад небяспекі, а іншыя — таго, хто выцягнуў дзяўчыну з вагона ў Докшыцах.
Таму пасляваеннае пакаранне людзі ацэньвалі па-рознаму. Жыхарка Дзісны расказвала пра асуджанага паліцэйскага, за якога заступаліся суседзі. Яны пісалі заявы, што ён нікога не забіваў і не выдаваў. У іх памяці прысуд заставаўся несправядлівым.
Пасля вайны суседства не заўсёды аднаўлялася
Заканчэнне акупацыі не сцірала таго, што адбылося паміж людзьмі. У адным з аповедаў, які прыводзіць даследчык, былы паліцай пасля вайны ўладкаваўся працаваць на ферму. Аднак сваяк юнака, якога той забраў падчас акупацыі і якога пасля забілі, прыгразіў яму расправай. Паводле сведчанняў, былы паліцай уцёк у Латвію.
Такія гісторыі паказваюць, што судовы прысуд быў толькі адной з формаў адплаты. Існавалі яшчэ асабістая помста, выгнанне і адмова прызнаваць чалавека часткай супольнасці.
У народных аповедах патрэба ў пакаранні набывала рэлігійныя ці міфалагічныя формы. Няшчасці былых паліцэйскіх, а часам іх нашчадкаў, тлумачылі божай карай, праклёнам і сувяззю з нячыстай сілай. Так людзі спрабавалі асэнсаваць перажытае і знайсці справядлівасць.
