Ва ўсе часы прамовы лідараў натхнялі людзей, змянялі лёсы нацый і пераасэнсоўвалі сусветныя парадкі. Прамова Пярыкла ўшаноўвала афінскую дэмакратыю, палымянныя словы Марціна Лютэра Кінга мное казалі пра роўнасць, Пуцін крытыкаваў аднапалярны свет у Мюнхенскай прамове, а Грэта Тунберг кідала выклік сусветным лідарам за бяздзейнасць у барацьбе з кліматычным крызісам — кожная з гэтых прамоў пакінула след у сусветнай гісторыі. Кожны з прамоўцаў уздымаў важныя пытанні свайго часу і фарміраваў будучыню для наступных пакаленняў.
PALATNO расказвае пра знакамітыя прамовы, якія засталіся ў гісторыі.
Змест
Прамова Пярыкла над магіламі воінаў
Прамова Пярыкла, вядомая як «Надмагільная прамова», — адзін з найбольш знакавых дакументаў старажытнай Грэцыі і важны момант у гісторыі афінскай дэмакратыі. Пярыкл выступаў з прамовай у пачатку Пелапанескай вайны, калі Афіны змагаліся супраць Спарты і яе саюзнікаў. Прамову апісаў і захаваў гісторык Фукідыд у творы «Гісторыя Пелапанескай вайны».
Выступ Пярыкла адбыўся падчас публічнай цырымоніі ў Афінах у гонар тых, хто загінуў у першы год вайны. У Старажытнай Грэцыі было традыцыяй ушаноўваць загінулых воінаў асаблівымі публічнымі рытуаламі і прамовамі, з якімі часта выступалі значныя палітыкі ці лідары. У гэтым выпадку прамоўцам быў Пярыкл, стратэг і лідар Афінаў, які ўзначальваў горад у эпоху яго росквіту.
Адна з галоўных тэм прамовы — гэта ўшанаванне Афінскай дэмакратыі. Пярыкл выкарыстаў магчымасць для таго, каб прадэманстраваць перавагі афінскай палітычнай сістэмы ў параўнанні з іншымі дзяржавамі. Ён сцвярджаў, што афінская дэмакратыя дазваляе кожнаму грамадзяніну ўдзельнічаць у палітычным жыцці, незалежна ад яго сацыяльнага статусу або багацця. У Афінах кіруюць законы, а не людзі, што робіць іх грамадства больш справядлівым і свабодным.
Пярыкл падкрэсліў, што Афіны не толькі моцная дзяржава, але культурны і маральны лідар у Грэцыі. Прамоўца падкрэсліў, што афінская культура — гэта не толькі вынік індывідуальнага таленту, але і вынік калектыўнай свабоды і роўнасці.
Адна з ключавых частак прамовы была прысвечана ўшанаванню загінулых воінаў. Пярыкл адзначыў, што яны памерлі ў змаганні за сваю радзіму, за ідэалы свабоды і дэмакратыі. Ён падкрэсліў, што іх смерць не была марнай, бо яны памерлі за найвышэйшую мэту — абарону Афін і каштоўнасцяў. Такім чынам, Пярыкл абвясціў, што іх імёны будуць заўсёды жыць у памяці грамадства, а іх ахвяра стане прыкладам для будучых пакаленняў.
Прамова Пярыкла лічыцца адной з найлепшых прамоў у гісторыі і шырока вывучаецца як узор палітычнага красамоўства і дыпламатыі. Яна адыграла важную ролю ў фарміраванні афінскай ідэнтычнасці і ўшанаванні каштоўнасцяў дэмакратыі, якія пазней сталі асновай заходняй цывілізацыі.
«Прэч з Індыі!»: прамова Махатмы Гандзі
Прамова Махатмы Гандзі Quit India Speech адбылася 8 жніўня 1942 года ў Бамбеі (сучасны Мумбаі) на пасяджэнні Усецэнтральнага выканаўчага камітэта Індыйскага нацыянальнага кангрэса. Гэта прамова стала знакавай падзеяй у гісторыі барацьбы Індыі за незалежнасць ад брытанскага каланіяльнага кіравання. Гандзі заклікаў індыйцаў да шырокага грамадзянскага супраціву для атрымання поўнай незалежнасці.
На момант прамовы Індыя ўсё яшчэ была часткай Брытанскай імперыі. У той час у свеце ішла Другая сусветная вайна, і Брытанія, якая змагалася супраць нацысцкай Германіі і яе саюзнікаў, імкнулася ўцягнуць Індыю ў вайну. Гэта выклікала вялікую незадаволенасць сярод індыйцаў, якія лічылі, што іх краіна павінна спачатку атрымаць незалежнасць, каб мець права самастойна вырашаць, ці ўдзельнічаць у вайне.
Гандзі і Індыйскі нацыянальны кангрэс падтрымлівалі палітыку негвалтоўнага супраціву (сацьяграха) на працягу многіх гадоў. Але пасля таго, як індыйскія патрабаванні пра самакіраванне былі праігнараваныя брытанскімі ўладамі, рух за незалежнасць стаў больш радыкальным.
Гандзі выказаў у сваёй прамове яснае патрабаванне: Індыя павінна атрымаць поўную і неадкладную незалежнасць ад брытанскага кіравання. Ён сцвярджаў, што Індыя больш не можа заставацца пад уладай брытанцаў і павінна сама вызначаць сваю будучыню. Ён таксама звярнуўся таксама да брытанскага народа з просьбай зразумець індыйскую барацьбу і добраахвотна сысці з Індыі. Ён заклікаў брытанцаў пайсці з Індыі мірна і не рабіць перашкод індыйцам у іх імкненні да самакіравання.
У прамове Гандзі заклікаў індыйскі народ да адзінства і згоды, нягледзячы на этнічныя, рэлігійныя і сацыяльныя адрозненні. Ён падкрэсліваў важнасць таго, каб індыйцы дзейнічалі разам як адзіны народ, незалежна ад сваіх розных поглядаў і інтарэсаў. Гандзі таксама сказаў, што шлях да свабоды будзе нялёгкі і што трэба будзе ахвяраваць сваім камфортам і бяспекай дзеля агульнай мэты.
Прамова Магатмы Гандзі і запуск Quit India Movement выклікалі шырокія масавыя пратэсты па ўсёй Індыі. Многія індыйцы далучыліся да руху, адмовіліся супрацоўнічаць з каланіяльнымі ўладамі і пачалі акты негвалтоўнага супраціву — страйкі, байкоты і дэманстрацыі. Адразу пасля прамовы Гандзі і многія іншыя лідары Індыйскага нацыянальнага кангрэса былі арыштаваныя брытанскімі ўладамі. Гэта не спыніла рух, і пратэсты працягваліся з вялікай сілай па ўсёй краіне. Пасля Другой сусветнай вайны, пад уплывам росту антыкаланіяльных настрояў і няздольнасці брытанцаў утрымаць кантроль над Індыяй, у 1947 годзе краіна атрымала незалежнасць.
Фултанская прамова Уінстана Чэрчыля
Фултанская прамова Уінстана Чэрчыля адбылася 5 сакавіка 1946 года ў Вестмінстэрскім каледжы ў горадзе Фултан, штат Місуры, ЗША. Гэтая прамова стала адной з найважнейшых падзей у пасляваеннай гісторыі і фактычна пазначыла пачатак халоднай вайны паміж СССР і Захадам.
На момант прамовы Другая сусветная вайна ўжо скончылася (у маі 1945 года ў Еўропе і ў жніўні 1945 года на Ціхім акіяне), але міжнародныя адносіны ў Еўропе заставаліся вельмі напружанымі. Брытанія і ЗША толькі што сумесна змагаліся з нацысцкай Германіяй у саюзе з СССР. Аднак пасля паражэння Германіі і завяршэння вайны ў Еўропе ўзніклі новыя праблемы.
СССР пад кіраўніцтвам Іосіфа Сталіна пачаў усталёўваць кантроль над Усходняй Еўропай. Страх перад савецкай экспансіяй, якая пагражала не толькі Еўропе, але і свету ў цэлым, пачаў ахопліваць Захад. Чэрчыль, які ўжо не быў прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі, заставаўся важнай фігурай у сусветнай палітыцы, вырашыў выкарыстаць сваю прамову для таго, каб папярэдзіць аб новай пагрозе.
Галоўны пасыл прамовы быў пра «жалезную заслону», якая падзяліла Еўропу на дзве часткі — свабодны Захад і камуністычны Усход. Чэрчыль выкарыстаў гэтую метафару, каб апісаць падзел, які прайшоў праз цэнтр Еўропы і аддзяліў краіны, што трапілі пад савецкі кантроль, ад дэмакратычных дзяржаў Захаду. Чэрчыль адзначыў, што Савецкі Саюз імкнецца пашырыць свой уплыў на краіны Усходняй Еўропы і ўсталёўваць там камуністычныя рэжымы, што супярэчыць ідэалам свабоды і дэмакратыі. Чэрчыль адкрыта заявіў, што Сталін выкарыстоўвае сваю сілу не для абароны, а для пашырэння савецкага кантролю.
Чэрчыль заклікаў да больш цеснага супрацоўніцтва паміж Вялікабрытаніяй і Злучанымі Штатамі, каб супрацьстаяць савецкай пагрозе. Ён лічыў, што толькі аб’яднаныя дэмакратычныя дзяржавы могуць эфектыўна процістаяць экспансіі СССР. Ён прапанаваў стварыць асаблівыя адносіны паміж англамоўнымі народамі, што магло б стаць асновай для шырэйшага абарончанага саюза дэмакратычных дзяржаў. Гэта ідэя пазней была рэалізавана праз стварэнне НАТА ў 1949 годзе.
Фултанская прамова Уінстана Чэрчыля была знакавым момантам у сусветнай гісторыі, які стаў пачатак новага геапалітычнага перыяду — халоднай вайны.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Чаму Уінстанам Чэрчылем так захапляюцца?
«У мяне ёсць мара»: прамова Марціна Лютара Кінга
Прамова Марціна Лютэра Кінга «У мяне ёсць мара» (англ. — I Have a Dream) адбылася 28 жніўня 1963 года падчас Маршу на Вашынгтон. Яна стала адной з самых вядомых прамоў у гісторыі барацьбы за грамадзянскія правы ў Злучаных Штатах і сімвалам руху за роўнасць. Гэта была ключавая падзея ў амерыканскай гісторыі, якая натхніла мільёны людзей у ЗША і за іх межамі на барацьбу за правы чалавека і супраць расізму.
Марш на Вашынгтон, падчас якога была зроблена гэта гістарычная прамова, сабраў больш за 250 тысяч чалавек каля помніка Лінкальну ў сталіцы ЗША. Марш быў арганізаваны лідарамі руху за грамадзянскія правы і меў на мэце падтрымаць роўныя правы для афраамерыканцаў, асабліва ў эканамічнай і сацыяльнай сферах. На той момант у ЗША існавала шырокая расавая дыскрымінацыя.
Прамова Марціна Лютэра Кінга была адным з ключавых момантаў падчас гэтага мітынгу і стала сімвалам руху за грамадзянскія правы. Яе галоўная тэма — мара Кінга пра краіну, дзе ўсе людзі будуць жыць у роўнасці, незалежна ад колеру скуры.
Кінг пачаў прамову з напаміну пра Прокламацыю аб вызваленні (1863), падпісаную прэзідэнтам Абраамам Лінкальнам, якая скасавала рабства ў ЗША. Аднак, нягледзячы на гэты важны крок, праз сто гадоў афраамерыканцы ўсё яшчэ сутыкаліся з расавай дыскрымінацыяй і прыгнётам. Кінг казаў пра неабходнасць скончваць з несправядлівасцю.
Кінг падкрэсліў, што больш нельга чакаць, таму заклікаў да неадкладных дзеянняў для вырашэння праблемы расавай дыскрымінацыі. Ён выказаўся супраць павольных рэформ, па яго словах, «цягнік прагрэсу» занадта доўга стаіць на месцы. Ён адзначыў, што рух за грамадзянскія правы не будзе спыняцца, пакуль не будзе дасягнута роўнасць.
Цэнтральным момантам прамовы стала яе апошняя частка, дзе Кінг некалькі разоў паўтарыў словы «У мяне ёсць мара». Гэтая частка стала знакавым пасланнем яго бачання будучай Амерыкі, дзе расавая роўнасць стане рэальнасцю:
- «У мяне ёсць мара, што аднойчы маё чатырохгадовае дзіця будзе жыць у краіне, дзе людзі будуць судзіць яго не па колеры скуры, а па яго характару».
- «У мяне ёсць мара, што калісьці на чырвоных пагорках Джорджыі сыны былых рабоў і сыны былых уладальнікаў рабоў змогуць сесці разам за стол».
- «У мяне ёсць мара, што аднойчы штат Алабама… будзе пераўтвораны ў месца, дзе маленькія чорныя хлопчыкі і чорныя дзяўчынкі будуць мець магчымасць брацца за рукі з маленькімі белымі хлопчыкамі і белымі дзяўчынкамі, як браты і сёстры».
Прамова асвятляла цяжкасці і несправядлівасць, з якімі сутыкаюцца афраамерыканцы, але Кінг завяршыў яе аптымістычным пасланнем надзеі. Ён падкрэсліў, што, нягледзячы на ўсе перашкоды, рух за грамадзянскія правы зможа дасягнуць сваіх мэтаў.
Прамова стала пераломным момантам у амерыканскім руху за грамадзянскія правы. Марш на Вашынгтон і прамова Кінга дапамаглі прасунуць прыняцце важных законаў аб грамадзянскіх правах у ЗША, у тым ліку Закона аб грамадзянскіх правах 1964 года і Закона аб выбарчым праве 1965 года.
Мюнхенская прамова Уладзіміра Пуціна
Прамова Уладзіміра Пуціна адбылася 10 лютага 2007 года на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Яна стала адным з ключавых момантаў у развіцці адносін паміж Расіяй і Захадам у XXI стагоддзі. У гэтай прамове Пуцін адкрыта раскрытыкаваў глабальную палітыку ЗША, абвінаваціў заходнія краіны ў стварэнні аднапалярнага свету і парушэнні міжнароднага права, а таксама выказаў сваё бачанне шматпалярнага свету і ролі Расіі ў сусветнай палітыцы.
На момант Мюнхенскай прамовы Уладзіміра Пуціна міжнародныя адносіны змяняліся пад уплывам шэрагу падзей: NATO працягваў пашырацца на Усход, амерыканскія войскі праводзілі ваенныя аперацыі ў Іраку без згоды на іх з боку ААН і гэтак далей. У гэтай сітуацыі Пуцін вырашыў выкарыстаць Мюнхенскую канферэнцыю па бяспецы, якая з’яўляецца адной з галоўных пляцовак для абмеркавання глабальных пытанняў бяспекі, каб адкрыта выказаць пазіцыю Расіі і яе незадаволенасць заходняй палітыкай.
Асноўны пасыл прамовы заключаўся ў крытыцы аднапалярнага свету, пад якім Пуцін меў на ўвазе дамінаванне Злучаных Штатаў Амерыкі на міжнароднай арэне. Ён сцвярджаў, што такая мадэль з’яўляецца небяспечнай для міжнароднай стабільнасці.
Пуцін раскрытыкаваў ЗША і заходнія краіны за парушэнне міжнароднага права са спасылкай на іх дзеянні ў розных рэгіёнах свету. Ён падкрэсліў, што міжнароднае права павінна быць асновай для ўсіх міжнародных адносін, і заявіў, што Злучаныя Штаты выкарыстоўваюць сілу і пагрозу сілай для прасоўвання сваіх інтарэсаў.
Пуцін таксама выказаў моцную крытыку ў адрас NATO, асабліва ў сувязі з пашырэннем альянсу на ўсходнія краіны, якія раней уваходзілі ў зону ўплыву СССР. Ён адзначыў, што абяцанні, дадзеныя Расіі падчас распаду СССР аб тым, што NATO не будзе пашырацца на ўсход, былі парушаныя. Пуцін лічыў гэта пагрозай бяспецы Расіі.
У сваёй прамове Пуцін выказаў візію шматпалярнага свету, у якім няма дамінацыі адной краіны або групы краін. Ён сцвярджаў, што міжнародная бяспека павінна быць заснавана на роўнасці ўсіх дзяржаў і ўзаемапавазе. Пуцін падкрэсліў, што Расія гатова супрацоўнічаць з Захадам і іншымі краінамі, але толькі на аснове роўнасці і павагі да суверэнітэту ўсіх дзяржаў.
Мюнхенская прамова Пуціна пазначала важны пераломны момант у адносінах паміж Расіяй і Захадам. Яна прадвяшчала перыяд больш жорсткай знешнепалітычнай лініі з боку Расіі і стала асновай для будучых падзей у міжнародных адносінах, уключаючы крызіс ва Украіне ў 2014 годзе, калі Расія анексавала Крым і пачаліся баявыя дзеянні на ўсходзе Украіны, а затым і маштабную агрэсію супраць Украіны ў 2022 годзе.
Выступ Грэты Тунберг у ААН
Тунберг стала вядома яшчэ ў 2018-м, калі пачала серыю «школьных забастовак» пад лозунгам Fridays for Future. Шведская школьніца і актывістка Грэта Тунберг выступіла на саміце ААН па змяненні клімату 23 верасня 2019 года ў Нью-Ёрку. Яе выступленне стала адным з найбольш вядомых і эмацыянальных сярод выступаў за кліматычную справядлівасць. Падчас прамовы яна крытыкавала сусветных лідараў, якія, па яе меркаванні, не зрабілі дастаткова для барацьбы з глабальным змяненнем клімату.
Прамова пачалася са словамі «Як вы асмеліліся?» (англ. — How dare you?), што стала своеасаблівым выклікам сусветным лідарам. Тунберг абвінаваціла іх у тым, што яны гавораць пра эканамічны рост і не звяртаюць увагу на кліматычныя праблемы. Яна падкрэсліла, што іх бяздзейнасць асуджае маладыя пакаленні на жыццё ў свеце з экалагічнымі катастрофамі.
Грэта Тунберг заявіла, што яе пакаленне трапіла ў сітуацыю, калі трэба змагацца за выжыванне ў свеце, які руйнуецца з-за кліматычных змен. Яна абвінаваціла лідароў у тым, што яны звяртаюцца да маладых людзей па надзею і рашэнні, замест таго каб самім прымаць меры. Тунберг выказала крыўду за тое, што дарослыя ігнаруюць навуковыя даследаванні і працягваюць адкладаць прыняцце неабходных рашэнняў.
Тунберг адзначыла, што свет знаходзіцца ў стане кліматычнай катастрофы, а час на барацьбу з ёй хутка заканчваецца. Яна падкрэсліла, што цяпер не час для пустых слоў, а патрэбныя канкрэтныя дзеянні. Яе словы: «Людзі пакутуюць. Людзі паміраюць. Цэлыя экасістэмы разбураюцца. Мы знаходзімся на парозе масавага вымірання, і ўсё, пра што вы можаце казаць, — гэта грошы і казкі пра вечны эканамічны рост».
Прамова Грэты Тунберг стала віруснай у інтэрнэце і СМІ. Яна выклікала моцны рэзананс па ўсім свеце. Прамова яшчэ больш замацавала статус Тунберг як сімвал барацьбы з кліматычнымі зменамі, і гэта падштурхнула маладых людзей да масавых пратэстаў і павелічэння ціску на палітыкаў і ўрады. Тунберг атрымала як падтрымаку, так і крытыку, але яе выступленне дакладна стала важным момантам у дыскусіі пра кліматычныя праблемы ў гэтым стагоддзі.