Як вы і вашы родныя называюць могілкі? Гэта могліцы, магільнік, клады ці кладаўя? Толькі па гэтым адным слове можна было вызначыць, адкуль паходзіце вы і ваша сям’я.
PALATNO расказвае як называюць могілкі ў розных кутках Беларусі.
Могліцы і магільнік
На большай частцы краіны, акрамя Магілёўшчыны і Віцебшчыны, самым пазнавальным словам было менавіта могілкі (з націскам на першы склад).
Найбольш распаўсюджанай назвай могілак на Палессі, у асаблівасці на Брэстчыне, было могліцы (з націскам на першай склад). Гэтае ж слова сустракалася на ўсходняй частцы Гродзеншчыны і заходняй частцы Міншчыны.
Разам з гэтым на Гродзеншчыне найбольш распаўсюджанай назвай былі магілкі (з націскам на другі склад).
Цікава, што на захадзе Беларусі і на значнай частцы Віцебскай і Магілёўскай абласцей дамінавала слова магільнік. А вось на Ашмяншчыне і Смаргоншчыне можна было пачуць слова могальнік (націск на першы склад) — гэта слова нідзе ў Беларусі больш не сустракалася.
Усе варыяцыі кладбішча
Ва ўсходняй Беларусі, акрамя вядомых могілак і магілак, былі іншыя варыянты назвы месца пахавання нябожчыкаў.
Напрыклад, на Віцебшчыне, паўднёвай частцы Міншчыны, меншай ступені Магілеўшчыны і Гомельшчыны выкарыстоўвалі слова кладбішча. На Магілёўшчыне таксама дастаткова распаўсюджаным было слова кладзішча (націск на другі склад).
У паўднёвай частцы Мінскай вобласці найбольш распаўсюджанай назвай было клады (з націскам на апошні склад). Гэта слова, але ў меншай ступені сустракаецца па ўсёй усходняй Беларусі.
На поўначы Гомельшчыны найбольш распаўсюджанай назвай лічыцца кладаўя (націск на першы склад).