Продкі беларусаў лічылі, што снег мог быць боскім клопатам ці нават д’ябальскай праявай. Яго чакалі, не любілі завірухі і мяцеліцу, але выкарыстоўвалі ў розных магічных дзеяннях.
PALATNO расказвае, як беларускія продкі ставіліся да снегу.
Снег — гэта ад Бога, а снег з ветрам — ад чорта
Снег успрымаўся продкамі беларусаў дваіста. З аднаго боку, яго ўспрымалі як клопат Бога пра зямлю і людзей: захоўвае жыта, робіць для людзей дарогу для працы. З іншага боку, снег у сукупнасці з ветрам з’яўляецца д’ябальскай праявай: мяцеліцу называлі чортавай з’явай, а ў завіруху нібыта спраўлялі шабаш чэрці з ведзьмамі.
Белы колер снегу ў нашых продкаў нараджаў асацыяцыі са смерцю. Існаваў выраз: снег у вочы не падае — яшчэ не нябожчык.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Колеры жыцця і смерці: сімволіка белага, чырвонага, чорнага і сіняга ў беларускай традыцыі
Снег непасрэдна звязваўся з іншым светам, духамі продкаў. Навукоўцы адзначалі, што ў паганстве лічылася, што снег быў татэмам, у якім знаходзілася душа асобнага чалавека.
Цікава, што дагэтуль на беларускіх землях існуе прыкмета: калі ў дзень вянчання ідзе снег, то ў маладых будзе шчасце; а калі ў час пахавання ідзе снег, то гэта памерлы «пряіць сваёй радні».
Сіла і магія снегу
Беларусы здаўна лічылі снег замерзлым дажджом, а значыць гэта была патэнцыйная вада, у якой знаходзілася плодная сіла. Са снегам праводзілі шэраг розных маніпуляцый — ад варажбы да рытуальных і магічных дзеянняў.
Напрыклад, калі ў хаце былі блохі, то трэба ў Чысты чацвер падмесці голым полк, а ў чатыры куты хаты насыпаць снегу. Снегам маглі мыць цела, гатаваць з яго лекавую ваду. Вада, прыгатаваная са снегу, мела сілу «жывой вады», бо яна не толькі лекавала, але і абнаўляла.
Асабліва каштоўным і сакральным быў першы снег (яшчэ лічылі сакавіцкі снег вельмі «моцным»).
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Плачуць багі і ведзьмы. Як продкі беларусаў уяўлялі дождж?
Птушка, якая можа прадказаць дождж і бяду. Расказваем пра чорную жаўну
