
PALATNO расказвае, якія серыялы паглядзець гэтым летам.
Змест
«Забойствы ў адным будынку» (Only Murders in the Building)
Год: 2021 — …
Трое абсалютна розных людзей жывуць у адным доме ў Нью-Ёрку. Саседзі не сябруюць паміж сабой, але выпадкова даведваюцца, што яны ўтраіх любяць падкасты пра злачынствы. Галоўныя героі — былы акцёр, крыху эксцэнтрычны тэатрал і маладая дзяўчына — пачынаюць разам расследаванне смерці, якая адбылася ў іх доме, бо не вераць у афіцыйную версію паліцыі. Яны запускаюць уласны тру-крайм падкаст пра гэтае злачынства і пачынаюць даведвацца новыя, часам цёмныя факты пра суседзяў і саміх сябе.
Навошта глядзець?
Кожная серыя з’яўляецца маленькім эпізодам тру-крайма, але гэта не толькі дэтэктыў, але і камедыя. Часам за лёгкай камедыяй хаваюцца сур’ёзныя тэмы. У кожнага героя — асобная гісторыя: усе яны розныя, недасканалыя, але жывыя, а камунікацыя паміж імі — сапраўдная асалода для гледача.
«Белы лотас» (White Lotus)
Год: 2021 — …
Гісторыя кожнага сезону адбываецца ў шыкоўным курорце сеткі «Белы лотас». Гледачу паказваюць некалькі груп гасцей: сямейныя пары, сяброў, а таксама персанал гасцініцы. З першага эпізоду мы ўжо ведаем, што адбыўся нейкі трагічны інцыдэнт, але што канкрэтна адбылося — раскрываецца паступова. Асноўны акцэнт робіцца не на самім злачынстве, а на развіцці адносін паміж героямі.
Навошта глядзець?
Серыял тонка, але трапна паказвае супярэчнасці паміж багатымі і беднымі, мужчынамі і жанчынамі, турыстамі і мясцовымі жыхарамі. У серыяле няма чыста добрых ці злых людзей, але яны вельмі рэальныя, са сваімі сакрэтамі. Дарэчы, можна не глядзець усе сезоны запар, а можна пачаць з любога. Акторскі склад у кожным сезоне цалкам абнаўляецца, але агульны стыль і вайб серыялу захоўваецца.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Ад «Інтэрстэлара» да «Першага чалавека». Галоўныя фільмы пра космас за апошнія дзесяць гадоў
Дзіўныя, але цікавыя аўтарскія фільмы, што зменяць разуменне кінематографа
Сем серыялаў пра людзей з надзвычайнымі здольнасцямі
«Мядзведзь» (The Bear)
Год: 2022 — …
Малады і таленавіты шэф Кармі вяртаецца ў родны Чыкага пасля асабістай сямейнай трагедыі. Ён пачынае кіраваць маленькім сямейным кафэ, якім раней займаўся яго брат. Галоўны герой сутыкаецца з рэальнасцю рэстараннага бізнесу: неарганізаваная каманды, пазыкі, асабістыя драмы і ціск чаканняў — як чужых, так і яго ўласных. Кармі спрабуе наладзіць працу кафэ, разабрацца з псіхалагічнымі праблемамі.
Навошта глядзець?
Серыял часта нагадвае сапраўдную кухню рэстарана ў самы разгар змены, але гэты серыял не пра ежу, а пра людзей. Акцёр, які гуляе Кармі, Джэрэмі Ален Уайт адзначаўся за шыкоўную і праўдзівую гульню. Кожны эпізод доўжыцца каля 30 хвілін, але насычаны падзеямі і эмоцыямі.