
Больш за паўтара стагоддзя таму ў Маладзечне з’явілася настаўніцкая семінарыя. Яна стала адной з першых устаноў у Расійскай імперыі, дзе рыхтавалі народных настаўнікаў. Яна з’явілася на месцы былога манастыра ўніятаў і за паўстагоддзя выхавала тысячы адукаваных людзей. Чым жылі і што вывучалі маладыя семінарысты? Якая гісторыя была ў семінарыі?
PALATNO расказвае пра жыццё і быт Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі.
Змест
Ад манастыра да семінарыі
Маладзечанская настаўніцкая семінарыя з’явілася пасля Паўстання Кастуся Каліноўскага, калі расійскія імперскія ўлады пачалі праводзіць палітыку русіфікацыі на беларускіх землях. Вучэбную ўстанову вырашылі адкрыць у былым будынку трынітарскага манастыра, бо там раней працавала дваранскае вучылішча і прагімназія.
У часы Паўстання 1830-1831 гадоў дваранскае вучылішча ў Маладзечне далучылася да яго. У паўстанні ўдзельнічалі вучні і настаўнікі, а наглядчык вучылішча выдаваў паўстанцам грошы. Падчас паўстання ў горадзе адбылася эпідэмія халеры, а затым расійскія войскі занялі Маладзечна і арыштавалі амаль усіх настаўнікаў і навучэнцаў за мяцеж. Пасля гэтага ў вучылішчы засталіся толькі два настаўнікі — праваслаўны святар Андрэй Барычэўскі, які выкладаў рускую мову, і ксёндз Кардашэўскі.
З таго часу да навучальнай установы расійскія ўлады адносіліся з падазрэннем. У настаўнікі пачалі браць толькі людзей з праваслаўным веравызнаннем, але гэта кепска адлюстравалася на агульным настроі вучылішча. Вось як пра гэта пісаў апошні дырэктар Маладзечанскай семінарыі Ярушэвіч:
«Набрать порядочных учителей стало трудно, а плохие учителя совершенно не считались ни с начальством, ни с законом. 15 июня 1833 года попечитель округа впервые посетил Молодечненское училище… И два учителя не смогли представиться попечителю, так как накануне они подрались при учениках. Учитель Ц. подбил учителю Р. его единственный глаз»
Ужо ў 1860 годзе дваранскае вучылішча пераўтварылі ў пяцікласную прагімназію. Па сутнасці, нічога не змянілася, толькі да адукацыі атрымалі доступ мясцовыя праваслаўныя дзеці. Аднак гэта не вельмі паўплывала на настроі навучэнцаў, бо яны ўсё роўна падтрымалі Паўстанне Кастуся Каліноўскага.
Маладзечанская настаўніцкая семінарыя адкрылася 25 чэрвеня 1864 года. Семінарыя стваралася як установа для падрыхтоўкі настаўнікаў пачатковых народных вучылішчаў. Яе ініцыятарамі былі ўплывовыя дзяржаўныя дзеячы Расійскай імперыі, якія выступалі за русіфікацыю беларускіх тэрыторый: князь Аляксандр Шырынскі-Шыхматаў, граф Міхаіл Мураўёў, Мікалай Авенарыўс.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Выцінанка — беларускі скарб. Расказваем, як Маладзечна стала яе сталіцай
Побыт семінарыстаў: супольныя кватэры, рыбалка на рэчцы і хваляванні ў інтэрнаце
У першыя часы існавання семінарыі навучанне там працягвалася толькі два гады. Прымалі хлопцаў ад 17 гадоў — пераважна праваслаўных, дзяцей сялян.
У межах навучальнай праграмы выкладалі Закон Божы, руская і царкоўнаславянская мовы, арыфметыка, педагогіка, геаметрыя, чарчэнне, гісторыя, геаграфія, рамёствы, спевы і нават гімнастыка. Навучэнцы займаліся рознымі рамёствамі: ад пляцення кошыкаў і сталярнага майстэрства да мэблі і такарнага майстэрства.
Пры семінарыі быў вялікі ўчастак, але сельскую гаспадарку на ім атрымалася наладзіць толькі ў пачатку XX стагоддзя. Спачатку спрабавалі вырошчваць хмель, фрукты, але ўсе спробы былі няўдалымі. Доўгі час зямлю здавалі ў арэнду.
Да 1879 года ў семінарыі не было інтэрната. Навучэнцы жылі групамі на кватэрах, у якіх побыт забяспечвалі ўладары гэтых кватэр. Кватэры маглі наведваць настаўнікі, але гэта адбывалася рэдка. Прадукты семінарыстаў дастаўлялі семінарскія пастаўшчыкі (калі яны былі стыпендыятамі), іншыя прывозілі іх самі з дому ці набывалі ў Маладзечне. За парадкам у кватэрах глядзелі днявальныя, а за паводзінамі — вучні старэйшых класаў. Падчас экзаменаў цэлая кватэра сыходзіла жыць куды-небудзь на рэчку: там жылі, лавілі рыбу, варылі юшку і кашу, а на экзамены ішлі ў семінарыю.
Для навучэнцаў семінарыі былі прадугледжаныя стыпендыі. Стыпендыяты не атрымлівалі грошы на рукі, плата за іх уносілася класнымі настаўнікамі ці дырэктарам семінарыі. Калі стыпендыяты не паспявалі па вучобе, то іх штрафавалі — 5-7 рублёў.

У 1870-я гады ў семінарыі ўвялі форму: гэта была чырвоная касаваротка, сінія шаравары і паўшубак. У 1907 годзе ўвялі новую форму, якая існавала да закрыцця семінарыі.
У 1879 годзе пры семінарыі з’явіўся інтэрнат. Аднак умовы там былі цяжкія. Вядома, што восенню 1885 года з-за холаду навучэнцы самавольна занялі сталовую пад спальню. Будынкі інтэрнатаў неаднаразова гарэлі, апошні пажар адбыўся ў 1911 годзе — тады ж згарэў апошні.
Семінарыстаў часта каралі за дысцыплінарныя парушэнні. Як правіла, саджалі ў карцар максімум да шасці гадзін. За 50 гадоў існавання семінарыі з яе выключылі 72 навучэнца. Аднак часцей правіннасці замоўчвалі ці разглядалі на педагагічным савеце: напрыклад, 22 чалавекі — «ругалі» за гульні ў карты, 16 — за піццё алкаголю, 14 — за палітычную нядобранадзейнасць. За ўсе часы працы семінарыі галоўным болем была цяга навучэнцаў да гульні ў карты.
Настаўнікі ў семінарыі часта мяняліся, бо сама ўстанова знаходзілася на перыферыі, таму праца там не лічылася прэстыжнай. Часцей за ўсё ў семінарыі змяняліся настаўнікі рускай мовы: у сярэднім настаўнік, які скончыў універсітэт, працаваў там не больш за два гады.
За 50 гадоў існавання семінарыі яе скончылі больш за дзве тысячы чалавек. Сярод выпускнікоў былі вядомыя настаўнікі, грамадскія дзеячы, пісьменнікі, спевакі і вайскоўцы. Тут вучыліся Язэп Лёсік, Міхась Чарот, Міхась Забэйда-Суміцкі, Сымон Рак-Міхайлоўскі і іншыя выбітныя асобы.
Развівалі культуру і навуку
З часам семінарыя пашырыла магчымасці. У 1870 годзе навучанне стала трохгадовым, дадалі новыя прадметы ў праграму і настаўніцкія пасады. У 1907 годзе семінарыя перайшла на чатырохгадовую праграму, з’явіліся курсы па псіхалогіі, фізіцы, гісторыі педагогікі. У семінарыі існавала бібліятэка, музей, тэатр, сімфанічны аркестр і хор пад кіраўніцтвам Крачкоўскага.
У 1870 годзе пры семінарыі заснавалі метэаралагічную станцыю. Яна месцілася на званіцы, але з-за недакладнасці падлікаў і назіранняў яе закрылі ў 1887 годзе. У гэтым жа годзе стварылі спецыяльную станцыю, дзе назіранні праводзіліся больш прафесійна.
Выкладчыкі і навучэнцы актыўна займаліся фалькларыстыкай, збіралі легенды, даследавалі археалагічныя помнікі.

* * *
У гады Першай сусветнай вайны семінарыя была эвакуяваная ў Смаленск. У 1920 годзе яна скончыла сваё існаванне. Дагэтуль у Маладзечне знаходзіцца будынак семінарыі на тэрыторыі Маладзечанскага станкабудаўнічага завода.