У нас ёсць свая «Тайная вячэра» дома і гэта не жарт, а рэальнасць беларускага інтэр’ера мінулых стагоддзяў. Дамашні абраз выйшаў за межы рэлігійнага культу, стаўшы ўнікальнай з’явай народнага мастацтва без межаў і акадэмічнай строгасці.
PALATNO расказвае, якія сюжэты абіралі нашы продкі і як у дамашніх абразах хаваецца наш сапраўдны культурны код.
Змест
Хто такія багамазы, і чаму дамашнія абразы такія дзіўныя
Стваральнікаў дамашніх абразоў называлі багамазамі. Яны не былі манахамі, якія пасціліся перад тым як узяць пэндзаль у рукі. Багамазы былі майстрамі-самавукамі, якія не мелі спецыяльнай адукацыі, малявалі па памяці і на вока. Такія абразы каштавалі няшмат, былі яскравымі і зразумелымі простаму чалавеку, а таксама не падпарадкаванымі візантыйскім канонам.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Праца за хлеб і самагубства ў рэчцы. Як жыла і што малявала Алена Кіш
Менавіта гэта свабода ад акадэмічных школ стварала тое, што мы сёння бачым у музеях. Беларускі дамашні браз быў не проста копіяй ікон, што знаходзіліся ў цэрквах, — гэта быў асобны мастацкі стыль.

Даследчыкі вылучаюць некалькі рыс, якія робяць дамашні іканапіс унікальным:
- Румяныя шчочкі і знаёмыя твары. Нашы майстры выкарыстоўвалі тэхніку бялільнага пісьма: твары маляваліся светлымі фарбамі, з мяккімі рысамі і ружовымі шчочкамі. На беларускіх абразах XVII-XIX стагоддзяў святыя на абразах выглядаюць як звычайныя беларусы таго часу.
- Народнае барока і кароны. Беларусь стагоддзямі была месцам, дзе сустракаліся праваслаўе і каталіцтва. Таму нават на праваслаўных дамашніх абразах часта можна ўбачыць элементы заходняга барока. Напрыклад, кароны на галовах Багародзіцы і Дзіцяці або пышныя і дынамічныя шаты святых.
- Распісны фон. Беларускія майстры катэгарычна не любілі пустую прастору. Звычайна ў іканапісу фон з’яўляўся сімвалам чароўнага святла, але нашы іканапісцы мелі іншае ўяўленне. Усё, што не было занята постаццю святога, трэба было дэкарыраваць. Менавіта гэта прага запоўніць кожны куток прывяла да з’яўлення самай адметнай і нечаканай рысы беларускага абраза — замест золата ці нябёсаў багамазы пачалі маляваць кветкі.
Чаму абразы квітнеюць?
Залаты фон быў не толькі сімвалам чароўнага святла. Гэта быў яшчэ і вельмі дарагі матэрыял. Не дарма менавіта кветкі сталі галоўнай прыкметай беларускага дамашняга абраза, бо гэта было не простым жаданнем упрыгожыць домку, а народным уяўленнем пра Райскі сад.
Часцей за ўсё малявалі ружы і півоні. Яны маглі быць велізарнымі, часам нават большымі за галаву самога святога. Малявалі іх без лішняй батанічнай дакладнасці, проста як кругі з завіткамі.
Тыя ж самыя ружы, півоні і лісцікі, што квітнелі на абразах, сустракаліся на вышываных ручнік, распісаных куфарах ці знакамітых беларускіх маляванках. Не дзіўна, што яны з’яўляліся і тут і там, бо лічыліся сімвалам здароўя, дабрабыта і багацця.
Топ сюжэтаў беларускай покуці
Беларусы часцей за ўсё абіралі абразы, якія абараняюць сям’ю і прыносяць дабрабыт. Найчасцей сустракаліся ў беларускіх хатах Божая Маці — яна была галоўнай ахоўніцай жанчын і дзяцей. Ёй маліліся за здароўе і лад у сям’і, а таксама благаслаўлялі маладых на шлюб.

Самым папулярным мужчынскім вобразам у беларускай вёсцы быў Святы Мікалай. Гэтаму дзядулі з кнігай у руках маліліся літаральна пра ўсё, што тычылася гаспадаркі: ад здароўя жывёл да ўдалага гандлю на кірмашы.

Часта можна было сустрэць вобраз Ісуса Хрыста, які трымае Евангелле. Гэты быў вобраз найвышэйшай маралі і справядлівасці. Лічылася, што пад яго позіркам нельга хлусіць, зласловіць ці сварыцца. Менавіта абразы Хрыста і Багародзіцы маладыя атрымлівалі ад бацькоў на вяселле.

* * *
Сёння большасць такіх абразоў знаходзіцца ў музеях, а вёскі, дзе яны калісьці былі, паступова знікаюць. Традыцыя маляваць на дошках пачала знікаць, калі з’явіўся фабрычны друк. Аднак беларускі дамашні абраз дагэтуль застаецца па-сапраўднаму самабытнай і цікавай з’явай, што існуе па-за межамі агульных канонаў.
