
Як жылі продкі беларусаў раней? Ці праўда, што зіма і лета былі аднымі з важных сезонаў у жыцці тыповага беларуса, а на восень і вясну звярталі значна менш увагі? Чаму так адбывалася? І чаму ўсё змянілася?
Змест
- Калядная абраднасць — што гэта такое?
- Узімку адзначалі найважнейшае свята года
- Каляды
- Вадохрышча
- Грамніцы ці Стрэчанне
- Масленіца
- Святаў увесну было шмат, хоць Вялікдзень быў самым значным
- Саракі
- Дабравешчанне ці Благавешчанне
- Вербніца
- Вялікдзень
- Радаўніца
- Юр’я
- Сёмуха
- Лета — час магіі, ведзьмаў і Папараць-кветкі
- Купалле
- Ілья
- Восень: збор ураджаю і падрыхтоўка да зімоўкі
- Багач
- Узвіжанне
- Пакроў
PALATNO расказвае, як праходзіў год у продкаў беларусаў раней.
Калядная абраднасць — што гэта такое?
Сучасны беларус значна адрозніваецца ад беларуса традыцыйнага. Раней людзі па-іншаму ўспрымалі час і свет. Але тады, як і цяпер, беларусы жылі па календары. Праўда, той каляндар быў не тым, што мы ўяўляем: ён быў не адрыўным, што мы можам набыць у шапіку, і не падобным на той, што цяпер ёсць у нашых смартфонах і ноўтбуках.
Каляндар традыцыйнага беларуса быў сістэмай уяўленняў пра тое, як жыць і працаваць. Ён абавязкова ўключаў шэраг цыклаў, меў складаную структуру, але людзі раней жылі менавіта так. Раней бакі свету адпавядалі сезонам году: напрыклад, поўдзень — гэта лета, а поўнач — зіма. Часцей за ўсё, восень і вясна маглі нават не згадвацца ў фальклоры беларусаў, бо больш значнымі былі зіма і лета.
Менавіта лета і зіма былі асноўнымі сезонамі ў жыцці традыцыйнага беларуса. Аднак тое, што мы цяпер ведаем пад летам і зімой не зусім супадае з уяўленнямі беларускіх продкаў. Вядома, што крыху больш за сто гадоў у беларусаў захоўваўся падзел на чатыры сезоны з абрадавымі цыкламі. Лічылася, калі заканчваецца адзін цыкл, то «прарываецца» мяжа паміж «старым» і «новым» — ва ўспрыманні людзей таго часу, гэта азначала яшчэ і разрыў паміж нашым светам і светам мёртвым. Таму перад кожным сезонам адбывалася ўшанаванне продкаў, якія мы ведаем пад назвай Дзяды.
Такія прамежкі часу падчас змены сезонаў успрымаліся небяспечнымі, таму ў гэты час забаранялася працаваць. Галоўным на той час было правесці шэраг сімвалічных дзеянняў, рытуалаў ці абрадаў. Таму калі ішла гаворка пра варажбу, то яе віталі менавіта ў гэтыя часовыя прамежкі.
Часцей за ўсё сезоны году — і раней, і цяпер, — не супадалі з народным абрадавым календаром. Да прыкладу, пачаткам восені беларусы свята Іллі (жнівень), а зіма пачыналася з Міколы (першая палова снежня).
Беларускі абрадавы каляндар складаўся з розных святаў. Святы былі важнейшымі падзеямі ў светапоглядзе продкаў беларусаў. Час, калі адбываліся святы, лічыўся пераломным момантам, а само свята азначала стабілізацыю навакольнага свету.
Найбуйнешымі святамі лічыліся тыя, што адзначалі некалькі дзён запар, — гэта Каляды, Вялікдзень. Некаторыя былі «рухомыя», дата якіх ссоўвалася з года ў год (як Вялікдзень), а былі «нерухомыя» з храналагічнай прывязкай (як Каляды).
Узімку адзначалі найважнейшае свята года
Каляды

Самым галоўным святам зімовага перыяду былі Каляды. У Калядаў дахрысціянскае паходжанне і першапачаткова, канешне, яно не было звязанае з нараджэннем Ісуса Хрыста. Ужо пазней царква прымеркавала да Калядаў свята нараджэння.
Для Калядаў характэрны тры абрадавыя вячэры (куцці). Першая мела назву «Вялікая куцця», яе спраўлялі напярэдадні свята: у хатах наводзілі парадак, патрабавалася, каб на ёй прысутнічала ўся сям’я (калі хтосьці адсутнічаў, то яго абавязкова ўзгадвалі). За святочны стол абавязкова запрашаліся Дзядоў. Пасля першай куцці пачыналі хадзіць калядоўшчыкі, іх спевы ўспрымаліся не толькі як частка традыцыі і святкаванняў, а як волю багоў, а самі калядоўшчыкі сімвалізавалі прадстаўнікоў боскага свету.
Другая куцця, якая мела назву «Шчодрая Куцця», адзначалася на Новы год. Ноччу на другую куццю прынята было варажыць: вызначаўся лёс чалавека. Апошняй, трэцяй куццёй, лічылася тая, што супадала з Вадохрышчам.
Асноўнай стравай на Каляды з’яўлялася куцця. Пакаштаваць куццю мусіў кожны, бо яна сімвалізавала калектыўную долю, і яе частку пакідалі продкам. Неад’емнай часткай Калядаў былі розныя маладзёжныя ігрышчы і забавы, самай папулярнай была «Жаніцьба Цярэшкі».
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Што важна не забыць, каб адсвяткаваць беларускія Каляды
Каляды: Яшчур, куцця ды «смерць сонца»
Вадохрышча
Яшчэ адным з важных зімовых святаў народнага календара было Вадохрышча, якім завяршаліся каляды. У хрысціянскай традыцыі Вадохрышча звязана з хрышчэннем Ісуса, але ў беларускай традыцыі свята ўвасабляла культ вады. Беларусы верылі ў моц свянцонай вады: давалі піць хворым, пырскалі поле перад сяўбой і свойскую жывёлу, новую хату і нават труну перад тым, як класці ў яе нябожчыка.
На Вадохрышча варажылі пра будучую гаспадарку і на суджанага. Звычайны свята супадала з самымі халоднымі днямі зімы.
Грамніцы ці Стрэчанне
А калі зіма сустракалася з летам? Было і такое свята — Грамніцы ці Стрэчанне (у другой палове студзеня). Назва Грамніцаў паходзіць ад паганскага бога Грамаўніка (Перуна). Другая назва свята — Стрэчанне, якая тлумачыцца як сустрэча зімы з летам.
У гэты дзень прадказвалі надвор’е, што будзе ўвесну і ўлетку. Асноўным рытуалам на Грамніцы быў паход ў царкву і асвячэнне свечак — так хрысціянская рэлігія паўплывала на паганскае свята. Такія свечкі шанаваліся: іх палілі ў навальніцу, выкарыстоўвалі як лячэбны сродак ад галаўнога болю, баранілі свойскую жывёлу ад нячыстай сілы.
Грамніцы былі пачаткам падрыхтоўкі сялян да веснавых работ.
Масленіца
Праводзілі ўсё ж зіму на Масленіцу, якую святкавалі некалькі дзён. На масленічным тыдні ў некаторых беларускіх мясцінах аб’язджалі маладых коней. Моладзь наладжвала гушканне на арэлях, каталася на санках і спявала песні.
У Масленіцу існаваў звычай цягання «калодкі» па вёсцы — і абавязкова трэба было зайсці ў хату да дзяўчыны, якая павінна была частаваць хлопцаў. Існавалі і іншыя традыцыі. Напрыклад, хлопцы і дзяўчаты шлюбнага ўзросту, якія не паспелі пабрацца шлюбам да Масленіцы, на знак пакарання (вядома, сімвалічнага) вешалі маленькія драўляны калодкі — ад гэтага можна было адкупіцца пачастункам.
Масленіца заканчвалася «запускамі», якія арганізоўваліся ў нядзелю. Тады на вячэру гатавалі толькі малочныя стравы: сыр, масла, тварог з малаком. Абавязкова на Масленіцу гатаваліся бліны.
Святаў увесну было шмат, хоць Вялікдзень быў самым значным
Саракі
У першыя дні вясны беларусы адзначалі Саракі, якое ў традыцыйным народным календары з’яўлялася пачаткам вясны, але ў хрысціянстве свята звязалі з 40 пакутнікамі.
У Саракі чакалі прылёту жаваранкаў, якія развітваюцца з зімой і пачынаюць лета. Усё, звязанае ў гэты дзень, грунтавалася на лічбе 40: пяклі з цесту менавіта столькі жаваранкаў, дзяўчаты разрывалі столькі нітак і так здымалі «зімовыя пакуты» з зямлі.
Цікава, што калі на Саракі здараўся мароз, то чакалі яшчэ сорак маразоў і пасля кожнага з’ядалі адзін з сарака спечаных шарыкаў, якія выраблялі спецыяльна да свята. Але ж на Саракі заўсёды чакалі пацяплення.
Дабравешчанне ці Благавешчанне
Далей беларусы адзначалі Дабравешчанне ці Благавешчанне — гэта старажытнае веснавое свята, якое адзначалі напрыканцы сакавіка. Хрысціянскае свята звязана з міфам пра архангела Гаўрыіла, які паведаміў Маці Божай пра нараджэнне ёй Ісуса Хрыста.
У гэты ж час у розных кутках Беларусі адбываўся абрад «Гуканне вясны». Лічыцца, што гэта адно з першых вясновых свят традыцыйнага календара. У асобных месцах гукаць вясну пачыналі з 1 сакавіка, але больш распаўсюджана «Гуканне» было 25 сакавіка. Удзельнікі абраду выходзілі на высокае месца, раскладалі вогнішча (у кожным рэгіёне вогнішча стваралася па-рознаму), спявалі песні і вадзілі карагоды.
Благавешчанне звязанае з шэрагам забабонаў і павер’яў пра зараджэнне новага жыцця. Па-першае, у гэты дзень забаранялася працаваць — гэта не было штосьці адрознае ад іншых святаў.
Вербніца

Потым надыходзіў час Вербніцы ці Вербнай нядзелі — апошняга тыдню перад Вялікднём. На Вербніцу паўсюль ішлі ў царкву з галінкамі вярбы, каб асвяціць іх. У асвячонай вярбы былі розныя магічныя ўласцівасці, таму яна вельмі доўга захоўвалася гаспадарамі ў хаце.
Вербнымі галінкамі сцябалі адзін аднаго дзяўчаты ды хлопцы. А дзяўчаты маглі сцябаць незнаёмага хлопца і пытацца ў яго імя — так яна нібыта магла даведацца імя свайго будучага мужа.
Вялікдзень
Галоўным святам вясны быў Вялікдзень. Магчыма, што ў дахрысціянскі час Вялікдзень мог быць святам, з якога пачынаўся новы каляндарны год. Гэта быў час, калі абуджалася прырода і надыходзіў час «вялікіх дзён» палявых работ. Ужо ў хрысціянстве свята прымеркавалі да ўваскрашэння Ісуса Хрыста.
Напярэдадні Вялікадня, у Чысты чацвер, кожныя сям’я мылася ў лазні, прыбіралася ў хаце — гэта была працэдура рытуальнага ачышчэння. У цэрквах асвячалі соль, якая лічылася эфектыўным сродкам ад сурокаў і нячыстай сілы. Таксама лічылася, што ўсё пасеянае ў Чысты чацвер у полі ці агародзе вырасце без пустазелля.
Вялікдзень адзначалі ўрачыста, на стол гатавалі шмат розных страў — гэта быў самы багаты стол у продкаў беларусаў у межах году. Гэты дзень завяршаў працяглы пост. Стравы на стале лічылі «святымі», іх нельга было выкідваць: нават косткі ад страў спецыяльна закапвалі.
Найбольш важным у Вялікдзень было стаўленне да яйка. Яйкі асвячалі ў царкве — гэта нібыта надавала дадатковую і яшчэ большую сілу вялікоднаму яйку. Самай знакамітай была гульня ў «біткі» — гулялі ў яе звычайна дзеці.
Адметнай велікоднай традыцыяй з’яўляецца валачобны абрад. На Вялікдзень мужчыны і хлопцы збіраліся ў вялікія гурты валачобнікаў. Валачобнікі абыходзілі ўсе двары вёскі, спыняліся пад вокнамі хат і спявалі абрадавыя песні: услаўлялі працу гаспадара, жадалі ўраджаю і дабрабыту сям’і. Жанчынам забаранялася ўдзельнічаць у валачобным абрадзе.
Радаўніца
Пасля Вялікадня адзначалі Радаўніцу — свята, звязанае з культам продкаў. Радаўніца вядомая як вясновыя Дзяды. На Радаўніцу кожная сям’я мусіла ісці ў царку, а потым на могілкі, каб прывесці ў парадак магілы сваіх блізкіх. На могілках рассцілаўся абрус і там жа праводзілі памінальную трапезу, а частку страў пакідалі для «дзядоў».
З Радаўніцаў было звязана шмат павер’яў. У гэты час, які называўся «Вялікаднем мёртвых», не рэкамендавалі садзіць і сеяць. Усе абрады ў гэтае свята накіроўвалі на тое, каб задобрыць душы памерлых продкаў.
Юр’я
Юр’я адзначалі двойчы ў год — увесну і ўзімку. Увесну свята прыпадала на канец красавіка і пачатак мая. У Юр’ю выганялі ўпершыню ў годзе статак. Гэта свята было важным для земляробаў, бо ў гэты дзень адбываўся абрадавы абыход палёў і варажылі на добры будучы ўраджай.
Юр’я — гэта свята ў гонар Георгія-пераможца, але раней, у дахрысціянскія часы, яно было звязанае з паганскім боствам Ярылай.
У кожным беларускім рэгіёне абрадавыя традыцыі адрозніваліся. На Гродзеншчыне дзяўчаты абыходзілі вёску з песнямі, а калі выганялі жывёлу з хлявоў, то стараліся пакласці яйка так, каб жывёла перакрочыла праз яго.
Сёмуха
Сёмуха ці Тройца было заканчэннем вясновага цыклу. Перад Сёмухай прыбіраліся на магілах сваякоў і спраўлялі Траецкія Дзяды. Падчас святаў хаты аздаблялі галінкамі бярозы, рабіны і іншых дрэў — гэткае аздабленне называлася «маем». «Май» павінен быў абараняць ад нячыстай сілы сям’ю і гаспадарку, часта на рогі каровам кідалі вянкі, каб засцерагчы іх.
На ўсходзе і цэнтральнай частцы Беларусі на Сёмуху праводзіўся абрад кумавання. У даўнія часы абрад сімвалізаваў дасягненне дзяўчынай шлюбнага ўзросту і яе пераход ў дарослае жыццё. Падчас абраду дзяўчыны ў лесе звязвалі жывыя галінкі бяроз у вянкі, хадзілі тройчы назад і наперад, спявалі.
Лета — час магіі, ведзьмаў і Папараць-кветкі
Купалле

Найбольш папулярным летнім святам было Купалле, якое да нашага часу захавалася ў беларусаў. Лічылася, што на Купалле размываліся межы і ў гэты час амаль усё набывае іншыя якасці: птушкі могуць размаўляць, вада становіцца цудадзейнай, можна знайсці скарбы, схаваныя ў зямлі. Беларусы верылі, што на Купале ўначы можна знайсці Папараць-кветку.
Купальскі абрад быў складаным комплексам з разнастайных дзеянняў. Раніцай збіралі купальскія зёлкі, бо ў гэты час расліны маюць найлепшыя гаючыя якасці, а падчас збораў абавязкова спявалі купальскія песні (калі не спяваць, то зёлкі не будуць мець ніякай сілы).
Цэнтральным элементам купальскага абраду было распальвання вогнішча, якое адбывалася позна ўвечары: моладзь збірала галлё і драўляныя матэрыялы загадзя. Агонь распальвалі найбольш паважаныя мужчыны ў вёсках. Купальскі агонь таксама лічыўся магічным: над ім сушылі вопратку хворых, падносілі хворых дзяцей. І, вядома, праз гэты агонь абавязкова трэба было скакаць, каб ён абараніў ад нячыстай сілы і хваробы.
У купальскую ноч можна было высачыць ведзьмаў, таму на вогнішчы спецыяльна кіпяцілі ваду і вырылі ў ёй палатно для працэджвання малака з іголкамі ў ёй. Так малочную ведзьму «ліквідавалі», але хутчэй прычынялі ёй вялікі боль, што яна сама прыйдзе да купальскага вогнішча прасіць літасці.
Ужо пад раніцу на Купалле моладзь купалася ў рэках і азёрах, а потым разам сустракалі ўзыход сонца.
Ілья
Напрыканцы лета адзначалася свята Іллі, якое ў беларускай народнай традыцыі было святам земляробства. У хрысціянскай традыцыі Ілля ўвабраў у сябе рысы паганскага бога Перуна. Ілля лічыўся галоўным распарадчыкам навальніц і дажджоў. У гэты дзень забаранялася любая праца, каб вёску і гаспадароў не пакаралі навальніцай з маланкамі.
Гэты дзень лічыўся мяжой паміж летам і восенню. Пасля Іллі забаранялася купацца: верылі, што чэрці ратаваліся ў вадаёмах ад маланак Іллі.
Восень: збор ураджаю і падрыхтоўка да зімоўкі
Багач
Восеньскім святам Багачом пачыналася восень — сярэдзіна верасня. У дахрысціянскі час ён адлюстроўваў культ Дажбога, а ў хрысціянстве гэта было Нараджэннем Божай Маці.
Багач быў важным святам у народным календары, бо ў гэты час пачыналі сеяць азімыя.
Багачом называлі сявеньку з жытам ці пшаніцай, у сярэдзіну ўстаўлялі свечку. Жыта для гэтага неслі з усёй вёскі. Ля багача праводзіў службу святар, а потым яго ў суправаджэнні жыхароў усяго населенага пункту праносілі па ўсёй вёсцы. Багач пакідалі ў хаце, дзе ён захоўваўся да наступнага году. Гаспадар хаты, дзе пакідалі багач, частаваў удзельнікаў урачыстага абыходу.
Узвіжанне
Наступным святам у традыцыйным беларускім календары з’яўляецца Узвіжанне. Яно адзначалася амаль адразу пасля Багача.
Паводле падання, крыж, на якім быў распяты Ісус Хрыстос, згубіўся пасля разгрому Іерусаліма. Яго знайшлі маці рымскага імператара Канстанціна, Алена. Каб крыж маглі пабачыць, то яго ўздымалі высока над натоўпам.
У дахрысціянскія часы падчас Узвіжання прыбіралася ўсё з палёў, а птушкі адляталі ў цёплыя краі. Лічылася, што ў гэты дзень змеі хаваюцца па норах, таму беларусы пазбягалі хадзіць у гэты час у лес ці капаць зямлю: верылі, што змяіны яд будзе смяротным.

Пакроў
Восеньскі цыкл заканчваўся Пакровам. Гэта была межавая дата ў народным і працоўным календары беларусаў.
Вытокі свята ляжаць у глыбокай старажытнасці, калі земляробчыя плямёны пакланяліся розным багам. Пакроў лічыўся пераломным момантам у жыцці прыроды. Да свята завяршалі ўсе работы на полі, уцяплялі дамы і гаспадарчыя пабудовы. Перад Пакровам дзяўчаты варажылі пра замужжа.
Пасля Пакрова пачыналася пара вячорак і вяселляў. А потым былі Каляды.