Уявіце, што ў вас прапаў пажылы сваяк — выйшаў пагуляць і не вярнуўся. У міліцыі кажуць, што заяву на прапажу прымаюць, але спачатку трэба пераканацца, што вы самі не забілі яго ў ваннай. Здымаюць адбіткі пальцаў, запаўняюць бясконцыя паперкі. А час ідзе… Такая гісторыя здарылася з Ларысай з Мінска. Жанчына ўжо была блізкая да панікі, але ёй змаглі памагчы.
У Беларусі штогод знікаюць прыкладна 12 тысяч чалавек. Але трэба разумець, што фіксуецца сапраўды кожны выпадак. Напрыклад, падлетак пасварыўся з бацькамі, пайшоў да сяброў і не вярнуўся дадому пасля школы. Такія гісторыі раскрываюцца практычна імгненна, але, тым не менш, фіксуюцца ў статыстыцы. На самай справе, «сапраўдных» зніклых значна менш, іх колькасць павялічваецца ў ягадна-грыбны перыяд. Зусім невялікая частка гэтых заяў мае крымінальны характар.
Людзі могуць прапасці і ў горадзе, калі губляюць памяць ці трапляюць у бяду. У пошуках самае важнае — не згубіць час і пастарацца знайсці чалавека максімальна хутка. Чым болей часу прайшло пасля прапажы, тым меней шанцаў знайсці чалавека жывым ці знайсці ўвогуле. Людзі паміраюць ад траўм, абязводжвання, пераахаладжэння ці адсутнасці неабходных медыкаментаў.
У міліцыі не заўсёды хапае людзей і абсталявання, каб арганізаваць маштабныя эфектыўныя пошукі зніклых. І тут на дапамогу прыходзіць пошукава-выратавальны атрад «Анёл».
Змест
«Думаў, што прыедзе многа людзей, а прыехалі толькі я і сябар»
У 2012 годзе ў прамым эфіры па тэлевізары жанчына звярнулася з просьбай дапамагчы знайсці яе бацьку, які заблудзіўся ў лесе. У Сяргея Коўгана ў той дзень быў выхадны, і ён вырашыў далучыцца да пошукаў.
— Думаў, што прыедзе многа людзей, але прыехалі толькі я і сябар, якога я паклікаў для кампаніі. Мужчыну мы тады не адшукалі, а праз некалькі дзён я даведаўся, што міліцыя знайшла яго мёртвым. Мяне гэта моцна ўразіла, — распавядае Сяргей.
Пасля гэтага выпадку ён падумаў, што было б здорава далучыцца да супольнасці людзей, зацікаўленых у дапамозе па пошуках зніклых. Але, пашукаўшы інфармацыю, Сяргей выявіў, што такой у Беларусі няма. Давялося рабіць сваю.
Так з’явілася група ў «ВКонтакте», якую Сяргей назваў «Анёл» — у гонар чагосьці добрага, што дае людзям надзею. Запрасіў туды сяброў і пачаў актыўна шукаць інфармацыю пра тое, як працуюць такія супольнасці.
На той момант мужчына працаваў начальнікам аховы ў адным з гандлёвых цэнтаў у сталіцы і ніколі раней не быў звязаны з пошукамі. Уяўленне пра тое, як гэта працуе, ён меў па фільмах. Сяргей пачаў вывучаць, як пошукі адбываюцца ў Амерыцы. Потым даведаўся, што ў Расіі ёсць пошукавы атрад LizaAlert, і праз нейкі час яму ўдалося трапіць да іх на вучэнні.
Літаральна праз месяц у групу прыйшоў першы зварот — у Мінску прапала дзяўчына. Гэта стала стартам далучэння грамадскасці Беларусі да пошукаў людзей. Тады ў асноўным займаліся тым, што ў месцах збору людзей расклейвалі фота чалавека з апісаннем — арыенціроўкі.
За месяц група вырасла да тысячы чалавек — людзі самі знаходзілі яе ў інтэрнэце, падпісваліся, цікавіліся, чым могуць дапамагчы. Аказалася, што запыт ёсць, проста не было пляцоўкі, якая б аб’ядноўвала.
— Інтуітыўна я разумеў, што чым болей людзей убачыць, тым хутчэй дзяўчыну знойдуць. Праз некалькі месяцаў яе знайшлі мёртвай, — успамінае Сяргей.
Праз нейкі час мужчыну запрасілі ў міліцыю. Яго дзейнасць заўважылі і пацікавіліся, як ён збіраецца развіваць пошукава-выратавальны атрад, як да іх звяртаюцца людзі, платна гэта ці бясплатна, якія спосабы пошукаў яны выкарыстоўваюць.
— Міліцыя рэгулярна звяртаецца па дапамогу да грамадзян для прыцягнення іх да пошукаў. А я стварыў суполку, дзе людзі ўжо былі гатовыя дапамагаць цалкам бясплатна. Таму міліцыя проста хацела зразумець, як нам лепш узаемадзейнічаць і якія магчымасці ў нас ёсць. Да нас паставіліся пазітыўна і з таго часу самі звярталіся да нас наўпрост, — кажа Сяргей.
Звярнуцца па дапамогу могуць не заўсёды, каб адшукаць чалавека, які прапаў, хтосьці можа захацець, напрыклад, знайсці даўжніка. Таму з міліцыяй была ўстаноўлена вусная дамоўленасць, што спачатку людзі з «Анёла» тэлефануюць туды і даведваюцца, ці была пададзена заява аб тым, што чалавек прапаў без вестак.
«Сарафаннае радыё» моцна палягчае працу
У 2012 годзе пра «Анёла» яшчэ практычна ніхто не ведаў і звярнуцца па дапамогу маглі толькі праз пару месяцаў пасля таго, як чалавек прапаў. Цяпер, дзякуючы «сарафаннаму радыё», заява аб прапажы паступае літаральна на працягу пары гадзін. Тады шанцы знайсці чалавека жывым значна павялічваюцца. Бывае, што тэлефануюць самі зніклыя і пытаюцца, што ім рабіць.
— Раней мы часта шукалі людзей, якія ўжо загінулі. Гэта былі складаныя зацяжныя пошукі, часцей без станоўчага выніку, таму што тэрыторыі былі вялізныя і не хапала чалавечага рэсурсу. Зараз толькі адна група ў «ВКонтакте» мае амаль 140 тысяч чалавек. Таму выявіць у горадзе месцазнаходжанне дзіцяці ці чалавека з дэменцыяй праз сацсеткі часам удаецца за лічаныя хвіліны. Больш за тое, людзі яшчэ і прыглядаюць за імі, пакуль прыедуць іх сваякі ці валанцёры, — распавядае Сяргей.
Вернемся да гісторыі Ларысы і яе зніклага сваяка. Менавіта дзякуючы распаўсюду арыенціровак яе свёкра ўдалося знайсці ўжо на наступны дзень.
Мужчыну было 72 гады, і ён пачаў пакутаваць на дэменцыю. Звярнуліся ў міліцыю, мінулі тры дні, але свёкра так і не знайшлі. Тады знаёмыя расказалі Ларысе пра «Анёла», жанчына напісала туды заяву, ёй адказалі ўжо літаральна праз паўгадзіны.
— Праз гадзіну я ўжо ўбачыла арыенціроўкі, якія пачалі разыходзіцца па сетках. Інфармацыю перадалі нават таксістам. Са мной на сувязі былі пастаянна, маральна падтрымлівалі, мадэратары ўвесь час выдалялі непрыемныя каментары ў сацсетках пад арыенціроўкамі, дзе некаторыя людзі пісалі, што, можа быць, мы самі дзеда забілі, каб кватэра дасталася нам. Было вельмі непрыемна, і такая дробязь, як выдаленне гэтых каментароў, моцна падбадзёрвала, — успамінае Ларыса.
Мужчыну знайшлі на наступны дзень за восем кіламетраў ад дому. Ён блукаў па суседнім мікрараёне. А знайшла яго звычайная жанчына, якая вяла дзіця ў сад, але ўбачыла мужчыну, падобнага да таго, якога яна бачыла на фота ў інтэрнэце.
Свёкар стаў знікаць рэгулярна, таму сваякам у «Анёле» параілі выкарыстоўваць спецыяльны гадзіннік з GPS, аб існаванні якога Ларыса да гэтага не ведала. Паказалі, як з ім працаваць, а перад пакупкай уласнага далі пакарыстацца штатным.
Пасля гэтага выпадку Ларыса пастаянна робіць рэпосты у сябе на старонцы з арыенціроўкамі на пошукі іншых людзей. Кажа, што гэта нічога не каштуе, а нехта патрэбны можа ўбачыць гэта ў яе.
Гэтак жа пачала рабіць і Ірына Воўк з Брэста, у якой у 2018 годзе прапаў дзядуля 85 гадоў. А пасля ўдалых пошукаў дзяўчына стала актыўна распаўсюджваць і праглядаць абвесткі аб прапажы.
— Дзядулю знайшлі ў лесе на другі дзень, у пошуках удзельнічала каля дваццаці чалавек, зрэагавалі вельмі хутка, было адразу бачна, што ў людзей вялікі досвед — усё дакладна, хутка, па справе, без лішніх рухаў. Мяне ўразіла, з якой спагадай зусім незнаёмыя людзі кінуліся дапамагаць нам, — распавядае Ірына Воўк.
— Часам людзі самі тэлефануюць і гавораць, што бачаць у горадзе людзей, якія выглядаюць так, нібы згубіліся. Таму бывае, што заява аб прапажы яшчэ не пададзена, а мы ўжо знайшлі чалавека, — кажа Сяргей.
У «Анёле» таксама кансультуюць па тэлефоне, што рабіць, калі чалавек прапаў, як падаць заяву ў міліцыю, якую інфармацыю ўказваць у арыенціроўках, як дапамагчы чалавеку, які згубіўся.
— Многія памылкова думаюць, што трэба чакаць тры дні. Насамрэч, звяртацца можна па факце, як толькі чалавек не вярнуўся ў меркаваны час і ў вас ёсць падставы перажываць, — гаворыць Сяргей.
Людзей не заўсёды знаходзяць жывымі. Так бацькі 20-гадовага хлопца, які знік у лесе недалёка ад пасёлка Возера ў Мінскай вобласці, паўгода не ведалі, дзе іх сын. Хаця надзеі на тое, што ён жывы, праз паўгода ўжо не было. Але дапамогу ад «Анёла» ім удалося атрымаць.
Малады чалавек пасварыўся з бацькамі і сышоў з дому. Па знойдзеных астанках устанавілі асобу. Аказалася, што хлопец пакутаваў на цукровы дыябет і ў парыве злосці не захапіў з сабой лекі. І хаця сваякі даведаліся, што малады чалавек памёр, гэта, у любым выпадку, стала палёгкай — дазнацца, што ж адбылося, знайсці астанкі і атрымаць магчымасць пахаваць іх.
Усе патрэбны і ўсе важныя!
Сёння «Анёл» аб’ядноўвае каля 200 навучаных валанцёраў у Мінску і яшчэ дзясяткі па рэгіёнах, якія рэгулярна ўдзельнічаюць у пошукавых аперацыях: выязджаюць на пошукі, расклейваюць арыенціроўкі, тэлефануюць у розныя ўстановы.
У камандзе «Анёла» ёсць кінолагі, вадалазы, псіхолагі, інструктары, аператары беспілотных лятальных апаратаў, сувязісты (адказваюць за радыёсувязь падчас пошукаў людзей), картографы, кіроўца, спецыяліст па тэхніцы, адміністратары дадзеных. Большасць спецыялістаў — валанцёры.
Анастасія ўсё жыццё была кінолагам, і ў яе даўно ўжо былі сабакі пошукавых парод, як і жаданне паспрабаваць займацца пошукамі яшчэ да таго, як з’явіўся «Анёл». Прайшло шмат гадоў, і ў 2018 годзе жанчына ўбачыла абвестку ад ПВА «Анёл» аб вучэннях і ўзрадавалася, вырашыўшы, што там навучыць пошукавай справе сабаку. Яна ўзяла прыдатнага гадаванца і, прыехаўшы на месца, здзівілася, бо была адзіным кінолагам на вучэннях.
— На той момант сярод валанцёраў былі толькі аматары, якія спрабавалі вучыцца самастойна. Так я вырашыла ўзяць гэты напрамак у свае рукі. Тым болей, што мой сабака з першых заняткаў паказваў добры патэнцыял, — распавядае Анастасія.
Сёння яна курыруе ў «Анёле» кіналагічны напрамак. Пачала прафесійна расці і навучаць іншых. Некалькі разоў каманда выязджала на міжнародныя спаборніцтвы ў Расію, а таксама Анастасія рэгулярна запрашае трэнераў з аб’яднання добраахвотных ратавальнікаў Экстрэмум, з LizaAlert і ОНИКСС.
Не ўсе застаюцца ў камандзе надоўга, бо, каб быць добрым кінолагам, на гэта трэба, паводле Анастасіі, літаральна пакласці ўсё жыццё. Трэба рэгулярна падтрымліваць стан сабакі на належным узроўні — гэта дзве-тры трэніроўкі ў тыдзень. На гэта гатовы не ўсе. Тым не менш, зараз у камандзе чатыры трэнеры і трыццаць сабак з розным узроўнем падрыхтоўкі, касцяк — каля дзесяці сабак, якія працуюць рэгулярна.
— Калі ідзе шукаць сабака — гэта ўжо той выпадак, калі чалавек не адгукаецца: страціў прытомнасць, заснуў, глухі, схаваўся, спалохаўся. Менавіта тады і патрэбны сабака. На вучэннях праводзілі эксперымент: чалавек не адгукаўся, і людзі абміналі яго, потым выпускалі сабаку — і чалавек знаходзіўся, — распавядае Анастасія.
Апроч гэтага, сабака з кінолагам і напарнікам (у лес у адзіночку не ходзяць) замяняюць цэлую групу людзей. Таму ў лес на свой участак пошукаў ідуць або два чалавекі і сабака, або 6-8 чалавек.
— А кожны валанцёр у нас на вагу золата. Нам заўсёды патрэбны людзі, не бывае такога, каб на пошукі прыйшло зашмат людзей. Чым болей людзей, тым большую тэрыторыю мы можам ахапіць, тым хутчэй знойдзем чалавека. А хто знайшоў чалавека — няважна. Мы ўсе адна каманда, — дадае Анастасія.
Каб прыцягнуць людзей у атрад, Анастасія прыдумала незвычайны ход — жадаючым яна прапанавала бясплатна шчанюкоў ад сваіх пошукавых сабак, якія каштуюць немалых грошай, але з умовай, што гэтыя людзі будуць займацца пошукамі. Задума спрацавала напалову — людзі сапраўды ўдзельнічаюць і дапамагаюць, але не так актыўна, як гэта ўяўлялася Анастасіі.
Але жанчына не здалася і прапанавала яшчэ адзін варыянт — «арэнду» сабак. Сабакі жывуць у гадавальніку, а людзі прыязджаюць да іх адзін-два разы на тыдзень і займаюцца з імі. Але тут спрацаваў той момант, што гэта не асабісты сабака, таму сувязь з ім не такая моцная, і людзі даволі хутка перагараюць.
Часам у пошуках можа ўдзельнічаць да дзвюх тысяч добраахвотнікаў, навучаныя «Анёлам» валанцёры каардынуюць іх працу, каб яны сапраўды дапамагалі ў пошуках чалавека, а не заміналі адмыслоўцам.
— Расстройвае тое, што колькасць людзей, якія адгукаюцца, залежыць ад таго, хто прапаў. Калі гэта дзіця — адгукнецца больш людзей. Калі пажылы чалавек — адгукаюцца менш. Гэта сумна, бо дапамога патрэбна ўсім, — дадае Сяргей.
Першапачаткова атрад існаваў толькі ў Мінску, але паступова пачалі ўтварацца асобныя групы ў розных гарадах. Тым не менш, на дапамогу адгукаюцца ўсе. Напрыклад, калі летам тонуць людзі, вадалазы з Мінска могуць паехаць на пошукі ў Гомель.
Праца за данаты, навучанне — за свой кошт
Усе выдаткі на навучанне кладуцца на плечы саміх валанцёраў, калі ёсць магчымасць паехаць у Расію на вучэнні — едуць за свой кошт. Але з часам «Анёл» пачаў арганізоўваць уласныя вучэнні, часта разам з праваахоўнымі органамі.
Валанцёрка «Анёла» Ірына некалькі гадоў таму выпадкова знайшла групу ў «ВКонтакте», падумала, што людзі займаюцца вельмі важнай справай і пачала рэгулярна рэпосціць арыенціроўкі ў сябе на старонцы. Праз некаторы час дзяўчына знайшла працу на паўстаўкі, з’явілася больш вольнага часу, і яна прапанавала сваю дапамогу ў распаўсюдзе і расклейванні арыенціровак, уступіла ва ўнутраны чат валанцёраў.
Праз некалькі гадоў з’явілася магчымасць паехаць на вучэнні. Быў знаёмы, які там пабываў, і яго досвед натхніў.
— Было каля 500 чалавек, вялізны лагер у лесе на трое сутак. Працавалі з картамі, з фатаграфіямі, мы вывучалі правілы паводзін і працоўную этыку, нам паказвалі абсталяванне. Вучылі «працаваць па квадратах», калі тэрыторыя па карце разбіваецца на ўмоўныя квадраты, людзі становяцца ланцужком і на бачнай адзін ад аднаго адлегласці прачэсваюць лес, — успамінае Ірына.
Дзяўчына лічыць, што кожны чалавек, які з’ездзіў на вучэнні, нават калі не будзе ўдзельнічаць у пошуках, будзе дакладна ведаць, што рабіць, калі заблукае ў лесе. І зможа навучыць сваякоў.
— У мяне мама любіць хадзіць у лес у грыбы, і цяпер я спакойная, таму што ведаю, што навучыла яе таму, як трэба паводзіць сябе. Даходзіць часам да банальнага — колькі чалавек можа крычаць у лесе? Нядоўга. А калі ўзяць з сабой свісток — свістаць можна бясконца, плюс вас лепш чуваць. Такая дробязь, а можа выратаваць нават жыццё, — кажа Ірына.
Сяргей ацэньвае фінансавае становішча атрада ў гэты момант як крытычнае. Уся дзейнасць заснавана на ахвяраваннях ад прыватных і юрыдычных асоб (як ахвяраваць грошы на дзейнасць ПВА «Анёл», чытайце тут).
Усе сродкі ідуць на дзейнасць атрада, закуп новага абсталявання і працу чатырох супрацоўнікаў. Раней атрымлівалі замежную дапамогу, зараз праз санкцыі такой магчымасці няма.
— Фактычна цяпер мы засталіся без фінансавай падтрымкі, не маем магчымасці купляць новае абсталяванне і проста імкнёмся быць на плаве, — кажа Сяргей.
Арганізацыя пошукаў — дарагое мерапрыемства, якое залежыць ад кожнага канкрэтнага выпадку. Але заўсёды адназначна патрэбны аўтамабілі і радыёстанцыі. Калі чалавек патануў — лодкі, рэхалоты, квадрацыклы. Калі згубіўся ў лесе — дроны, беспілотнікі, пражэктары і іншае. Усё гэта ўжо закуплена і ёсць у наяўнасці, але патрабуе дарагога абслугоўвання.
— Я сачу за інавацыямі, што новага з’яўляецца на рынку, што можа быць скарыстана для пошукаў. Можна дапамагчы і голымі рукамі, але спецыяльнае абсталяванне значна скарачае час. Часцяком наяўнасць цеплавізара — гэта выратаванне жыцця. Вядома, мы імкнёмся развівацца і закупляць неабходнае. Але пакуль такой магчымасці няма, — гаворыць Сяргей.
Апроч праблем з фінансамі, для эфектыўнай працы ёсць яшчэ заканадаўчыя абмежаванні, напрыклад, якія датычацца беспілотнай авіяцыі. Нядаўна ў Беларусі ўвялі закон, які забараняе выкарыстанне коптара без спецыяльнага ўзгаднення і пасведчання. Працэдура атрымання дазволу можа займаць некалькі дзён, што можа зрабіць сітуацыю крытычнай.
— Як грамадзянскія асобы мы не маем права выкарыстоўваць беспілотнікі нават з добрай мэтай пошукаў людзей. У нас няма ніякіх прывілеяў, — кажа Сяргей.
Улетку, напрыклад, з прычыны пажарнай небяспекі дзейнічае забарона на наведванне лясоў. Калі нехта заблудзіўся ў лесе, ПВА можа выехаць на пошукі толькі з супрацоўнікамі міліцыі і МНС. Але гэта датычыцца толькі экстранных выпадкаў. Выязджаць на пошукі самастойна ці шукаць целы даўно зніклых людзей валанцёры ўжо не могуць.
Усё трымаецца на валанцёрах
Людзі могуць патэлефанаваць у любы час. Бывае, што тыдзень ніхто не тэлефануе, бывае, што гэта некалькі званкоў за суткі — і днём, і ноччу. Таму на тэлефоне заўжды на сувязі каля пяці чалавек. Калі не адказаў адзін, званок аўтаматычна перанакіроўваецца на іншыя нумары. Звычайна першым адказвае сам Сяргей, потым яго жонка, дзяжурны адміністратар і валанцёры. Званок ніколі не застаецца без адказу.
У «Анёле» ўсе пачыналі як валанцёры. Але з гадамі прафесіяналізм некаторых людзей дасягнуў такога ўзроўню, што стала мэтазгодна прымяняць іх вопыт на ўмовах паўнавартаснай працы. Таму зараз у атрадзе чатыры супрацоўнікі на зарплаце. Гэта кіроўца, адміністратар, які складае арыенціроўкі, звязваецца з праваахоўнымі органамі, арганізуе валанцёраў; супрацоўніца, якая займаецца карэспандэнцыяй, пошукамі і прыцягненнем спонсарскіх сродкаў, адказвае на лісты і звароты грамадзян; і сам Сяргей.
Ёсць унутраны закрыты чат — гэта тыя валанцёры, якія часцей за ўсё на сувязі і хутчэй адгукаюцца на бягучыя патрэбы.
Пры звароце заўсёды ацэньваецца крытычнасць сітуацыі. У камандзе ёсць паняцце «Чырвоны шчыт» — гэта такая тэрміновасць пошукаў, калі рэагаваць трэба вокамгненна. Часцей за ўсё, гэта прапажа маленькіх дзяцей, людзей, якія карыстаюцца жыццёва важнымі медыкаментамі, дрэнныя ўмовы надвор’я. Даецца ацэнка і аб’яўляюцца тэрміновыя зборы. Іншыя пошукі на гэты момант становяцца другараднымі, і ўся ўвага пераключаецца на дадзеныя пошукі. Да такіх пошукаў далучаюцца валанцёры з усіх рэгіёнаў.
«Нельга павялічваць колькасць пацярпелых»
— Мы не даем кантакты сваякоў, бо гэтым могуць карыстацца ашуканцы, якія прадстаўляюцца, напрыклад, чараўнікамі і празорцамі і могуць прапанаваць за грошы «звязацца» з загінуўшым членам сям’і. Таму ў арыенціроўках указваюцца толькі кантакты валанцёраў «Ангела» і праваахоўных органаў, — удакладняе Сяргей.
У атрадзе дзейнічае непарушнае правіла — нельга павялічваць колькасць пацярпелых.
— Мы беражом кожнага нашага валанцёра, забяспечваем усім неабходным і за адзінаццаць гадоў працы ў нас не было ніводнага прэцэдэнту, звязанага з пагрозай жыццю валанцёра з-за таго, што мы выдалі яму ці ёй нешта няспраўнае. Я проста не адпраўлю на пошукі машыну, якая тэхнічна няспраўная, — гаворыць Сяргей.
Таццяна Гендзель.