Натхненне

Бацькі амерыканскага суддзі, які судзіць Мадуру, паходзяць з Беларусі і Літвы


Бацькі амерыканскага суддзі, які судзіць Мадуру, паходзяць з Беларусі і Літвы

Бабуля і цёткі сталі ахвярамі нацыстаў на Брэстчыне, бацька ўсё жыццё адпрацаваў гандляром, а маці была дачкой рабіна з Літвы — усё гэта сямейная гісторыя аднаго з самых знакамітых суддзяў сучаснасці, Элвіна Хелерштэйнта. Цяпер у руках Хелерштэйна лёс не толькі зрынутага дыктатара Нікаласа Мадуры, але і цэлай Венесуэлы.

PALATNO расказвае пра беларуска-літоўскую спадчыну бацькоў Элвіна Хелерштэйна.

Бацька быў гандляром, а бабуля загінула ад рук нацыстаў ля брэсцкай вёскі

Макс Хелерштэйн нарадзіўся ў 1902 годзе ў вёсцы Сялец на Гродзеншчыне. Ён быў першым дзіцём у шматдзетнай яўрэйскай сям’і. Акрамя яго яшчэ былі чатыры сястры — Рахель, Перл, Рэбека і Эдыт.

Бацька Макса, Гілэль Хелерштэйн, быў у Амерыцы на заробках. Вядома, прынамсі, пра адзін выпадак, калі Гілэль прыязджаў у Філадэльфію ў 1898 годзе. Аднак ён усё ж такі вярнуўся на радзіму, дзе і памёр у 1918 годзе.

Неўзабаве пасля смерці бацькі Макс таксама вырашыў з’ехаць у Злучаныя Штаты. У 1922 годзе ён прыплыў на караблі ў Нью-Ёрк і больш ніколі не вяртаўся на беларускія землі.

Маці Макса, Роза Хелерштэйнт (у дзявоцтве — Левін), хутчэй за ўсё, ніколі не была ў Амерыцы. Яна пражыла доўгае жыццё. Разам з ёй на радзіме засталіся дзве яе дачкі — Рахель і Перл, а вось Рэбека і Эдыт з’ехалі за братам Максам у Нью-Ёрк. У 1942 годзе нацысты забілі ва ўрочашчы Бронная Гара на Брэстчыне каля 50 тысяч чалавек, сярод іх былі Роза, Рахель і Перл Хелерштэйны.

элвін хелерштэйн, яўрэі беларусі
У перапісу за 1930 год Макс Хелерштэйнт пазначаецца як член сям’і Левінаў: пляменнік Майкла Левіна. У тыя часы ён жыў, хутчэй за ўсё, у сваякоў маці.

У 1930 годзе Макс Хелерштэйн жыў і працаваў у Нью-Ёрку. Дзякуючы федэральнаму перапісу насельніцтва ЗША, вядома, што на той час ён жыў разам з сям’ёй Левінаў — хутчэй за ўсё, гэта сваякі маці. У перапісу пазначана месца нараджэння — Расія (у наступных двух замест Расіі будзе напісана Польшча). У тыя часы і дзесяцігоддзі пасля Макс Хелерштэйн працаваў гандляром у прадуктовай краме.

У 1930 годзе ён пабраўся шлюбам з Розай Ліхтэнштэйн. У шлюбе ў іх нарадзілася двое дзяцей — сын Элвін і дачка Хэлен.

элвін хелерштэйн, яўрэі беларусі
Пасведчанне аб шлюбе Макса і Розы Хелерштэйнтаў.

Макс Хелерштэйн памёр у 1991 годзе.

Маці паходзіла з Літвы, а яе бацька быў рабінам

Роза нарадзілася ў 1904 годзе ў Мяркіне — цяпер гэта мястэчка ў Літве, паблізу з мяжой Беларусі.

Бацька Розы, Аўраам Ліхтэнштэйн, памёр у Нью-Ёрку ў 1930 годзе — праз некалькі месяцаў пасля шлюбу адзінай дачкі. Аўраам Ліхтэнштэйн таксама нарадзіўся на літоўскіх землях.

Маці Розы, Геля Ліхтэнштэйн, таксама была родам з Літвы. Разам з мужам і дачкой яны эмігравалі ў ЗША. Пасля смерці свайго мужа Геля некаторы час жыла асобна ад сям’і дачкі, але прыкладна ў 1940-я гады пераязджае да іх. Яна памерла ва ўзросце 89 гадоў.

элвін хелерштэйн, яўрэі беларусі
У перапісу за 1940 год у спісе сям’і Хелерштэйнтаў з’яўляецца імя Элвіна, якому ўсяго шэсць гадоў, а таксама яго сястры Хэлен. Разам з Хелерштэйнамі на той час жыве сястра Макса Эдыт.

Роза Хелерштэйн, згодна з даступнымі перапісамі насельніцтва, ніколі не працавала, займалася дамашняй гаспадаркай.

Роза Хелерштэйн памерла ў 2000 годзе.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Як выехаць у Амерыку сто гадоў таму? Расказваем пра падарожжы, кошты і эміграцыйныя агенцтвы

Хто такі Элвін Хелерштэйн?

Элвін Хелерштэйн нарадзіўся ў 1933 годзе ў Нью-Ёрку. Скончыў Гарвард, служыў у амерыканскім войску і доўгі час займаўся прыватнай юрыдычнай практыкай.

У 1998 годзе амерыканскі прэзідэнт Біл Клінтан прызначыў Хелерштэйна суддзёй Федэральнага акруговага суда ў Нью-Ёрку. На гэтай пасадзе ён разглядаў рэзанансныя справы, якія датычыліся тэрарызму, фінансавых злачынстваў і інш.

У студзені 2026 годзе Элвін Хелерштэйн пачаў разгляд справы былога прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры па абвінавачваннях у наркатэрарызме, ва ўвозе какаіну, захоўванні зброі і выбуховых прыстасаванняў. За некалькі дзён да пачатку першага судовага пасяджэння амерыканскія вайскоўцы здзейснілі аперацыю ў Каракасе, падчас якой затрымалі Нікаласа Мадуру і яго жонку, Сілію Флорэс.