Як жывуць лесбіянкі ў Беларусі, пра што размаўляюць мужчыны на кухні, падкасты мам з сынамі-падлеткамі ці як праходзяць спатканні — беларусы ўмеюць рабіць добрыя падкасты на зусім розныя тэмы, звязаныя з адносінамі.
PALATNO паслухала беларускія падкасты пра адносіны і дзеліцца сваімі назіраннямі.
Змест
«Ты уже?»
У падкасце, які вяла сямейны тэрапеўт Ліза Мароз, ішла гаворка пра незвычайны сэксуальны досвед. Мароз штотыдзень запрашала новых герояў, якія дзяліліся гісторыямі пра сваё сэксуальнае жыццё. Вядоўца запэўнівала, што гэтыя гісторыі зусім не падобныя на тое, што вы чулі пра сэкс раней. Разам з Лізай Мароз у падкастах удзельнічаў зорка KYKY Глеб Сямёнаў.
Апошні выпуск выйшаў у красавіку 2023 года.
«Тревога, перейди на Снуп Дога»
У падкасце вядоўцы абмяркоўваюць з госцямі навіны, адносіны і нават камін-аўты. Пілотны выпуск падкаста з’явіўся яшчэ ў 2021 годзе. Тады размова ішла пра ідэальныя спатканні, клопат пра сябе і адносіны з сябрамі і калегамі. У другім выпуску дзяўчаты разважалі пра смерць, яе планаванне і як перажыць смерць блізкіх. Гэта ўтульны падкаст для тых, хто не мае магчымасці вось зараз паразмаўляць са сваімі сяброўкамі, але можа паслухаць прыкладна тое самае.
Апошні выпуск выйшаў у верасні 2023 года.
«Самый сексуальный подкаст»
У падкасце псіхатэрапеўт Васіль Шаўлякоў і блогерка Саша Цямчык абмяркоўвалі сэксуальнасць і як яна фарміруецца. Вядоўцы абяцалі дапамагчы слухачам крыху больш даведацца пра сябе і навакольны свет. А яшчэ пра тое, навошта звяртацца да сэксолага, размаўляць са сваім партнёрам і прасіць яго дапамагчы, і шмат чаго іншага.
Апошні падкаст выйшаў у 2021 годзе.
«I Hate Date»
У падкасце вядоўца і госці абмяркоўваюць свой досвед спатканняў, але ў цэлым гэты падкаст — пра адносіны. Вядоўца расказвае пра знаёмствы ў інтэрнэце, пра сэкс па сяброўстве, сэксуальную адукацыю, а запрошаныя госці (хлопцы) дзеляцца сваім вопытам спатканняў і ўзаемаадносін з дзяўчатамі.
Апошні падкаст выйшаў пад канец верасня 2023 года.
«Para Sons»
Не вельмі тыповы, але вельмі цікавы падкаст пра адносіны: у ім дзве мамы і два сыны абмяркоўваюць жыццё і праблемы падлеткаў. У першым выпуску размова ішла пра школу. У наступных — як падлетку выжыць у вёсцы, чым адрозніваецца ўяўленне пра апеку ў людзей розных пакаленняў, пра сацыяльныя сеткі і асабістыя межы. Падкаст будзе цікавы бацькам і, безумоўна, іх дзецям.
Апошні выпуск выйшаў у верасні 2023 года.
«Лесбы на балоце»
Даша Рамановіч і Віка Біран у падкасце «Лесбы на балоце» расказвалі пра тое, як быць лесбіянкай у Беларусі. Падкасты выходзілі некалькі гадоў таму, але актуальныя да сёння. Дзяўчаты дзяліліся, як і калі адчулі сябе лесбіянкамі, расказвалі пра свае адносіны з іншымі дзяўчатамі. У некаторых выпусках да гутаркі далучалася псіхатэрапеўтка. Вы не толькі пачуеце гісторыі з жыцця беларускіх лесбіянак, але і даведаецеся, напрыклад, пра тое, чаму важна быць адкрытым бісэксуалам.
Падкасты пачалі выходзіць у 2019 годзе, апошні выпуск быў у 2020-м.
«Кто твой папочка?»
Віктар Кучынскі і Юрый Кірдун у падкасце «Кто твой папочка?» абмяркоўвалі… бацькоўства, а не тое, пра што вы маглі спачатку падумаць. Віктар і Юрый амаль у адзін час сталі бацькамі і вырашылі зрабіць падкаст, у якім рэфлексуюць пра свой бацькоўскі досвед. Ці трэба хрысціць дзіця? Усе мужчыны чакаюць хлопчыка ці гэта ўжо састарэлае ўяўленне? Як сустракаць маці ў радзільні?
Апошні выпуск выйшаў два гады таму, але калі вы хочаце паглядзець на свет бацькоўства вачыма мужчыны, то абавязкова паслухайце гэты падкаст.
«Инфа 100%»
Аўтары падкаста прэзентуюць яго так: «Сапраўдныя мужчынскія размовы на кухні. Цёткі, тачкі, праца, фільмы, рамонт, дзеці. Кожны другі слухач падкаста прыйшоў сюды па рэкамендацыі сяброў, а сябры фігні не будуць раіць. Прыходзьце, бярыце табурэт, піва ў лядоўні, курыць у фортку, акуркі ў банку ад Nescafe».
Першыя выпускі з’явіліся яшчэ ў 2018 годзе. Апошні — пад канец верасня 2023 года.