Натхненне

Сто гадоў таму яўрэй з Крычава пабудаваў у Аўстраліі найбуйнейшую сетку ўнівермагаў


Сто гадоў таму яўрэй з Крычава пабудаваў у Аўстраліі найбуйнейшую сетку ўнівермагаў

Ён прыехаў у Аўстралію амаль без грошай і не ведаў англійскую мову, але за некалькі дзесяцігоддзяў здолеў пабудаваць адзін з самых прыбытковых бізнесаў у Аўстраліі.

PALATNO расказвае пра Сідні Маера.

З Крычава ў Мельбурн

Сідні Маер нарадзіўся ў Крычаве ў 1878 годзе, пры нараджэнні і да эміграцыі меў імя Сімха Баеўскі. Ён быў малодшым у вялікай яўрэйскай сям’і, у якой расло адзінаццаць дзяцей. Яго бацькі былі рэлігійнымі людзьмі, таму Сімха атрымаў традыцыйную яўрэйскую пачатковую адукацыю. У Крычаве дапамагаў маці ў краме тканін, якой валодала яго сям’я.

Старэйшыя дзеці з сям’і Сімхі ў маладосці паспехі з’ехаць з Расійскай імперыі. Сам хлопец таксама задумваўся пра пераезд, бо на Магілёўшчыне не бачыў для сябе будучыні і ўвесь час цярпеў ад галечы.

У 1899 годзе, калі хлопцу быў 21 год, ён з’ехаў у Аўстралію. Там жыў яго старэйшыў брат Элкан. Так яўрэйскі хлопец амаль без грошай у кішэні і без ведання англійскай мовы трапіў з Крычава ў Мельбурн.

У Мельбурне, як і ў Беларусі, Сімха, які ўжо стаў Сідні, працаваў у дробным гандлі. Доўгі час вандраваў і прадаваў тавары па штаце Вікторыя на самым поўдні Аўстраліі.

сідні маер, бізнес маера ў аўстраліі, яўрэі беларусь
Сідні Маер у Аўстраліі. Здымак каларызаваны з дапамогай штучнага інтэлекта.

Як Маер стварыў сетку супермаркетаў

У пачатку XX стагоддзя Сідні і яго брат Алкан вырашылі, што трэба ствараць штосьці вялікае. Яны не хацелі больш працаваць вандраўнікамі-прадаўцамі. Папярэдне Сідні выязджаў за межы Аўстраліі, каб даведацца больш пра метады працы, а таксама наладзіць сувязі з вытворцамі і экспарцёрамі.

Яны спачатку купілі невялікую краму тканін у Бендыга — горадзе ў штаце Вікторыя. Вельмі хутка краму пашырылі і набылі буйныя гандлёвыя памяшканні.

сідні маер, бізнес маера ў аўстраліі, яўрэі беларусь
Крама ў Бендыга. Здымак каларызаваны з дапамогай штучнага інтэлекта.

У 1911 годзе Маер купіў вялікую краму ў цэнтры Мельбурна. Праз тры гады там запрацаваў новы шматпавярховы ўнівермаг, які існуе дагэтуль.

Для Аўстраліі Маер прыдумаў новую стратэгію развіцця крам, якая існавала ў іншых краінах: масавыя распродажы, адкрытая выкладка тавараў, агрэсіўная рэклама з арыентацыяй на жанчын. Напрыклад, у пятніцу ў крамах Маера дзейнічалі спецыяльныя прапановы, якія станавіліся сапраўднымі гарадскімі падзеямі.

Ужо ў сярэдзіне 1920-х гадоў кампанія Сідні Маера стала вялікай карпарацыяй з тысячамі супрацоўнікаў, уласнымі фабрыкамі і крамамі ў многіх аўстралійскіх гарадах. У сярэдзіне «равучых дваццатых» кампанія Myer — так, яна была названая па прозвішчы братоў-стваральнікаў — выйшла на біржу і стала найбуйнейшым працадаўцам у сферы рознічнага гандлю.

З першай жонкай развёўся незаконна

У 1905 годзе Сідні Маер пабраўся шлюбам з Ханнай Флегельтаўб. У шлюбе не было дзяцей. У 1919 годзе пара паехала ў Злучаныя Штаты, дзе Сідні меў намер вывучыць працу амерыканскіх прадпрымальнікаў у рознічным гандлі. За час у Амерыцы пара вырашыла развесціся, і яны гэта зрабілі, але развод не быў прызнаны аўстралійскім заканадаўствам.

Дарэчы, у Злучаных Штатах Сідні Маер прыняў хрысціянства.

У 1920 годзе Сідні пабраўся шлюбам з Мерлін Бальё, у шлюбе нарадзілся чацвёра дзяцей.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Адзін брэнд стварыў лідскі яўрэй, другі «згарэў» у сусветны крызіс. Якія цыгарэты палілі беларусы пасля Першай сусветнай вайны?

Маер быў не толькі буйным бізнесменам, але і філантропам

У 1929 годзе пачалася Вялікая дэпрэсія, якая закранула ўвесь свет. Фінансавы крызіс справакаваў звальненні ў многіх сусветных кампаніях і на прадпрыемствах. Той лёс мог закрануць і супрацоўнікаў пад кіраўніцтвам Сідні Маера, але ён адмовіўся ад масавых звальненняў. Для захавання працоўных месцаў супрацоўнікі Myer пагадзіліся на зніжэнне заробкаў — тое самае зрабіў і іх шэф.

сідні маер, бізнес маера ў аўстраліі, яўрэі беларусь
Супермаркет Myer у Мельбурне. Здымак каларызаваны з дапамогай штучнага інтэлекта.

Маер стаў вядомы і дапамогай бедным: на Каляды арганізоўваў вялікія абеды для беспрацоўных у Мельбурне, а дзецям на іх дарылі падарункі.

Маер быў апякуном класічнай музыкі ў Мельбурне. Вядома, што ён граў на скрыпцы. Сідні ініцыяваў бясплатныя канцэрты пад адкрытым небам, а пазней яго імем назвалі адну з галоўных канцэртных пляцовак краіны — Sidney Myer Music Bowl.

У 1959 годзе дзеці Сідні Маера заснавалі Myer Foundation, які стаў адным з найбуйнейшых дабрачынных фондаў Аўстраліі.

* * *

Сідні Маер памёр раптоўна ў 1934 годзе. Яго пахаванне наведала каля ста тысяч чалавек.