
Цёплая летняя ноч, на пагорку палае вогнішча, у паветры — пах траў, а побач спяваюць песні. Купалле — гэта свята, якое захавалася ў беларусаў дагэтуль, хоць мае вельмі даўнія паганскія каранні.
PALATNO расказвае пра Купалле.
Змест
Старажытны абрад, кветкі і Купальскі дзядок
Купалле — старажытны абрад, які звязаны з летнім сонцастаяннем, момантам максімальнага росквіту зямной сілы. Назва свята паходзіць ад слова «Купала», якое першапачаткова мела паганскі характар і персаніфікавалася як міфічная істота. Пасля хрысціянізацыі Купалле прывязалі да свята Іаана Хрысціцеля.
Вобраз Купалы ўвасабляла лялька-чучала, якую насілі, з ёй скакалі, запальвалі і тапілі ў вадзе. Назва «Купала» звязваецца з індаеўрапейскім коранем kup — «кіпець, прагнуць». Яна блізкая да лацінскага cupio — «пажадаць», звязваецца з паняццямі «купацца», «збірацца ў купу», «купіцца» (сукупляцца).
Да купальскай ночы рыхтаваліся з раніцы. Спачатку раніцай на Купалле дзяўчаты ішлі на луг збіраць зёлкі і кветкі. У гэты дзень людзі верылі, што ў кветак асаблівая гаючая сіла. Пасля таго як кветкі зрывалі, іх адносілі ў царкву, а затым сушылі. Яны былі лекавымі цэлы год.
З кветак плялі вянкі для варажбы, «купалкі» ўтыкалі паміж бярвеннямі ў хаце.
Цікава, што яшчэ існуе паданне пра Купальскага дзядка — добразычлівага духа, які збірае купальскія кветкі. Кажуць, што калі разаслаць абрус, то дзядок можа пакінуць адну кветку — і той, хто яе знойдзе, то атрымае здольнасць ведаць пра ўсё на свеце.
Купальскае вогнішча
Днём людзі адносілі старыя рэчы на паляну ці пагорак для вогнішча. Агонь здабывалі трэннем, а гэтым займаліся самыя паважаныя мужчыны ў вёсцы. На жардзіне ўздымалі запаленае кола як сімвал Сонца.
Полымя мела ачышчальную сілу: на ім сушылі сарочкі хворых, падносілі хворых дзяцей, кідалі пучкі лёну са словамі-заклінаннямі «Зарадзі лён».
Моладзь скакала вакол вогнішча, вадзіла карагоды, спявала і частавалася абрадавымі стравамі, якія гатаваліся тут жа, ля вогнішча.
Хлопцы пераносілі прылады працы — колы, сані і іншае — ставілі іх на дах ці дрэва. Яны замыкалі дзверы, перагароджвалі вуліцы. Усё гэта рабілася нібыта для забавы, але насамрэч — спужаць і збіць з панталыку нячыстую сілу.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Як Купалле ў Беларусі стала праўладным фестывалем
Будзьце асцярожныя: гэтых беларускіх нячысцікаў вы можаце сустрэць летам
Беларускі традыцыйны каляндар: жыць, як нашы продкі
Абарона ад нячыстай сілы, варажба
Паводле павер’яў, у купальскую ноч ажывае нячыстая сіла. Вяскоўцы чакалі прыходу ведзьмаў, якія маглі ператварацца ў розных жывёлаў. Калі жывёла выклікала падазрэнне, яе калечылі, каб пазней зразумець, хто з’яўляецца ведзьмаром. На дзверы хлявоў і хат вешалі сярпы, іголкі, крапіву, зёлкі, грамнічныя свечкі і нават забітую сароку, каб абараніцца ад нячыстай сілы.
У купальскую ноч шмат варажылі. На Купалле дзяўчаты кідалі ў ваду вянкі і сачылі, як яны паплывуць: калі яны сыходзяцца — дзяўчат чакае шчаслівы шлюб, калі разыходзяцца — разлука.
На ростанях зрывалі трыпутнік і пыталіся: «Трыпутнік — трыпутнік, ты расцеш пры дарозе, бачыш старога і малога, ці не бачыў майго мілага» — і пры гэтым чакалі ў гэту ноч сон пра будучага мужа. Старэйшыя людзі варажылі на здароўе і лёс.
Папараць-кветка — галоўнае выпрабаванне ночы
Апоўначы моладзь ішла ў лес шукаць Папараць-кветку. Паводле падання, у купальскую ноч на яе сыходзіць агонь Перуна, яна квітнее толькі імгненне, таму трэба паспець яе сарваць.
Той, хто здабудзе кветку, атрымлівае здольнасць ведаць мову жывёл і раслін, бачыць скарбы і разумее таямніцы свету. Аднак вельмі важна, калі чалавек ужо здабыў кветку, не азірацца назад і дайсці дадому. А для таго, каб яе атрымаць, трэба ісці аднаму ў пушчу без адзення і абутку.
Верагодней за ўсё, міф пра Папараць-кветку ўзнік пасля назірання за рэдкім каралеўскім папаратнікам. У ёй споры знаходзяцца на асаблівай мяцёлцы, якая нагадвае кветку.
* * *
Пад раніцу хлопцы і дзяўчаты купаліся ў рацэ, качаліся ў жыце, на якой была раса, што мела гаючую сілу.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Колеры жыцця і смерці: сімволіка белага, чырвонага, чорнага і сіняга ў беларускай традыцыі
Ад амулета да сімвала смерці. Які сэнс беларуская традыцыя надавала зубам
Пчала і пчаляры: як беларусы займаліся бортніцтвам