На беларускім YouTube запусцілі новы відэапраект пра беларускую літаратуру — «Для тых, хто забыўся на радзіму». Каб натхніць людзей чытаць сваю літаратуру, у праекце абмяркоўваюць выбітных беларускіх пісьменнікаў і творы, якія яны нам падарылі.
PALATNO расказвае, што цікавага і незвычайнага можна пабачыць там.
Пра што праект?
Праект стварыла выпускніца ліцэя БДУ Паліна. Разам з ёй шоу вядуць розныя беларусы і беларускі. У кожным выпуску яны чытаюць урыўкі з твораў нашых выбітных аўтараў і абмяркоўваюць іх складаныя, часта трагічныя, але цікавыя лёсы.
Паліна кажа, што праект быў створаны для таго, каб паказаць, наколькі шматбаковай і цікавай можа быць беларуская літаратура. І яшчэ каб абавязкова натхніць чытаць беларускую літаратуру.
Стваральнікі падкрэсліваюць, што яны не прафесіяналы, а аматары беларускай літаратуры.
Вежнавец, Хадановіч, расстраляныя паэты. Што там абмяркоўваюць?
На канале выйшла восем выпускаў: ад Францыска Скарыны да Евы Вежнавец.
Францыск Скарына. Гэта першы выпуск на канале, з яго можна даведацца не толькі пра першадрукара (напрыклад, пра таямніцы яго гравюрнага партрэта), але і цікавосткі пра сам праект: навошта нам беларуская літаратура, якія стэрэатыпы пра яе існуюць, ці мае яна будучыню.
Янка Купала. Праект пра беларускую літаратуру не можа змаўчаць пра Янку Купалу і яго творчы шлях. У відэа абмяркоўваюць складанае жыццё «песняра» і яго трагічную смерць, яго творы і іх актуальнасць сёння.
Максім Багдановіч. У гэтым выпуску гаворка ідзе не толькі пра творчасць паэта, але і пра жанчын, якія паўплывалі на яго. Чаму ён пераклаў свой зборнік на рускую мову, што новага даў беларускай літаратуры, чаму так частка пераязджаў? Пра ўсё гэта — у відэапраекце «Для тых, хто забыўся на радзіму».
Цётка. Як склалася жыццё Алаізы Пашкевіч? Як сяброўка выратавала ёй жыццё? Чаму Пашкевіч узяла такі псеўданім? Які ўдзел брала ў рэвалюцыях 1905 і 1917 гадоў? Чаму ў яе не было твораў пра каханне?
Нерасстраляныя. Адна з самых важных тэм у беларускай літаратуры, пра якую шмат хто даведаўся ўжо па-за сценамі школы. У выпуску расказваецца пра «Чорную ноч», як паэтаў забілі двойчы, чаму Курапаты з’яўляюцца сакральным месцам. Таксама можна даведацца пра паэтаў і пісьменнікаў, чые жыцці перарваліся праз сталінскія рэпрэсіі. А яшчэ — як яўрэйская культура паўплывала на беларускую літаратуру.
Андрэй Хадановіч. У гэтым выпуску абмяркоўваюць Андрэя Хадановіча, яго творчы шлях і цяперашняе жыццё. Можна даведацца крыху больш пра літаратурны пераклад, пра тое, чаму першы зборнік Хадановіча выйшаў на ўкраінскай мове і чаму яго вершы чытаць лягчэй, чым вершы паэтаў мінулага стагоддзя.
Вальжына Морт. У выпуску разбіраюць творчасць беларускай паэткі Вальжыны Морт, абмяркоўваюць паэзію без рыфмы і песні паэткі без музычнага слыху і з адсутнасцю голасу. Выпуск здымалі на могілках, таму атмасфернасць відэа зашкальвае!
Ева Вежнавец. Кніга «Па што ідзеш, воўча?» — бадай што галоўная тэма гадзіннага выпуску праекта. Абмяркоўваюць не толькі самы важны твор Вежнавец (паводле яе ж слоў), але і сэксуальную адукацыю, выкладанне гісторыі ў школе і шмат чаго іншага, што ёсць у сучаснай беларускай літаратуры.