Now Reading
Тэрарыстычныя акты ці злоснае хуліганства. Расказваем пра найбуйнейшыя выбухі ў Беларусі

Тэрарыстычныя акты ці злоснае хуліганства. Расказваем пра найбуйнейшыя выбухі ў Беларусі

выбухі ў беларусі, тэракты ў беларусі, выбухі ў мінску, тэракт у мінску, выбухі ў віцебску

Пасля гэтай трагедыі па краіне расклейвалі абвесткі з рэкламнай акцыяй: за ўпакоўку ад апельсінавага нектару «Садачок» з датай разліву 9 лютага 2008 года абяцалі прэмію ў два мільёны рублёў. Затрымлівалі прадстаўнікоў апазіцыі, цягам года апыталі дзясяткі тысяч жыхароў Мінска, а адбіткі пальцаў узялі ў больш чым мільёна беларусаў.

PALATNO расказвае пра тры найбуйнейшыя выбухі, які адбыліся ў Беларусі ў 2005, 2008 і 2011 гадах.

Пакет ад соку, які шукала ўся краіна. Выбух на Дзень Незалежнасці

Падчас святкавання Дня Незалежнасці ў ноч з 3 на 4 ліпеня 2008 года каля стэлы «Мінск — горад-герой» прагрымеў выбух. Пацярпелі больш за 50 чалавек.

Тады выбухнула самаробнае прыстасаванне — пакет ад соку «Садачок», які быў начынены балтамі і гайкамі. Ён знаходзіўся прыкладна за дзвесце метраў ад сцэны, дзе праходзіў святочны канцэрт. Па дадзеных сілавікоў, у той момант там прысутнічала да паўмільёна чалавек.

Праз некаторы час на месца трагедыі прыбылі машыны хуткай дапамогі. Па словах галоўнага лекара 6-й гарадской клінічнай бальніцы Уладзіміра Гурко, у шпіталь было дастаўлена каля трыццаці чалавек — некаторых з іх аперыравалі. Гурко адзначыў, што калі б гайкі з выбуховага прыстасавання патрапілі людзям у галовы, то былі б не толькі пацярпелыя, але і загінулыя.

Месца выбуху ачапіла міліцыя, потым туды прыбыў і Лукашэнка. Напярэдадні выбуху ён знаходзіўся на VIP-трыбуне. Лукашэнка загадаў спецслужбам правесці расследаванне і заявіў, што бярэ яго пад асабісты кантроль.

У гэты час святкаванне працягвалася. Улады тлумачылі гэта тым, што яны не хацелі дапусціць паніку. Хутчэй за ўсё, сілавікі і кіраўніцтва краіны былі ўпэўненыя, што выбухаў больш не будзе.

выбухі ў беларусі, тэракты ў беларусі, выбухі ў мінску, тэракт у мінску, выбухі ў віцебску
Пасля выбуху ў Мінску.

Але крыху пазней міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў паведаміў, што дзякуючы пільнасці грамадзян і прафесійным дзеянням супрацоўнікаў унутраных спраў было канфіскавана другое выбуховае прыстасаванне, якое перадалі ў міліцыю. Гэтае прыстасаванне знаходзілася не ў літровым пакеце ад соку, як першае, а ўжо ў двухлітровай ёмістасці — то бок было ўдвая больш магутным.

4 ліпеня таго ж года Міністэрства ўнутраных спраў распачало крымінальную справу па артыкуле «Злоснае хуліганства», нягледзячы на колькасць пацярпелых. Як мяркуе генерал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы, экс-спікер Вярхоўнага Савета Мечаслаў Грыб, улады Беларусі ўнушылі сабе і навакольным, што тэрарызму ў краіне няма і быць не можа, хоць усе факты, на яго думку, сведчаць менавіта аб тэрарыстычным акце.

Ужо 7 ліпеня Лукашэнка правёў экстранную нараду, на якой раскрытыкаваў дзеянні міліцыі, спецслужбаў, медыкаў, а праз некалькі дзён звольніў з пасад сакратара Савета бяспекі Віктара Шэймана і кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Генадзя Нявыгласа. Іх абвінавацілі ў правальнай падрыхтоўцы святкавання Дня Незалежнасці.

На іх месцы былі прызначаны выхадцы з КДБ Юрый Жадобін і Уладзімір Макей. Тагачасны міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў заяўляў, што не зможа спакойна спаць і адпачываць, пакуль не раскрые абставіны выбуху. Увесну 2009 года ён сышоў у адстаўку па стане здароўя. Справа на той момант была яшчэ не раскрытая.

У пошуках злачынцаў быў задзейнічаны амаль увесь асабісты склад беларускай міліцыі. Пад пільную ўвагу ўладаў трапілі прадстаўнікі апазіцыі. Паводле звестак праваабаронцаў, па справе аб выбуху ў Мінску былі затрыманы 13 прадстаўнікоў апазіцыі — пераважна актывістаў неіснуючай нацыянал-патрыятычнай арганізацыі «Белы легіён», а таксама сяброў Аб’яднанай грамадзянскай партыі і БНФ.

12 ліпеня на волю выйшлі лідар Беларускай Партыі Свабоды Сяргей Высоцкі, актывіст кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Павел Кур’яновіч і актывіст моладзевай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі «Маладыя дэмакраты» Аляксандр Сергіенка. Ніякіх абвінавачванняў ім не было прад’яўлена.

выбухі ў беларусі, тэракты ў беларусі, выбухі ў мінску, тэракт у мінску, выбухі ў віцебску
Улётка з фотаробатам падазраванага ў выбуху ў Мінску. Фота: Vitaly Ragulin, CC BY-SA 3.0, via Wikimedia Commons

Паралельна следства шукала, дзе злачынцы набылі той двухлітровы пакет соку, у якім не выбухнула прыстасаванне. Па краіне расклейвалі абвесткі з рэкламнай акцыяй: за ўпакоўку ад апельсінавага нектару «Садачок» з датай разліву 9 лютага 2008 года абяцалі прэмію ў два мільёны рублёў. Таксама шукалі і прадаўца, які напісаў цану на пачку. У выніку расследавання высветлілася, што партыя таго самага соку прадавалася па шэрых схемах. Кіраўніцтва кампаніі-імпарцёра было абвінавачана ў нявыплаце падаткаў і змешчана за краты да зімы 2008 года.

Расследаванне працягвалася, але злачынцаў знайсці не маглі. Толькі за першы год былі апытаны дзясяткі тысяч жыхароў Мінска, а адбіткі пальцаў былі ўзяты ў больш чым мільёна беларусаў. Абвінавачванне нікому так і не было прад’яўлена. Праз год Лукашэнка назваў сітуацыю ганьбай.

Пасля тэракта ў мінскім метро 11 красавіка 2011 года сілавікі затрымалі віцебскага токара Дзмітрыя Канавалава і электрыка Уладзіслава Кавалёва. Акрамя выбуху на станцыі «Кастрычніцкая», Канавалава таксама прызналі вінаватым у выбухах 2005 года ў Віцебску і 2008-га ў Мінску. Абодвум затрыманым былі вынесены расстрэльныя прысуды.

Палова краіны не верыла ў вінаватасць «тэрарыстаў». Тэракт у мінскім метро

У панядзелак, 11 красавіка 2011 года, а 17:56 на станцыі метро «Кастрычніцкая» ў Мінску прагрымеў выбух. На платформе ў той момант знаходзіліся каля 300 чалавек. Цягам дзесяці хвілін пасля выбуху ў метро прыбылі медыкі і ратавальнікі.

Выбуховае прыстасаванне нібыта знаходзілася пад лаўкай на платформе насупраць месца спынення другога вагона. Дыяметр варонкі, якая ўтварылася на пероне ад выбуху, склаў каля 80 сантыметраў. Само прыстасаванне было напоўнена сечанай арматурай, цвікамі і металічнымі шарыкамі. Яно было на радыёкіраванні.

Спачатку відавочцы падумалі, што абрушылася станцыя, але гэтая інфармацыя не пацвердзілася: упала толькі ашалёўка верхняй часткі эскалатара і тынк са столі. Да прыезду ратаўнікоў параненых людзей ужо паспелі вынесці на платформу, іх паклалі на спінкі ад сядзенняў цягніка, таму што насілак не хапала. Пацярпелыя ляжалі на платформе моўчкі, некаторыя скардзіліся на холад, і толькі адна жанчына стагнала ад болю ў машыне хуткай дапамогі. У многіх былі пераламаныя ногі і абпаленыя валасы. Тыя, хто не пацярпеў, дапамагалі медыкам: трымалі кропельніцы, пакуль лекары аказвалі дапамогу.

выбухі ў беларусі, тэракты ў беларусі, выбухі ў мінску, тэракт у мінску, выбухі ў віцебску
Пасля і да выбуху ў мінскім метро на станцыі метро Кастрычніцкая.

Менш чым праз дзве з паловай гадзіны пасля выбуху на месца трагедыі прыехаў Лукашэнка разам з сынам Мікалаем, якому на той момант было шэсць гадоў, і ўсклаў кветкі. Позна вечарам на экстраннай нарадзе з сілавікамі Лукашэнка заявіў, што не выключае сувязі паміж выбухам у метро і падзеямі 3 ліпеня 2008 года на Дзень Незалежнасці.

Усяго ахвярамі тэракта ў мінскім метро сталі 15 чалавек: дзевяць загінулі на месцы, трое памерлі ў той жа дзень, яшчэ трое — у шпіталях неўзабаве. Больш за дзвесце чалавек атрымалі раненні, дзясяткі з іх — цяжкія, некалькім людзям адарвала канечнасці. Сярод пацярпелых былі і замежнікі — грамадзяне Расіі, Украіны, Арменіі і Туркменістана.

Беларусы не засталіся абыякавымі да бяды: актыўна здавалі кроў для пацярпелых, ахвяравалі сродкі на іх лячэнне і рэабілітацыю. У розных беларускіх гарадах неўзабаве пасля трагедыі прайшлі акцыі памяці.

выбухі ў беларусі, тэракты ў беларусі, выбухі ў мінску, тэракт у мінску, выбухі ў віцебску
Пацярпелыя ад тэракту ў Мінску.

Па факце выбуху была распачата справа па частцы 3 артыкула 289 Крымінальнага кодэкса Беларусі — тэрарызм. Рэспубліканскі аператыўны штаб узначаліў тагачасны старшыня КГБ Вадзім Зайцаў, а кіраваў следчай групай Андрэй Швед — на той момант намеснік генпракурора. Да расследавання былі прыцягнуты ў тым ліку спецыялісты расійскай ФСБ. У Мінск на дапамогу беларускім сілавікам прыехалі спецыялісты з Расіі, Вялікабрытаніі, Ізраіля.

Ужо на наступны дзень старшыня КГБ Вадзім Зайцаў паведаміў на прэс-канферэнцыі, што па справе аб тэракце «для правядзення апытанняў» былі затрыманы тры чалавекі, а адзін з іх разглядаецца ў якасці падазраванага. З’явіліся таксама фотаробаты падазраваных, але іх імёны не раскрываліся. Тады Зайцаў расказваў, што падазраваны — мужчына неславянскай знешнасці ва ўзросце да 27 гадоў, моцнага целаскладу, ростам 175-180 сантыметраў, быў апрануты ў карычневую куртку і карычневую вязаную шапачку. «Не выключана, што ён мог быць наймітам».

Кіраўнік Камітэта дзяржбяспекі агучыў таксама версіі матываў тэракта ў метро. Па адной з іх, тэракт здзейснілі для таго, каб «дэстабілізаваць абстаноўку» ў Беларусі. Па іншай версіі, да выбуху маглі быць датычныя маладыя экстрэмісты — Зайцаў згадаў пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года і суды, якія адбыліся следам, і выказаў здагадку, што матывам тэракту магла быць помста органам бяспекі. Паводле Зайцава, гэта таксама мог быць учынак нездаровага чалавека — «не толькі псіхічна, але і з пункту гледжання асабістых амбіцый».

Раніцай 13 красавіка на экстраннай нарадзе Лукашэнка паведаміў, што тэракт раскрыты. «Выканаўцамі» аказаліся 25-гадовыя ўраджэнцы Віцебска — токар Дзмітрый Канавалаў і электрык Уладзіслаў Кавалёў. Паводле слоў Лукашэнкі, яны прызналіся таксама ў здзяйсненні выбуху на Дзень Незалежнасці.

выбухі ў беларусі, тэракты ў беларусі, выбухі ў мінску, тэракт у мінску, выбухі ў віцебску
Канавалаў і Кавалёў у судзе.

Канавалава і Кавалёва затрымалі на здымнай кватэры ў Мінску 12 красавіка, на наступны дзень пасля выбуху. Канавалава абвінавацілі ў здзяйсненні тэракта, а Кавалёва — у саўдзеле. Мужчыны былі аднакласнікамі і прыяцелямі. У красавіку 2011 года Канавалаў працаваў токарам на Віцебскім заводзе запасных трактарных частак, а Кавалёў ужо паўгода як жыў у Мінску, працаваў электраманцёрам па рамонце і абслугоўванні ліній электраперадачы ў Мінскіх электрасетках.

Паводле версіі следства, 10 красавіка Дзмітрый Канавалаў прыехаў у Мінск, пры ім была торба з выбухоўкай. На вакзале яго сустрэў Уладзіслаў Кавалёў, па абвестцы ў газеце «З рук у рукі» яны арандавалі кватэру на кароткі тэрмін, дзе і знаходзіліся ўсе гэтыя дні. Увечары 10 красавіка Канавалаў з’ездзіў на станцыю метро «Кастрычніцкая» і абраў месца для тэракта. У кватэры разам з Кавалёвым і Канавалавым была і 21-гадовая студэнтка Яна Пачыцкая. Яна выступала сведкай у судзе, а потым знікла: выдаліла акаўнты ў сацсетках, змяніла нумар тэлефона.

Яна Пачыцкая была адзінай, хто бачыў Канавалава і Кавалёва разам побач з сумкай, у якой, па версіі следства, знаходзілася выбухоўка. Гэты эпізод нібыта даказваў датычнасць Уладзіслава да злачынства. Аднак на судзе на пытанне, ці мог бачыць Кавалёў змесціва сумкі, дзяўчына адказала адмоўна.

Следства заяўляла, што здзейсніць выбух Дзмітрый Канавалаў мог у любы час — выбухоўку ён рыхтаваў з ліпеня 2010 года. Але верагодным трыгерам стала здача адбіткаў пальцаў 9 красавіка — за два дні да тэракта ў метро. Такую версію на судзе агучыў дзяржабвінаваўца Аляксей Стук.

Пасля выбуху 2008 года на Дзень Незалежнасці ўсе ваеннаабавязаныя грамадзяне Беларусі мусілі былі прайсці дактыласкапію. Дзмітрый Канавалаў гэтага пазбег. Супрацоўнік упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама Руслан Сініцын у 2009 годзе не ўзяў адбіткі пальцаў у Канавалава, бо той змог пераканаць міліцыянта, што праходзіў працэдуру раней. Таму Канавалава не правяралі на датычнасць да выбуху ў 2008 годзе. Як расказаў у судзе Аляксей Стук, адразу ж пасля зняцця адбіткаў Канавалаў пачаў актыўныя дзеянні, «каб пазбегнуць затрымання», прыехаў у Мінск і зладзіў выбух. Паводле версіі дзяржабвінавачання, Уладзіслаў Кавалёў ведаў пра выбуховую прыладу і планы Канавалава яшчэ ў 2010 годзе і ў красавіку 2011 года дзейнічаў разам з прыяцелем.

СЛУХАЦЬ: ПАДКАСТ ПРА ВЫБУХ У МІНСКІМ МЕТРО

Папярэдняе следства доўжылася 109 дзён. Да пачатку суда справа складала 550 тамоў, па ім праходзілі больш за 500 пацярпелых і сотні сведак. Судовы працэс пачаўся 15 верасня. На судзе Дзмітрый Канавалаў прызнаў віну ва ўчыненні тэракта 11 красавіка 2011 года ў мінскім метро і 3 ліпеня 2008 года ў Мінску на Дзень Незалежнасці, а таксама ў незаконных дзеяннях з выбуховымі рэчывамі. Па астатніх пунктах абвінавачвання Канавалаў сваёй віны не прызнаў. Уладзіслаў Кавалёў заявіў, што ў падрыхтоўцы выбуху ў метро не ўдзельнічаў і не лічыць, што тэракт здзейсніў Канавалаў. Ён адзначыў, што першапачатковыя паказанні даваў пад псіхалагічным ціскам, таму падчас следства і ў судзе яны кардынальна разыходзіліся.

Адвакаты абвінавачаных паказвалі на невыкананне падчас суда належнай прававой працэдуры. На іх думку, не былі прадстаўлены доказы датычнасці мужчын да злачынства. Дзмітрый Лепрэтар, адвакат Дзмітрыя Канавалава, звярнуў увагу на тое, што эксперты не выявілі партрэтнага падабенства Канавалава з чалавекам на відэа з камер назірання ў метро, а выявілі толькі падабенства элементаў адзення. Акрамя таго, ніякіх слядоў выбуху ні на вопратцы Канавалава, ні на ім самім не было знойдзена, хоць ён знаходзіўся на дастатковай для гэтага адлегласці ад месца выбуху. Адвакат Уладзіслава Кавалёва Станіслаў Абразей заявіў, што ў клетцы ў зале суда знаходзяцца невінаватыя. Ён адзначыў, што суд адмовіў адвакатам праглядзець відэа з каментарыямі, хоць бок абвінавачвання гэта рабіў. Абразей падкрэсліў, што паказанае ў судзе відэа — нават не відэамантаж, а нарэзка розных кадраў, відэападробка, якую нельга лічыць доказам.

30 лістапада 2011 года Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва прысудзілі да расстрэлу. Канавалава і Кавалёва расстралялі ў сакавіку 2012 года.

У 2011 годзе незалежныя сацыёлагі апублікавалі вынікі апытання, паводле якіх амаль 43,5% беларусаў лічылі Канавалава і Кавалёва невінаватымі. Многія эксперты дагэтуль паказваюць нестыкоўкі ў матэрыялах справы.

Выбухі ў Віцебску

У верасні 2005 года ў Віцебску адбыліся два выбухі — на цэнтральных вуліцах горада здэтанавалі дзве самаробныя бомбы. Ніхто не загінуў, пацярпелі каля паўсотні чалавек. Першы выбух прагрымеў 14 верасня на тралейбусным прыпынку «Плошча Свабоды»: у кветкавай клумбе спрацавала выбуховае прыстасаванне ў металічнай банцы.

«У цэнтры Віцебска на прыпынку грамадскага транспарту ў гадзіну пік выбухнула металічная банка, начыненая цвікамі і балтамі. У выніку выбуху пацярпела мясцовая жыхарка 1968 года нараджэння, якая знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку па доглядзе дзіцяці», — паведамілі тады ў Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі.

Прадстаўнік МУС дадаў, што пацярпелую даставілі ў шпіталь з асколачным раненнем пляча. Яшчэ адзін пацярпелы — жыхар Віцебска 1988 года нараджэння, вучань 11 класа. Яго змясцілі ў бальніцу з пераломам малой галёначнай косткі.

15 верасня па гэтым факце была ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 339 частцы 3 Крымінальнага кодэкса — асабліва злоснае хуліганства. КДБ Беларусі выказаў сумнеў у тым, што выбух у Віцебску з’яўляецца тэрарыстычным актам. Спецслужбы палічылі, што гэта было хуліганства.

Другі выбух адбыўся 22 верасня — праз тыдзень пасля першага. Па другі бок дарогі ад Ратушы, паміж летнім кафэ і фантанам, выбухнула бомба, аналагічная папярэдняй — бляшаная банка ад піва, начыненая цвікамі і шрубамі. Пацярпелі больш за 50 чалавек. У бальніцы горада ў гэты вечар трапілі 43 чалавекі.

На месца здарэння прыехаў тагачасны міністр МУС Уладзімір Навумаў. У горадзе ўвялі ўзмоцненае патруляванне і прыцягнулі вайскоўцаў унутраных войск і службовых сабак. Таксама былі апублікаваны фотаробаты меркаваных злачынцаў, адбыліся праверкі аўтатранспарту.

Рада Бяспекі Беларусі працягвала сцвярджаць, што выбух у Віцебску не з’яўляецца тэрактам. У той самы час Віцебскі аблвыканкам адмяніў усе буйныя мерапрыемствы ў вобласці, у тым ліку кірмашы.

выбухі ў беларусі, тэракты ў беларусі, выбухі ў мінску, тэракт у мінску, выбухі ў віцебску
Выбухоўка і супрацоўнікі ДАІ, якія аглядалі машыны каля месца аднаго з інцыдэнтаў.

На наступны дзень пачаліся ператрусы ў актывістаў віцебскай апазіцыі. У Дзяніса Дзянісава ператрус адбыўся ў яго адсутнасць — дома былі толькі яго бацькі. Міліцыя забрала літаратуру, партыйныя дакументы і бел-чырвона-белыя сцягі. Ператрусы прайшлі і ў Віктара Шляхціна, Сцяпана Цішуціна і іншых маладых людзей, звязаных з палітычнымі партыямі і грамадскімі рухамі.

Увечары 23 верасня 2005 года першы намеснік старшыні КДБ Беларусі Васіль Дземянцей паведаміў, што былі затрыманыя падазраваныя ў арганізацыі выбуху: «Цяпер ёсць і затрыманыя, ёсць і падазраваныя. Называць іх, я думаю, пакуль заўчасна ў інтарэсах следства. Але праваахоўнымі органамі тут прыняты ўсе неабходныя меры, каб забяспечыць бяспеку грамадзян, і сумневаў няма, што дадзенае злачынства будзе раскрыта».

27 верасня намеснік Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Беларусі Юрый Крывашэеў выказаў версію, што выбухі ў Віцебску былі арганізаваны прадстаўнікамі моладзевых рухаў. Праз месяц Лукашэнка заявіў, што віцебскія падрыўнікі нібыта затрыманыя, але праз паўгода арыштаваных адпусцілі. Дагэтуль невядома, колькі іх усяго было.

Сярод вядомых — браты Віталь і Юрый Мурашкі. Братам выставілі абвінавачванне, але галоўны сведка, які даў супраць іх паказанні, апынуўся ў псіхіятрычным шпіталі. Больш чым праз паўгода, у красавіку 2006-га, Віталь і Юры выйшлі на волю, ім выплацілі кампенсацыю.

Эксперты-крыміналісты, якія непасрэдна займаліся расследаваннем выбухаў, лічылі абвінавачванне, якое прад’явілі братам, заўчасным. Вынікі экспертыз не пацвердзілі дачыненне затрыманых да злачынства.

Беларускія сілавікі адпрацоўвалі версію пра тое, што да выбухаў мог быць датычны мужчына, які жыве ў Германіі. Гэты мужчына пакідаў каментарыі на інфармацыйных парталах аб тым, што выбухі нібыта арганізавала экстрэмісцкая арганізацыя. Пры гэтым застаецца незразумелым, ці ўвогуле такая арганізацыя існавала. Пазней высветлілася, што мужчына быў родам з Данецкай вобласці, быў прапісаны ў Бабруйску, але доўгі час жыў у Германіі. Ён неаднаразова паведамляў пра нібыта закладзеныя ў розных беларускіх гарадах выбуховыя прылады.

Вярнуцца ўгару