Вы чытаеце:
Пяцёрка настольных гульняў па-беларуску для кампаніі на Новы год

Пяцёрка настольных гульняў па-беларуску для кампаніі на Новы год

гульні ў кампаніі, у што пагуляць на новы год

Збіраецеся адсвяткаваць Новы год у кампаніі і не ведаеце, чым заняцца? А можа проста шукаеце якія-небудзь настолкі, але няма ніякіх ідэй?

PALATNO прапануе падборку з пяці цікавых гульняў на беларускай мове, якія дапамогуць весела бавіць час з сябрамі.

Alies

Ідэальная гульня ў словы для кампаніі ад чатырох чалавек, якая дапамагае не толькі весела правесці час, але і падцягнуць мову.

Удзельнікі дзеляцца на каманды ад двух чалавек. Кожны ход адзін гулец тлумачыць партнёрам па камандзе словы, якія напісаны на картках, але не называючы самі словы ці вытворныя ад іх. Перамагае каманда, якая адгадае як мага больш слоў.

Гульню можна спампаваць на Android па спасылцы. Ёсць беларуская мова!

У мабільным прыкладанні не трэба сачыць за часам раўнда, шукаць словы, падлічваць галасы. Толькі выбраць колькасць каманд, слоўнік і працягласць раўнда. Інтэрфейс гульні вельмі зручны. У выпадку, калі ўзнікаюць спрэчныя сітуацыі падчас тлумачэння слоў, вынікі можна падкарэктаваць па заканчэнні раўнда.

Карткі для гульні таксама можна набыць асобна або зрабіць самім.

«Тутэйшыя»

Беларускамоўная настольная гульня, прысвечаная вядомым дзеячам культуры. Яе распрацавала кампанія OZ супольна з гродзенскай студыяй распрацоўкі настольных гульняў «Кубік» на пачатку 2023 года.

У гульні вам давядзецца ў ролі знакамітага беларуса адказваць на каверзныя пытанні і адначасова спрабаваць вылічыць, хто з гульцоў з’яўляецца вашым двайніком.

У камплект гульні ўваходзяць:

  • 50 картак з вядомымі беларусамі;
  • 25 картак з пытаннямі;
  • 12 карт выбару;
  • брашура з кароткімі біяграфіямі;
  • карткі «так» і «не»;
  • карткі падабаек;
  • правілы гульні.

У «Тутэйшых» можна гуляць і па правілах настолкі «Хто я?». У гульні сустракаюцца 50 выбітных беларусаў розных часоў: мастак Марк Шагал, паэт Уладзімір Караткевіч, князёўна Анастасія Слуцкая і іншыя.

Пажаданы ўзрост удзельнікаў гульні — ад 14 гадоў, але абмежаванняў няма. Гуляць адначасова могуць ад двух да шасці чалавек. Працягласць — 30−45 хвілін.

Набыць гульню можна ў фірмовых крамах сеткі, праз дадатак OZ альбо на сайце OZ.by. Кошт гульні — 39 рублёў.

«Я ніколі не… Зразумеюць толькі беларусы» 18+

Гульня — гэта 110 картак, на якіх напісаны і намаляваны нейкія знакавыя дэталі, нейкія дробязі жыццёвыя, пра якія ведае кожны чалавек, які жыве ці жыў у Беларусі. Замежніку давядзецца доўга тлумачыць, што значыць есці баранавіцкія лодачкі, ці якія стравы хаваюцца пад слоганам «хутка-смачна». І тут жа не проста пра тое, што значаць гэтыя словы, але маецца на ўвазе і роля, сэнс з’явы ў жыцці ды побыце беларусаў.

Якія ў гульні правілы? Удзельнікі па чарзе бяруць з калоды карткі і зачытваюць, што на іх напісана. Тыя гульцы, хто хаця б аднойчы рабілі тое, пра што ідзе гаворка, выпіваюць (алкаголь ці іншыя напоі) і дзеляцца сваімі гісторыямі, як гэта было.

Калі хтосьці ніколі гэтага не рабіў — прапускае ход і чакае наступнай карткі, а гэтую запісвае ў свой спіс «што зрабіць у Беларусі». Усе спрэчныя пытанні наконт таго, што ўлічваць, а што не, вырашае чалавек, які выцягнуў картку.

Калі ўдзельнік выцягнуў картку «Прыдумай сам», ён мусіць прыдумаць, чаго не рабіў у Беларусі. Калі трапіла картка «Пі да дна», неабходна выпіць усё, што ёсць у келіху.

Аўтары гульні папярэджваюць пра асцярожнасць у стасунках з алкаголем: «Калі адчуваеце, што яны таксічныя — замяніце келіх на гантэлі ці адцісканні».

Гульню распрацавалі праект-менеджарка з Беларусі Ганна Шымановіч і мастачка Дана Мігунова.

Набыць «Я ніколі не…» з дастаўкай па ўсім свеце можна праз сайт выдавецтва.

Nadvorʼe

На пачатку 2022 года беларусы і беларускі стварылі настольную гульню пра двары, якая дапамагае аб’яднацца і палепшыць жыццё ў горадзе.

«Наша настолка — пра жыццё, пра тое, як зразумець адзін аднаго і разам зрабіць нешта файнае. Як палепшыць сваё жыццё ў горадзе і якія для гэтага ёсць простыя, але эфектыўныя інструменты», — гавораць распрацоўшчыкі гульні. Па іх словах, ідэя паўстала ў пачатку 2021 года, калі стала відавочна, што ў дваровых суполках знікла камунікацыя паміж людзьмі.

Узроставых абмежаванняў няма. Мэта гульні — сабраць людзей «за адным сталом», пазнаёміцца, абмяняцца сваімі меркаваннямі і гісторыямі. Персанажы настолкі Nadvorʼe — людзі, якія ёсць у кожным двары: кіроўца, бабуля, раварыстка і іншыя.

З самага першага кроку гульня вучыць камунікаваць з суседзямі. Распрацоўшчыкі прыдумалі цікавы механізм з перадачай гульні: за яе не трэба плаціць, але трэба знайсці тую суполку ці суседзяў, у якіх ёсць скрыня з гульнёй, і папрасіць пагуляць.

Каб пратэставаць гульню Nadvorʼe першымі, у Google-форме трэба коратка расказаць, чаму вы хацелі б пагуляць у яе. Аўтарам адказаў з цікавай матывацыяй адправяць гульню на тэст.

«Паўстанцы»

Настольная гульня на беларускай мове накшталт «Мафіі». Распрацавалі яе і ў 2013 годзе прэзентавалі ў Гродне арт-галерэя «Крыга» і мінская кнігарня «Логвінаў».

Мэта гульні — паглыбіцца ў атмасферу паўстання 1863 года і адчуць сябе людзьмі таго часу. На пачатку гульні ўдзельнікі атрымліваюць карткі персанажаў і не ведаюць, хто ёсць хто. Задача — выкрыць свайго саперніка. У першай камандзе — дзесяць паўстанцаў, другая каманда — царскія людзі, якія падаўлялі паўстанне. Ёсць у гульні і звычайныя беларусы — яны, напрыклад, разносяць па вёсках навіны пра паўстанне. Ёсць карткі з надпісамі: «касінеры», «шыбеніца», «газета». Ёсць — з партрэтам Каліноўскага. Удзельніку таксама можа выпасці карта з «расстрэлам».

Першая рэдакцыя гульні займела вялікую папулярнасць. Пазней выйшла і другая рэдакцыя. Гульня займела новы дызайн, стала больш дынамічнай, пашырылася яе гістарычнае напаўненне, а таксама з’явіліся два дапаўненні — «праклён» і «падзеі».

Замовіць гульню можна на сайце OZ.by, а таксама svoyaigra.by.

Вярнуцца ўгару