Калумбайн па-беларуску. Як і чаму падлетак забіў настаўніцу і школьніка

Вы дакладна павінны ведаць, што такое «Калумбайн». Гэта гісторыі не толькі пра амерыканскую школу, дазвол на свабоднае нашэнне зброі, маладых і злых падлеткаў. Падобныя гісторыі адбываліся па ўсёй планеце, у тым ліку і ў беларускай школе. Самая гучная з іх — Вадзіма Мілашэўскага са Стоўбцаў. Пра яе мы сёння і паразмаўляем.

ПРА СТОЎБЦЫ
Горад Стоўбцы са сваёй вялікай гісторыі з часоў Вялікага Княства Літоўскага — першая згадка аж ад XV стагоддзя, знаходзіцца ў Мінскай вобласці. Горад стаіць на беразе Нёмана, які заўсёды гуляў вырашальную ролю ў яго развіцці. Эканоміка Стоўбцаў традыцыйна абапіраецца на розныя галіны прамысловасці і прадпрыемствы. Насельніцтва Стоўбцаў — 15 тысяч чалавек. Гэта класічны, невялічкі беларускі горад. Нягледзячы на свае невялікія памеры, Стоўбцы звязаныя з больш буйнымі гарадамі развітой транспартнай сеткай, што робіць горад неад’емнай часткай Міншчыны. У Стоўбцах адна гімназія і тры школы.

Раніца, якая змяніла жыцці

Гісторыя сярэдняй школы №2 будзе заўсёды звязаная з вялікай трагедыяй. 11 лютага 2019 года дзесяцікласнік Вадзім Мілашэўскі прыйшоў на ўрокі. Ён быў у школе за дзесяць-пятнаццаць хвілін да пачатку першага занятку — у раскладзе стаяў урок гісторыі. Праз некалькі хвілін пасля званка Мілашэўскі зайшоў у клас, спыніўся каля дошкі, там жа стаяла настаўніца па гісторыі Марына Пархімовіч. У руках у 15-гадовага хлопца быў нож, ён рэзка падышоў да настаўніцы і ўдарыў яе некалькі разоў у грудзі і па шыі. Жанчына была ўся ў крыві і загінула на месцы ад атрыманых траўм.

Вадзіма тут жа спрабавалі затрымаць яго два аднакласніка — Уладзіслаў Цвірко і Руслан Шуцько. У абодвух нічога не атрымалася, Вадзім змог адбіцца ад іх з дапамогай нажа. Хлопцаў пасля забяруць медыкі і пратрымаюць некалькі дзён у шпіталі: яны застануцца жывымі пасля інцыдэнту.

Пасля бойкі з аднакласнікамі і забойства настаўніцы Вадзім выбег з класа. Ён адкрыў дзверы ў адзін з кабінетаў, дзе праходзіў занятак у 11 «А». Ён зайшоў у клас, мэтанакіравана пайшоў углыб кабінета — да парты, за якой сядзеў адзінаццацікласнік Аляксандр Раманаў. Вадзім ударыў яго нажом па шыі — і ўцёк. Некаторы час ён хадзіў па школе: пагражаў намесніку дырэктара і настаўніку біялогіі, паспеў нават пакінуць драпіну адной са сваіх аднакласніц, якую знайшоў па-за межамі класа. Вадзім шукаў выхад са школы, якую ўжо пачалі акружаць супрацоўнікі міліцыі. Ён не змог выйсці праз запасны выхад, але знайшоў іншы спосаб: проста вылез праз акно.

трагедыя ў стоўбцах, забойства ў школе ў стоўбцах, калумбайн у беларусі
Фотаздымкі забітых Марыны Пархімовіч і Аляксандра Раманава ў школе. Фота: Onliner

У школе ўжо ведалі, што хтосьці са школьнікаў напаў на настаўніцу і аднаго з вучняў. Дзеці разам з выкладчыкамі зачыняліся ў кабінетах і чакалі дапамогі. Некаторыя школьнікі барыкадыраваліся ў класах, каб нападнік не змог зайсці да іх і параніць яшчэ каго-небудзь. Міліцыянеры прыехалі да школы раней за медыкаў, пачалі праводзіць эвакуацыю, а медыкі спрабавалі ўратаваць двух параненых школьнікаў. Настаўніца Марына Пархімовіч і школьнік Аляксандр Раманаў загінулі.

Кім былі забітыя настаўніца і школьнік?

Настаўніцы гісторыі Марыне Пархімовіч было пяцьдзесят гадоў. Яна нядаўна адзначыла юбілей, а за тыдзень да забойства адзначала вечар сустрэчы выпускнікоў разам са сваімі былымі школьнікамі. Ім яна расказала, што з сучаснымі дзецьмі больш складана, бо ў іх з’явіліся розныя гаджэты, ёсць інтэрнэт. Калегі і родныя казалі пра Марыну толькі добрае. Казалі, што жанчына была добрым настаўнікам, які аддаў большую частку свайго жыцця школе.

17-гадовы Аляксандр Раманаў быў зацікаўлены ў гісторыі, ведаў Пархімовіч — тая была класнай у яго старэйшай сястры. Раманаў размаўляў па-беларуску, шанаваў нацыянальныя сімвалы і хацеў паступаць у Польшчу на паліталогію. Яго бацька расказваў, што Сашы не падабалася беларуская сістэмы адукацыі, таму ён хацеў працягнуць яе ў іншай краіне. На жаль, гэтага так і не адбылося, а жыццё маладога хлопца перарваў удар нажом.

Кім быў Вадзім Мілашэўскі

Сілавікі актыўна шукалі Вадзіма Мілашэўскага. У шасці раёнах Мінскай вобласці аб’явілі план перахоп, але затрымаць школьніка змаглі вельмі хутка — праз дзве гадзіны ў дзень здарэння. Яго адшукалі каля школы, усяго ў некалькі кварталах ля яе: хлопец хаваўся ў пад’ездзе. Пазней сваякі Вадзіма расказвалі, што ён не аказваў ніякага супраціўлення. Сам Вадзім распавядаў родным, што затрыманне было жорсткім…

Вадзім Мілашэўскі нарадзіўся ў 2003 годзе. У Стоўбцы ён пераехаў разам з сям’ёй за год да інцыдэнту. Бацька працаваў кіроўцам, а маці — тэхнічкай. Суседзі, настаўнікі і аднакласнікі казалі, што ён быў спакойным і не канфліктным. Ён добра вучыўся. Сям’ю таксама характарызавалі добра, бацькі Вадзіма дамагліся ўсяго сваёй працай.

вадзім мілашэўскі, трагедыя ў школе ў стоўбцах, беларускія забойцы
Вадзім Мілашэўскі ў судзе. Фота: tut.by

Нядоўга да стаўбцоўскага «калумбайна» Вадзім ударыў свайго аднакласніка малатком — у таго засталася рана. Пра гэта стала вядома ўжо пазней падчас следства. Перад тым, як прыйсці ў школу, Вадзім выдаліў свае сацыяльныя сеткі. Журналісты змаглі даведацца, што было на старонцы ў хлопца «ВКонтакте»: высветлілася, што толькі падпіскі на жартоўныя паблікі і аватарка з Гаем Фоксам — гэта ўдзельнік Парахавой змовы супраць англійскага караля… З часам выява твару Гая Фокса стала сімвалам барацьбы, пратэснага руху.

У час, калі следства маўчала, сваякі і жыхары Стоўбцаў высоўвалі свае версіі, чаму злачынства адбылося. Некаторыя казалі, што Вадзім забіў Пархімовіч і Раманава, бо настаўніца заявіла яго на алімпіяду па гісторыі: яе хутка абверглі, бо яна была непраўдзівай. Па іншай версіі, настаўніца накрычала на Мілашэўскага за спазненне на ўрок.

Чаму падлетак забіў людзей?

Экспертыза прызнала, што на момант злачынства падлетак знаходзіўся ў стане свядомасці. Нібыта ён адказваў і разумеў свае дзеянні. Але следчыя не давалі ніякіх версій, чаму ў галаву хлопца прыйшла ідэя забіваць.

Пазней сам Вадзім расказаў сваім родным, што зарэзаў настаўніцу, таму што яна «дастала». Наконт адзінаццацікласніка Мілашэўскі не змог успомніць падрабязнасці злачынства: казаў бацьку пры спатканні ў следчым ізалятары, што не ведае, чаму пайшоў у той кабінет і чаму забіў Сашу Раманава.

Следства скончылася летам 2019 год, тады ж справа трапіла ў суд. У верасні 2019 года Мінскі абласны суд прызнаў Вадзіма Мілашэўскага вінаватым і прысудзіў яму 13 гадоў зняволення. Суд быў закрытым з-за таго, што Мілашэўскі быў непаўналетнім. Па словах дзяржабвінаваўцы, суд прызначыў хлопцу максімальна магчымае пакаранне. За нанесеную маральную шкоду хлопец павінен сплаціць 110 тысяч рублёў штрафу.

Сваякі забітага Сашы Раманава расказвалі, што бацькі забойцы выходзілі на сувязь і на каленях прасілі прабачэння. Па словах бацькі Аляксандра, ён не зможа выбачыць забойства сына. Сваякі Марыны Пархімовіч падчас судовага следства ўзрушаліся, казалі, што Вадзім ішоў у школу забіваць: «Як кветкі рэзаць».

Чаму гэта трагедыя стала магчымай? Чаму Вадзім Мілашэўскі забіў сваю настаўніцу і іншага школьніка? На жаль, следства і суд далі страшэнна скупыя, бюракратызаваныя тлумачэнні: «кіраваўся хуліганскімі матывамі», «дэманстраваў уяўную перавагу і выключнасць»… Гэтыя фразы ніяк не тлумачаць, чаму ў лютаўскую раніцу 15-гадовы хлопец, якога ўсе характарызавалі станоўча, вырашыў прыйсці ў школу з нажом і забіць двух чалавек. Спадзяемся, што адказы на гэтыя пытанні мы калі-небудзь атрымаем.

Вярнуцца ўгару