Часта можна пачуць, што Беларусь — гэта маленькая краіна. Ці Беларусь — гэта нецікавая краіна з геаграфічнага пункту гледжання: але ў нас знаходзяць нафту і золата, ёсць пячоры і буйныя вадаёмы з пушчамі. І гэта не ўсё.
PALATNO прыводзіць дваццаць геаграфічных фактаў Беларусі, якія мусіць ведаць кожны.
Змест
- Самая высокая кропка Беларусі
- Усё, што трэба ведаць пра беларускія рэкі
- Балоты — лёгкія Еўропы
- У Беларусі ёсць нафта (не расійская, а свая ўласная)
- А што з золатам і каштоўнымі камянямі?
- Беларусь — гэта маленькая краіна?
- Што з іншага боку глобуса?
- На чым стаіць Беларусь
- Этнаграфічныя рэгіёны Беларусі
- Нацыянальныя паркі, запаведнікі і заказнікі
- Самы вялікі лес краіны
- У Беларусі ёсць пячоры?
- Чорная кніга Беларусі
- «Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў»
- Колькі жыве чалавек у Беларусі
- Гарады Беларусі
- Калійная соль — наша багацце?
- Якое паветра ў Беларусі?
- Беларуская зямля
- Маманты
Самая высокая кропка Беларусі
Самая высокая кропка Беларусі — гэта гара Дзяржынская. Да 1958 года гэту гару называлі Святой. Яна знаходзіцца на паўночнай ускраіне вёскі Скірмунтава, у межах Мінскага ўзвышша, у частцы Беларускай грады. Гару складаюць марэны (абломкавы матэрыял, які адкладваецца ледавікамі) і пакрываюць суглінкі і супяскі.
Яе вышыня — 345 метраў над узроўнем мора. На польскай мапе 1933 года яе вышыня была пазначана як 346,3 метра. На тапаграфічнай мапе 1984 года — 342,7 метра.
Цікава, што раней найвышэйшай кропкай Беларусі лічылася гара Шапавалы. У 1933 годзе яе вышыня нібыта складала 350 метраў, а на савецкіх мапах 1950-х — 356 метраў.
Усё, што трэба ведаць пра беларускія рэкі
У Беларусі налічваецца больш за 20 тысяч рэк і каля 11 тысяч азёр. Большасць азёр знаходзіцца на поўначы і паўночным заходзе краіны. 93% ад агульнай колькасці рэк з’яўляюцца малымі рэкамі ці ручайкамі, даўжыня якіх не дасягае нават дзесяці кіламетраў.
Беларускія рэкі адносяцца да двух марскіх басейнаў — Чарнаморскага і Балтыйскага.
Самая доўгая беларуская рака — Днепр. У межах Беларусі яна мае 595 кіламетраў, яшчэ 115 кіламетраў — на памежнай тэрыторыі Беларусі і Украіны. Асноўныя прытокі: Сож, Друць, Бярэзіна, Прыпяць. На Дняпры ў Беларусі месцяцца Орша, Шклоў, Магілёў, Быхаў, Рагачоў, Жлобін, Рэчыца, Лоеў.
Самая глыбокая беларуская рака — Бярэзіна. Пачынаецца яна на паўднёвым захадзе ад Докшыц, а сваё вусце мае ў двух кіламетрах на паўночны ўсход ад вёскі Берагавая Слабада ў Рэчыцкім раёне.
Самая кароткая рака ў Беларусі называецца Скема, яна ўваходзіць у басейн Нарачы: яе даўжыня ўсяго 166 метраў. А самая кароткая беларуская рака сярод буйных рэк — Іслач. Пачынаецца ў паўтара кіламетра ад гары Дзяржынская, цячэ ў межах Мінскага ўзвышша, а ў ніжнім цячэнні — праз Налібоцкія лясы.
Балоты — лёгкія Еўропы
Беларускія балоты займаюць 14% тэрыторыі краіны. Самыя вялікія балоты знаходзяцца на поўначы і поўдні Беларусі. У краіне ёсць верхавыя, пераходныя і нізінныя балоты. Яны адрозніваюцца тыпам харчавання: верхавыя харчуюцца атмасфернымі ападкамі, а нізінныя маюць грунтавое харчаванне з багатым утрыманнем мінеральных соляў. Пераходныя балоты звычайна размяшчаюцца па ўскрайках верхавых балот і існуюць за кошт грунтавога харчавання.
Ельня — самае вядомае беларускае балота. Яно знаходзіцца ў Мёрскім і Шаркаўшчынскім раёнах Віцебскай вобласці. Ельня — гэта комплекс верхавых і пераходных балот, на яе тэрыторыі размяшчаецца каля сотні азёр. На Ельні жывуць сотні прадстаўнікоў флоры і фаўны, дзясяткі з іх занесены ў Чырвоную кнігу.
Чаму пры лукашэнкаўскай уладзе з рэгіёнаў знікае ўсё беларускае і жывое
Марочна — адно з самых буйных верхавых балот Палесся, якое захавалася ў натуральным стане пасля меліярацыі. На тэрыторыі гэтага балота зарэгістраваны арэалы рысі, барсука, балотнай чарапахі.
Званец — адно з найбуйнейшых нізінных балот у Еўропе. На ім ёсць мноства астравоў, а агульная плошча заказніка складае 16 тысяч гектараў. На Званцы жыве каля сотні чырвонакніжных відаў.
У Беларусі ёсць нафта (не расійская, а свая ўласная)
Беларусь рэгулярна атачаюць навіны пра нафту — звычайна пра расійскую. Але мы маем і ўласную нафтапрамысловую гісторыю. У прамысловых маштабах у Беларусі нафту пачалі здабываць яшчэ ў 1965 годзе. Самым паспяховым быў 1975 год, калі беларускія нафтавікі паставілі рэкорд і дасягнулі максімальнага аб’ёму здабычы нафты — амаль восем мільёнаў тон.
У Беларусі нафту здабываюць на тэрыторыі Гомельскай вобласці, дзе знаходзіцца некалькі дзясяткаў яе пакладаў.
А што з золатам і каштоўнымі камянямі?
Золата ў Беларусі таксама ёсць, але не так многа, колькі знаходзілі падчас «залатой ліхаманкі» ў Амерыцы. Упершыню самароднае золата адкапалі ў 1986 годзе ў часы БССР. Знаходка месцілася ў рэчышчы Дняпра — у яго вярхоўях. Але пошукі золата пачаліся ўжо ў часы незалежнасці і працягваліся 13 гадоў. У 2005 годзе было знойдзена больш за 16 тысяч крупінак беларускага золата: найвялікшы зафіксаваны памер беларускага самародка склаў дзевяць міліметраў.
У Беларусі знаходзілі бурштын. Не, яго не прынесла ледавіком, і ён быў не на поўначы краіны — беларускі бурштын знаходзілі на поўдні, на тэрыторыі Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Поўдзень — не дзіўнае месца для бурштыну. Беларускае Палессе месціцца ў зоне сучлянення Украінскага шчыта, Валынска-Падольскай пліты і Прыпяцкага прагіну. Мільёны гадоў таму на гэтым месцы Харкаўскае мора затапіла сушу, на якой расла хваёвая расліннасць. Хваёвая смала (жывіца) трапляла ў марскія адклады, а затым пераўтваралася ў бурштын.
Дарэчы, на тэрыторыі Гомельскай вобласці ёсць і больш каштоўныя выкапні. У Лельчыцкім раёне маецца уран, які залягае ў глыбокіх пясчаных і вуглістых пластах. У Беларусі нават знаходзілі кімберлітавыя трубкі з прыкметамі ўкрапванняў алмазаў. Уранавая і алмазная сыравіны залягаюць надта глыбока, таму іх прамысловая здабыча не вядзецца і не плануецца.
Беларусь — гэта маленькая краіна?
Беларусь знаходзіцца ва Усходняй Еўропе, яе плошча — 207 тысяч км2. І па плошчы Беларусь займае 84-е месца ў свеце. Яна большая за Грэцыю, Партугалію, Карэю (Паўночную і Паўднёвую), Аўстрыю, Славакію і шмат якіх іншых краін. Дарэчы, у Еўропе наша краіна займае 14-е месца па плошчы. А калі браць колькасць насельніцтва, то 17-е.
Што з іншага боку глобуса?
У вас ніколі не ўзнікала пытанне — а што знаходзіцца з іншага боку глобуса насупраць Беларусі? PALATNO праверыла, і гэта — паўднёвая частка Ціхага акіяна.
Каардынаты Беларусі — 50°00′ паўночнай шыраты, 28°00′ усходняй даўгаты.
На чым стаіць Беларусь
Вырашальным фактарам фарміравання рэльефу краіны сталі ледавікі. За апошнія 500 тысяч гадоў тэрыторыя Беларусі прайшла праз пяць аледзяненняў. Апошнім аледзяненнем было Паазерскае, і ледавік займаў толькі поўнач. Другім важным фактарам сталі рэкі, якія фарміравалі рачныя даліны.
Беларусь знаходзіцца на Усходне-Еўрапейскай раўніне. У межах раўніны вылучаюцца ўзвышшы, раўніны і нізіны.
Найбольш прыпаднятая цэнтральная частка Беларусі — Беларуская града. Там знаходзіцца Мінскае ўзвышша, на якім і стаіць гара Дзяржынская. Акрамя Мінскага ўзвышша ёсць Наваградскае, Ашмянскае, Віцебскае ўзвышшы.
Найбуйнейшыя нізіны — Палеская, Верхнянёманская, Полацкая і Нарачана-Вілейская. Самы нізкі пункт на тэрыторыі Беларусі — урэз ракі Нёман на мяжы з Літвой.
Этнаграфічныя рэгіёны Беларусі
У Беларусі вылучаюць этнаграфічныя рэгіёны паводле комплексу прыкмет: асаблівасцей этнічнай гісторыі, характару рассялення, народнай архітэктуры, мясцовых гаворак і інш. Беларусь можна разбіць на шэсць этнаграфічных рэгіёнаў:
- Паазер’е — басейн Заходняй Дзвіны, сучасная Віцебская вобласць;
- Падняпроўе — басейн верхняга Дняпра, асноўная частка Магілёўскай вобласці;
- Панямонне — верхні басейн Нёмана, захад Беларусі;
- Усходняе Палессе — сучасная тэрыторыі Гомельскай вобласці;
- Заходняе Палессе — басейн верхняй Прыпяці, частка сучаснай Брэсцкай вобласці;
- Цэнтральная Беларусь — асноўная частка Мінскай вобласці, заходняя частка Магілёўскай вобласці.
Вылучаецца яшчэ і Павілле — гэта сучасная тэрыторыі Астравецкага, Ашмянскага, Валожынскага, Вілейскага, Маладзечанскага, Мядзельскага і Смаргонскага раёнаў.
Нацыянальныя паркі, запаведнікі і заказнікі
Яны адрозніваюцца паміж сабой. Запаведнікі знаходзяцца пад асобай абаронай, туды могуць трапіць не ўсе (для наведвання некаторых патрабуецца спецыяльны пропуск). У заказніках пад абарону трапляюць пэўныя віды флоры і фаўны, там дазволена гаспадарчая дзейнасць і няма абмежаванняў у наведванні. Нацыянальныя паркі патрэбны для таго, каб абараніць прыродныя тэрыторыі, якія маюць асаблівую значнасць — экалагічную, культурную ці гістарычную.
У Беларусі ўсяго чатыры нацыянальныя паркі: Белавежская пушча, Браслаўскія азёры, Прыпяцкі і Нарачанскі нацыянальныя паркі.
У нашай краіне ёсць два запаведнікі — Бярэзінскі біясферны і Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны.
Больш за ўсё ў Беларусі заказнікаў: рэспубліканскага маштабу — 99, а мясцовага — 428.
Самы вялікі лес краіны
Самы вялікі беларускі лес — Налібоцкая пушча. Ён знаходзіцца ў басейнах рэк Заходняя Бярэзіна і Уса. Пушча займае каля 2 000 км2 у Валожынскім, Стаўбцоўскім, Наваградскім, Карэліцкім і Іўеўскім раёнах.
На тэрыторыі Налібоцкай пушчы налічваецца 820 відаў раслін, частку з якіх упершыню знайшлі ў Беларусі. Фаўна пушчы характэрная для лясоў сярэдняй паласы краіны. У 1975 годзе ў пушчы зноў з’явіліся высакародныя алені, у 1994 годзе сюды вярнулі зуброў, а напачатку XXI стагоддзя — бурых мядзведзяў. У 2020 годзе зарэгістравалі першага шакала.
Санкцыі, пажары, маштабны продаж. Як пачуваецца беларускі лес і як яго захаваць
У Беларусі ёсць пячоры?
Адзіная беларуская пячора знаходзіцца ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці. Яна размяшчаецца на беразе возера каля вёскі Сахновічы. Пячора вымыта ў пясчаніку, пласты якога на тым месцы з’явіліся каля 25 тысяч гадоў таму. Глыбіня пячоры вымяраецца ў дзесяць метраў.
Мясцовыя расказваюць легенды, маўляў, у гэтай пячоры былі схаваныя скарбы часоў Рэчы Паспалітай.
Чорная кніга Беларусі
Усе ведаюць, што існуе Чырвоная кніга Беларусі, у якой сабраны віды флоры і фаўны, што знаходзяцца пад аховай джяржавы. Але ёсць яшчэ і Чорная кніга. Беларускія навукоўцы называюць гэтым тэрмінам спіс відаў флоры і фаўны, якія адносяць да чужародных. Гэта значыць, што гэтыя віды з’явіліся не на нашай тэрыторыі і выцясняюць віды абарыгенныя.
Упершыню Чорная кніга пра жывёл была выдадзеная ў 2016 годзе, пра расліны свет — у 2017 годзе. Сярод прадстаўнікоў фаўны налічваецца 54 чужародных віды, а сярод флоры — больш за сотню. Гэта, напрыклад, амерыканскі паласаты рак, медуза (знайшлі ў 2018-м у Брэсце).
«Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў»
Першую акадэмічную кнігу па геаграфіі Беларусі падрыхтаваў Аркадзь Смоліч. «Геаграфію Беларусі» выдалі ў 1919 годзе ў Вільні. Смоліч лічыцца пачынальнікам беларускай геаграфічнай навукі, быў дзеячам БНР, аўтарам статута Беларускай акадэміі навук. Смоліча расстралялі ў 1938 годзе ў турме ў Омску паводле рашэння Тройкі НКУС.
Падручнік «Геаграфія Беларусі» адкрывалася эпіграфам: «Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў».
Колькі жыве чалавек у Беларусі
Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта на 1 студзеня 2023 года, колькасць насельніцтва Беларусі складае 9 200 617 чалавек. Тры чвэрці беларусаў пражывае ў гарадах — гэта 7 212 405 чалавек, у сельскай мясцовасці — 1 988 212.
Гарады Беларусі
У Беларусі 115 гарадоў, 85 пасёлкаў гарадскога тыпу і 23 008 сельскіх населеных пунктаў. Самы буйны горад Беларусі — Мінск. У Мінску жыве каля паўтара мільёна чалавек. У пяцёрку самых буйных беларускіх гарадоў уваходзяць Гомель, Магілёў, Віцебск і Гродна.
Беларусь дзеліцца на вобласці (Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Мінская, Магілёўская). Вобласці дзеляцца на раёны — іх у краіне ўсяго 118.
Калійная соль — наша багацце?
Калійная соль — асноўная сыравіна, з якой атрымліваюць калійныя ўгнаенні, металічны калій і яго злучэнні. У Беларусі паклады калійных солей сканцэнтраваны ў Мінскай і Гомельскай абласцях. Агульныя запасы калійных солей ацэньваюцца ў 6,5 мільярда тон.
Гэта галоўны экспартны тавар для Беларусі. Пасля ўвядзення санкцый пастаўкі беларускай калійнай солі ўпалі амаль у тры разы. У 2021 годзе беларускія «ўлады» засакрэцілі дадзеныя па прыбытку ад экспарту калійнай солі. Вядома, што ў 2022 годзе Салігорскі раён, дзе знаходзіцца «Беларуськалій», стаў рэкардсменам па зніжэнні ўзроўню заробкаў.
Якое паветра ў Беларусі?
Можна сказаць, што ў Беларусь паступае марское паветра Атлантычнага акіяна. Узімку ў краіне паветра мае высокую вільготнасць, што прыводзіць да падвышанай воблачнасці. Яшчэ ў Беларусь зімой можа паступаць арктычнае паветра — тады тэмпература можа панізіцца нават да мінус 40°C.
Летам у Беларусь паступае паветра з Атлантыкі — яно фарміруе прахалоднае і вільготнае надвор’е, а паветра з Арктыкі — сухое і цёплае альбо гарачае.
Беларуская зямля
На тэрыторыі Беларусі распаўсюджаны дзярновыя, дзярнова-карбанатныя і дзярнова-падзолістыя глебы. Дзярнова-карбанатныя — гэта глебы, што ўтвараюцца на карбанатных пародах і залягаюць на невялікай глыбіні: большасць сустракаецца у басейне Віслы і на тэрыторыі Беларусі. Дзярнова-падзолістыя — гэта тып падзолістых глеб, якія змяшчаюць да 7% перагною, лічацца самымі ўрадлівымі сярод падзолістых.
Дзярнова-падзолістыя глебы займаюць у Беларусі амаль палову ўсёй тэрыторыі. Яны даволі бедныя і маюць кіслую рэакцыю асяроддзя, і, каб атрымліваць высокі ўраджай, трэба праводзіць аграхімічныя мерапрыемствы і дадаваць мінеральныя ўгнаенні.
Маманты
Так, на тэрыторыі сучаснай Беларусі былі маманты. Першыя знаходкі парэштак мамантаў датуюцца яшчэ часамі Рэчы Паспалітай, а апошнія — летам 2023 года. Самыя буйныя знаходкі былі ў сярэдзіне «нулявых» у Мінску. удаўнікі выпадкова знайшлі астанкі мамантаў, якія ляжалі на глыбіні да васьмі метраў. Гісторыкі падкрэслівалі, што тыя маманты жылі каля 23 тысяч гадоў таму. У розных краязнаўчых музеях краіны знаходзяцца астанкі мамантаў: напрыклад, іх можна пабачыць у Полацку ці Шуміліна.
Знайшлі шкілет і засыпалі яго зямлёй. Як у Беларусі сотні гадоў знаходзілі мамантаў