На Палессі існуе абрад, які перажыў стагоддзі розных гістарычных падзей. Абрад спалучае страх перад стыхіяй, аграрную магію і вечнае жаданне чалавека ўплываць на лёс.
PALATNO расказвае пра абрад пахавання стралы.
Адкуль паходзіць абрад
Абрад пахавання стралы з’яўляецца адным з найстаражытнейшых у беларускім абрадавым фальклоры. Пераважна абрад быў распаўсюджаны ў Пасожжы, на землях радзімавічаў. Галоўнай мэтай яго была адвесці «грамавую стралу» Перуна ад вёскі, каб засцерагчы хаты і палі ад маланак, пажараў і розных няшчасцяў.
У свядомасці нашых продкаў маланка была жывой сілай, якую трэба ўміласцівіць, адвесці. Таму яе «пахаванне» не было звязана са смерцю, а з’яўлялася сімвалічным дзеяннем, каб прымірыць чалавека са стыхіяй.
У песнях, якія спявалі падчас абраду, страла выступала як жывая істота і была галоўным дзеючым персанажам. Страла «ляціць», «убівае добрага малайца», а жанчыны (маці, сёстры, жонкі) яго аплакваюць.
Як адбываўся абрад
Свята праводзілася на Ушэсце, то бок на сорак дзён пасля Вялікадня. У гэты дзень жанчыны апраналі святочнае адзенне, выходзілі ў цэнтр вёскі і вадзілі карагоды. Песні падчас абраду былі асаблівымі: у іх гучалі заклінанні, просьбы і, канешне, аплакванні.
Пасля карагодаў шэсце накіроўвалася за вёску да жытнага поля. Там адбываўся кульмінацыйны момант — пахаванне стралы. Удзельніцы закопвалі ў зямлю дробныя прадметы: гузікі, манеты, пярсцёнкі, шпількі. Яны былі сімвалічнымі ахвярамі для Перуна, каб маланка не забівала. Часта ў яму клалі ляльку, якая была заменай чалавечай ахвяры.
Абрад заканчваўся качаннем у жыце — гэта быў элемент аграрнай магіі, які мусіў забяспечыў здароўе і ўрадлівасць.
А калі людзі вярталіся назад у вёску, то спяваліся летнія і вясёлыя песні, бо вясна на той момант ужо была «пахавана», а лета пачалося.
Лакальныя варыянты абраду і яго даследаванні
Этнографы і фалькларысты (Барташэвіч, Гусеў, Ліс) адзначалі, што абрад мае шмат мясцовых формаў. У Веткаўскім раёне абрад называюць «Хрэн» або «Сена». У Лоеўскім раёне абрад называлі «Ваджэнне Вясны» ці «Сула».
Даследчыкі вылучалі тры складнікі абраду: дзеянне, прадмет і слова. Дзеянне — гэта карагоды, качанне па жыце, закопванне. Прадмет — ахвярныя рэчы. Слова — песня-заклінанне. Так у народным абрадзе аб’ядналіся элементы паганскага культу, аграрнай магіі і хрысціянскай традыцыі.
У розных вёсках замест лялькі закопвалі галінку вярбы, ёлку, колік або жменю каласкоў. У некаторых мясцінах стралу тапілі, спальвалі ці адводзілі праз усе вуліцы вёскі.
Нягледзячы на разнастайнасць, сутнасць была аднолькавай — засцерагчыся ад прыроднай стыхіі і ўтрымаць ураджайнасць на добрым узроўні.
Абрад пахавання стралы на сённяшні дзень застаецца жывой часткай культурнай памяці беларусаў. У 2006 годзе ён атрымаў статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі, а найбольш у аўтэнтычным варыянце захаваўся ў вёсцы Казацкія Балсуны ў Веткаўскім раёне.
