Натхненне

Як рымскія і арабскія грошы траплялі на беларускія землі


Як рымскія і арабскія грошы траплялі на беларускія землі

Задоўга да з’яўлення ўласных манет на беларускіх землях разлічваліся серабром, прывезеным за сотні і тысячы кіламетраў. Рымскія дэнарыі, арабаскія дырхемы і заходнееўрапейскія манеты траплялі сюды па міжнародных гандлёвых шляхах. Знойдзеныя скарбы дазваляюць убачыць, як землі сучаснай Беларусі былі звязаныя з Рымам, мусульманскім Усходам, Візантыяй і сярэднявечнай Еўропай яшчэ да Вялікага княства Літоўскага.

PALATNO расказвае пра манеты, якія «хадзілі» на беларускіх землях.

Рымскае серабро на беларускай зямлі

Найстаражытнейшыя манеты, знойдзеныя на тэрыторыі Беларусі, прадстаўлены пераважна рымскімі дэнарыямі, радзей сустракаюцца буйныя медныя манеты — сестэрцыі. Большасць такіх знаходак датуецца канцом II — пачаткам III стагоддзя нашай эры.

Асабліва шмат рымскіх дэнарыяў знойдзена ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. Такое размеркаванне наўрад ці выпадковае: заходняя частка сучаснай Беларусі знаходзілася паблізу шляхоў, якія звязвалі тэрыторыі Рымскай імперыі з узбярэжжам Балтыйскага мора. Гэты маршрут часта называюць «бурштынавым шляхам». Бурштын высока цаніўся ў Рыме: з яго рабілі ўпрыгожванні, амулеты і прадметы раскошы. У абмен на балтыйскі бурштын на поўнач траплялі рымскія манеты, металічныя вырабы і іншыя тавары.

Насельніцтва беларускіх зямель не карысталася рымскімі грашыма гэтак жа, як жыхары Рыма. Рымскія манеты маглі служыць плацёжным сродкам, мерай кошту, запасам каштоўнага металу.

Дэнарый быў адной з галоўных сярэбраных манет Старажытнага Рыма. Яго пачалі масава чаканіць у часы Рымскай рэспублікі — прыкладна ў канцы III стагоддзя да нашай эры. Першапачаткова адзін дэнарый прыраўноўваўся да 10 медных асаў — на гэта паказвала і сама назва, звязаная з лацінскім словам «дзесяць».

З цягам часу маса і якасць дэнарыя змяняліся. Манета паступова рабілася лягчэйшай, а доля чыстага серабра ў ёй змяншалася. Да першай паловы III стагоддзя нашай эры дэнарый страціў ранейшае значэнне і быў выцеснены іншымі грашовымі адзінкамі.

Сестэрцый меў яшчэ больш складаную гісторыю. Спачатку гэта была невялікая сярэбраная манета, але ў імператарскі перыяд назву перанеслі на буйную манету з меднага сплаву. Менавіта такія медныя сестэрцыі знаходзілі на тэрыторыі Беларусі.

арабскія дырхемы, рымскі дэнарый, валюта беларусь, грошы беларусь

Як у Беларусь прыйшлі арабскія грошы

Пасля знікнення рымскіх грошай масавае паступленне манет на землі Усходняй Еўропы спынілася. Разлікі пачалі весціся інакш: таварамі, футрам, вагавым серабром ці іншымі каштоўнасцямі.

Новая манетная эпоха пачалася ў VIII-IX стагоддзях, калі на землі Русі сталі масава трапляць сярэбраныя дырхемы мусульманскага Усходу. Асабліва інтэнсіўным гэты паток быў у IX-X стагоддзях.

Дырхем быў галоўнай сярэбранай манетай Арабскага халіфата і дзяржаў, што ўзніклі на яго тэрыторыі. Яго чаканілі з даволі высакаякаснага серабра, а маса звычайна складала каля трох грамаў, хаця магла адрознівацца ў залежнасці ад часу і месца вырабу.

У сучаснай нумізматыцы такія манеты называюць куфіцкімі дырхемамі. Назва паходзіць ад куфіцкага — аднаго з ранніх відаў арабскай каліграфіі. На дырхемах звычайна не было партрэтаў кіраўнікоў або выяў багоў, іх паверхню пакрывалі арабскія надпісы: рэлігійныя формулы, імёны ўладароў, назвы манетных двароў і даты чаканкі.

У Русь дырхемы паступалі па складанай сетцы сухапутных і рачных маршрутаў. Асаблівае значэнне меў шлях з варагаў у грэкі, які звязваў Балтыйскае мора з Чорным морам і Візантыяй. У Беларусі скарбы куфіцкіх дырхемаў найчасцей знаходзілі ў Падняпроўі і Падзвінні — у рэгіёнах, праз якія праходзілі важныя гандлёвыя камунікацыі.

На працягу IX-X стагоддзяў дырхем фактычна заняў вядучае месца ў грашовым абароце Старажытнай Русі. Аднак манеты цанілі не толькі паводле наміналу, бо важнае значэнне мелі іх маса і якасць металу. Часта дырхемы рэзалі на часткі, калі цэлая манета была занадта каштоўнай для невялікай пакупкі, ад яе адсякалі патрэбную долю.

КУНЫ, НАГАТЫ, РАЗАНЫ І ВЕВЯРЫЦЫ: ШТО ГЭТА?
Часцяком можна сустрэць назвы грошай таго часу: куны, нагаты, разаны, вевярыцы. Гэтыя манеты былі элементамі куннай грашовай сістэмы. Кунай называлі манету або пэўную колькасць серабра, само слова звязваюць з футрам куніцы, якое на тыя часы было каштоўным таварам і магло выконваць функцыю грошай. Пазней назва перайшла на металічную грашовую адзінку. Нагатай называлі паўнавартасную манету або асобную разліковую адзінку: назва азначае адрэзаную частку сярэбранай манеты. Вевярыца была дробнай плацёжнай адзінкай, а яе назву звязваюць з вавёрчынай шкуркай. Дакладныя суадносіны гэтых грашовых адзінак змяняліся з часам і адрозніваліся ў розных землях.

Дырхемы знікаюць — вяртаецца дэнарый, але ўжо другой імперыі

У канцы X стагоддзя паступленне арабскага серабра пачало скарачацца. На Усходзе пачалі слабець арабскія дзяржавы, перабудоўвацца гандлёвыя шляхі, а ў манетных двароў з’явіліся праблемы з забеспячэннем серабром. Праўда, патрэба ў грашах нікуды не знікла. Так, паступова дырхемы замяняюцца заходнееўрапейскімі дэнарыямі. Час ад часу заходнееўрапейскія дэнарыі траплялі на Русь ужо ў канцы X стагоддзя.

Заходнееўрапейскі дэнарый быў невялікай сярэбранай манетай, якая важыла да двух грамаў. Яе чаканілі ў розных дзяржавах і гарадах Заходняй Еўропы. На беларускіх землях дэнарыі сустракаюцца больш за ўсё ў Падняпроўі і Падзвінні — там, дзе раней канцэнтраваліся знаходкі куфіцкага серабра.

Пераход да новых грошай быў паступовым: у скарбах таго часу заходнееўрапейскія дэнарыі ляжалі побач з дырхемамі, візантыйскімі манетамі і першымі ўласнымі манетамі Русі — златнікамі і срэбранікамі.

Дваццаць кілаграмаў серабра ў бяросце і загадка Клімавіцкага скарба

Самай вялікай вядомай знаходкай антычных манет на тэрыторыі Беларусі лічыцца Клімавіцкі скарб. Яго знайшлі ў Клімавічах у 1804 годзе. Паводле гістарычных звестак, у склад скарбу ўваходзілі 1 815 рымскіх дэнарыяў і сестэрцыяў, звязаных з эпохай першых рымскіх імператараў. Знаходку перадалі ў Прыдворнае казначэйства ў Санкт-Пецярбургу, а адтуль — у Эрмітаж. Аднак ужо праз дзевяць дзён манеты вярнулі назад. Што здарылася з імі пасля гэтага, невядома. Менавіта таму даследчыкі не могуць сёння падрабязна вывучыць склад скарбу, гады чаканкі, манетныя двары і дакладны час, калі грошы былі схаваныя. Фактычна Клімавіцкі манетны скарб застаўся адначасова найбуйнейшай і самай загадкавай знаходкай старажытных манет у Беларусі.

У 1971 годзе ў вёсцы Ракаўцы на Смаргоншчыне знайшлі манетны скарб. Вядома пра 826 прадметаў: 810 цэлых і фрагментаваных куфіцкіх дырхемаў, 14 перайманняў манет і дзве манетападобныя пласцінкі. Яшчэ раней, у 1962-м, каля вёскі Добрына ў Лёзненскім раёне знайшлі вялікі скарб з грошай і рэчаў. Акрамя дырхемаў Арабскага халіфата, у ім знаходзілася сярэбраная шыйная грыўня.

Адзін з найбольш цікавых скарбаў знайшлі ў 1973 годзе ў вёсцы Казьянкі ля Полацка. У бяросце было 7 588 куфіцкіх дырхемаў агульнай масай каля 20 кілаграмаў. Пераважалі манеты дынастыі Саманідаў, якая кіравала вялікай дзяржавай у Цэнтральнай Азіі і Іране.