Як (і пра што) гучала беларуская культура ў Бруселі?

дні беларусы ў брусэлі, беларускія дні ў брусэлі, хто такая святлана ціханоўская

Помніць пра палітвязняў, расказваць пра іх, казаць іх галасамі — гэта, хіба, адзін з галоўных пастулатаў Дзён Беларусі ў Бруселі. Менавіта тут, у сталіцы Бельгіі, гэтая тэма абмяркоўвалася цягам цэлага рабочага тыдня.

Гучалі лічбы статыстыкі, гісторыі жонак і маці асуджаных і тых, хто асабіста прайшоў праз турму. Тэмы дэмакратыі, будучыні, актуальных праблем абмяркоўваліся на канферэнцыях, дыскусіях, прыватных сустрэчах і перамовах прадстаўнікоў дэмакратычных сіл з еўрапейскімі парламентарыямі. Але таксама і праз культуру – выставы, фільмы, канцэрт.

Што такое Дні Беларусі?

Дні Беларусі — серыя мерапрыемстваў, арганізаваных у Бруселі 9-13 снежня Еўрапейскай службай знешніх дзеянняў і Еўракамісіяй у супрацы з Еўрапарламентам.

Галоўная мэта, акрэсленая арганізатарамі, гэта «прадэманстраваць салідарнасць Еўрасаюзу і нязменную прыхільнасць беларускаму народу ў пачатку працы новага еўрапейскага заканадаўчага органу і напярэдадні так званых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 26 студзеня 2025 года».

У Брусель было запрошана больш як  сто прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці, незалежных медый, праваабарончых арганізацый, устаноў культуры, беларускай дыяспары, а таксама міжнародных арганізацый.

Быць галасамі палітвязняў

Хвалі рэпрэсій? Несправядлівыя суды? Парушэнне правоў чалавека? Падаўленне медыя і грамадзянскай супольнасці? Нечалавечае стаўленне ў турмах? За апошнія гады гэтыя выразы сталі амаль звычайным элементам паўсядзённасці. Каго з беларусаў імі здзівіш? Наўрад ці ўвогуле ёсць хтосьці, хто хаця б ускосна не сутыкаўся з усім гэтым. Нас — не. А вось еўрапейцаў — нават вельмі.

Арганізаваны праз еўрапейскія інстытуцыі тыдзень Беларусі стаў своеасаблівай спробай выказаць падтрымку беларускаму народу з боку Еўрасаюза. Парламентарыі рознага ўзроўню (ад прэзідэнткі Еўрапарламента да прадстаўнікоў асобных дэлегацый і арганізацый) выступалі з спічамі на тэму дэмакратыі, свабоды, важнасці змагання за свае правы. Бо, як неаднойчы падкрэслівалася, нягледзячы на ўсе перашкоды, беларусы захоўваюць імкненне да свабоды і дэмакратычных перамен. А гэта — каштоўна.

Але адной з найважнейшых і ключавых тэм (па-за абмеркаваннямі шляхоў развіцця і дэмакратычнага пераходу) было пытанне палітвязняў.

Фактычна кожная прамова, уступнае слова ці выступ на дыскусіі – прычым, незалежна ад беларускіх прадстаўнікоў ці еўрапейскіх парламентарыяў – закраналі тэму палітвязняў. Часта гучалі афіцыйныя лічбы і добра вядомыя імёны: звыш 1300 чалавек афіцыйна прызнаных палітвязнямі, звыш 600 дзён маўчання Сяргея Ціханоўскага, трагічная гісторыя Алеся Пушкіна, гісторыі Марыі Калеснікавай, Паліны Шарэнды-Панасюк, Алеся Бяляцкага і г.д.

«Сёння тыя, хто знаходзяцца за кратамі, не могуць казаць за сябе. Давайце будзем іх галасамі», — падкрэслівала Святлана Ціханоўская на адкрыцці выставы «Нязломныя», прысвечанай палітзняволеным абаронцам.

Раберта Метсола, прэзідэнтка Еўрапарламенту, падчас канферэнцыі Standing with the People of Belarus адзначала непадпарадкаванне і рашучасць тых, хто знаходзіцца за кратамі. Што гэта — доказ таго, што барацьба за свабодную і дэмакратычную Беларусь жывая і моцная. «Еўропа падтрымлівае вас у вашай барацьбе і будзе працягваць падтрымліваць вашы намаганні», выказалася яна.

Дарэчы, падчас гэтай канферэнцыі гучала гісторыя аднаго з палітвязняў (яго імя публічна не распаўсюджваецца). У светлым паўкруглым памяшканні парламента, запоўненым людзьмі ў афіцыйных касцюмах, малады мужчына публічна дзяліўся сваёй гісторыяй пра гвалт, здзекі і турэмную беларускую рэчаіснасць. Слухалі ў абсалютнай цішыні.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: 

 

«Калі мы пачнём з крыві, гэта будзе ўжо не дэмакратыя». Чаму беларусы абралі шлях негвалтоўнага супраціву і ці можа ён прывесці да перамогі

 

«Уратую цябе ў любой сітуацыі, і на амапаўца кінуся». Пагутарылі з самай вядомай пратэснай парай Маладзечна

 

Красавіцкі страйк. Як сотні тысяч беларускіх рабочых пратэставалі ў пачатку 1990-х


Вышыўка, партрэты з арматуры, лісты на волю

Па-за афіцыйнамі прамовамі, шмат пра Беларусь расказвала ўласна культура. Адным з першых мерапрыемстваў стаў публічны воркшоп з наступнай інтэрактыўнай выставай #FramedInBelarus. Гэта праект пра вышыўку як не толькі беларускі нацыянальна-культурны код, але і спосаб пратэсту. Ідэя ў тым, каб вышыўкай – чырвонай ніткай на белай тканіне – адлюстроўваць гісторыі палітычных вязняў Беларусі. Сёння праект ужо аб’ядноўвае больш за 250 прац.

У суправаджэнні «Вольнага хору» перад будынкам Еўрапарламенту ўрачыста адкрылася арт-інсталяцыя «Нязломныя». Яна складаецца з некалькіх банераў, на якіх выкананы партрэты зняволеных праваабаронцаў з металічных прутоў. З аднаго боку – такі спосаб выканання сімвалізуе краты і турму. А з іншага – нязломнасць тых, хто за імі апынуўся. Імя аўтара выставы не раскрываецца з мэтаў бяспекі.

Выстава прысвечана праваабаронцам «Вясны»: Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу, Уладзіміру Лабковічу, Марфе Рабковай, Андрэю Чапюку. Усіх іх асудзілі на вялікія тэрміны за прафесійную дзейнасць у абароне правоў.

Не менш важнай падзеяй, якая адбылася ў будынку Еўрапейскай службы знешніх сувязяў, стала адкрыццё выставы аб палітычных зняволеных «Галасы з турмы: Мастацтва як супраціў».

На выставе можна ўбачыць малюнкі, графічныя работы і лісты ад зняволеных. Сярод іх матэрыялы ад Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Сцяпана Латыпава, Марыі Калеснікавай, Андрэя Пачобута, Марфы Рабковай, Яны Арабейка, Анатоля Хіневіча, Дзмітрыя Дубоўскага, Анастасіі Булыбенка і іншых.

«На кожным постары — гісторыя асобнага чалавека, які не здаецца, не ламаецца, сам становіцца сімвалам супраціву і няскоранасці. Некаторыя з палітвязняў апынуліся на волі, але многія з тых, хто ўзгадваецца — застаюцца за кратамі. Для іх напісанне вершаў ці маляванне — гэта бадай што спосаб захаваць чалавечнасць у нечалавечых умовах. Гэта выстава — чарговае нагадванне свету пра лёс нашых палітвязняў», адзначала Святлана Ціханоўская на адкрыцці выставы.

«Дом, які заўсёды з намі»

З беларускай рэчаіснасцю знаёмілі і праз кінапаказы. Так бы мовіць – для поўнага пагружэння. Для большай нагляднасці. Па-за праглядамі фільмаў і абмеркаванняў, можна было пазнаёміцца і з анлайн-платформай VODBLISK. Сапраўды ўнікальнай пляцоўкай, дзе можна паглядзець анлайн самыя апошнія беларускія фільмы.

Усяго ў Бруселі паказалі некалькі беларускіх стужак: «Пад шэрым небам» (фільм Мары Тамковіч, натхнённы гісторыяй Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша), «7 сімптомаў беларускасці» (аматарскі фільм Якоба Вёленштайна) і фільм «Радзіма» (рэжысёры Аляксандр Міхалковіч і Ганна Бадзяка, стужка адлюстроўвае падзеі 2020 года), «Выпадковы прэзідэнт» (рэжысёр Майк Лернер, фільм прысвечаны Святлане Ціханоўскай).

Тэму «дому” і жыцця ў эміграцыі падтрымала фотавыстава DOM беларускага мастака Аляксандра Кот-Зайцава. Праект прысвечаны паняццю «дома» ў адчуванні беларусаў, вымушаных жыць у эміграцыі. Невялікая выстава размясцілася ў выставачнай залі культурніцкай пляцоўкі Flagey.

З апісання: «У апошнія некалькі год тэма пошукаў унутранага пачуцця дому стала блізкая і актульная для шматлікіх беларусаў, якія страцілі ўласны дом, пакідаючы Беларусь, а таксама для тых, хто фізічна застаўся ў сваім доме, у сваёй краіне, але страціў пачуццё бяспекі, утульнасці і спакою — так важныя для ўнутранага пачуцця дому. Мы носім свой Дом у сабе, снім яго, адчуваем яго ў дробязях і імгненнях, дзе б мы ні знаходзіліся. Ён заўсёды з намі».

У гэтай жа прасторы Flagey адбылася і галоўная музычнай імпрэза тыдня.  Яна таксама гучала ў гонар палітвязняў, з якіх больш за 170 — прадстаўнікі культурнай сферы.

«Сёння вечарам мы хочам адзначыць нязменную сілу культуры і музыкі — універсальнай мовы, якая размаўляе з нашай агульнай чалавечнасцю. Мы хочам адзначаць універсальную мову культуры як магутны сродак свабоды і чалавечай годнасці. Беларускія дзеячы мастацтва і культуры адыгралі важную ролю падчас мірных пратэстаў 2020 года», — падкрэсліла ў прывітальным слове напачатку канцэрта камісарка Марта Кос.

Вечарына пачалася з выступу беларускага акардэаніста Ягора Забелава. Гіпнатычныя музычныя матывы ў паўзмрокавай атмасферы пляцоўкі, здавалася, ідэальна перадаюць атмасферу беларускай тугі і няскоранасці. А працягнуўся канцэрт выступам Вольнага хору. Гучалі «Магутны Божа», «Дзе мой край», «Разбуры туры муры» і іншыя вядомыя творы — многія з гледачоў спявалі. А «Пагоню» слухалі стоячы ўсе прысутныя.

… Між выкананнем твораў харысты чыталі па-беларуску і па-англійску кароткія гісторыі пра пераслед у Беларусі і палітвязняў.

Каб ведаць, помніць і нагадваць.

Вярнуцца ўгару