У Дзвіне патануў цмок, а ля Сожа схаваны шведскі скарб. Расказваем пра легенды беларускіх рэк

беларускія рэкі, легенды пра беларускія рэкі, міфы пра беларускія рэкі, беларуская міфалогія

Беларускія рэкі — гэта не проста сінія стужкі на мапе ці тое, што бачым кожны дзень. Яны з’яўляюцца крыніцамі старадаўніх легенд і казак, у якіх звычайная вада ператвараецца ў штосьці магічнае.

PALATNO расказвае пра Вілію, Дняпро, Дзвіну і Сож.

Вілія — рака паміж светам жывых і мёртвых

Назва Віліі (альбо Вяллі) звязваецца з семантыкай ўрадлівасці і памерлых. Вілія стаіць на мяжы паміж светам жывых і памерлых: напрыклад, згодна з паданнямі, чэрці наўмысна перакрываюць раку камянямі і пагоркамі. Цікава, што звілістасць ракі тлумачыцца менавіта тым, што Вілію часта спрабавалі стрымаць.

Культ камянёў у вадзе сведчыць пра глыбокія паганскія карані. Шанаванне камянёў звязваюць з богам Вялесам — валадаром падземнага свету і надаўцам урадлівасці.

У адным з паданняў расказваецца пра гісторыю дзяўчыны Вялянны, якая страціла каханага. Яна плакала так горка, што з яе слёз утварылася рака.

Дняпро — рака каралеўскай крыві

Дняпро — адна з самых вялікіх і важных рэк Беларусі. Паводле падання, некалі адзін чалавек выпусціў двух сабак, Стаўры і Гаўры, — туды, куды яны пабеглі, там і пацяклі дзве ракі, якія сталі называцца Дняпро і Дзвіна.

А яшчэ ёсць паданне пра старога цара Рыдана. У яго скралі залатую карону, што ззяла, як сонца. Ён паслаў за зладзеямі сваіх сыноў — Дняпро і Сожа. Калі Рыдан не дачакаўся вяртання сыноў, то пракляў іх, і яны сталі рэкамі.

Рэкі, як Дняпро, часам спрабуюць спыніць чэрці ці іншыя цёмныя сілы. Аднак вада ніколі не паддаецца гэтаму, таму абыходзіць усе перашкоды, робіцца звілістай і працягвае шлях.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Як з’явіліся беларускія рэкі? Спойлер: толькі міфы і легенды

 

Колькі замкаў было на беларускіх землях і чаму яны зніклі. Частка першая

 

Тры галоўныя сюжэты «Іліяды», якія павінен ведаць кожны


Дзвіна — там, дзе патанула галава вялікага змея

Легенды пра Дзвіну сустракаюцца радзей, але і тут хапае магіі. У Дзвіне нібыта жыў Цар рыб: ён ахоўваў рыбу ад рыбаловаў. Гэта паказвае, як людзі раней лічылі, што ў кожным вадаёме жыве свой дух.

У паданнях пра Дзвіну таксама згадваюцца Стаўры і Гаўры — тыя ж сабакі, за якімі пацяклі Дзвіна і Дняпро. Таксама існуе паданне пра тое, што чорт хацеў перакрыць Дзвіну каменем, але ўпусціў яго ў дрыгву, дзе той ляжыць дагэтуль.

У іншым паданні расказваецца пра адсечаную галаву вялікага змея, якая патанула ў Дзвіне. Цмок еў людзей у адной з мясцовых вёсак, пакуль яго не забілі. Калі галава патанула ў Дзвіне, то цела змея ператварылася ў раку Вужыцу.

Сож — малодшы брат з характарам

Паданні пра Сож падобныя да легендаў пра Дняпро. У гісторыі з’яўлення фігуруе цар Рыдан, залатая карона і два сыны, якія спяшаліся вярнуць скрадзеную карону. Сож быў адным з сыноў.

З Сожам звязана паданне пра Сіні калодзеж. У дзяўчыну закахаліся двое асілкаў, сталі змагацца за сэрца дзяўчыны. Каханы дзяўчыны прайграў спаборніцтва, таму дзяўчына ад роспачы кінулася з каменя ля Сожа. Там жа з’явіўся Сіні калодзеж.

Існуе легенда пра тое, што ля Сожа ёсць схаваны скарб. Маўляў, на беразе ракі пад сасновым крыжам шведы падчас Паўночнай вайны закапалі золата і срэбра. І хто ведае, можа яно і цяпер дзесьці там.

Вярнуцца ўгару