Беларусь — адзіная краіна СНД і Еўропы, дзе дагэтуль прымяняецца смяротнае пакаранне. Заходнія краіны і міжнародныя арганізацыі патрабуюць ад беларускіх уладаў адмовіцца ад такой меры пакарання. Вядома, што сярод мноства судовых рашэнняў ёсць і памылковыя. PALATNO расказвае, колькі людзей ужо расстралялі ў Беларусі з 1996 года, за што прывялі ў выкананне гэтыя прысуды і ці могуць пакараць смерцю «за палітыку».
Змест
За што могуць расстраляць у Беларусі
На рэферэндуме 1996 года за смяротнае пакаранне ў Беларусі прагаласавала больш за 80% выбаршчыкаў.
У 1997 годзе ў крымінальным кодэксе як альтэрнатыва смяротнаму пакаранню з’явіліся 25-гадовы і пажыццёвы турэмныя тэрміны за асабліва цяжкія злачынствы. Гэта значыць, што да 1997 года такой альтэрнатывы не існавала.
Афіцыйнай інфармацыі аб тым, колькі людзей расстралялі ў Беларусі — няма. Гэтыя дадзеныя не раскрываюцца. Але па звестках праваабаронцаў і журналістаў, з 1990 года па 2020 год у Беларусі да расстрэлу прысудзілі больш за 400 чалавек. У сярэдзіне 1990-х колькасць вынесеных смяротных прысудаў даходзіла да 47 у год, у апошнія некалькі гадоў гэтая лічба вагаецца ад нуля да чатырох. Гэта звязваюць з тым, што суддзі ўсё часцей сталі замяняць смяротнае пакаранне пажыццёвым зняволеннем.
Смяротнае пакаранне прадугледжваюць 12 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, але ў кожным выпадку ёсць альтэрнатывы.
Часцей за ўсё да смяротнага пакарання прысуджаюць за забойства з асаблівай жорсткасцю двух і больш чалавек. Жанчын, падлеткаў да 18 гадоў і мужчын, якім на момант вынясення прысуду споўнілася 65, не расстрэльваюць.
25 сакавіка 2023 года ў сілу ўступілі папраўкі ў кодэксы аб крымінальнай адказнасці, якія прадугледжваюць смяротнае пакаранне для чыноўнікаў і вайскоўцаў за дзяржаўную здраду, а таксама крымінальную адказнасць за прапаганду тэрарызму і дыскрэдытацыю арміі.
Галоўная мэта прынятага дакумента — «узмацненне процідзеяння злачынствам экстрэмісцкай (тэрарыстычнай) і антыдзяржаўнай накіраванасці».
Што тычыцца памілавання, вядома пра два выпадкі, калі па рашэнні Лукашэнкі чалавеку замянілі расстрэл на працяглы тэрмін зняволення.
Першы выпадак — справа Дзмітрыя Хархаля, які ў 1994 годзе забіў двух чалавек у Мінску. Смяротнае пакаранне яму замянілі на 15 гадоў калоніі. Да 1998 года гэта быў максімальны тэрмін, іншай альтэрнатывы расстрэлу не існавала.
У 2021 годзе Лукашэнка памілаваў братоў Іллю і Станіслава Косцевых, якія ў красавіку 2018 года жорстка забілі суседку. Для таго, каб схаваць сляды злачынства, яны падпалілі яе дом. Расстрэл замянілі на пажыццёвы тэрмін.
Кожную справу разглядае спецыяльная камісія па памілаванні, куды ўваходзяць прадстаўнікі сілавых структур, Вярхоўнага суда, Мінюста, адвакатуры і навукоўцы, аднак канчатковае рашэнне — за Лукашэнкам. Пра рашэнне асуджаным паведамляюць непасрэдна перад расстрэлам.
Рэзанансныя выпадкі ў Беларусі
Ігар Міранкоў
У 1996 годзе расстралялі самага вядомага маньяка як БССР, так і незалежнай Беларусі — Ігара Міранкова. Ён дзейнічаў у Светлагорску. 2 чэрвеня 1990 года Міранкоў згвалціў, а затым зарэзаў 13-гадовага хлопчыка, які гуляў адзін у лесе. 16 красавіка 1991 года мужчына здзейсніў другое падобнае злачынства. На гэты раз ахвярай стаў хлопчык 10 гадоў.
У 1993 годзе Міранкова судзілі за разбойны напад і прысудзілі 3 гады папраўчых работ. Паколькі ён быў на добрым рахунку ў кіраўніцтва, яму часта давалі трохдзённыя адпачынкі. Падчас гэтых адпачынкаў Міранкоў здзейсніў новыя злачынствы: забіў і згвалціў яшчэ 4 хлопчыкаў.
Самай малодшай яго ахвяры было ўсяго 9 гадоў.
Жыхары Светлагорска перасталі адпускаць гуляць сваіх дзяцей адных. А міліцыя ніяк не магла злавіць Міранкова з-за таго, што ён афіцыйна знаходзіўся ў зняволенні.
27 красавіка 1994 года маньяка зноў арыштавалі. Гэтым разам — за крадзеж бензіну. І на адным з допытаў ён прызнаўся ў забойстве 6 дзяцей. Справу адразу засакрэцілі. Рассакрэцілі яе толькі ў 2007 годзе.
Міранкова змясцілі ў адзіночную камеру ў Рэчыцы. Следчыя эксперыменты праводзілі пад строгім сакрэтам — улады баяліся самасуду.
Ігар Міранкоў сцвярджаў, што пасля кожнага злачынства яго ахопліваў страх. А на месца смерці сваёй першай ахвяры ён прыязджаў тры разы і плакаў.
Андрэй Юрчак
Андрэй Юрчак у лістападзе 1999 года захацеў забраць усе грошы сваіх бацькоў. Спачатку двойчы сякерай ударыў па галаве бацьку, а потым нанёс восем удараў маці. Абое імгненна памерлі. Пасля гэтага ён спакойна скраў 7 тысяч даляраў, 325 нямецкіх марак і 5 400 беларускіх рублёў. Каб схаваць сляды злачынства і пазбавіцца ад магчымых сведак, Юрчак у гаражы ў салоне аўтамабіля задушыў сваю малодшую сястру. Яе труп ён схаваў у прычэпе.
Падчас следства ён растлумачыў, што грошы скраў для куплі новага аўтамабіля, таму што бацькі не хацелі іх яму даваць.
Прысуд прывялі ў выкананне ў 2000 годзе.
Вілейчук, які забіў дзяўчыну і яе палюбоўніка
12 чэрвеня 2013 года вынеслі яшчэ адзін смяротны прысуд — 23-гадоваму жыхару Вілейкі.
У 2012 годзе ў Гродне мужчына забіў жонку і яе палюбоўніка.
Злачынца прызнаўся, што ўсе трое захапляліся акультызмам і сатанізмам. Спачатку яны размаўлялі ў інтэрнэце, затым пазнаёміліся ў рэальным жыцці. Паміж яго жонкай і жыхаром Гродна завязаліся адносіны. Калі мужчына не знайшоў дома жонку, ён паехаў у Гродна. Там у стане рэўнасці ён нанёс сваёй жонцы і яе палюбоўніку мноства колатых ран. Цела гаспадара кватэры ён расчляніў і выкінуў у смеццевы бак непадалёк, а яго галаву забраў з сабой у якасці трафея.
У выніку забойцу заўважылі са слядамі крыві на вопратцы, калі ён выкідваў цела. Затым падазраванага бачылі на чыгуначным вакзале ў Гродна, дзе ён сеў у цягнік да Баранавічаў. Цягнік спынілі ў Ваўкавыску, а злачынцу затрымалі. З сабой ён вёз вывараны чэрап забітага гаспадара кватэры.
Як рэагуюць іншыя краіны
Пакуль у краіне захоўваецца смяротнае пакаранне, Беларусь не можа ўвайсці ў Савет Еўропы. Генеральны дырэктар па правах чалавека і прававых пытаннях Філіп Буайя ўпэўнены, што адмена смяротнага пакарання ў Беларусі палепшыць адносіны краіны з Саветам Еўропы.
У 2009 годзе Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі Камітэт і Amnesty International запусцілі кампанію «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання». Арганізатары ініцыятывы лічаць, што жыццё з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю, натуральным і неад’емным правам чалавека. Смяротнае пакаранне яны расцэньваюць як парушэнне права на жыццё, гарантаванае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі дамовамі ў галіне правоў чалавека.
У 2012 годзе Камітэт ААН па правах чалавека пастанавіў, што прывядзенне смяротных прысудаў у выкананне ў Беларусі ўяўляе сабой парушэнне правоў асуджаных і іх родных. Ён таксама заявіў, што адмова паведаміць родным дату расстрэлу, месца пахавання і выдаць цела — гэта «запалохванне і пакаранне сям’і шляхам наўмыснага ўтрымання яе ў стане нявызначанасці і душэўных пакут», «раўнасільныя бесчалавечнаму абыходжанню».
У 2019 годзе адбыўся афіцыйны візіт Лукашэнкі ў Аўстрыю. Аўстрыйскі прэзідэнт Ван дэр Белен пачаў размову са слоў пра смяротнае пакаранне ў Беларусі і сказаў, што выступае катэгарычна супраць. «Нават калі смяротнае пакаранне прымяняецца толькі да тых, хто здзейсніў цяжкія злачынствы, Беларусь не можа стаць сябрам Савета Еўропы датуль, пакуль смяротнае пакаранне не будзе адмененае. І аўстрыйскі бок раіць падумаць аб увядзенні мараторыя». На што Лукашэнка адказаў: «Скажыце, а якое меркаванне вашых грамадзян наконт смяротнага пакарання? Не ведаеце. У гэтым і сутнасць вашай дэмакратыі». Ён дадаў, што рэферэндум вырашыў гэтую праблему, рэферэндум увёў смяротнае пакаранне ў Беларусі, таму толькі рэферэндум можа яго адмяніць.
У 2022 годзе ў Гродзенскай турме праходзіў працэс па «справе Аўтуховіча», фігурантаў абвінавачвалі ў тым ліку ў арганізацыі тэрарыстычнага акта (некаторыя абвінавачаныя прызнаныя палітвязнямі). Прапаганда падкрэслівала, што Аўтуховіча могуць расстраляць паводле рашэння суда.
Расстрэлаў палітвязняў у Беларусі пакуль не было.
Міхасевіч і невінаватыя
Варта таксама адзначыць, што некаторыя судовыя рашэнні ў Беларусі аказаліся памылковымі. Напрыклад, 19 мая 1987 года вынеслі прысуд Генадзю Міхасевічу. Замест 22 нераскрытых забойстваў ён расказаў пра 43 (у судзе было даказана 33), у тым ліку — 13 забойстваў, за якія асудзілі 14 невінаватых. Аднаго з іх прысудзілі да смяротнага пакарання і расстралялі.
Выбух у мінскім метро
11 красавіка 2011 года адбыўся выбух у мінскім метро. Загінулі 15 чалавек, пацярпелі больш за дзве сотні.
Падазраваных, 25-гадовых Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, знайшлі цягам сутак. Яшчэ да рашэння суда Лукашэнка называў затрыманых выканаўцамі тэракта. Паводле яго слоў, сілавікам спатрэбіліся ўсяго суткі для таго, каб знайсці злачынцаў, «не выходзячы з кабінетаў, без шуму, стрэлаў і траскатні».
Суд «прыняў да ўвагі, што Канавалаў доўгі час здзяйсняў злачынствы і што ў яго лабараторыі было шмат рэчываў для вырабу новых бомбаў», і прыйшоў да высновы, што Кавалёў і Канавалаў уяўляюць выключную пагрозу для грамадства і таму да іх трэба ўжыць вышэйшую меру пакарання.
Падчас судовага працэсу меркаваны выканаўца тэракта Канавалаў маўчаў, а Кавалёў адмовіўся ад сваіх папярэдніх паказанняў і заявіў, што ён агаварыў Канавалава пад ціскам.
У інтэрнэце арганізавалі збор подпісаў супраць смяротнага пакарання для Кавалёва і Канавалава, сабралі звыш 50 тысяч подпісаў.
Праз паўгода Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Канавалава і Кавалёва вінаватымі і прыгаварыў да расстрэлу. Матывы выбуху так і не былі ўстаноўлены.
Асуджаных расстралялі ў сакавіку 2012 года, праз чатыры месяцы пасля вынясення прысуду і за месяц да першай гадавіны выбуху ў метро.
Незалежныя сацыёлагі ў 2011 годзе апублікавалі вынікі апытання, па якіх 43,4% беларусаў лічылі Канавалава і Кавалёва невінаватымі. Многія эксперты дагэтуль паказваюць нестыкоўкі ў матэрыялах справы.