Калі любіце падкасты, створаныя беларусамі, па-беларуску і не толькі, то гэтая падборка — для вас. Кожны знойдзе для сябе штосьці цікавае і незвычайнае — будзе трошачкі і пра піва, і пра Ілана Маска, і пра эротыку. Паехалі!
Змест
Гісторыя беларускага сексу
Пра што: падкаст пра секс у беларускім фальклоры, дзе будзе ўсё, што вы хацелі даведацца аб цнатлівасці і «бязгрэшнасці» нашых продкаў і аб тым, як беларусы кахаліся тады і цяпер.
Каму слухаць: усім, хто мае 18+ год і хто цікавіцца беларускім фальклорам. І сексам.
Працягласць выпускаў: ад 10 да 40 хвілін.
Колькасць эпізодаў: 17.
«Многие историки стеснялись и краснели, описывая быт беларуских крестьян и их нецензурные, пошлые шуточки и песенки, которые чем-то напоминают шуточки современных сексуально озабоченных школьников».
Белліт пад піва
Пра што: падкаст, дзе тры дзяўчыны чытаюць цікавыя творы з беларускай літаратуры, жартуюць і адначасова п’юць піва.
Каму слухаць: тым, хто шукае ці ўжо чытае нетыповую беларускую літаратуру, то бок той самы «белліт, дзе ёсць не толькі вайна і вёска», як пішуць аўтаркі на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Працягласць выпускаў: ад 40 хвілін да 1,5 гадзіны.
Колькасць эпізодаў: 26.
«Гэта жорсткі белліт, нетыповы. Ён шырокі, вялікі, і трэба яго неяк папулярызаваць і распавядаць, што, у белліце ёсць секс, ёсць мацюкі, ёсць рок-н-рол».
Беларускія байкі
Пра што: падкаст вядзе прафесар ЕГУ Аляксандр Калбаска, які робіць гэта ў першую чаргу для сваёй маленькай унучкі, якая жыве ў Швейцарыі. Распавядаюць гісторыі пра людзей, мясціны, падзеі і рэчы, звязаныя з Беларуссю. Таксама цікава, што спосаб размовы вядучага крыху нагадвае гаворку Ёды, героя «Зорных войнаў», і гэта не можа не выклікаць цёплую ўсмешку.
Каму слухаць: усім, хто цікавіцца беларускай мовай і гісторыяй Беларусі.
Працягласць выпускаў: ад 5 да 50 хвілін.
Колькасць эпізодаў: 54.
«У часы ВКЛ сярод шляхты нормай лічылася выпіваць да трох літраў піва штодня. Піва лічылася больш здаровым напоем, чым вада, і пілі яго літаральна з раніцы да вечара».
Vandra
Пра што: падкаст пра турызм у Беларусі, а таксама пра яе людзей, прыроду і традыцыі. Асцярожна, кожны выпуск павышае турыстычную пісьменнасць!
Каму слухаць: аматарам вандровак і беларускага фальклору.
Працягласць выпускаў: ад 20 да 45 хвілін.
Колькасць эпізодаў: 21.
«Хтосьці сядзе і паедзе ў чарговую вандроўку, каб не проста паглядзець на касцёл ці сядзібу, а каб паразмаўляць з тутэйшымі, распытаць пра іх лёс, знайсці нейкія цікавосткі і абавязкова распавесці іншым».
Малус
Пра што: літаратурны падкаст у фармаце пастановак, агучаных акцёрамі тэатральнай групы «Купалаўцы». Творы для праекта напісаныя пісьменнікам Кірылам Стаселькам і расказваюць аб падзеях у Беларусі.
Каму слухаць: усім, хто любіць аўдыёпастаноўкі, беларускі тэатр і, канешне, свабодных купалаўцаў.
Працягласць выпускаў: ад 5 да 35 хвілін.
Колькасць эпізодаў: 19.
«Вось нарэшце з’явіўся нябожчык, з якім мы можам развітацца і разысціся адсюль. Нам жа было нічога не вядома, ці быў іншы нябожчык, але мы ўжо прыехалі, усё выпілі, доўга чакалі. А можа, наканавана было прыехаць на развітанне з адным з нас?».
Тэхнавука
Пра што: падкаст пра навіны і цікавыя факты са свету тэхналогій, навукі і космасу.
Каму слухаць: (не)фанатам Ілана Маска і ўсім, хто цікавіцца навінкамі тэхнікі і дакладнымі навукамі.
Працягласць выпускаў: ад 15 да 30 хвілін.
Колькасць эпізодаў: 10.
«NASA запусціла самы дасканалы на дадзены момант тэлескоп, з дапамогай якога мы можам разглядзець святло, якое мільярды гадоў выпраменьвалі старажытныя зоркі. Гэта адзіная даступная для нас машына часу».
Пашпарт грамадзяніна
Пра што: падкаст пра гісторыю, культуру і мастацтва Беларусі ад Радзівілаў, дарэвалюцыйнага Мінска і БНР да беларускага кіно і рок-н-рола.
Каму слухаць: усім, хто цікавіцца беларуская гісторыяй і культурай.
Працягласць выпускаў: ад 10 да 45 хвілін.
Колькасць эпізодаў: 36.
«Захаваўся ўспамін аднаго з першых беларускіх рокераў Уладзіміра Спірыдовіча пра тое, як яны рэпетавалі і давалі канцэрты, седзячы на дрэвах у цяперашнім Купалаўскім скверы ў Мінску».
Буква Ю
Пра што: падкаст пра ментальнае здароўе. Псіхалагіня з Брэста размаўляе з героямі, якія маюць псіхічныя захворванні, і з экспертамі ў сферы псіхічнага здароўя. Абмяркоўваюцца галоўныя пытанні і стэрэатыпы, звязаныя з гэтай тэмай.
Каму слухаць: усім, каго цікавіць тэма ментальнага здароўя і псіхалогія.
Працягласць выпускаў: ад 15 хвілін да 1 гадзіы.
Колькасць эпізодаў: 7.
«Если вы не можете вставать, не можете работать так, как раньше, если вам ничего не хочется и ваша жизнь потеряла смысл, то вам следует обратиться к психологу либо психотерапевту за помощью».
Белліт
Пра што: падкаст пра сусветную і беларускую літаратуру, кніжныя навінкі, літаратурныя цікавосткі і калякніжныя тэмы. Таксама запрошаныя госці — перакладчыкі, пісьменнікі і журналісты — расказваюць пра свае улюбёныя кнігі і творы.
Каму слухаць: усім, цікавіцца літаратурай і любіць чытаць.
Працягласць выпускаў: ад 15 хвілін да 2,5 гадзіны.
Колькасць эпізодаў: 73.
«Мы жывём у такія часы, калі выраз “Мы рождены, чтоб Кафку сделать былью” ужо не падаецца проста смешнай перапрацоўкай песні».
Цёмны лёс
Пра што: падкаст ад АйЦіБарады аб беларусах за мяжой і не толькі, аб іх прафесіях і аб тым, што яны думаюць аб Беларусі і беларускасці. Большасць выпускаў — пра навуку і IT, але ёсць таксама і пра коміксы, стэндап, музыку і гэтак далей.
Каму слухаць: усім цікаўным асобам 18+ і, магчыма, тым, хто хоча «увайсці ў айці».
Працягласць выпускаў: ад 1,5 да 3,5 гадзіны.
Колькасць эпізодаў: 13.
«Беларусь — гэта кветка, якая расквітнее. Расквітнее з часам. Калі надвор’е зменіцца».