Now Reading
Гасцініцы Міншчыны нерэнтабельныя: нумары, магчыма, будуць здаваць маладым спецыялістам

Гасцініцы Міншчыны нерэнтабельныя: нумары, магчыма, будуць здаваць маладым спецыялістам

маладыя спецыялісты будуць жыць у гасцініцах мінскай вобласці, нерэнтабельныя гасцініцы мінскай вобласці, лазні мінскай вобласці

Большасць гасцініц на балансе Мінскай абласной жыллёва-камунальнай гаспадаркі нерэнтабельныя. Тое самае адбываецца і з камунальнымі лазнямі рэгіёну – толькі дзве з іх не ўдараюць па бюджэце. Як так атрымалася, што гасцініцы і лазні становяцца стратнымі? Ці даўно гэта пачалося? Чаму гасцініцы хочуць засяляць былымі студэнтамі, а лазні пераўтвараць у душавыя кабінкі?

PALATNO расказвае, што адбылося ў гасцінічнай сферы і з камунальнымі лазнямі, як гэтыя праблемы будуць вырашаць у будучыні.

«Праблем у нас хапае»

Напачатку кастрычніка старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын праводзіў пасяджэнне па павышэнні эфектыўнасці жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Сярод галоўных пытанняў — праца лазняў і гасцініц Мінскай вобласці. Са справаздачы кіраўніка абласной ЖКГ Юрыя Кукашука высветлілася, што найбольшыя страты жыллёва-камунальная гаспадарка Мінскай вобласці атрымала праз гасцініцы і лазні. Амаль усе гасцініцы на балансе ЖКГ з’яўляюцца нерэнтабельнымі. Толькі адна гасцініца з сямнаццаці не стратная.

Вырашэнне гэтай праблемы старшыня аблвыканкама знайшоў у маладых спецыялістах. Турчын прапанаваў аддаць частку пакояў пад арэнднае жыллё для выпускнікоў універсітэтаў, што прыходзяць на працу ў рэгіёны.

— Калі няма грошай — гэта адно. Калі грошы ёсць і не вырашаюцца пытанні — іншае. Праблем у нас хапае, і скаргі людзей часта абгрунтаваныя, — заявіў Турчын падчас пасяджэння.

Па гасцінічнаму бізнесу ў Беларусі, як і ва ўсім свеце, ударыў каронавірус. У дакавідныя часы, у 2019-м, гасцініцы прынялі крыху больш за два мільёны гасцей. Праз тры гады намеснік міністра спорту і турызму Алег Андрэйчык заявіў, што турыстычны бізнес (і гасцінічная сфера ў тым ліку) ачуняла ад пандэміі. За 2022-ы беларускія гасцініцы прынялі два мільёны чалавек. У параўнанні з 2021-м колькасць гасцей сапраўды вырасла на 600 тысяч.

Кавід стаў не адзінай праблемай для беларускіх «уладаў». Пасадка самалёту кампаніі Ryanair з Раманам Пратасевічам і Сафіяй Сапегай на борце выклікала абурэнні ў свеце: еўрапейскія краіны закрылі паветраную прастору для самалётаў з Беларусі. Затым адбыўся міграцыйны крызіс на межах Беларусі і Еўрасаюза, паўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну, закрыццё памежных пераходаў на межах — усё гэта абмежавала яшчэ больш турыстычны патэнцыял для Беларусі. А яшчэ да ўсіх гэтых падзей, у 2021 годзе, прынялі дзяржаўную праграму «Беларусь гасцінная» — у ёй апісвалі, як будзе развівацца турыстычны патэнцыял краіны, у прыватнасці гасцінічная сфера. Сярод праблемных пытанняў тады адзначалася, што ў беларускіх рэгіёнах не хапае сродкаў, каб дазволіць гасцініцам у раёнах прымаць вялікія групы турыстаў.

маладыя спецыялісты будуць жыць у гасцініцах мінскай вобласці, нерэнтабельныя гасцініцы мінскай вобласці, лазні мінскай вобласці
Нумар гасцініцы ў Вілейцы. Фота: belhotel.by

Амаль праз год пасля пачатку паўнамаштабнай вайны Міністэрства спорту і турызму падкрэслівала, што будзе арыентавацца не на заходнія рынкі, а на суседзяў з Усходу:

— Асноўная стратэгія на будучы год — праца на напрамкі і рынкі. Сярод іх — 15-20 рэгіёнаў Расіі, з якімі прапрацоўваюцца ўзаемадзеянні па развіцці турызму. У нас ёсць добрыя напрацоўкі з краінамі СНД і Кітаем, — расказваў намеснік міністра спорту і турызму Алег Андрэйчык.

Турчын убачыў перспектыву з напаўненнем гасцініц не з боку турыстаў, а толькі праз размеркаванне маладых спецыялістаў у рэгіёнах. У 2023 годзе з універсітэтаў і каледжаў выпусціліся 53 тысячы чалавек. Верагодна, яны стануць апошнім выпускам, у якім студэнты пасля платнай формы навучання не будуць праходзіць размеркаванне.

У верасні Лукашэнка правёў нараду па праблемных пытаннях у адукацыі. Падчас яе палітык выказаўся за павелічэнне тэрміну адпрацоўкі па размеркаванні пасля ўніверсітэту. Міністр адукацыі Андрэй Іванец прапанаваў абавязковую адпрацоўку пасля ўніверсітэту для студэнтаў, якія вучыліся платна. Нагадаем, што ў Беларусі абавязкова адпрацоўваюць толькі студэнты, якія вучыліся на бюджэтнай форме — два гады, і студэнты з мэтавым накіраваннем — пяць гадоў. Такім чынам, у дзяржавы будуць усе сродкі, каб скіраваць канкрэтнага маладога спецыяліста ў патрэбны рэгіён.

Часта перад маладымі спецыялістамі, асабліва ў рэгіёнах, паўстае жыллёвае пытанне. Верагодна, з падказкі старшыні Мінаблвыканкама, для часткі спецыялістаў у Мінскай вобласці жыллё падбяруць у гасцініцах.

Цікава! Нумар на аднаго чалавек у гасцініцы ў Слуцку будзе каштаваць 64 рублі.

А з лазнямі што?

У Мінскай вобласці на балансе абласной жыллёва-камунальнай гаспадаркі знаходзіцца 91 лазня, 89 з іх працуе са стратамі. Па словах Юрыя Кукашука, толькі ў васьмі раёнах вобласці мясцовыя ўлады спрабуюць мінімізаваць страты. Разам з гэтым, згодна з дадзенымі дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе», на працу лазняў на Міншчыне павінны выдаткаваць больш за два мільёны рублёў.

Аляксандр Турчын прапанаваў даведацца ў раённых уладаў, ці наогул патрэбныя ім лазні: «Магчыма, дзесьці дастаткова пары душавых кабінак».

Праблема з лазнямі тычыцца не толькі Мінскай вобласці. Яшчэ ў 2014 годзе камунальныя лазні перавялі на самаакупнасць: кошт паходу ў лазню значна павялічыўся. «Лазнявая праблема» закранула ўсю краіну.

маладыя спецыялісты будуць жыць у гасцініцах мінскай вобласці, нерэнтабельныя гасцініцы мінскай вобласці, лазні мінскай вобласці
Тыповая камунальная лазня ў Беларусі. На фота – лазня ў Гомелі ў 2017 годзе. Фота: sb.by

У 2017 годзе адзначалася, што колькасць наведвальнікаў лазняў скарацілася ў асобных рэгіёнах Беларусі на траціну, дзесьці — на палову. У тым жа годзе ў Гомельскай вобласці спынілі працу сотні камунальных лазняў. У Брэсцкай вобласці адбываліся такія ж змяненні: у некаторых раёнах улады проста закрывалі лазні, у некаторых — значна скарачалі час працы.

У жніўні 2023 года мясцовая раёнка ў Міры пісала, што ў пасёлку тры месяцы не працуе камунальная лазня. Яе нібыта закрылі на рамонт, але калі ён скончыцца — невядома. Мясцовыя жыхары напісалі ў Гродзенскі аблвыканкам калектыўны зварот, але на сустрэчу прыехалі з раённага кіраўніцтва. Жыхары Міра падкрэслівалі: «Вы нас хочаце пазбавіць элементарнага». На рамонт лазні патрабуецца 250 тысяч рублёў, а сама лазня, як высветлілася, прыбытак ніякі не прыносіць.

«ЖКГ трэба плаціць падаткі, заробкі работнікам, аплачваць электраэнергію, паліва, ваду. Камунальнікі кажуць пра тое, што ўтрыманне лазняў — гэта не іх асноўная дзейнасць, а абслугоўванне лазняў не адносіцца да сацыяльных стандартаў».

Цікава! Схадзіць у лазню ў Вілейскім раёне (дзве лазні ёсць у горадзе, яшчэ чатыры ў Іллі, Людвінаве, Любані і Партызанскім) каштуе 4,70 рублёў, а за венік можна даплаціць 6 рублёў.

Вярнуцца ўгару