Яго лічылі адным з самых магутных і ўплывовых людзей свайго часу, стваральнікам французскай абсалютнай манархіі і майстрам інтрыг… Яго імя — Арман Рышальё, якога многія ведаюць па мянушцы «шэры кардынал». Ён быў не толькі геніяльным палітыкам і стратэгам, але выбітным святаром і жорсткім стратэгам.
PALATNO расказвае гісторыю сапраўднага «шэрага кардынала».
Ад жадання стаць вайскоўцам да кар’еры святара
Арман Рышальё нарадзіўся ў 1585 годзе ў Парыжы ў небагатай, але шляхетнай сям’і. Яго бацька быў вайскоўцам, займаў пасаду сярод каралеўскіх гвардзейцаў і карыстаўся даверам французскага караля. Пасля смерці бацькі сям’я знаходзілася ў цяжкім фінансавым становішчы. У Армана было два браты і дзве сястры: старэйшы брат стаў манахам, што пазней паўплывала на рашэнне Рышальё аб выбары кар’еры.
Спачатку хлопец планаваць пабудаваць ваенную кар’еру як бацька, але паводле жадання сям’і стаў святаром. З дзяцінства Арман быў разумным і амбіцыйным хлопчыкам, а яго маці паклапацілася, каб ён атрымаў добрую адукацыю.
Ужо ў 1607 годзе ён быў прызначаны біскупам Люсона: на гэтай пасадзе ён паказаў сябе як здольны кіраўнік. Цікава, што на той час яму было ўсяго 22 гады і ён не мог заняць пасаду, але пасля атрымання спецыяльнага дазволу ад Папы Рымскага стаў біскупам.
З часам Рышальё паказаў сябе не толькі як здольны кіраўнік, а як выдатны дыпламат і прамоўца. З часам ён пачаў наведваць каралеўскі двор. Ён хутка трапіў у поле зроку каралевы-маці, Марыі Медычы. У 1610 годзе, пасля забойства караля Генрыха IV, Рышальё стаў дарадцам каралевы-маці. Марыя Медычы дапамагла атрымаць Рышальё першую важную пасаду — міністра замежных спраў у 1616 годзе. Праз некаторы час ён стаў кардыналам і галоўным дарадцам караля.
Ранняе жыццё Армана Рышальё — гэта гісторыя чалавека, які здолеў пераадолець фінансавыя і сацыяльныя цяжкасці дзякуючы сваёй адукаванасці і амбіцыйнасці. А далей пачалося сапраўднае жыццё «шэрага кардынала»…
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Борджыя, Людовік і Генрых. Самыя крывадушныя ўчынкі гістарычных дзеячаў
Заморскія тэрыторыі ВКЛ: ці былі яны і дзе знаходзіліся?
А што з рэпутацыяй «шэрага кардынала»?
Рышальё быў кардыналам, але яго ўлада і ўплыў значна пераўзыходзілі фармальную ролю святара, таму мянушка «шэры кардынал» замацавалася за ім. Рышальё не толькі ўплываў на палітыку, але практычна кіраваў дзяржавай ад імя Людовіка XIII.
Ён быў вядомы сваёй інтрыганцкай і дальнабачнай палітыкай, якая была накіравана на ўмацаванне цэнтральнай улады і пазбаўленне ад пагроз для манархіі.
Рышальё паслядоўна ліквідаваў уплыў магутных феадалаў, якія маглі пагражаць цэнтральнай уладзе. Ён жорстка падаўляў паўстанні феадалаў і разбураў іх умацаваныя замкі. Рышальё абмежаваў правы гугенотаў (французскіх пратэстантаў), што ліквідавала іх палітычную аўтаномію, але кардынал пакінуў ім рэлігійную свабоду. Арман быў майстрам дыпламатыі і актыўна ўдзельнічаў у Трыццацігадовай вайне ў 1618-1648 гадах, каб аслабіць уплыў Габсбургаў у Еўропе. Рышальё падтрымліваў пратэстанцкія дзяржавы ў Германіі і Швецыі, нягледзячы на сваю рэлігійную прыналежнасць.
Рышальё ўводзіў новыя падаткі, каб фінансаваць вайсковыя і адміністратыўныя патрэбы, хоць гэта выклікала незадаволенасць сярод насельніцтва. Ён таксама распрацаваў сістэму каралеўскіх інтэндантаў, якія кіравалі правінцыямі, што яшчэ больш аслабляла ўплыў мясцовых феадалаў. Рышальё быў вядомы як мецэнат: менавіта ён быў заснавальнікам вядомай Французскай акадэміі (Académie française), якая дагэтуль захоўвае статус адной з самых прэстыжных устаноў развіцця французскай культуры і мовы.
Значнасць Рышальё пры французскім двары нажыла яму шмат ворагаў, а каб перадухіліць змовы супраць сябе і караля выкарыстоўваў шпіёнаў. Яго ворагамі былі не толькі магутныя феадалы, а з часам нават каралева-маці. Рышальё падняўся ў каралеўскім двары дзякуючы Марыі Медычы, але потым паступова пазбавіў яе ўлады: у 1630 годзе кардынала спрабавалі адхіліць ад улады, аднак ён захаваў сваю пазіцыю, а Медычы выдалілі з двара.
Арман Рышальё памёр у 1642 годзе. Гэта адбылося праз некалькі месяцаў пасля падаўлення чарговай змовы супраць яго. Спадчына Рышальё аказалася сапраўды магутнай: ён заклаў асновы абсалютнай манархіі ў Францыі, якая дасягнула піку пры Людовіку XIV; яго палітыка ўмацавала Францыю як адну з самых магутных дзяржаў у Еўропе.
Рышальё скрозь стагоддзі застаецца адной з самых знакавых постацей у французскай гісторыі. Яго імя асацыюецца з інтрыгамі, хітрымі стратэгіямі і палітычным майстэрствам, а яго вобраз дагэтуль папулярны ў літаратуры і кіно.