Натхненне

Як яўрэй з Брэста стаў буйным тытунёвым фабрыкантам у Вялікабрытаніі


Як яўрэй з Брэста стаў буйным тытунёвым фабрыкантам у Вялікабрытаніі

Ён нарадзіўся ў Брэсце, але ў малым узросце пераехаў з бацькамі ў Вялікабрытанію. Бернард Бэйран прайшоў цяжкі шлях эмігранта і здолеў змяніць тытунёвую індустрыю Вялікабрытаніі амаль 150 гадоў таму.

PALATNO расказвае пра Бернарда Бэйрана.

З Брэста ў Амерыку, а затым у Лондан

Бернард Бэйран нарадзіўся ў 1850 годзе ў Брэсце ў яўрэйскай сям’і. Пасля нараджэння сям’я пераехала ў Растоў, дзе ён правёў дзяцінства. Разам з бацькамі яны эмігравалі ў Злучаныя Штаты, куды з’язджалі многія яўрэйскія сем’і з Расійскай імперыі.

У Амерыцы Бэйран працаваў на тытунёвай фабрыцы: тады цыгарэты рабілі рукамі, а не з дапамагой аўтаматызаваных машын. Менавіта гэты досвед і стаў для яго найважнейшым жыццёвым урокам. Бэйран убачыў працэсы ўнутры тытунёвай фабрыкі знізу, як звычайны рабочы, і зразумеў, як зможа палепшыць вытворчасць. З часам гэта разуменне ператварылася ў вынаходніцкую ідэю — Бэйран стварыў машыну для вырабу цыгарэт.

Бернард Бэйран быў не адзіным яўрэем з беларускіх зямель, які пераехаў за мяжу і стаў тытунёвым фабрыкантам. Яшчэ адзін прыклад — Юзэф Гарбаты з Ліды, які развіваў тытунёвы бізнес у Германіі. Прачытаць падрабязней пра яго можа — па спасылцы.

У другой палове XIX стагоддзя тытунёвая прамысловасць пераходзіла ад рамеснага і паўручнога фармату да машынай вытворчасці. Бэйран трапіў у патрэбны момант, і яго вынаходніцтва дапамагло зрабіць выбітную кар’еру. Калі Бернарду было 30 гадоў, то ён стаў кіраўніком National Cigarette Tobacco Company of New York.

Праз пяць гадоў, у 1895-м, Бернард Бэйран пераехаў са Злучаных Штатаў у Вялікабрытанію. У Лондане вырашыў прадаць патэнтныя правы на сваё вынаходніцтва — цыгарэтную машыну. Аднак у хуткім часе вырашыў атрымаць большую выгаду ад Альбіёну. Так, Бэйран стварыў кампанію Baron Cigarette Machine Company, прадаў патэнт за велізарныя для таго часу грошы іншай кампаніі (каля 120 тысяч фунтаў). Пасля гэтага вырашыў застацца ў Вялікабрытаніі і развіваць уласны тытунёвы бізнес.

У 1903 годзе Бэйран далучыўся да рады дырэктараў кампаніі Carreras Tobacco Company, праз год стаў яе кіраўніком, а яшчэ праз год — старшынёй рады дырэктароў. На гэтых пасадах працаваў да канца жыцця.

Пасля таго, як Бернард Бэйран стаў уплывовым камерсантам і тытунёвым фабрыкантам, ён актыўна заняўся дабрачыннасцю. Яго асабліва цікавіла дапамога бальніцам і хворым. Адным з самых адметных прыкладаў — школа на Іст-Эндзе, якая магла прымаць больш за тысячу вучняў: там вучыліся не толькі дзеці, праходзіць курсы маглі і дарослыя.

Бернард Бэйран памёр у 1929 годзе ў Лондане.

Кампанія Carreras Tobacco Company. Што пра яе вядома?

Кампанія Carreras Tobacco Company з’явілася яшчэ ў XIX стагоддзі ў Вялікабрытаніі, яе стваральнікам лічыцца Хасэ Карэрас Ферэра. Доўгі час кампанія прэзентавала сябе фірмай з выразным арыстакратычным абліччам і была пастаўшчыком тытуню для вышэйшага брытанскага свету.

Сапраўднае індустрыяльнае ператварэнне Carreras адбылося ў часы Бернарда Бэйрана. Менавіта тады кампанія зрабілася паўнавартасным канкурэнтам на рынку машынных цыгарэт. У 1903 годзе Carreras Tobacco Company стала публічнай кампаніяй. У 1904 годзе кампанія разам з іншай Marcianus Ltd. пачалі вытворчасць машынных цыгарэт, то бок праца стала амаль цалкам аўтаматызаванай. У пачатку мінулага стагоддзя на рынак трапляюць першыя брэнды, якія сталі знакавымі ў той час: цыгарэты Black Cat выходзілі разам з купонамі, якія можна было абмяняць на падарункі. Гэта можа падавацца дробяззю, але з’яўляецца прыкладам вельмі сучаснага маркетынгу, калі кампанія прадавала не толькі тавар, але і прапаноўвала пакупнікам гуляць.

Ужо пасля смерці Бернарда Бэйрана кампанія працягвала развівацца. У сярэдзіне XX стагоддзя Carreras Tobacco Company злілася з Rothmans of Pall Mall, і ў 1958-м скончыўся этап яе незалежнага існавання. На сёння вы наўрад ці сустрэнеце назву тытунёвай кампаніі, якой калісьці кіраваў Бернард Бэйран, аднак яе актывы дагэтуль з’яўляюцца часткай Rothmans International.