«Час лечыць — гэта праўда». Беларусы — пра шкадаванне, мары і першае каханне

хто такія беларусы, што адчуваюць беларусы, пачуцці беларусаў

Ці задумваліся вы калі-небудзь, якім для вас было першае каханне? А ёсць нешта такое, пра што вы дагэтуль шкадуеце і ніяк не можаце забыць? А марыце — пра што?

PALATNO зазірнула беларусам у душы і сабрала адказы на некалькі жыццёвых пытанняў.

Пра што шкадуюць беларусы

«Я не шкадую ні аб чым, проста імкнуся выпраўляць памылкі і ўлічваць іх, наколькі гэта магчыма».

«Шкадую, што праз дурны лад жыцця займеў алкагольную залежнасць, а гэта не лечыцца, у лепшым выпадку — рэмісія».

«Аб памылках».

«У мяне, як і ў любога іншага чалавека, ёсць у памяці моманты, якія з’яўляюцца прычынай маіх слёз. Мне вельмі хочацца, каб гэтыя ўспаміны пакінулі мяне ў спакоі і перасталі быць маім болем. Але я ні за што не хацела б сцерці іх са сваёй памяці ці неяк перайграць жыццё і выправіць тое, што калісьці адбылося. Бо гэта ўсё так дорага майму сэрцу. Я б не змяніла сваё мінулае, калі б была такая магчымасць, а значыць, я ні пра што не шкадую. Ні пра згублены час, ні пра свой выбар, ні пра памылкі. Бо калі б у той момант, у тую секунду, я б не зрабіла таго, што зрабіла, кім бы я цяпер была? Дзе б знаходзілася? Я думаю, усё не дарма, усё не выпадкова».

«Мабыць, болей за ўсё шкадую, што ў галаве, праз якую прайшло многа інфармацыі, праз час застаюцца толькі нейкія рэшткі. Калі б галава працавала лепей, то дасягнуць большага было б значна прасцей: прыкладаў са свайго жыцця дастаткова».

«Шкадую, што мала ўвагі надавала гісторыі сваёй сям’і. Прынамсі, магла ў бабулі цікавіцца не пра партызан і так званую Вялікую Айчынную вайну (эпізод Другой сусветнай), а пра тое, як было і жылося раней, якім быў мой прадзед, як жылося пры Польшчы. Цяпер я гэтыя веды ніяк не атрымаю — бабуля памерла».

«Што дагэтуль не вынайшла тэлепорт! А калі сур’ёзна — што не набыла машыну адразу, як атрымала пасведчанне кіроўцы».

хто такія беларусы, што адчуваюць беларусы, пачуцці беларусаў
Фота: Tengyart / unsplash.com

Мары беларусаў і што перашкаджае здзяйсняць іх

«Рост у кар’еры горнага інструктара і альпініста. Іду, але часам матэрыяльнасць і глупства прыпыняюць».

«Ажыццявіць свой праект у Беларусі, калі вярнуся».

«Мару быць мецэнатам, але перашкаджае адсутнасць на гэта грошай».

«Мару пражыць гэтае жыццё недарма і быць карыснай гэтаму свету, прынамсі сваёй краіне. Раблю для гэтага ўсё, што ў маіх сілах. Калі з’явіцца магчымасць зрабіць больш — абавязкова буду старацца. Наогул, мару памерці з думкай, што зрабіла нешта важнае для тых, хто застанецца на зямлі».

«Ёсць мара трапіць у IT. Перашкаджае гэтаму, па-першае, неадпаведны ўзровень англійскай мовы (у школе вывучаў нямецкую). Па-другое, адсутнасць падтрымкі ад чалавека, які мог бы растлумачыць пытанні, якія ўзнікаюць. Па-трэцяе, бывае лянота, калі ўжо чымсьці заняты ў жыцці».

«Я за тое, каб марыць пра малыя рэчы: купіць вось тую кніжку ці з’ездзіць у тое месца. Гэтыя дробязі робяць рэальнасць прыгожай, таму марыць пра нейкія вялікія рэчы мне не трэба».

«Наведаць усе краіны свету. Што перашкаджае? Межы. І геапалітыка, вядома ж».

Як беларусы перажылі балючыя моманты

«Страта даверу. У працэсе. Жыву з гэтым».

«Такіх сітуацый было шмат, напрыклад, калі ў пачатку вайны некаторыя знаёмыя ставілі ў “Аднакласніках” прарасійскія пасты. Потым проста выразала іх са свайго жыцця».

«Не памятаю, шмат усяго было».

«Шмат усяго было ў жыцці. Але, вядома, ёсць і такія моманты, якія да гэтага часу не даюць спакойна жыць. Найбольш балючыя — расстанне з домам, дзе ты вырас, гібель беларусаў (у тым ліку і знаёмых) на вайне ва Украіне і развітанне з дарагімі сэрцу людзьмі, для якіх ты больш нічога не значыш. Мне здаецца, я б лягчэй перажыла фізічны боль, чым эмацыйны. Як спраўляюся? Не спраўляюся. Надышоў момант, калі трэба звяртацца па дапамогу да спецыялістаў. Што я, уласна, і зрабіла».

«Ужо гадоў пражыта многа, таму штосьці самае балючае вылучыць складана. Хутчэй за ўсё, у кожным «жыццёвым раздзеле» было штосьці такое. Калі пачаць аналізаваць сваё жыццё, то пакрысе можна прыйсці да высновы, што ўсё жыццё тваё — гэта страчаны шанец. Страчаны шанец на нешта лепшае…»

«Смерць таты — такое не перажываецца, ты проста застаешся з гэтым болем. Жывеш і думаеш, што ёсць шэраг размоў, якія не адбыліся і больш не адбудуцца. Час лечыць — гэта праўда».

«Расстанне з мужчынам, якога кахала, што называецца, “больш за жыццё”. Перажыць дапамаглі сябры і падарожжы. Спатрэбіліся паўгода і адзінаццаць краін, каб ізноў пачаць нармальна дыхаць».

Што беларусам дапамагае не апускаць рукі

«Разуменне мэты, каштоўнасць шляху, які я прарабіла. Веданне, што ў адчай і дэпрэсію я дакладна не хачу. Я адчуваю сябе значна лепш у руху — жывой, мэтанакіраванай».

«Перакананасць, што ўсё зменіцца. Вера ў Божую любоў і яго дапамогу».

«Разуменне таго, што спыніцца і апусціць рукі — як мінімум нерацыянальна».

«Шмат разоў я хацела апусціць рукі і спыніцца. Былі спробы. Але, мабыць, ёсць нешта, што не дае мне зрабіць гэта. Вельмі часта многія рэчы губляюць сэнс. У адзін момант вырашыла для сябе, што буду прачынацца кожны дзень проста таму, што мне цікава паглядзець, а што ж будзе далей. І яшчэ я заўсёды думаю: “А вось калі б заўтра быў мой апошні дзень на Зямлі, была б я рада, што пражыла сённяшні дзень менавіта так?”. Таму я працягваю рабіць тое, што магу, і тое, што прыносіць мне радасць і энергію».

«Скажам так, апускаць рукі няма калі, бо ты разумееш, што ёсць сям’я, якая патрэбна табе і якой патрэбны ты. Ёсць людзі побач, з якімі ты адчуваеш сябе часткай чагосьці большага, чым ты сам. Ёсць радзіма, да якой ты імкнешся праз межы, што ўзніклі на тваім да яе шляху».

«Блізкія людзі побач са мной. Без іх я б не зрабіла нічога ў жыцці, нічога не дасягнула бы. Яны — мая бясконцая падтрымка».

«Здаецца, я зараз апусціла рукі і не рухаюся. Людзі дапамагаюць. Сяброўская падтрымка, тэрапія і ўнутраныя бацькі, якія мяне ўвесь час “шпуняюць”. Унутраныя бацькі асабліва».

хто такія беларусы, што адчуваюць беларусы, пачуцці беларусаў
Фота: Nik / unsplash.com

Першае каханне: якім яно было для беларусаў?

«Наіўным, даверлівым, бескарыслівым, рамантычным».

«Няўдалым, але калі пару гадоў таму я даведалася, кім працуе маё школьнае каханне, была проста шчаслівая — што ў свой час мы разышліся. Гасподзь убярог мяне ад ганьбы быць з ім».

«Траўматычным, як і ўвесь наступны падобны досвед. Затое многае зразумеў».

«Спачатку яно было шчырым, чыстым і наіўным. У маіх вачах і сэрцы былі толькі бязмежная любоў, надзея і вера ў шчаслівую будучыню. Сумесную будучыню. Ува мне жыло нешта вельмі лёгкае, цёплае і трапяткое. Мне здавалася, што гэтай любові хопіць на нас дваіх, што я магу ёй падзяліцца. Мяне вёў па жыцці яркі агеньчык, ён даваў мне матывацыю і сілы рабіць тое, што калісьці было мне не па сілах. Але праз нейкі час прыйшло дакладнае ўсведамленне, што ўсё абавязкова скончыцца. І гэтае лёгкае наіўнае пачуццё ператварылася ў бясконцую і безнадзейную тугу і невыносны боль, які раздзіраў і працягвае раздзіраць мяне знутры. Гэта адзін з самых балючых перыядаў у маім жыцці. Гэтае каханне было першым і стане апошнім сапраўдным для мяне. Нікому не параю такое адчуць».

«Першае сапраўднае каханне… Яно і зараз са мной, побач. Тое, што адчуваў у час сталення, адгукалася асалодай і болем адначасова, бо было збольшага гульнёй майго розуму, які падштурхоўвалі знешнія раздражальнікі і неміласэрныя залозы. Зараз ёсць разуменне, што гэта быў яшчэ адзін страчаны шанец, можа і не адзін. Але навошта ён, калі побач з табой ёсць нешта сапраўднае. Дзякуй табе, маё сапраўднае каханне… З усяго вышэй сказанага я зрабіў высновы, што мне трэба было б быць філосафам. Дзякуй за страчаны час свайго жыцця. Але можа гэта ўсё ж не страта часу, а нейкі шанец, шанец на паразуменне з самім сабой».

«Было прыкольна спачатку, а пасля вельмі балюча. Не думаю, што мой досвед рэлевантны для кожнага, але мне думаецца, што ў кожнага ёсць такі чалавек, які табе лайна наробіць, і пасля ты перажываеш гэтае, становішся мацней і разумней. Вось у мяне менавіта такая гісторыя і была. Вядома, некаторы час было складана давяраць людзям. Але бачыцца з гэтым чалавекам я больш не хацела бы, хаця нічога кепскага яму не жадаю».

«Неўзаемным, вядома! Шчымлівым і балючым. Як і другое, і трэцяе. Я, цытуючы паэтку Веру Палазкову, умею «влюбиться и желательно по гроб; и каждый раз по гроб».

Вярнуцца ўгару