У гэтым эпізодзе мы даследуем супярэчлівую постаць Аўгуста Піначэта, ваенная дыктатура якога змяніла Чылі: пакінула пасля сябе не толькі эканамічныя змены, але і маштабныя парушэнні правоў чалавека. Аўгуста Піначэт прыйшоў да ўлады пасля гвалтоўнага перавароту ў 1973 годзе, зрынуўшы прэзідэнта Сальвадора Альендэ. Сямнаццацігадовае праўленне Піначэта было жорсткім падаўленнем іншадумства і буйнымі эканамічнымі рэформамі.
ЯШЧЭ БОЛЬШ «ДЫКТАТАРАЎ»:
«Дыктатары». Эпізод №1 — Муамар Кадафі
«Дыктатары». Эпізод №2 — Маа Цзэдун
«Дыктатары». Эпізод №3 — Нікалае Чаўшэску
«Дыктатары». Эпізод №4 — Адольф Гітлер
Змест
Ранняе жыццё, кар’ера ў арміі
Аўгуста Піначэт нарадзіўся ў 1915 годзе ў Чылі. Яго сям’я была сярэдняга класа. Бацька быў мытнікам, а маці паходзіла з сям’і баскскіх эмігрантаў. Сям’я была шматдзетнай, усяго ў іх было шасцёра дзяцей.
Піначэт вучыўся ў розных школах Вальпараіса, дзе ён нарадзіўся. Ён шмат цікавіўся гісторыяй і ваеннай справай. З дзяцінства ён хацеў стаць вайскоўцам. Пасля школы паступіў у вайсковую акадэмію ў Санцьяга. У акадэміі ён правучыўся чатыры гады, скончыў яе ў званні малодшага лейтэнанта. Ён пачаў сваю ваенную кар’еру ў чылійскай арміі ў 1935 годзе, дзе паступова падымаўся па службовай лесвіцы.
Піначэт служыў у розных ваенных частках каіны, яго адзначалі за дысцыплінаванасць і лідарскія здольнасці. У 1948 годзе ён атрымаў дадатковую адукацыю ў вайсковай акадэміі, а пасля навучання застаўся працаваць там выкладчыкам. У 1968 годзе яго прызначылі камандзірам вайсковай акадэміі. Так, крок за крокам, ён атрымліваў усё вышэйшыя званні і прызнанне ў арміі і дзяржавы.
У 1970 годзе ён стане генералам.
Марксіст — ва ўладзе, узброены пераварот ад чылійскай арміі
У 1970 годзе Сальвадор Альендэ стаў прэзідэнтам Чылі. Ён стаў першым у свеце марксістам, каго абралі на гэты пост у дэмакратычных выбарах. Яго палітыка нацыяналізацыі і сацыяльных рэформаў выклікала значную апазіцыю з боку чылійскай эліты, арміі і, вядома, ЗША. На той час амерыканцы фінансавалі частку апазіцыйных сіл у Чылі. Многія ўнутры краіны баяліся, што ўрад пойдзе тым жа шляхам, што і Куба.
Пад кіраўніцтвам Альендэ ў Чылі пачаліся эканамічныя цяжкасці і палітычная нестабільнасць. Дэфіцыт тавараў, інфляцыя, зніжэнне вытворчасці… На гэтым фоне група вайскоўцаў пачала рыхтаваць ваенны пераварот. Існуе шмат сведчанняў, як Аўгуста Піначэт уключыўся ў падрыхтоўку перавароту. Аднак, хутчэй за ўсё, ён прыняў рашэнне аб удзеле за кароткі час да пачатку перавароту.
Сальвадора Альендэ працягвалі падтрымліваць невялікія вайсковыя часткі, у тым ліку генерал Карлас Пратс, які стане адным з самых вялікіх апанентаў рэжыму Піначэта. Карлас Пратс быў міністрам унутраных спраў пры прэзідэнце Альендэ. Ён да самага канца падтрымліваў дзейны ўрад, бо лічыў яго легітымным, а яго рэформы неабходнымі для краіны. Пратс быў адным з тых, хто выступаў за дэмакратычныя змяненні і супраць прымянення гвалту, ён дапамог скончыць мяцеж нешматлікіх чылійцаў неўзабаве да пачатку перавароту.
За некалькі тыдняў да перавароту Пратс падаў у адстаўку, яго замяніў генерал Піначэт. Піначэту Альендэ давяраў і лічыў лаяльным, але… Пасля перавароту Пратс з’ехаў з сям’ёй у Аргенціну. Адтуль ён працягваў крытыкаваць рэжым Піначэта і публічна выступаў супраць ваеннай дыктатуры.
11 верасня 1973 года вайскоўцы пад кіраўніцтвам Аўгуста Піначэта захапілі ўладу ў выніку ўзброенага перавароту. Вайскоўцы захапілі ключавыя аб’екты ў сталіцы Санцьяга, а прэзідэнцкі палац Ла-Манеда акружылі і пачалі абстрэльваць з танкаў і з дапамогай авіяцыі.
Што адбылося з прэзідэнтам Альендэ? Яму прапанавалі ўцячы з краіны, амерыканцы прапаноўвалі схавацца ў ЗША. Сальвадор Альендэ адмовіўся. Ён заставаўся ў палацы да апошняга. У сваёй апошняй прамове да нацыі па рацыі ён заклікаў чылійцаў супраціўляцца і не здавацца: «Я веру ў Чылі і ў лёс нашай краіны. Іншыя чылійцы перажывуць гэта змрочны і горкі час, калі да ўлады ірвецца здрадніцтва».
Падчас штурму прэзідэнцкага палаца прэзідэнт Альендэ загінуў. Афіцыйная версія сцвярджае, што ён скончыў жыццё самагубствам.
Улада Піначэта: караваны смерці, рэпрэсіі, эканамічныя рэформы
Пасля перавароту Піначэт стаў кіраўніком ваеннай хунты і ўзяў на сябе абавязкі кіраўніка дзяржавы. Ён змог кансалідаваць уладу, ліквідаваў палітычныя партыі, распусціў парламент і ўвёў ваеннае становішча.
Рэжым Аўгуста Піначэта быў адзначаны масавымі рэпрэсіямі супраць яго апанентаў. Тысячы людзей арыштавалі, катавалі, забівалі, яшчэ тысячы знікалі без вестак. Галоўнымі мішэнямі для рэжыму сталі апазіцыйныя актывісты, інтэлектуалы і левыя палітыкі.
Адразу пасля перавароту быў сфарміраваны караван смерці — яго так назавуць пазней, але па сутнасці гэта быў орган па выкананню забойстваў. Яго арганізуюць з шэрагу вайскоўцаў чылійскай арміі па распараджэнні Піначэта, а яго кіраўніком стане Серхіа Арэліяна. Атрад каравана смерці будзе падарожнічаць па Чылі на верталёце па розных гарадах і турмах, дзе знаходзіліся апаненты новага рэжыму Піначэта. Там яны праводзілі хуткія і бязлітасныя «суды» над затрыманымі, а потым расстрэльвалі іх. Зняволеных часта катавалі перад забойствам. А вось іх целы знікалі, каб не заставалася слядоў злачынстваў чылійскіх салдат. Лічыцца, што ад каравана смерці пацярпелі да 97 чалавек.
Вядома, колькасць забітых не суадносіцца з тымі ахвярамі, якія пакідалі Гітлер у Германіі ці Ідзі Амін ва Угандзе, аднак караваны смерці служылі як моцны запалохваючы эфект. Яны дапамаглі ўмацаваць уладу Піначэта: многія людзі проста баяліся ўдзельнічаць у апазіцыйных рухах ці выказваць незадаволенасць.
Пасля перавароту адным з сімвалам рэпрэсій і жорсткасці чылійскай хунты стаў нацыянальны стадыён у Санцьяга. Спартыўны аб’ект ператварылі ў канцэнтрацыйны лагер для палітычных зняволеных. У першыя тыдні перавароту тысячы людзей, якіх падазравалі ў падтрымцы прэзідэнта Альендэ і левых сіл звезлі на стадыён. Людзі спалі на трыбунах ці проста на зямлі, у зняволеных не хапала ежы, вады і медыцынскай дапамогі. Там жа на стадыёне зняволеных катавалі, прымушалі прызнавацца ў нелаяльнасці да новага рэжыму. Бадай самым вядомым выпадкам катавання і забойства стаў чылійскі спявак і актывіст Віктар Хары: яго жорстка збілі вайскоўцы, зламалі пальцы, каб ён не мог граць на гітары, там жа на стадыёне яго расстралялі.
Хунта, таму што сам Аўгуста Піначэт быў генералам, абапіралася на вайскоўцаў. Але і не толькі на іх. Для кантролю над грамадствам была створаная тайная паліцыя, якая скарочана называлася DINA. Яе кіраўніком стаў Мануэль Кантрэрас, адзін з бліжэйшых саюзнікаў Піначэта, які быў нават яго студэнтам у вайсковай акадэміі. DINA змагалася з так званымі ворагамі не толькі ў Чылі, але і па-за межамі краіны. Напрыклад, менавіта яе супрацоўнікі арганізавалі забойства апанента Піначэта Карласа Пратса і яго жонкі ў Аргенціне. У 1977 годзе пад ціскам міжнароднай супольнасці арганізацыю распусцілі, на яе базе была створаная іншая структура, якая таксама працягвала выкарыстоўваць тыя ж метады, што і DINA.
Дзеянні чылійскай хунты выклікалі асуджэнне па ўсім свеце. Пераслед левых выклікаў незадавальненне ў сацыялістычнага блоку. Аднак цікава, што асуджэнне і нездавальненне хутка скончыліся: пачаўся фінансавы крызіс.
Інакш на рэжым Піначэта паглядзелі пасля правядзення шырокіх эканамічных рэформаў. Пасля Альендэ чылійская эканоміка была ў крызісе. Піначэт імкнуўся прыцягнуць замежныя інвестыцыі, якія маглі стымуляваць эканамічны рост, а таксама зніжаў дзяржаўны ўдзел у эканоміцы. З часам у Чылі правялі шырокамаштабную прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў і маёмасці: сотні кампаній, банкаў перасталі быць на кантролі дзяржавы. Для прадпрымальнікаў знізілі падаткі і адмянілі многія правілы, якія рэгулявалі рынак працы.
У другой палове 1970-х эканамічная палітыка прывяла да росту. Чылійская эканоміка стала самай дынамічнай у Лацінскай Амерыцы, прыцягвала значныя замежныя інвестыцыі. Рэформы Піначэта дапамаглі стабілізаваць інфляцыю, якая была адной з галоўных праблем у перыяд кіравання прэзідэнта Альендэ. Нягледзячы на эканамічны рост, рэформы прывялі да павелічэння сацыяльнай няроўнасці: багатыя сталі яшчэ багацейшымі, павялічылася беспрацоўе.
У 1982 годзе здарыўся сур’ёзны фінансавы крызіс, і Чылі ён не абышоў бокам. Урад Піначэта быў вымушаны ўмяшацца: частку банкаў нацыяналізавалі і ўвялі жорсткія меры эканамічнага рэгулявання.
Група чылійскіх эканамістаў, якіх называлі «Чыкагскімі хлопчыкамі» (іх так называлі, бо яны вучыліся ва ўніверсітэце Чыкага), адыгралі важную ролю ў правядзенні рэформаў у Чылі. Менавіта яны распрацавалі і правялі эканамічныя рэформы. Аднак гэтыя рэформы былі праведзеныя без уліку сацыяльных наступстваў: і гэта ў выніку прывяло да пагаршэння ўмоў жыцця многіх чылійцаў.
Плебісцыт, які сказаў «не»
У 1980 годзе Піначэт правёў рэферэндум, у выніку якога была прынятая новая канстытуцыя. Яна замацавала ўладу і Піначэта, і ваеннай хунты. Цяпер Піначэт станавіўся прэзідэнтам Чылі — гэта не ўсіх задавальняла, але ён усё роўна заставаўся чылійскім лідарам. Аднак разам з гэтым канстытуцыя прадугледжвала, што ў 1988 годзе будзе праведзены плебісцыт, каб вырашыць пытанне пра працяг тэрміну знаходжання ва ўладзе Піначэта.
У 1988 годзе плебісцыт усё-такі правялі. На здзіўленне, Піначэт прайграў, і не працягнуў кіраваць Чылі наступныя восем гадоў. Ён атрымаў толькі 44% галасоў «за» і 56% «супраць». Гэтае галасаванне стала пачаткам канца яго дыктатуры.
Праз два гады, у 1990 годзе, Піначэт перадаў уладу абранаму прэзідэнту Патрысіа Эйлвіну. Піначэт не знік з палітыкі і з Чылі таксама. Ён заставаўся галоўнакамандуючым чылійскай арміі да 1998 года. Піначэт таксама заняў месца пажыццёвага сенатара, што давала яму імунітэт ад крымінальнага пераследу.
Канец жыцця прайшоў у судах
У 1998 годзе Аўгуста Піначэт з’ехаў на лекаванне ў Лондан. Там яго арыштавалі па запыце іспанскага суддзі Бальтасара Гарсона. Гарсон абвінавачваў былога дыктатара ў парушэнні правоў чалавека. Акрамя Іспаніі позвы аб экстрадыцыі Піначэта падалі Бельгія, Францыя і Швейцарыя. Справа ў тым, што грамадзяне і гэтых краін былі выкрадзеныя ў Чылі. Англійскія ўлады вырашылі паўгода, ці трэба ім выдаваць Піначэта па запыце іспанцаў.
Пасля доўгіх судовых працэсаў Піначэта вызвалілі па стане здароўя, ён вярнуўся ў Чылі ў 2000 годзе.
Тым часам у Чылі супраць яго таксама распачалі шматлікія судовыя працэсы. Напрыклад, яго абвінавачвалі ў арганізацыі каравана смерці: гэты працэс распачаўся ў 2001 годзе. Некаторыя ўдзельнікі каравана смерці — той жа генерал Арэліян — былі арыштаваныя і асуджаныя. Мануэль Кантрэрас з DINA таксама быў асуджаны: ён правёў канец жыцця ў турме і там жа памёр.
Аўгуста Піначэт памёр у 2006 годзе. Яго не асудзілі за злачынствы, што ён учыніў, калі правіў Чылі. Адносіны да яго смерці ў краіне былі рознымі. Дзяржаўная ўлада адмовілася ўладкаваць для яго пахаванне, як для былога лідара Чылі. Замест гэтага яго хавалі як высокапастаўленага вайскоўца. Вядомая цікавая дэталь, што падчас пахавання труна з ім была адчыненая, і да яе падышоў і плюнуў у яе ўнук забітага па загадзе Піначэта Карласа Пратса.
Для гісторыі Чылі Аўгуста Піначэт застаецца адной з самых супярэчлівых фігур. Яго рэжым суправаджаўся рэпрэсіямі і парушэннямі правоў чалавека, але разам з гэтым краіна стала іншай, дзякуючы эканамічным рэформам. Улада Піначэта скончылася ў выніку дэмакратычнага плебісцыту, і хоць ён пазбег пакарання пры жыцці, яго спадчына працягвае выклікаць спрэчкі.