Натхненне

Знакамітага краўца каўбойскіх касцюмаў запісалі ўраджэнцам Беларусі. Насамрэч, ён паходзіць з Польшчы


Знакамітага краўца каўбойскіх касцюмаў запісалі ўраджэнцам Беларусі. Насамрэч, ён паходзіць з Польшчы

Вы маглі б гэтага ніколі не ведаць, але шмат гадоў лічылася, што чалавек, які апрануў Галівуд у бліскучы каўбойскі строй і ператварыў звычайную каўбойскую кашулю ў амерыканскі сімвал, нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Гаворка ідзе пра Нэйтана Цёрка, які стварыў сцэнічны вобраз амерыканскага Захаду і працаваў з найбуйнейшымі зоркамі вестэрнаў і кантры-музыкі. Шмат гадоў лічылася, што ён паходзіць з беларускай вёскі з-пад Мінска, але архіўныя дакументы сцвярджаюць зусім іншае.

PALATNO расказвае пра Нэйтана Цёрка і вялікую памылку даследчыкаў.

Хто такі Нэйтан Цёрк?

Беларуская аўдыторыя наўрад ці калі-небудзь сустракала ці чула імя Нэйтана Цёрка. У свае часы для амерыканцаў ён стаў іконай стылю. У мінулым стагоддзі Цёрк лічыўся адным з самых знакамітых краўцоў і дызайнераў сцэнічнага адзення. Ён быў адным з пачынальнікаў гламурнага стылю western wear і адным з ключавых краўцоў, якія сфарміравалі сцэнічны вобраз каўбоя ў Галівудзе і кантры-музыцы.

У 1923 годзе Нэйтан Цёрк разам з жонкай Бэсі адкрыў майстэрню па вырабу сцэнічнага каўбойскага адзення, якая стала папулярнай у многіх зорак сцэны. Дарэчы, жонка Нэйтана актыўна дапамагала краўцу ў працы і нават сама вырабляла аздабленні для касцюмаў.

У 1930-1940-я гады Цёрк стварыў сцэнічныя касцюмы для зорак кінавестэрнаў Джын Отры і Роя Роджэрса. У наступныя дзесяцігоддзі кравец цесна супрацоўнічаў з выканаўцамі кантры-музыкі Эрнестам Табам, Бакам Оўэнсам і гуртом «Мэдакс Бразэрс». Таксама майстэрня Нэйтана Цёрка рабіла адзенне для ўдзельнікаў радэа і парадаў.

Стыль адзення, што рабіў Цёрк, адрозніваўся ад іншых краўцоў. Па-першае, ён спалучыў еўрапейскую кравецкую школу з амерыканскай каўбойскай эстэтыкай. Па-другое, касцюмы Цёрка вылучаліся дэкаратыўнай вышыўкай і яркімі тканінамі. Лічыцца, што менавіта Нэйтан Цёрк дапамог ператварыць звычайнае рабочае адзенне работнікаў ранча ў гламурны сімвал амерыканскага Захаду.

Амаль паўсюль, дзе вы сустрэнеце імя Нэйтана Цёрка, то даведаецеся, што ён паходзіць з вёскі з-пад Мінска. Аднак PALATNO высветліла, што гэта вялікая памылка.

Дзе ж нарадзіўся Цёрк?

Згодна з афіцыйным сайтам Country Music Hall of Fame і выданнем Cambridge Global History of Fashion, нарадзіўся ў вёсцы пад Мінскам, Беларусь, у 1895 годзе. Яго бацькамі былі Іона і Пёрл. У дзесяць гадоў бацька адправіў хлопца ў Варшаву на вучобу да краўца. А затым Нэйтан Цёрк, як і дзясяткі тысяч іншых яўрэяў, эміграваў у Злучаныя Штаты. Менавіта ў Амерыцы малады кравец пабудаваў сабе паспяховую кар’еру і стаў знакамітым.

PALATNO высветліла, што месца нараджэння Нэйтана Цёрка, якое падаецца ў згаданых крыніцах, з’яўляецца памылковым.

Першы афіцыйны дакумент, які тычыцца месца нараджэння Цёрка, быў карабельны маніфест. Нэйтан Цёрк прыбыў у ЗША 29 верасня 1913 года на караблі «Джордж Вашынгтон». Імя пры прыбыцці (замежнікі іх пасля часта амерыканізавалі) было Hote Teig, а месца нараджэння — Tomaszow.

нэйтан цёрк кравец, яўрэі польшчы
Карабельны маніфест з «Джорда Вашынгтона» за 1913 год.

Наступным дакументам для Нэйтана Цёрка была рэгістрацыйная карта ваеннабавязанага ў 1917 годзе. У ім пазначана месца нараджэння Tomoscif, Poland, Russia.

нэйтан цёрк кравец, яўрэі польшчы
Рэгістрацыйная карта Нэйтана Цёрка.

У наступным, 1918-м, годзе Нэйтан Цёрк пабраўся шлюбам з Бэсі Фаравіц (хоць у дакуменце і пазначана, што яна паходзіць з Кіева, дзяўчына нарадзілася ў Дняпры). У дакуменце пазначаюцца месцы нараджэнняў і імёны бацькоў. У Нэйтана запісана, што ён нарадзіўся ў Lublem, Russia (хутчэй за ўсё, гэта польскі Люблін). Імёны бацькоў — Julius і Sarah (хутчэй за ўсё, гэта не рэальныя імёны яго бацькоў, а іх амерыканізаваныя версіі).

нэйтан цёрк кравец, яўрэі польшчы
Пасведчанне аб шлюбе Нэйтана Цёрка і Бэсі Фаравіц.

У 1920 годзе Нэйтан Цёрк упершыню быў зафіксаваны ў перапісу насельніцтва. У наступныя дзесяцігоддзі яго імя, імя жонкі і дзвюх дачок будуць неаднаразова трапляцца ў перапісах. Там Цёрк пазначаў як месца нараджэння Tomoscif (у адных перапісах удакладнялася, што гэта Польшча, у іншых — Расія).

У 1939 годзе Нэйтан Цёрк падаў прашэнне аб натуралізацыі. У ім паказана, што той нарадзіўся 1 мая 1895 года ў Tomashoff, Poland. Таксама ўдакладняецца імя, якое было ў Цёрка пры пераезде ў Злучаныя Штаты, — Note Teig.

Нэйтан Цёрк кравец
Прашэнне аб натуралізацыі, якую Нэйтан Цёрк падаваў у 1939 годзе.

Згодна з гэтым дадзенымі можна меркаваць, што Нэйтан Цёрк сапраўды нарадзіўся ў вёсцы з коранем «Тамаш-» дзесьці на Міншчыне. Падобная вёска насамрэч існуе на Міншчыне: гэта Тамашэвічы ў Удзенскім раёне. Нэйтан Цёрк, хутчэй за ўсё, нарадзіўся ў іншай мясцовасці — і мы знайшлі, дзе ён нарадзіўся.

У архіве ў Замосці знаходзяцца Акты аб нараджэннях, шлюбах і смерцях з горада Тамашава Любэльскага. Менавіта горад з такім напісаннем упершыню згадваецца ў сувязі з Нэйтанам Цёркам у карабельным маніфесце. Да таго ж у пасведчанні аб шлюбе было пазначана, што Нэйтан паходзіць з Любліна. У Акце аб нараджэннях, шлюбах і смерцях за 1895 год ёсць запісанае сведчанне аб нараджэнні Нуты Тайга. Нута — форма імя, утвораная ад Натана. Таму лагічна, што Цёрк узяў гэта імя ў Амерыцы. Таксама супадаюць імёны бацькоў і дата нараджэння хлопчыка: імя маці — Пеша — гэта адна з варыяцый імя Перл.

пасведчанне аб нараджэнні нэйтана цёрка
«В городе Томашеве девятого мая тысяча восемьсот девяноста пятого года явился лично житель горад Томашева Иона Тайг сорока пяти лет от роду в присутствии свидетелей жителей города [имя неразборчиво] пятидесяти пяти лет и Маера-[неразборчиво] Оффена сорока двух лет от роду и предъявил нам младенца мужского пола и объявил, что [неразборчиво] в городе Томашеве первого мая текущего года от законной жены его урожденной Пеши [неразборчиво девичья фамилия и возраст], которому ребенку при обрезании дали имя Нута».
Такім чынам, Нэйтан Цёрк на самой справе нарадзіўся не ў вёсцы ля Мінска, а ў польскім Тамашаве Любэльскім.

* * *

Нэйтан Цёрк пражыў доўгае жыццё і памёр у 1988 годзе ў Лос-Анджэлесе.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Бацькі амерыканскага суддзі, які судзіць Мадуру, паходзяць з Беларусі і Літвы

 

Сто гадоў таму яўрэй з Крычава пабудаваў у Аўстраліі найбуйнейшую сетку ўнівермагаў

 

Дзед ізраільскага прэм’ера Нетаньяху родам з беларускага Крэва. Кім ён быў і чым займаўся?