Веды

«Пытаецца люты, ці добра абуты». Якія ёсць беларускія прыказкі пра зіму?


«Пытаецца люты, ці добра абуты». Якія ёсць беларускія прыказкі пра зіму?

PALATNO шукае беларускія прыказкі пра зіму.

Воз дадому возіць, сані на базар

Селянін улетку сабраны на полі ўраджай возіць дадому, а частку яго мусіць везці зімой на базар.

«Астатняе ўсё прыходзілася купляць, прадаючы пудок жыта. Лішку ў верасаўцаў не было, але прадавалі. Недарма кажуць: воз дадому возіць, сані на базар. За тыдзень-два наперад згаворваліся, хто з кім паедзе і што павязе на продаж». (В. Адамчык, «Чужая бацькаўшчына»)

Грамніцы — палавіна зіміцы

Ужываюць як адзін з паказчыкаў народнага календара прыроды. Грамніцы — свята ў хрысціян, якое ў праваслаўных прыпадае на 15 лютага па новым стылі, а ў католікаў — на 2 лютага.

«Даволі траскучыя марозы гулялі на прасторы, ціснулі ўсё жывое і нежывое. Прайшлі і Коляды, і Хрышчэнне (тры каралі), і блізка Грамніцы. Хоць і кажуць: “Грамніцы — палавіна зіміцы”, але ўжо зіма ідзе к канцу». (Я. Колас, «Канец зімы»)

Гусі нізка — зіма блізка

Ужываецца як адзін з паказчыкаў народнага календара прыроды.

«Ляцелі гусі, плылі не чарадой, а бязладнай гурмой, наперагонкі, нібыта грэліся, нібыта збіраліся скучыцца, каб было цяплей і каб не даймаў сіберны вецер. “Гусі нізка – зіма блізка”, — прыгадалася чутае». (Л. Калодзежны, «Паўлюк Самусік са Стаўроў»)

Зіма ліха, а без зімы яшчэ горш

Пра дваякае стаўленне да зімы.

«— Управіліся да зімы ўжо? Тыдзень-другі, зусім малы дзень будзе. — Восені яшчэ ладна наперадзе. А! У нас кажуць — зіма ліха, а без зімы яшчэ горш. Усяго трэба». (А. Кажадуб, «Старая хата»)

Зімняя ночка бацьку сарочка

Пра ручное прадзіва ў доўгія зімнія ночы.

«Сабіна дзеўкаю папасядзела за тымі кроснамі, нават помніць прымаўку: зімняя ночка — бацьку сарочка. Усё самі рабілі, ткалі, кроілі, шылі». (А. Кажадуб, «Стрэчанне»)

Калі ў студзені дажджы дабра не жджы

Ужываецца як адзін з паказчыкаў народнага календара прыроды.

«Студзень — самы халодны месяц года. Гэта ў ім трашчаць маразы. Але беларус рады маразам і не хоча, каб яны слаблі. Бо памятае продкаў: “Барані нас Бог ад цёплага студзеня”, — казалі яны. Ды і сам ён ведае: “Калі ў студзені дажджы — дабра не жджы”». (Я. Сіпакоў, «Зялёны лісток на планеце Зямля»)

Не пі, не еш і з хаты не лезь

Пра вельмі дрэнную пагоду (звычайна зімой).

«Першая ваенная зіма была халодная. Як кажа прыказка: не пі, не еш і з хаты не лезь. Але з хаты трэба было вылазіць». (Р. Сабаленка, «Успомненае»)

Рыхтуй калёсы зімой, а сані летам

Гаворыцца як парада загадзя рыхтаваць тое, што спатрэбіцца праз пэўны час.

«Вы забыліся пра адну прыказку, якую вельмі любіў паўтараць ваш дзед: “Рыхтуй сані летам, а калёсы зімой”, і таму плана веснавой сяўбы зімой не рыхтавалі». (А. Макаёнак, «Выбачайце, калі ласка»)

Мароз сем баб павёз

Пра вельмі моцны мароз.

«— А ты за вядзі мяне дадому, — папрасіў Сяргейка. — Я адзін буду. — Куды я цябе павяду? На двор няможна носа вытыркаць. Ды і мароз… сем баб павёз». (А. Казлоў, «Ікаўка, мяцеліца і Сяргейка»)

Пытаецца люты, ці добра абуты

Пра надвор’е ў лютым, які звычайна бывае марозным месяцам.

«Ад бадзёрага марозіку — пытаецца люты, ці добра абуты — прытуптвала ўся сабраная грамада, як бы танец вясельны развучвалі». (А. Бутэвіч, «Каралева не здраджвала каралю»)

У снежні мароз і снег вышэй хаты год будзе багаты

Ужываецца як адзін з паказчыкаў народнага календара прыроды.

«Снежань зноў апранае дрэвы. Але не ў зялёнае, а ў белае адзенне. І намятае да іх каранёў гурбы снегу. Навейвае сумёты па самыя стрэхі. І мы радуемся: “У снежні мароз і снег вышэй хаты — год будзе багаты”» (Я. Сіпакоў, «Зялёны лісток на планеце Зямля»)

Ккалі на Стрэчанне нап’ецца певень вадзіцы, то на Юр’я наесца вол травіцы

Ужываецца як адзін з паказчыкаў народнага календара прыроды. Грамніцы, Юр’я святы ў хрысціян, першае прыпадае на 2 лютага, другое на 23 красавіка (па старым стылі). Грамніцы і Стрэчанне дзве назвы таго самага свята, другая пераважна ў праваслаўных.

«Стрэчанне сёння, сынок. Зіма з летам у полі стрэліся. Калісь старыя людзі казалі: “Калі на Стрэчанне певень нап’ецца вадзіцы, то на Юр’я вол наесца травіцы”». (У. Глушакоў, «Чарнобыльскі шлях…»)