У Браславе — міліцэйскі начальнік, у Наваполацку — былы КГБшнік, у Паставах — сын памерлага старшыні. У большасці старшынь — сельскагаспадарчая адукацыя, у адзінак — эканамічная і настаўніцкая. Абсалютная большасць з іх — мужчыны. Але гэта яшчэ не ўсе цікавосткі.
PALATNO працягвае расказваць, хто кіруе ў беларускіх абласцях. На гэты раз зазірнём на Віцебшчыну.
Змест
- Віцебскі аблвыканкам. Паразітолаг на чале
- Віцебск. Шлях ад інжынера ў калгасе
- Наваполацк. Былы КГБшнік
- Бешанковічы. Жанчына, якая «падымала» Глыбокае
- Браслаў. Міліцэйскі начальнік у кіраўніцтве
- Верхнядзвінск. Расійскі аграном
- Гарадок. Настаўніца беларускай мовы, пяціразовая дэпутатка
- Глыбокае. Мёрскі чалавек
- Дуброўна. Расійскі ветэрынар
- Лепель. Самы малады кіраўнік раёна
- Лёзна. Чалавек, які адказваў за харчаванне Віцебшчыны
- Мёры. Чалавека з таямнічай біяграфіяй змянілі
- Орша. Яшчэ адзін ветэрынар
- Паставы. Па слядах бацькі
- Полацк. Інжынер з Верхнядзвінскага раёна
- Расоны. Быкаў, ды не той
- Сянно без кіраўніцтва
- Талачын. Старшыня з сельскагаспадарчым мінулым (але гэтым не здзівіш)
- Ушачы. Селекцыянер і заатэхнік
- Чашнікі. Ляснік з Віцебшчыны
- Шаркаўшчына. Старшыня, які ўсё дарослае жыццё правёў у самым бедным беларускім раёне
- Шуміліна. Адзіны старшыня з эканамічным бэкграўндам у вобласці
Віцебскі аблвыканкам. Паразітолаг на чале
Віцебскай вобласцю кіруе Аляксандр Субоцін. Прызначэнне на пасаду старшыні Віцебскага аблвыканкама ён атрымаў у 2021 годзе.
Субоцін нарадзіўся ў 1976 годзе ў гарадскім пасёлку Руба на Віцебшчыне. У 1998 годзе скончыў Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны, яшчэ праз два гады атрымаў дыплом эканаміста ў Міжнародным інстытуце менеджменту. Субоцін працягнуў развівацца ў медыцынскім кірунку: напачатку 2000-х абараніў дыплом на тэму «Гельмінты сабак Беларусі і меры барацьбы з імі», працаваў выкладчыкам у Віцебскім ветэрынарным універсітэце.
У 2010-х Субоцін сыходзіць са шляху навукі, хоць і становіцца прафесарам і атрымлівае патэнт на кармавы дадатак для свойскіх жывёл. У 2014 годзе яго прызначаюць намеснікам начальніка галоўнага эканамічнага ўпраўлення адміністрацыі Лукашэнкі. А праз год у Субоціна ўзлёт па кар’ернай лесвіцы — ён становіцца намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання.
У 2017 годзе Лукашэнка прызначае Субоціна сваім памочнікам па Віцебшчыне. У 2020 годзе яго робяць памочнікам па Магілёўскай вобласці, аднак на пасадзе ён прабыў менш за паўгода. У тым жа 2020-м, за месяц да прэзідэнцкіх выбараў, Субоціна прызначаюць намеснікам прэм’ер-міністра.
Віцебск. Шлях ад інжынера ў калгасе
Генадзь Сабыніч нарадзіўся ў 1973 годзе ў вёсцы Шунеўцы Глыбоцкага раёна. У 1995 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, у сярэдзіне 2000-х атрымаў адукацыю ў Акадэміі кіравання.
Свой кар’ерны шлях пачынаў у якасці інжынера ў калгасе «Парыжская камуна» ў Глыбоцкім раёне. Затым яго прызначылі загадчыкам майстэрнямі. У 1997 годзе стаў галоўным інжынерам калгасу на Глыбоччыне. У 2001 годзе атрымаў пасаду дырэктара камунальнага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Лукомль» у Чашніцкім раёне. У 2006 годзе стаў першым намеснікам старшыні ў Сенненскім райвыканкаме. У 2012 годзе стаў намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама. Сабыніч быў прызначаны на пасаду старшыні Віцебскага райвыканкама ў 2016 годзе.
У 2023 годзе Лукашэнка прызначыў Сабыніча кіраўніком Віцебскага гарвыканкама.
Да Сабыніча на пасадзе старшыні гарвыканкама знаходзіўся Мікалай Арлоў: ён кіраваў горадам ад 2021 года. Арлоў нарадзіўся ў 1971 годзе ў Віцебску. Скончыў Віцебскі дзяржаўны інстытут па спецыяльнасці «фізіка і матэматыка», Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і Акадэмію кіравання. Пасля заканчэння першага ўніверсітэта адслужыў у войску. Працаваў настаўнікам фізікі ў віцебскай школе, у якой пасля стаў намеснікам дырэктара па выхаваўчай працы. У 1998 годзе пайшоў на працу ў віцебскае аддзяленне БРСМ. У 2002 годзе яго прызначаюць кіраўніком сектара па справах моладзі ў Віцебскім гарвыканкаме. У 2005 годзе стаў начальнікам аддзела адукацыі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска. Паспеў папрацаваць намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама. У 2009-м прызначаны кіраўніком адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска.
Наваполацк. Былы КГБшнік
У 2015 годзе Дзмітрыя Дзямідава прызначылі кіраўніком Наваполацкага гарвыканкама. Ён нарадзіўся ў 1975 годзе ў Полацку. У 1996 годзе скончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт.
Ад 1996 да 2003 года працаваў у дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю па Віцебскай вобласці. У 2003 годзе ўладкаваўся ў КГБ па Віцебскай вобласці. У 2010 годзе атрымаў прызначэнне на пасаду дырэктара наваполацкага жыллёвага рамонтна-эксплуатацыйнага аб’яднання. У 2014 годзе стаў выконваючым абавязкі старшыні Наваполацкага гарвыканкама.
Бешанковічы. Жанчына, якая «падымала» Глыбокае
Галіна Унуковіч нарадзілася ў 1976 годзе ў вёсцы Шыбекі ў Аршанскім раёне. Скончыла Віцебскі педагагічны ўніверсітэт і Акадэмію кіравання.
Пасля заканчэння Віцебскага педагагічнага Унуковіч пераехала ў Чашніцкі раён. Там яна адпрацавала ў сістэме адукацыі 14 гадоў. У 2010 годзе яе прызначаюць намесніцай старшыні Глыбоцкага райвыканкама. У 2014 годзе Унуковіч абіраюць старшынёй Глыбоцкага раённага аддзела Савета дэпутатаў. У афіцыйнай біяграфіі пішуць, што Унуковіч за гады на Глыбоччыне «шмат зрабіла для развіцца глыбоцкага краю: моцны штуршок у развіцці адбыўся ў адукацыі, ахове здароўя, у добраўпарадкаванні райцэнтра і сельскіх пунктаў».
Унуковіч прызначылі старшынёй Бешанковіцкага райвыканкама ў 2020 годзе.
Браслаў. Міліцэйскі начальнік у кіраўніцтве
Вячаслаў Грышчанка нарадзіўся ў 1972 годзе ў вёсцы Барань Віцебскай вобласці. Ён скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію і атрымаў дыплом па юрыдычнай спецыяльнасці. Яшчэ адзін пункт у адукацыі — Акадэмія МУС. Грышчанка пачынаў сваю кар’еру ў міліцыі: спачатку як участковы інспектар, а пасля даслужыўся да начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС Віцебскага аблвыканкама.
Грышчанка паспеў папрацаваць міліцэйскім начальнікам і ў Браславе. Ад 2011 да 2018 года быў кіраўніком мясцовага аддзела ўнутраных спраў.
У 2021 годзе Грышчанку прызначылі старшынёй Браслаўскага райвыканкама.
Верхнядзвінск. Расійскі аграном
Васіль Шылаў нарадзіўся ў 1987 годзе ў вёсцы Панычава ў Томскай вобласці ў Расіі. Ён скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію і Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт.
Пачынаў кар’еру ў 2007 годзе як аграном. У 2008 годзе становіцца галоўным аграномам ААТ «Прудзінкі» ў Верхнядзвінскім раёне. У 2014 годзе ўзначаліў сельскую гаспадарку «Нурава». У 2017 годзе атрымаў прызначэнне на пасаду намесніка старшыні Верхнядзвінскага раёна.
Шылава прызначылі старшынёй Верхнядзвінскага райвыканкама ў 2019 годзе.
Гарадок. Настаўніца беларускай мовы, пяціразовая дэпутатка
Ірына Палякова нарадзілася ў 1979 годзе ў гарадскім пасёлку Карма ў Гомельскай вобласці. Скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура», пазней — Акадэмію кіравання.
Працавала асістэнтам кафедры эканамічнай тэорыі і гісторыі Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, выхавальніцай у дзіцячым садку, ідэолагам у сельскай гаспадарцы, старшынёй віцебскай прафсаюзнай арганізацыі.
Палякову пяць разоў абіралі дэпутатам: тры разы ў Бабініцкі сельскі Савет дэпутатаў, два разы — у Віцебскі раённы Савет дэпутатаў.
Палякову прызначылі на пасаду старшыні Гарадоцкага райвыканкама ў 2023 годзе.
Глыбокае. Мёрскі чалавек
Аляксандр Шубскі нарадзіўся ў 1962 годзе ў вёсцы Новыя Двары ў Жабінкаўскім раёне. У 1987 годзе скончыў Гомельскі кааператыўны інстытут.
Пасля ўніверсітэта Шубскага размеркавалі ў Мёрскі раён. Яго амаль адразу прызначаюць намеснікам старшыні праўлення раённага спажывецкага саюза. Ад 1988 да 1997 года Шубскі ўзначальваў райспажыўтаварыства Мёршчыны.
Напачатку 2000-х Шубскі працаваў дырэктарам розных дзяржаўных прадпрыемстваў у Мёрскім раёне. У 2008-м яго прызначаюць на пасаду старшыні Расонскага райвыканкама. У 2017 годзе Шубскі вярнуўся ў Мёры на пасаду намесніка старшыні райвыканкама. Падчас працы ў Мёрах займаўся эканомікай рэгіёна.
У 2019 годзе Аляксандр Шубскі быў прызначаны старшынёй Глыбоцкага райвыканкама.
Дуброўна. Расійскі ветэрынар
Анатоль Лукашоў нарадзіўся ў 1960 годзе ў вёсцы Вялікі Бор у Бранскай вобласці. У 1982 годзе скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут, а ў 2006-м — Акадэмію кіравання. Ад 1982 да 1984 года служыў у савецкім войску ў Германіі.
У 1984 годзе стаў галоўным ветэрынарным доктарам саўгаса «Арловічы» Дубровенскага раёна. У 1996 годзе стаў кіраўніком калгаса «Герой працы» Дубровенскага раёна. У 2002 годзе быў прызначаны намеснікам старшыні райвыканкама ў Дуброўне. У 2005 годзе стаў старшынёй выканкама і адпрацаваў на гэтай пасадзе да 2016-га. Праз тры гады Лукашэнка зноў прызначыў яго на кіраўнічую пасаду.
Анатоль Лукашоў прызначаны старшынёй Дубровенскага райвыканкама ў 2019 годзе.
Лепель. Самы малады кіраўнік раёна
Міхаіл Кісялевіч нарадзіўся ў 1988 годзе ў Мінску. Паступаў у Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, але перавёўся ў Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт.
Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў у лясной гаспадарцы ў Лагойскім раёне. У 2013 годзе атрымаў прызначэнне на Лепельшчыну: спачатку кіраваў сортавыпрабавальнай станцыяй. У 2017 годзе Кісялевіч сыходзіць на пазіцыю намесніка старшыні Лепельскага райвыканкама.
Міхаіла Кісялевіча прызначалі старшынёй райвыканкама ў 2018 годзе.
Лёзна. Чалавек, які адказваў за харчаванне Віцебшчыны
Іван Фёдараў нарадзіўся ў 1976 годзе ў вёсцы Несцерава ў Мсціслаўскім раёне. У 1999 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію.
Пачынаў кар’еру ў якасці галоўнага агранома ў калгасе ў Талачынскім раёне. Затым адслужыў у арміі і стаў загадчыкам сектара па пытаннях ЖКХ у Аршанскім райвыканкаме. Ад 2002 да 2010 года працаваў на розных пасадах аграпрамысловага комплексу Магілёўскай і Віцебскай абласцей. У 2010 годзе Фёдарава прызначылі на пасаду намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама. У 2016 годзе стаў кіраўніком камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню ў Віцебскім аблвыканкаме. Ад 2018 да 2022 года займаў пасаду намесніка гендырэктара ў віцебскім канцэрне «Мяса-малочныя прадукты».
Фёдарава прызначылі на пасаду старшыні райвыканкама ў 2022 годзе.
Мёры. Чалавека з таямнічай біяграфіяй змянілі
Ігар Кузняцоў займае пасаду старшыні Мёрскага райвыканкама ад 2009 года. У інтэрнэце амаль нічога няма з біяграфіі старшыні: ні даты нараджэння, ні месцаў вучобы і папярэдніх пасад. Дакладна вядома толькі адно: на Віцебшчыне Кузняцоў кіруе райвыканкамам даўжэй, чым яго калегі па ўсёй краіне.
У верасні 2023 года Лукашэнка павысіў Кузняцова да кіраўніка справамі Віцебскага аблвыканкама. На яго пасаду ў Мёры прызначылі Сямёна Семянычова. Семянычоў працаваў у Полацкім гарвыканкаме, потым у Наваполацкім гарвыканкаме. Займаў пазіцыю дырэктара «Біямезавод бытавых другарэсурсаў».
Орша. Яшчэ адзін ветэрынар
Ігар Мароз нарадзіўся ў 1984 годзе ў Наваполацку. Скончыў Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны і Акадэмію кіравання.
Кар’еру пачаў з пасады намесніка старшыні сельскагаспадарчага комплексу ў Добрушскім раёне. Ад 2010 да 2015 года працаваў галоўным ветэрынарным доктарам Полацкай райветстанцыі. У 2015 годзе стаў намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Чашніцкага райвыканкама. Праз год ён узначальвае ААТ «Іванскі-Агра» ў Чашніцкім раёне.
У 2018 годзе сыходзіць у Лепельскі райвыканкам на пазіцыю намесніка старшыні. А ў 2020 годзе становіцца старшынёй Сенненскага райвыканкама.
Ігар Мароз прызначаны на пасаду старшыні Аршанскага райвыканкама ў 2023 годзе.
Паставы. Па слядах бацькі
Сяргей Чэпік нарадзіўся ў 1970 годзе ў вёсцы Баброва ў Лепельскім раёне. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію і Акадэмію кіравання.
У 1993 годзе пачынаў кар’еру на Пастаўшчыне як начальнік рэгіянальнага сэрвіснага цэнтра па рэалізацыі і абслугоўванні трактароў «МТЗ». У 1995 годзе прызначаны дырэктарам ЗАТ «Паставы ГАЗ-УАЗ аўтасэрвіс». У 2005 стаў інжынерам па ахове працы і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні сельскагаспадарчага кааператыва «Курапольскі», праз год узначаліў гэту гаспадарку. У 2015 годзе прызначаны намеснікам старшыні Пастаўскага райвыканкама.
Сяргей Чэпік стаў кіраўніком Пастаўскага райвыканкама ў 2017 годзе.
Бацька Сяргея Чэпіка, Васіль Чэпік, быў старшынёй гэтага ж райвыканкама ад 1987 да 2000 года. У 2000 годзе ён загінуў у аўтамабільнай аварыі.
Полацк. Інжынер з Верхнядзвінскага раёна
Іван Марковіч нарадзіўся ў 1960 годзе ў вёсцы Ніжняе Фаміно ў Верхнядзвінскім раёне. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, а ў 2009-м атрымаў дыплом у Акадэміі кіравання.
У 1982 годзе трапіў на працу ў саўгас у Верхнядзвінскім раёне, дзе працаваў інжынер-механікам, інжынерам па тэхніцы бяспекі, загадчыкам майстэрнямі і галоўным інжынерам. У 1987 годзе стаў інструктарам сельскагаспадарчага аддзела, а затым інструктарам арганізацыйнага аддзела Верхнядзвінскага райкама КПБ Віцебскай вобласці. У 1990 годзе ўзначаліў упраўленне па абслугоўванню раённага аграпрамысловага комплексу Віцебшчыны. У 2003 годзе стаў гендырэктарам ААТ «Верхнядзвінскі аграсэрвіс». У 2007 годзе прызначаны старшынёй Верхнядзвінскага райвыканкама.
У 2019 годзе Марковіч атрымаў прызначэнне на пасаду старшыні Полацкага райвыканкама.
Расоны. Быкаў, ды не той
Уладзімір Быкаў нарадзіўся ў вёсцы Нурава ў Верхнядзвінскім раёне. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію і Акадэмію кіравання.
Пачынаў кар’еру ў 1982 годзе кіроўцам у адным з мясцовых калгасаў. Пасля заканчэння сельскагаспадарчай акадэміі займаў розныя пасады на прадпрыемствах раёна. Ад 2008 года працаваў намеснікам старшыні Верхнядзвінскага райвыканкама.
Уладзімір Быкаў прызначаны старшынёй Расонскага райвыканкама ў 2017 годзе.
Сянно без кіраўніцтва
Пасля прызначэння Ігара Мароза старшынёй Аршанскага райвыканкама напрыканцы мая 2023 года ў Сенненскі райвыканкам не прызначылі кіраўніка амаль пяць месяцаў. Абавязкі старшыні выконваў першы намеснік Андрэй Лебедзеў. Лебедзеў нарадзіўся ў 1975 годзе ў Віцебску. Атрымаў ветэрынарную адукацыю. Працаваў у саўгасе, а затым служыў у МУС. Напачатку 2000-х стаў першым сакратаром віцебскага аддзялення беларускіх піянераў, а затым і БРСМ. Напачатку 2010-х працаваў на кіраўнічых пасадах на сельскагаспадарчых прадпрыемствах Віцебшчыны, а потым кіраваў некалькімі сельвыканкамамі рэгіёна. У 2019 годзе стаў першым намеснікам старшыні Сенненскага райвыканкама.
У верасні 2023 года Лукашэнка прызначыў кіраўніком раёна Алег Макарэвіч.
Талачын. Старшыня з сельскагаспадарчым мінулым (але гэтым не здзівіш)
Алег Лындзін нарадзіўся ў 1965 годзе ў вёсцы Жалязкова ў Дубровенскім раёне. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію і Акадэмію кіравання.
Пачынаў кар’еру ў 1987 годзе ў якасці галоўнага інжынера саўгаса ў Дубровенскім раёне. У 2002 годзе стаў кіраўніком саўгаса «40 год Кастрычніка». У 2010 годзе стаў кіраўніком ААТ «Якубава-Агра». У 2011 годзе стаў першым намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання ў Дубровенскім райвыканкаме, а яшчэ праз пяць гадоў стаў там намеснікам старшыні.
Алег Лындзін прызначаны старшынёй Талачынскага райвыканкама ў 2019 годзе.
Ушачы. Селекцыянер і заатэхнік
Сяргей Садоўскі нарадзіўся ў 1983 годзе. Скончыў Віцебскую ветэрынарную акадэмію.
Пасля заканчэння вучобы працаваў селекцыянерам на прадпрыемстве ў Лепельскім раёне. Затым атрымаў прапанову на пасаду заатэхніка на «Палімір-Агра», нейкі час працаваў на кіраўнічай пасадзе ў сельскай гаспадарцы ў Чашніцкім раёне.
Перад прызначэннем ва Ушацкі райвыканкам тры гады адпрацаваў першым намеснікам старшыні.
Сяргей Садоўскі прызначаны старшынёй райвыканкама ў 2021 годзе.
Чашнікі. Ляснік з Віцебшчыны
Аляксандр Быкаў нарадзіўся ў 1977 годзе. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт са спецыяльнасцю, звязанай з лясной гаспадаркай.
Быкаў абіраўся дэпутатам райсавета ад Лепельшчыны, удзельнічаў ва Усебеларускім народным сходзе ў 2016 годзе. Перад прызначэннем у райвыканкам больш за дзесяць гадоў кіраваў сельскагаспадарчым філіялам «Заазер’е» ў Лепельскім раёне.
Аляксандр Быкаў прызначаны старшынёй Чашніцкага райвыканкама ў 2022 годзе.
Шаркаўшчына. Старшыня, які ўсё дарослае жыццё правёў у самым бедным беларускім раёне
Дзмітрый Ламака нарадзіўся ў гарадскім пасёлку Коханава ў Талачынскім раёне. Скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію і Акадэмію кіравання.
Пасля вучобы працаваў на кіраўнічых пасадах на сельскагаспадарчым прадпрыемстве ў Шаркаўшчынскім раёне. Ад 2012 года займаў пасаду намесніка старшыні райвыканкама ў Шаркаўшчыне.
Дзмітрый Ламака прызначаны старшынёй Шаркаўшчынскага райвыканкама ў 2017 годзе.
Шуміліна. Адзіны старшыня з эканамічным бэкграўндам у вобласці
Сяргей Галынчык нарадзіўся ў 1981 годзе ў вёсцы Ског у Сенненскім раёне. Скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт.
Працаваў вядучым спецыялістам у «Белдзяржстраху», у фінансавым аддзеле райвыканкама на Сенненшчыне. У выніку атрымаў прызначэнне на кіраўнічую пасаду ў сельвыканкам у Сенненскім раёне. У 2015 годзе стаў першым намеснікам старшыні райвыканкама ў Сянно.
Сяргей Галанчык прызначаны кіраўніком Шумілінскага райвыканкама ў 2021 годзе.