«Дыктатары». Эпізод №2 — Маа Цзэдун

У сённяшнім эпізодзе мы раскажам пра Маа Цзэдуна. Бацька-заснавальнік Кітайскай Народнай Рэспублікі, які можа выклікаць адначасова пашану і агіду. Маа стаў рэвалюцыйным лідарам, які перакроіў лёс вялікай нацыі. Яго палітыка і ідэалогія не толькі ператварылі Кітай у камуністычную дзяржаву, але і прывялі да дзясяткаў мільёнаў смерцяў.

ЭПІЗОД №1: Муамар Кадафі

 

А МОЖНА ТЭКСТАМ?
Вы можаце не толькі паслухаць падкаст, але і прачытаць (можа быць, вам будзе так зручна).

Ранняе жыццё, рэвалюцыйнае студэнцтва і шлях да камунізму

Кітай, у якім нарадзіўся Маа Цзэдун у 1893 годзе, кіраваўся дынастыяй Цын. Краіна была пераважна аграрнай з велізарнымі сельскімі тэрыторыямі, яна змагалася з унутранымі праблемамі і знешнім ціскам. Урад Цын быў слабым і карумпіраваным, замежныя ўварванні падзялілі краіну на сферы ўплыву. Традыцыйнае кітайскае грамадства было глыбока іерархічным з жорсткай сацыяльнай структурай.

Сям’я Маа была з маленькай вёскі Шаошань, і была адной з самых забяспечаных: бацька змог вылезці з пазыкаў свайго бацькі і вырасці ў заможнага фермера. Маа быў трэцім сынам у сям’і, але яго два браты памерлі яшчэ маленькімі. Таму маці моцна апекавала хлопчыка, а бацька наадварот быў строгім і жорсткім.

малады маа цзэдун
Маа Цзэдун у маладосці. Фота: wikimedia.org

Маа шмат чытаў, але вось з фармальнай адукацыяй у яго ішло ўсё не вельмі добра. Да трынаццаці гадоў Маа змяніў не менш за чатыры школы. Яго бацька быў незадаволенымі вынікамі навучання сына, таму ў адзін момант проста перастаў плаціць за вучобу. Тады Маа знайшоў сабе працу на ферме. Бацька працягваў уплываць на жыццё сына, і прапанаваў яму ажаніцца на дзяўчыне, якая была на некалькі гадоў старэйшая за Маа. Той не вельмі хацеў жыць разам з гэтай дзяўчынай, таму ў шлюбе яны былі ўсяго некалькі гадоў.

Пра гэты шлюб Цзэдун успомніў публічна толькі адзін раз у размове з амерыканскім журналістам Эдгарам Сноў у 1936 годзе: «Калі мне было чатырнаццаць, мае бацькі ажанілі мяне на дзяўчыне гадоў дваццаці. Але я ніколі не жыў з ёй… Я не лічу яе маёй жонкай, я мала пра яе думаў». У жыцці Маа будуць яшчэ тры жонкі…

А тады пасля смерці сваёй першай жонкі ўжо шаснаццацігадовы Маа захацеў з’ехаць з Шаошаня. Бацька настойваў на тым, каб ён уладкаваўся ў рысавую крамку ў бліжэйшым горадзе, аднак юнак захацеў працягнуць адукацыю. Так ён пераязджае ў Чаншу — сталіцу правінцыі Хунань. Гэты горад значна паўплывае на Маа, там ён зацікавіцца палітыкай і пачне пісаць артыкулы ў газеты. Анархізм, лібералізм, марксізм, працы Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса — гэтыя ідэі ўзарвуць мозг маладога Цзэдуна, ён іх будзе пражэрліва вывучаць. Маа пачне развіваць і свае ўласныя ідэі пра рэвалюцыю і класавую барацьбу.

Тым больш, для гэтага будуць сур’ёзныя падставы. У 1911 годзе ў Кітаі выбухнула Сінхайская рэвалюцыя, якая прывяла да падзення імперыі Цын. На яе месцы ўтварылася Кітайская Рэспубліка. У краіне наступіла доўгая эпоха хаосу. Хоць намінальна Кітай быў рэспублікай, але доўгія гады на яе тэрыторыі — аж да канца Другой сусветнай вайны — за ўладу змагаліся розныя групоўкі.

Камунізм у жыцці Маа, Грамадзянская вайна і Другая сусветная

У сярэдзіне 1910-х Маа вучыцца ў настаўніцкім вучылішчы і хоча стаць настаўнікам. Гады вучобы ў настаўніцкім вучылішчы ён правёў у рэвалюцыйнай барацьбе — ладзіў дэманстрацыі, змагаўся супраць губернатараў, якія падаваліся яму кепскімі кіраўнікамі, знаёміўся з уплывовымі дзеячамі.

Першыя гады пасля вучылішча былі для Маа няпростымі. Ён мог адправіцца ў Францыю ці Расію на працу, аднак не зрабіў гэтага, бо кепска валодаў замежнымі мовамі і не імкнуўся іх вучыць. Ён паспеў пажыць і пабачыць буйныя кітайскія гарады, але ўвесь час жыў у беднасці і сціпла адзяваўся. Цзэдун не адразу стаў зацятым камуністам. Ён доўгі час разбіраўся ў палітычных плынях і толькі напачатку 1920-х вырашыў, што будаўніцтва краіны магчымае толькі пасля рэвалюцыі — такой самай, што адбылася ў Расіі ў 1917 годзе.

Імя Маа Цзэдуна так шчыльна асацыіруецца з камунізмам і Кітаем, што можа падавацца, што Маа ад самога пачатку знаходзіўся пры партыі камуністаў. Але ўсё пачыналася інакш. У 1921 годзе ў Шанхаі стварылі Камуністычную партыю Кітая — гэта было зроблена пры дапамозе Масквы. Хоць удзел у партыі стаў для Маа яго пажыццёвай адданасцю камуністычнай справе, ён ніколі не быў яе заснавальнікам. Ад пачатку стварэння партыі яго погляды з паплечнікамі разыходзіліся, аднойчы яго нават выключылі з партыйных шэрагаў.

Праз некалькі гадоў пасля стварэння камуністычнай партыі яна аб’ядноўваецца з Гамінданам. Палітыкі лічылі, што сумесна могуць адваяваць уладу ў краіне ў розных груповак і аб’яднаць дзяржаву. Вядома, кожная сіла пераследавала свае мэты: камуністы імкнуліся распаўсюдзіць свае ідэі на людзей, што падтрымлівалі больш шырокі рух Гаміндана; Гаміндан, у сваю чаргу, хацеў кантраляваць камуністаў знутры.

камуністы кітая, камуністычная партыя кітая, маа цзэдун
Маа Цзэдун на З’ездзе Кампартыі Кітая, 1927 год.

Маа, які не моцна ўплываў на рашэнні партыі ў тыя часы, займаўся працай «у полі». Камуністычная партыя Кітая лічыла, што рэвалюцыю зробяць гарадскія рабочыя, таму ўся прапаганда і праца была завязаная на іх. У сярэдзіне 1920-х Маа назіраў, як сяляне ў Шаошані самі адбіралі зямлю ў землеўладальнікаў і аб’ядноўваліся ў камуны. Так ён першым зрабіў стаўку на сялянства.

Альянс паміж кампартыяй і Гамінданам ад пачатку быў няўстойлівым, таму ў 1927 годзе адбыўся важны пералом. Лідар Гаміндана Чан Кайшы адкрыта выступіў супраць камуністаў. І ў Кітаі пачалася доўгая, амаль дваццацігадовая грамадзянская вайна.

Выступ Гаміндана супраць камуністаў вымусіў апошніх схавацца ў падполлі. Маа таксама хаваўся — ля гары Цзінган на паўднёвым усходзе Кітая. Там ён стварыў аператыўную базу, дзе распрацоўваў стратэгію партызанскай вайны. Там жа пачало фарміравацца ваеннае крыло камуністычнай партыі. У тыя ж часы Маа Цзэдуна выключылі з шэрагаў кампартыі. Лідарам партыі не падабалася, што Маа стварыў на тэрыторыі Цзінганшаня сваю квазі-дзяржаву, працягваў рабіць стаўку на сялянства, якое большасць камуністаў зусім не лічыла хоць якой-небудзь сілай у будучай рэвалюцыі, і дзейнічаў сумесна з бандыцкімі фарміраваннямі.

Маа з пераменным поспехам змагаўся ў грамадзянскай вайне да сярэдзіны 1930-х. Вызначальным момантам стаў Вялікі паход 1934-1935 гадоў. Гэты быў доўгі марш, падчас якога тое сама ваеннае крыло арміі камуністаў уцякала ад сіл Гоміндана. Па сутнасці, гэта былі ўцёкі, але яны ўмацавалі лідарства Маа і ператварылі яго ў легендарную фігуру ў камуністычным руху. Ён стаў старшынёй Палітбюро — то бок, фактычна кіраўніком камуністычнай партыі і народнай арміі.

вялікі паход, гісторыя кітая
Цзэдун падчас Вялікага пахода.

У гэты час на Кітай напала Японія і пачалася кітайска-японскай вайна. Захопнікі змаглі дапамагчы чарговаму аб’яднанню Гаміндана і камуністаў, але толькі часоваму: ні Гаміндан, ні камуністы не пакінулі ідэю заваявання ўлады ў Кітаі. Напрыканцы Другой сусветнай вайны амерыканскія дыпламаты наведалі Кітай, каб разабрацца, каго падтрымаць у барацьбе за ўладу: яны зрабілі стаўку на Гаміндан. А СССР — на Маа і камуністычную партыю. Яшчэ чатыры гады пасля заканчэння Другой сусветнай у Кітаі працягвалася грамадзянская вайна, і калі ў 1920-1930-я на баку Гаміндана была перавага, то ў той час камуністы змаглі выбіць сапернікаў нават з кантынентальнай часткі Кітая. Чан Кайшы ўцёк з мацерыка на Тайвань.

Усталяванне ўлады: рэформы, Вялікі скачок і Культурная рэвалюцыя

1 кастрычніка 1949 года Маа Цзэдун абвясціў заснаванне Кітайскай Народнай Рэспублікі. Для Маа пачаўся шлях да ўмацавання ўлады і пераўтварэння Кітая ў сацыялістычную дзяржаву. Галоўнай задачай для Цзэдуна стала забеспячэнне кантролю новага рэжыму над велізарнай і разнастайнай тэрыторыяй.

кітайская народная рэспубліка, гісторыя кітая
Маа Цзэдун абвяшчае Кітайскую Народную Рэспубліку.

Першапачатковыя рэформы былі накіраваныя на ліквідацыю сацыяльна-эканамічнай няроўнасці. Рух за зямельную рэформу пачаўся ў першыя гады 1950-х: з яго дапамогай камуністы пераразмяркоўвалі зямлю ад памешчыкаў да сялян. Палітыка грунтавалася на тым, што ў галаве Маа менавіта сяляне былі апорай рэвалюцыі. Сама рэформа праходзіла даволі жорстка: памешчыкаў публічна судзілі «народныя суды», саджалі ў турмы ці выносілі смяротныя прысуды. Паводле розных ацэнак, за гэты перыяд было забіта ад аднаго да двух мільёнаў чалавек. Але рэформа здолела зламаць традыцыйныя феадальныя структуры і заваяваць падтрымку з боку сялян.

Паралельна з зямельнай рэформай Маа ініцыяваў кампаніі па ліквідацыі так званых ворагаў. Іх накіравалі супраць чыноўнікаў. Палітычныя чысткі павінны былі забяспечыць лаяльнасць і ліквідаваць патэнцыйных канкурэнтаў. Самай гучнай справай пачатку 1950-х стала расправа над Гаа Ган і Жао Шушы, якія былі высокапастаўленымі чыноўнікамі ў Кампартыі. Іх абвінавацілі ў змове супраць Маа, а іх падзенне надаслала дакладнае паведамленне для ўсіх: іншадумства ўнутры партыі дапускацца не будзе.

Гаа Ган і Жаа Шушы, палітычны пераслед у кітаі
Гаа Ган і Жаа Шушы.

Маа атачыў сябе лаяльнымі людзьмі і паставіў надзейных саюзнікаў на ключавыя пасады. Партыя ўплывала на ўсё: ад арміі і эканомікі да адукацыі і культуры. Кітайская эканоміка стала будавацца па савецкім узоры — у 1953 годзе запусцілі першую пяцігодку.

У адрозненні ад Сталіна, які падавіў усё іншадумства і публічны плюралізм меркаванняў у краіне, Маа быў здольны ды рызыкоўных крокаў. У сярэдзіне 1950-х у Кітаі пачалася кампанія «Сто кветак» — падчас яе інтэлектуалы і простыя грамадзяне маглі выказваць сваё меркаванне і крытыкаваць урад. Праўда, кампанія хутка выйшла з-пад кантролю, калі на камуністаў пасыпаліся абвінавачванні ў кепскім кіраванні краінай. Маа рэзка змяніў курс: былі задушаныя тыя самыя галасы, якіх заахвочвалі выказвацца. Сотні тысяч чыноўнікаў, інтэлігенцыі і студэнтаў пачалі пераследаваць і адпраўляць у лагеры.

Напрыканцы 1950-х гадоў асобу Маа Цзэдуна пачалі ўзводзіць амаль да боскага статусу. Культ асобы вакол Маа старанна культываваўся праз прапаганду, а яго думкі і выказванні сталі прынцыпамі, якімі павінна кіравацца нацыя. Калі ў Муамара Кадафі была «Зялёная кніга», то ў Маа была «Малая чырвоная кніжачка» — зборнік цытат і сімвал мааізму.

У 1958 годзе Маа пачаў «Вялікі скачок» — радыкальную кампанію, якая была накіраваная на хуткае пераўтварэнне краіны з аграрнага грамадства ў індустрыялізаваную сацыялістычную нацыю. Маа лічыў, што гэта магчыма зрабіць дзякуючы сіле волі і масавай мабілізацыі насельніцтва. Падчас «Вялікага скачка» стваралі народныя камуны, буйныя калектыўныя гаспадаркі, цалкам ліквідавалі прыватную гаспадарку.

Мэтай нумар адзін стала вытворчасць сталі. Цзэдун быў упэўнены, што Кітай хутка дагоніць Вялікабрытанію і Амерыку. Як тады Кітай рабіў сталь? Па ўсёй краіне зрабілі падворныя печы, сяляне самі рабілі сталь на ўласных падворках. Акцэнт на вытворчасці сталі прывёў да занядбання сельскай гаспадаркі, а сама сталь атрымлівалася няякаснай. Наступствы «Вялікага скачка» былі катастрафічнымі: спалучэнне нерэальных вытворчых паказчыкаў, безгаспадарнасці і паўсюднага голаду прывялі да аднаго з самых жахлівых этапаў у кітайскай гісторыі. Паводле розных ацэнак, ад 15 да 45 мільёнаў чалавек памерлі з-за голаду і звязаных з ім прычын. «Вялікі скачок» быў манументальнай няўдачай Маа Цзэдуна, ён нанёс і сур’ёзны ўрон кітайскай эканоміцы.

маа цзэдун
Маа разам з фермерамі.

У 1966 годзе Маа пачаў яшчэ адну маштабную кампанію, якая таксама пакіне значны след на Кітаі — «Культурную рэвалюцыю». Гэта была спроба Маа аднавіць свой кантроль над партыяй. Ён баяўся, што кампартыя і ўрад становяцца занадта бюракратычнымі і адыходзяць ад рэвалюцыйных ідэалаў. «Культурная рэвалюцыя» пачалася з заклікаў Маа да маладых людзей, каб яны кінулі выклік уладзе і крытыкавалі тых, хто знаходзіцца ва ўладзе.

Мільёны маладых людзей стварылі Чырвоную гвардыю — іх сталі называць хунвэйбіны. Гэта была радыкальная група моладзі, якая нападала на інтэлігенцыю, дзяржаўных чыноўнікаў і ўсіх, каго лічыла контррэвалюцыянерамі. Хунвэйбіны гойсалі па вуліцах, знішчалі гістарычныя мясціны і культавыя храмы, спальвалі кнігі, а людзей публічна ганьбілі, катавалі і забівалі. Дух «Культурнай рэвалюцыі» апісвае лозунг «Разбурыць стары свет, пабудаваць новы свет».

Хаос «Культурная рэвалюцыі» паралізаваў Кітай на дзесяць гадоў. Мільёны людзей пераследаваліся, і цэлае пакаленне страціла доступ да адукацыі, фабрыкі і фермы былі разбураныя палітычнымі ўзрушэннямі. Кампанія, якую пачаў Маа, прывяла да значных унутраных канфліктаў у Камуністычнай партыі — барацьба за ўладу і чысткі сталі звычайнай з’явай.

Лічыцца, што «Культурная рэвалюцыя» афіцыйна скончылася ў 1969 годзе, хаця гэта не так: яна працягвалася, але не ў буйных памерах, да смерці Маа. Кампанія не дасягнула сваіх мэтаў і пакінула пасля сябе траўмы і шнары на кітайскім народзе. Але Маа ў чарговы раз змог пацвердзіць кантроль над партыяй і нацыяй, хоць і высокім коштам.

Смерць і спадчына

У пачатку 1970-х Маа пакутаваў ад захворванняў. Ён шмат курыў, у яго былі праблемы з сэрцам і лёгкімі, але ўсё роўна заставаўся дамінуючай фігурай у кітайскай палітыцы.

Адной з найбольш прыкметных падзей апошніх гадоў жыцця Маа стала збліжэнне з ЗША. У 1971 годзе Кітай запрасіў каманду ЗША па настольным тэнісе з візітам і паклаў пачатак «дыпламатыі пінг-понга». За гэтым крокам рушыў услед гістарычны візіт прэзідэнта ЗША Рычарда Ніксана ў 1972 годзе. Візіт Ніксана стаў першым візітам дзейнага прэзідэнта ЗША у Кітай, і ён адкрыў шлях да нармалізацыі кітайска-амерыканскіх адносін. Гэты зрух у знешняй палітыцы быў стратэгічна важным: ён меў на мэце ўраўнаважыць уплыў СССР — былога саюзніка Кітая, які стаў сапернікам.

маа цзэдун, рычард ніксан
Маа Цзэдун і Рычард Ніксан.

Унутры краіны існавала незадаволенасць «Культурнай рэвалюцыяй», якая з часам змякчылася, але пераслед людзей значна пагаршаў стабільнасць у краіне. Маа пачаў дыстанцыявацца ад некаторых найбольш радыкальных элементаў руху. А ў партыі працягвалася барацьба…

Маа памёр 9 верасня 1976 года ва ўзросце 82 гадоў. Яго смерць азнаменавала канец эпохі ў гісторыі Кітая. Маа кіраваў краінай амаль тры дзесяцігоддзі, а яго смерць пакінула вакуум улады. Пасля смерці Маа адбылася кароткая барацьба за ўладу, якая завяршылася арыштам «Банды чатырох» — палітычнай фракцыі, у якую, дарэчы, уваходзіла і жонка Маа Цзэдуна Цзян Цын. «Банду чатырох» абвінавацілі ў эксцэсах «Культурнай рэвалюцыі» і чальцоў выключылі з партыі.

Сярод іншых дыктатараў спадчына Маа Цзэдуна — адна з самых спрэчных і складаных у сучаснай гісторыі. Яго шануюць як бацьку заснавальніка КНР і крытыкуюць за катастрафічныя наступствы ўнутранай палітыкі.

Са станоўчага боку, Маа прыпісваюць аб’яднанне Кітая пасля дзесяцігоддзяў грамадзянскай вайны і замежных уварванняў. Ён стварыў моцны цэнтральны ўрад і заклаў асновы для пераўтварэння краіны ў буйную сусветную дзяржаву. Зямельныя рэформы і сацыяльныя кампаніі Маа значна змянілі кітайскае грамадства. Пераразмеркаванне зямлі сярод сялян зламала хрыбет традыцыйнаму класу памешчыкаў і мела на мэце ліквідацыю даўняй сацыяльнай няроўнасці.

Тым не менш, кіраванне Маа — гэта надзвычайная жорсткасць і катастрафічная ўнутраная палітыка. «Вялікі скачок» прывёў да аднаго з найбуйнейшых голадаў у гісторыі чалавецтва з мільёнамі смерцяў. «Культурная рэвалюцыя» знішчыла жыцці, сем’і і культурную спадчыну Кітая.

Стыль кіраўніцтва Маа быў аўтарытарным і часта бязладным, палітыка была дрэнна спланаваная і кепска рэалізаваная. Яго настойлівасць на бесперапыннай рэвалюцыі і класавай барацьбе спрыяла сацыяльнай і эканамічнай нестабільнасці.

Пасля смерці Маа Кітай стаў на шлях эканамічных рэформаў і адкрытасці пад кіраўніцтвам Дэн Сяапіна. Камуністычная партыя пайшла прагматычным шляхам: яна прызнала ўнёсак Маа і адначасова прызнала і памылкі яго палітыкі. Вобраз і ідэалогія Маа Цзэдуна працягваюць мець значную сілу ў Кітаі. Яго партрэт да гэтага часу вісіць на плошчы Цяньаньмэнь, а яго маўзалей у Пекіне застаецца месцам паломніцтва.

Што пачытаць пра Маа Цзэдуна?

Вярнуцца ўгару