Вы чытаеце:
Як расійская нафта забіла беларускага бізнесоўца. Галаваломка, 2 сезон #3

Як расійская нафта забіла беларускага бізнесоўца. Галаваломка, 2 сезон #3

Ці можаце ўявіць, што ў цэнтры Мінска забілі са снайперскай вінтоўкі аднаго з самых заможных бізнесоўцаў краіны? А тое, што забойцаў і замоўцаў знайшлі толькі праз 15 гадоў? Самае гучнае забойства ў Беларусі ў першыя гады незалежнасці знаменавала пачатак «ліхіх дзевяностых», хоць і не стала першым і апошнім забойствам беларускага бізнесоўца. Мы раскажам, кім быў Аляксандр Ліснічук, чаму і як ён разбагацеў на расійскай нафце і як гэта нафта яго забіла.

Як 90-я сталі акном магчымасцей для Ліснічука

Аляксандр Ліснічук быў энергічным і амбіцыйным маладым чалавекам. Даволі хутка ён стаў чыноўнікам — і выбіўся ў кіраўніка Заслаўя. Гэта былі 1980-я: час, калі Савецкі Саюз вось-вось павінен быў лопнуць, у паветры былі адчувальныя і доўгачаканыя ноткі свабоды.

У часы Ліснічука Заслаўе стаў горадам абласнога падпарадкавання — лічылася, што гэта была, у асноўным, і яго заслугай. І ўжо тады ўсе адзначалі таленавітасць маладога мэра-эканаміста.

аляксандр ліснічук, мэр заслаўя
Аляксандр Ліснічук у часы кіраўніцтва Заслаўем.

Праз некалькі гадоў Беларусь стала незалежнай, а для прадпрыемлівых, энергічных і амбіцыйных людзей, такіх якім быў Аляксандр Ліснічук — гэта было акном магчымасцей.

У 1990 годзе Ліснічук перагортвае старонку з дзяржаўнай службай і ідзе ў бізнес. У той год ён заснаваў канцэрн «Камінвест», які экспартаваў расійскія нафтапрадукты ў Беларусь. Разам з гэтым Ліснічук заняў пасаду ў Белбізнесбанку — ён утварыўся з частак разваленага савецкага «Жылкамбанка», быў яго буйным акцыянерам. На 1993 год Белбізнесбанк уваходзіў у пяцёрку найбуйнейшых банкаў краіны. Кар’ера беларускага бізнесмена ішла ўгару, але праз тры гады пасля таго, як ён пачаў займацца бізнесам, яго забілі ў цэнтры Мінска.

Забойства ля прыступак офіса

11 мая 1993 года Аляксандр Ліснічук збіраўся ў камандзіроўку ў Вільню. У абед ён выйшаў са свайго офіса ў цэнтры Мінску — яго ўжо чакала Audi. Да аўтамабіля ён не дайшоў усяго некалькі крокаў. У яго выстраліў кілер. У шпіталь пацярпелага, але ўсё яшчэ жывога бізнесмена даставіў целаахоўнік. Праз тры гадзіны пасля стрэлу Ліснічук загінуў у бальніцы ад атрыманых пашкоджанняў. Медыкі былі ўпэўненыя, што бізнесмена можна было выратаваць, і на гэта былі літаральна хвіліны пасля таго, як у яго выстраліў кілер. Справа ў тым, што куля прайшла наскрозь праз грудзі Ліснічуку — трэба было заткнуць рану тампонам, але гэтага не зрабілі. Куля прабіла бізнесмену лёгкае, лапатку і рэбры.

Кафэ «Рэчанька», фота старога мінска, мінск у часы ссср
Кафэ «Рэчанька», адкуль страляў кілер.

Хто быў забойцам Ліснічука? Пройдзе шмат гадоў, калі ўсе акалічнасці замоўнага забойства высветляць сілавікі. А на той момант было вядома, што кілер доўгі час рыхтаваўся да падзеі. Ён страляў з кафэ насупраць — рэстаран «Рэчанька» знаходзіўся ля офіса Ліснічука і быў на рамонце. Таму менавіта гэтую кропку абраў стралок: там яго проста ніхто не заўважыў бы. Следчыя знайшлі ў будынку нямецкі карабін з двума патронамі, аптычным прыцэлам і глушыльнікам. Праз год высветліцца, што ружжо купілі ў Фінляндыі, а затым пераправілі ў Эстонію — там след карабіна канчаткова згубіўся, а потым ён зноў усплыў ужо ў справе Ліснічука.

Сілавікі перабіралі матывы забойства, але галоўная тэма — бізнес Ліснічука — быў кропкай адліку. Яшчэ да забойства бізнесоўцы ў Беларусі ўжо адбываліся гучныя забойствы прадпрымальнікаў: аднаго забілі нажом, а ў іншага нават кінулі гранату. Спачатку следства лічыла, што ўсе інцыдэнты звязаныя між сабой, але пазней высветліцца, што выпадак Ліснічука быў іншым.

У 1994 годзе, праз год пасля забойства, следства па справе спынілі. Сілавікі не знайшлі ні забойцу, ні тых, хто замовіў гэта забойства.

Здзелка з расіянамі прывяла да замоўнага забойства

А цяпер трэба абавязкова спыніцца на тым, што адбывалася ў беларускай эканоміцы ў першай палове 1990-х. У 1993 годзе ў Беларусі і Расіі была адна грашовая адзінка, што засталася з савецкіх часоў, — рубель. Аднак істотныя змены тычыліся крэдытаў: у Беларусі іх можна было ўзяць пад 30% гадавых, а ў Расіі – пад 150%. Таму ў беларускіх банках вельмі часта бралі крэдыты, а грошы накіроўвалі ў Расію: часам за рублі скупалі долары і гулялі на курсах, а часам нават пакупалі за тыя грошы акцыі банка, які даваў крэдыт.

А яшчэ ў Беларусі ў першыя гады незалежнасці вострай праблемай стала нафта. У выніку, дзяржава дазваляла бізнесоўцам закупацца ў Расіі, прывозіць нафту ў Беларусь, і значную частку прадаваць на заходніх рынках — і грошы ад гэтага атрымлівалі толькі бізнесмены, а не дзяржава.

Адну з тыповых здзелак у тыя часы ініцыяваў расійскі бізнесмен з Піцербурга Халід Амараў. Амараў прапанаваў Белбізнесбанку, якім можна сказаць кіраваў Ліснічук, прафінансаваць здзелку па пастаўцы буйнай партыі мазута. Так Белбізнесбанку далі два мільярды рублёў з фонду Нацбанка і пералічылі маскоўскаму прадпрыемству «Віцязь» бізнесмена Георгія Сафіева, з якім быў звязаны Амараў — той быў яго стрыечным братам.

Праз некаторы час Ліснічук вырашыў вывесці свае грошы са здзелкі: прычыны гэтага невядомы. Аднак выйсці са справы ён не паспеў: беларуса ўжо замовілі кілерам. На амаль пятнаццаць гадоў пра забойства Ліснічука забылі.

А хто ж быў забойцам Ліснічука?

Расследаванне пачало рухацца з мёртвай кропкі толькі ў 2007 годзе. Тады ў Расіі раскрылі кінгісэпскую злачынную групоўку. Яе члены былі спецыялістамі па вырашэнню пытанняў з бізнесменамі: простым языком, яны забівалі прадпрымальнікаў, калі іх зацікаўленасці ішлі ў разрэз з зацікаўленасцямі тых, хто наймаў гэтых спецыялістаў-вырашальнікаў. У кіраўніцтве групоўкі былі Георгій Сафіеў — той самы кіраўніца «Віцязя», з якім Ліснічук дамаўляўся пра здзелку, яго брат Імран Ільясаў і Сяргей Фінагін. Напачатку 1990-х яны стварылі ахоўнае прадпрыемства, якое доўгі час займалася замоўнымі забойствамі на тэрыторыі былога СССР.

Замоўнікам забойства Ліснічука назвалі Сафіева — напачатку 2000-х яго забілі ў ЗША. Ільясаў вызначаў, хто будзе забіваць, размяркоўваў узнагароды пасля справы – яму далі 19 гадоў зняволення. Валянцін Лапічаў, які націснуў на курок, атрымаў восем гадоў турмы. Што да Халіда Амарава, той ён таксама памёр — аднак ужо пасля таго, як групоўку яго брата разграмілі сілавікі. Па некаторых дадзеных, ён загінуў у Афрыцы.

Так скончылася доўгая гісторыя Аляксандра Ліснічука — амбіцыйнага бізнесмена, які ўмеў зарабляць, але не змог разглядзець бандытаў сярод сваіх партнёраў па бізнесе. Дарэчы, амаль такі ж лёс напаткае сына Ліснічука — ён загінуў у 2013 годзе, яго забіў сусед з ружжа падчас сваркі.

Вярнуцца ўгару