
Яшчэ сто гадоў таму беларускія хаты ўпрыгожвалі ажурныя папяровыя ўзоры — выцінанкі. Гэта быў кароткі, але прыкметны час, калі даўняя беларуская творчасць вярнулася з забыцця. Але зусім хутка, ужо ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, выцінанка амаль знікала з побыту. Чаму так адбылося? І што такое выцінанка?
PALATNO расказвае пра карпатлівае беларускае мастацтва, пра якое вы маглі і не чуць.
Змест
Старажытнае мастацтва, вядомае нават у Кітаі
У выцінанкі даўняя і вельмі доўгая гісторыя. Яна пачынаецца з вынаходніцтва паперы ў Кітаі — у хуткім часе паперу пачалі выкарыстоўваць не толькі для пісьма, але і ў мастацтве. Першапачаткова гэта была забава для заможных людзей, бо папера каштавала дорага.
З часам тэхналогія вытворчасці паперы распаўсюджвалася па ўсім свеце: спачатку ў азіяцкіх народах, а ў Сярэднявеччы трапіла ў Еўропу. Папяровыя выразкі, як уласна і папера, таксама пачалі з’яўляцца ў розных народаў.
У Францыі ў часы Асветніцтва вырабляліся з паперы «сілуэты» — назву ўзялі ад прозвішча французскага фінансіста, які быў вядомы частым уразаннем бюджэту. Больш важна, што гэтымі «сілуэтамі» пачалі называць сюжэтныя кампазіцыі, якія выразалі з чорнай паперы. Звычайна так рабілі мініяцюрныя сілуэтныя партрэты, якія ў хуткім часе сталі вельмі папулярнымі. З Францыі моду перанялі ў Расійскую імперыю.
У сярэдзіне XIX стагоддзя мода сілуэтаў зніжаецца, бо з’яўляюцца фатаграфіі. Некалькі дзесяцігоддзяў забыцця змяняюцца выбухам папулярнасці выразаных мініяцюр.
Менавіта ў другой палове XIX стагоддзя папяровыя выразкі з’яўляюцца ў побыце ўсходнееўрапейскіх народаў — украінцаў і палякаў. На жаль, дакладных звестак пра падобныя працэсы ў беларусаў няма. Ад гэтага з’явілася праблема паходжання выцінанкі. Выцінанка была пашыраная ў традыцыйным побыце яўрэяў: не выключна, што тэхналогія выразання з паперы магла быць пазычаная ў яўрэяў, што жылі ў «мяжы аселасці», якая праходзіла па беларускіх землях.
Выцінанка пачалі масава пашырацца ў побыце беларусаў напрыканцы XIX стагоддзя.
Узоры выцінанак падзяляюць на тры віды:
- Разеткавыя — вось сіметрыі скрыжоўваецца ў цэнтры;
- Сіметрычныя — малюнак люстэркава паўтараецца справа і злева ад восі;
- Рапортныя — выразаны ўзор з многімі вертыкальнымі восямі сіметрыі паўтараецца па гарызанталі.
Матывы ў выцінанак абсалютна розныя. Пераважная большасць матываў — кветкавая, бо выцінанкі сталі папулярнымі ў той момант, калі беларусы закрывалі задачу па дэкаратыўным аздабленні хаты. Яшчэ адзін пашыраны матыў — дрэва жыцця, які вядомы і ў іншых відах народнага мастацтва.
Выцінанку ўспомнілі напрыканцы СССР, а ў Маладзечне адбыўся бум
У канцы 1980-х гадоў пачалося адраджэнне і развіццё сучаснай беларускай выцінанкі. Другое нараджэнне выцінанкі звязваюць з Вячаславам Дубінкай.

Перад развалам СССР выцінанкай пачалі займацца майстры Ніна Сакалова-Кубай, Алесь Лось, Таццяна Маркавец. У пачатку 1990-х гадоў цікавасць да выцінанкі ўсё больш узрастае: ён пачынаюць займацца нават у дзіцячых садках.
У тыя ж гады на Маладзечаншчыне адбываецца бум цікавасці да выцінанкі. У музычным вучылішчы ў Маладзечне адкрылася аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, куды ідзе працаваць выкладчыца Вікторыя Чырвонцава. Чарвонцава займалася народным мастацтвам — пераважна, ільном і саломай.
Адным з напрамкаў працы Чырвонцавай стала работа з паперай. Тэматыка яе работ была сапраўды шырокай: ад кампазіцый арнаментальна-дэкаратыўнага характару і беларускай міфалогіі да архітэктурнай спадчыны і сюжэтаў на тэму космасу.
Маладзечанскія майстры ўласнаручна пачынаюць дапрацоўваць матэрыялы: выкарыстоўваюць звычайную газетную паперу, таніруюць чорнай гуашшу — гэта адна з адметнасцей маладзечанскай школы выцінанкі.
Агулам працы маладзечанцаў аб’ядноўвае каларыстычны лаканізм, прыродныя матывы пераводзяцца ў геаметрызаваныя знакі-сімвалы.
У 2006 годзе ў Маладзечне правялі конкурс «Папяровыя карункі», у якім удзельнічалі 38 майстроў не толькі са «сталіцы выцінанкі», але з усёй Міншчыны. Тады вылучылі шэраг майстроў: Вольгу Харлінскую з вёскі Доры на Валожыншчыне; Алесю Клемантовіч, Юлію Верамей, Алесю Карповіч, Вольгу Маслову, Ганну Ігнаценку, Марыю Ганчарык — усе прадстаўлялі Маладзечна. У 2000-я гады па ўсёй Беларусі прайшоў шэраг конкурсаў выцінаншчыкаў, на якіх з рэгулярнай перыядычнасцю перамагалі ці былі адзначаныя майстры з Маладзечаншчыны.
***
Сучасная выцінанка ўжо не з’яўляецца прадметам аздобы інтэр’еру. Гэта самадастатковая мастацкая з’ява. Ад традыцыйнай выцінанкі пакуль у сучаснай застаецца сюжэт з Дрэвам жыцця — адным з самых вядомых і папулярных сюжэтаў за апошнія сто гадоў. Гэта абсалютна не значыць, што сучасныя беларускія майстры забыліся на традыцыі і адышлі ад іх у іншым кірунку: традыцыйныя ўзоры прасочваюцца ў працах усіх беларусаў-выцінаншчыкаў.
Найбольш адметнае ў сучаснай беларускай выцінанцы — гэта яскравы прафесіяналізм майстроў. На новы ўзровень выцінанку паднялі майстры з прафесійнай мастацкай адукацыяй, надалі ёй самастойны характар і каштоўнасці. Безумоўную ролю, даволі значную ролю, у гэтым адыгралі майстры маладзечанскай школы.
Работы маладзечанскіх майстроў — кожныя з іх адрозныя і індывідуальныя — з’яўляюцца прафесійнымі і па-майстэрску стылізаванымі.
Хто яны — маладзечанскія майстры-выцінаншчыкі?
Самай адметнай маладзечанскай майстрыхай з’яўляецца Лізавета Чырвонцава. Яе дыпломнай работай ва ўніверсітэце была выцінанка — першая такая на факультэце, дзе вучылася Чырвонцава. Яна расказвала, што пераняла мастацтва выцінанкі ад маці, якая вучыла майстроў выцінанкі і саломапляценню. Чырвонцава з’яўляецца народным майстрам Беларусі. Лізавета Чырвонцава неаднаразова сутыкалася з плагіятам: яе выцінанкі «бралі» для сукенкі ўкраінкі на конкурс «Міс Сусвет», а таксама для сцэны на Дзень Незалежнасці Украіны.


Яшчэ адна майстрыха маладзечанскай школы — Наталля Сухая. Пасля заканчэння дзіцячай мастацкай школы выступіла на выстаўцы з серыяй выцінанак з дзесяці работ па матывах народных святаў і абрадаў. Першапачаткова стылістыка работ Сухой была выкананая выключна пад уплывам маладзечанскай школы выцінанкі. Аднак з часам стыль змяніўся: геаметрызаваныя сімвалы саступілі месца мяккім сілуэтам.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Чмурак, мармысь, хавбы і саслаўкі. Расказваем пра катрушніцкі лемезень — таемную мову з Дрыбіна
Як нарыхтаваць саломку на «павукоў»
Капыль: месца сілы пяці беларускіх літаратараў

Вольга Харлінская таксама пачынала на Маладзечаншчыне, таму відавочна, што на яе працы паўплывала мясцовая школа выцінанкі. Пасля вучобы ў Маладзечне і Гродне вярнулася на Валожыншчыну і працавала ў вясковай школе ў Дорах. Уплыў маладзечанскай школы хоць і быў заўважны, але выцінанкі Харлінскай моцна адметныя стылістыкай: звычайна гэта геаметрычныя выразкі абстрактнага характару, але з глыбокім філасофскім сэнсам, а яшчэ яе вырабы суправаджаюцца вершамі-чатырохрадкоўямі.
Фота на галоўнай: выцінанка Лізаветы Чырвонцавай.