Now Reading
Радыё. Як трымаць сувязь у экстраннай сітуацыі

Радыё. Як трымаць сувязь у экстраннай сітуацыі

радыёсувязь у беларусі

Як звязацца з блізкімі пасля катастрофы, калі будзе адключаны інтэрнэт і не будзе тэлефоннай сувязі? У эпоху смартфонаў і мэсанджараў такое прадставіць амаль немагчыма. Мы лічым, што Telegram заўсёды будзе пад рукой, а сувязь нікуды не знікне.

Але ў 2020-м беларусы зразумелі, што адключыць інтэрнэт і тэлефонную сувязь могуць па ўсёй краіне па шчаўчку. А як можна было звязвацца адно з адным? Ці актуальная радыёсувязь у XXI стагоддзі? Ці можна атрымаць свой пазыўны? І як стаць радыёаматарам у Беларусі?

PALATNO адказвае гэтыя пытанні.

Чаму нельга спадзявацца толькі на смартфон і інтэрнэт

Мабільныя тэлефоны могуць аказацца не вельмі надзейным сродкам падчас розных прыродных катастроф ці калі іх сувязь адмыслова блакіруецца спецслужбамі. Па-першае, вышкі сотавай сувязі могуць быць разбураныя ў выніку землятрусаў, моцных вятроў ці паводак (ці іх проста выключыць таварыш маёр). Вышкі могуць нават не пацярпець ад стыхій, а быць перагружанымі званкамі.

Як выйсце з сітуацыі можна разглядаць спадарожнікавыя тэлефоны, але яны каштуюць вельмі дорага.

Інтэрнэт таксама вельмі ненадзейны як форма экстраннай сувязі. Калі знікае электрычнасць, знікае і інтэрнэт. Пры патрэбе, як паказалі падзеі 2020 года, інтэрнэт могуць выключыць ва ўсёй краіне.

Аматарскае радыё ў Беларусі

У сітуацыі адключэння інтэрнэту і тэлефоннай сувязі можа дапамагчы радыё. У Беларусі любы чалавек можа стаць радыёаматарам. Для гэтага спатрэбяцца наступныя крокі:

  • здаць іспыт;
  • атрымаць асабісты пазыўны, дазвол на выхад у эфір і зарэгістраваць радыёстанцыю ў Беларускай дзяржаўнай інспекцыі па электрасувязі (БелДІЭ).

Іспыт. Прыёмам іспыту займаецца мясцовая кваліфікацыйна-дысцыплінарная камісія Беларускай федэрацыі радыёаматараў і радыёспартсменаў.

Нумары старшынь камісіі па абласцях:

  • Мінск: +375 29 570 73 45
  • Брэст: +375 29 792 70 05
  • Гродна: +375 29 780 95 53
  • Віцебск: +375 29 293 47 03
  • Магілёў: +375 29 246 70 11
  • У Гомелі іспыты здаюцца ў арганізацыі «Гомельскі клуб радыёаматараў “Кварц”»: +375 25 705 26 52

Вам растлумачаць парадак правядзення, адрас і дату найбліжэйшага іспыту. Іспыт прымаецца толькі ў членаў БФРР, таму вам будзе неабходна ўступіць у шэрагі федэрацыі. Для гэтага неабходна заплаціць адну базавую велічыню. У далейшым членства аплачваецца ў памеры паловы базавай велічыні кожны год.

На іспыце трэба будзе адказаць на 30 пытанняў па асновах радыёсувязі і электратэхнікі. Іспыт лічыцца здадзеным, калі правільных адказаў было больш за 21. Іспыт праводзяць у пісьмовым выглядзе ў форме тэста або на камп’ютары. Пасля паспяховай здачы запаўняецца экзаменацыйная ведамасць.

Дазвол на выхад у эфір. Пасля іспыту можна звяртацца ў мясцовае аддзялення БелДІЭ.

Нумары аддзяленняў па абласцях:

  • Мінск: +375 17 208 99 71
  • Брэст: +375 162 21 12 28
  • Віцебск: +375 212 67 98 15
  • Гомель: +375 232 50 77 55
  • Гродна: +375 152 44 84 50
  • Магілёў: +375 222 77 59 76

У БелДІЭ трэба будзе даць экзаменацыйную ведамасць, запоўніць тры заявы (формы, узоры і спосабы аплаты ёсць па спасылках):

«Выдача пасведчання аб рэгістрацыі радыёэлектроннага сродку, які з’яўляецца крыніцай электрамагнітнага выпраменьвання, грамадзянскага прызначэння»,
«Выдача дазволу на права выкарыстання радыёчастотнага спектра пры эксплуатацыі радыёэлектроннага сродку грамадзянскага прызначэння аматарскай і аматарскай спадарожнікавай радыёслужбы»,
«Выдача дазволу радыёаматару (Radio Amateur Licence)».

Першыя два дакументы будуць платныя, чэкі трэба будзе аднесці ў БелДІЭ.

Калі вы запоўнілі ўсе дакументы правільна і правялі аплату, то цягам месяца вам аформяць дазвол на працу ў эфіры і прысвояць пазыўны.

Атрыманне пазыўнога. Для здачы кваліфікацыйнага іспыту на атрыманне дазволу радыёаматару неабходна падаць заяву не пазней чым за сем дзён да дня правядзення іспыту і ўнесці плату.

Па пытаннях месца, часу і парадку здачы кваліфікацыйнага экзамену на атрыманне дазволу радыёаматару звяртацца да сакратара экзаменацыйнай камісіі (г. Мінск, вул. Кірава, 33-2н, тэл. +375 17 208 99 71).

Вось карысныя спасылкі:
экзаменацыйныя білеты;
• тэсты для праверкі на ліцэнзію класа С (раз, два);
тэсты для праверкі на ліцэнзію класа В.

Як радыёаматары дапамагалі ратаваць людзей

11 верасня. Радыёаматары дапамагалі агенцтвам і арганізацыям ужо ў першы хвіліны пасля тэрарыстычных атак у ЗША 11 верасня 2001 года. Праз радыё дапамагалі распаўсюджваць навіны ад афіцыйных ведамстваў, а таксама дапамагалі каардынаваць працу валанцёраў.

Ураган «Катрына». Падчас урагану служба 911 была перагружаная званкамі, і ў гэтай сітуацыі на дапамогу прыйшлі радыёаматары. Яны, напрыклад, дапамаглі выратаваць 15 чалавек з даху дома: выратавальнікаў накіроўвалі да месца здарэння праз радыё.

Землятрус у Непале. Падчас землятрусу пацярпелі больш за 30 тысяч чалавек. У сувязі з частымі адключэннямі электраэнергіі і няўстойлівым інтэрнэт-злучэннем менавіта радыёаматары запоўнілі прабел у сувязі. Яны перадавалі паведамленні паміж сваякамі — так людзі і трымалі сувязь між сабой.

Вярнуцца ўгару