Са школьных заняткаў можна памятаць, што землеапрацоўка была асноўным заняткам на тэрыторыі сучаснай Беларусі ад самых старажытных часоў. Зямля была для сялян асноўным «багаццем». Кожны кавалак зямлі бралі ва ўлік, апрацоўвалі і даглядалі. Буйныя землеўладальнікі дасканала падлічвалі ўсю зямлю ў выкарыстанні для налічэння падаткаў.
PALATNO расказвае, якімі адзінкамі вымярэння плошчы карысталіся нашы продкі.
«Добры сябра таго не дасць, што благая зямелька»
Плуг (або саха) — старажытная адзінка вымярэння плошчы на беларускай зямлі, якая выкарыстоўвалася ў IX-XIII стагоддзі ў часы існавання Полацкага і Тураўскага княстваў. Яна адпавядала 8-14 гектарам — гэта была плошча, якую магла апрацаваць адна сялянская гаспадарка з плугам (разам з папарам).
Плуг мераў не толькі плошчу, але і падатковыя абавязкі — адна такая адзінка значыла поўную гаспадарку беларускага селяніна ў далёкім мінулым.
У IX-XIII стагоддзях адзінкамі падаткаабкладання былі плуг або саха як мера зямельнай плошчы і дым як гаспадарчая адзінка. У эканамічных адносінах гэтыя адзінкі былі аднолькавымі і азначалі індывідуальную сялянскую гаспадарку, якая апрацоўвала пэўную плошчу сельскагаспадарчых угоддзяў.

«Поле араць — не рукамі махаць»
Да сучасных гектараў беларускую зямлю часта мералі валокамі, а ў ВКЛ пасля валочнай рэформы 1557 года валока стала асноўнай мерай плошчы. Адна валока складала прыкладна 21 гектар, а палова валокі — каля 10 гектараў.
Як адзінка плошчы валока падзялялася на 30 маргоў (морг — мера зямлі роўная прыкладна 0,17 гектара) або 9 000 прутоў (як адзінка вымярэння плошчы ў ВКЛ складала прыкладна 237,3 м²).
Валока складалася з трох роўных палёў, што адпавядала трохпольнай сістэме земляробства. Часта да палявога надзелу дадавалі тры маргі на сядзібу і агарод.
Адмерваць зямлю валокамі пачалі яшчэ да паловы XVI стагоддзя па ініцыятыве каралевы і вялікай княгіні Боны Сфорцы ў яе ўладаннях (Пінск, Клецк, Кобрын і іншыя). Сын Боны Жыгімонт Аўгуст падтрымаў ідэю маці і таксама пачаў у сваіх уладаннях рэформу.
А на Падляшшы ў 1553 годзе праводзіліся плошчавыя і валочныя памеры пасля таго, як Бона Сфорца выкупіла ад Альбрэхта Гаштольда «каралеўскія землі бельскія», якія раней Гаштольд выкупіў у Радзівілаў.
«Хто полю годзіць, у таго жыта родзіць»
Дзесяціна — гэта старая мера плошчы, якая выкарыстоўвалася на тэрыторыі Беларусі, асабліва ў часы Расійскай імперыі пасля XVIII стагоддзя і да ўводу метрычнай сістэмы ў 1920-я гады. Дзесяціна адпавядавала 1,09 гектара.
У ВКЛ дзесяціна была больш звязана з падаткам (дзясятая частка даходу на царкву), але як мера плошчы стала ўжывацца пасля зямельнай рэформы 1861 года і Паўстання Кастуся Каліноўскага, калі землі падзялілі на дзесяціны для распаўсюджвання паміж сялянамі. Перыяд панавання Расійскай імперыі на беларускіх землях прынёс з усходу тыпова расійскія спосабы адмервання зямлі.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
«Браткі! Тут зямля такая!» Пятнаццаць выключна беларускіх афарызмаў, якія падарылі нашы пісьменнікі
Сямейныя традыцыі: што ў Беларусі стогадовай даўніны варта ўзяць сёння?
Былі вольнымі — сталі прыгоннымі. Як у Быхаве сяляне бунтавалі супраць Сапегаў і прыгонніцтва

«Калі добра ўзарэш, то і ўраджай збярэш»
Радзей на землях ВКЛ выкарыстоўваўся лан. Гэта мера плошчы, якая выкарыстоўвалася на беларускіх і польскіх землях у XVI-XVIII стагоддзях. Яна адпавядала 16-24 гектарам, у залежнасці ад рэгіёна, а найбольш распаўсюджаная была хелмінская ланка — 16,8 гектараў.
Лан быў сінонімам валокі або яе часткай — адна валока часта дзялілася на 1,5 ланка, а 1 лан быў каля 30 моргаў (падобна да валокі). Выкарыстоўваўся для вымярэння сялянскіх надзелаў, лясоў і маёнткаў.
«Адна галавешка і ў печы не гарыць, а дзве і ў полі не гаснуць»
Акрамя дакладных адзінак плошчы, аб якіх ішла гаворка вышэй, існуюць да нашых часоў у мове і гаворках назвы ўчасткаў няпэўнай плошчы. Гэта палі, палеткі, прысядзібныя кавалкі зямлі, якія пашыраныя ў розных кутках нашай краіны.
Дзялка — участак зямлі, адведзены для апрацоўкі і пабудовы.
«На другі бок нашае дзялкі было поле Клемуса Войны». (В. Адамчык, «Дзікі голуб»)
Засценак — кавалак зямлі, прыараны да асноўнага поля. У XVI-XX стагоддзі засценкам называлі хутар або невялікае паселішча дробнай шляхты, якая арэндавала гэтыя землі.
«Выйшаў на двор. У засценку было ціха. Толькі на Татуровым хутары разліваўся сіпаваты брэх сабакі». (Якуб Колас, «Царскія грошы»)
Лава — паласа, участак сенакосу. Н.І. Талстой у кнізе «Лексіка Палесся» у 1968 годзе ўзгадвае, што «лава — гэта кавалак зямлі або сенажаці, які належыць аднаму гаспадару».
«Я бачу роўныя пакаты / Палёў за Нёмнам і іх шаты — / Аўсоў палоскі, лавы жыта, / І грэчак белыя абрусы, / Што морам золата разліта». (Якуб Колас, «Новая зямля»)
Загон — выцягнуты ўчастак ворнай зямлі шырынёй у 6-8 баразён. Загон мог быць «кароткі», «шырокі» і нават «папярочны».
«Пад поўнач бяліў яе іней, у ледзяныя, звонкія раніцы і трава каля платоў і на выганах, і палі з загонамі яшчэ не скопанай бульбы, і панурыя, учарнелыя стрэхі — усё было па-зімоваму белае». (І. Мележ, «Подых навальніцы»)
«Вольнаму — воля, а шалёнаму — поле»
Гектар з’явіўся ўпершыню ў Францыі напрыканцы XVIII стагоддзя, калі ў 1795 годзе ўводзілі метрычную сістэму адзінак вымярэння. У Францыі праводзілася кадастральная рэформа, калі дзялілі царкоўныя і феадальныя землі на адзінкі па 100×100 метраў (10 000 м²). Гектар (=100 ар) стаў зручным для сельскагаспадарчых надзелаў, а не толькі тэарэтычнай адзінкай.
У 1925 годзе ў БССР увялі метрычную сістэму пасля зямельнай рэформы, калі старыя меры паступова выцясняліся з дакументаў і гаспадарчай дакументацыі. Сёння гэта адзіная сістэма ў краіне, а старыя меры жывуць толькі ў гістарычных тэкстах.
