Веды

Божы баранчык, сметнік, груган. Як па-рознаму ў Беларусі называлі адных і тых жа птушак


Божы баранчык, сметнік, груган. Як па-рознаму ў Беларусі называлі адных і тых жа птушак

PALATNO расказвае, як у розных кутках Беларусі называлі адных і тых жа птушак.

Як называлі буслоў?

А ці ведалі Вы, што бусламі буслоў называлі не паўсюль у Беларусі? Буслоў называлі бацянамі, і гэта была самая распаўсюджаная назва на паўночным захадзе нашай краіны — на Браслаўшчыне, Мёршчыне, Пастаўшчыне, Глыбоччыне, а таксама часткова на тэрыторыі Гродзенскай вобласці (Ашмяншчына, Астравеччына).

У цэнтральнай Беларусі буслоў называлі бусламі. Гэта назва дамінавала на Гродзеншчыне, часткова фіксавалася на Палессі і Гомельшчыне.

На Магілеўшчыне і каля Віцебска буслоў пераважна называлі буцян.

Адрозніваліся назвы бусла на Палессі: там можна было пачуць бусён, бусэнь, бусько (часамі з рознымі націскамі).

Аіст — рускамоўную назву бусла — фіксавалі толькі на памежжы з Расіяй. А таксама ў розных кутках Беларусі: на Віцебшчыне, Магілёўшчыне і Гомельшчыне.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Белы і чорны буслы: чаму гэтыя птушкі так шмат значылі для беларусаў

Палявы жаваранак

Палявога жаваранка можна часта сустрэць на беларускіх прасторах. Разам з тым, беларусы ў розных кутках краіны па-рознаму называлі гэту птушку.

Назва «жаваранак» сустракаецца па ўсёй Беларусі, найбольш — на Палессі і ў цэнтральнай Беларусі. На Віцебшчыне часцей можна было пачуць іншыя назвы — жаваранка (з націскам на першы склад), жарванак, жаўранка, жаўранак.

На Гомельшчыне можна было пачуць назву целевоз, а на Гродзеншчыне — жаўрук.

На Ашмяншчыне і Астравеччыне жаўранка часцей называлі скаўронак.

Кнігаўка

Па-руску вы ведаеце гэту птушку пад назвамі «чибис» ці «пигалица». Аднак рускамоўныя формы на тэрыторыі Беларусі амаль не зафіксаваныя. Толькі назва «кібіс», якая нагадвае «чибис», сустракаецца на ўсходзе Віцебшчыны.

Назва «кнігаўка» была распаўсюджанай у паўночнай і цэнтральнай Беларусі. Разам з гэтым на гэтых жа землях сустракаліся розныя варыяцыі назвы: напрыклад, на Віцебшчыне можна было пачуць, што гэту птушку называлі каня. На Магілёўшчыне кнігаўку часта называлі чаіца. Яшчэ цікава, што паміж Мінскам і Магілёвам у некаторых мясцовасцях кнігаўку называлі чайкай.

На Палессі, поўдні Гродзеншчыны і Міншчыны і значнай частцы Гомельскай вобласці кнігаўку называлі кніга.

Чапля ці цапля?

Беларусь можна было падзяліць на дзве часткі — па назве гэтай птушкі. У заходняй частцы краіны дамінавала назва «чапля», а вось ва ўсходняй — «цапля». Гэта ўсё назвы звычайнай шэрай чаплі.

Ля Гомеля існавала адрозная назва — валяваха (націск на перадапошні склад). Валявахай пераважна называлі рудую чаплю.

Дзясяткі назваў вераб’я

Вераб’я ведалі па ўсёй тэрыторыі Беларусі, аднак існавалі цікавыя рэгіянальныя назвы. Бліжэй да Расіі, паміж Магілёвам і Гомелем, можна было пачуць слова «варабей».

У заходняй частцы Гомельшчыны вераб’я называлі канаплянікам ці канаплюком. На Палессі, бліжэй да ўкраінскай мяжы, можна было пачуць назвы прасянік ці просянюк. А на Брэстчыне вераб’я называлі часцяком шворабгарабей, гарабух ці сметнік. На Гродзеншчыне таксама досыць распаўсюджаная назва вераб’я была гарабей.

Пліска

Хутчэй за ўсё, вы калісьці ў жыцці бачылі пліску. Гэта даволі распаўсюджаная птушка ў Беларусі. Па-руску яна называецца «трясогузка». У нашай краіне існуе шэраг назваў гэтай птушкі.

Самая распаўсюджаная назва — пліска. На Магілёўшчыне яе амаль заўсёды называлі плісіцай, кропкава — плісаўкай.

Ля Брэста гэту птушку называюць валасянкай, ля Гомеля — сыткай. На Віцебшчыне была ўвогуле іншая назва — богаўка, а зусім на мяжы з Расіяй — трасагузка.

Як называлі голуба?

Назва голуба была падобнай у кожным беларускім рэгіёне, аднак змяняўся націск ці прыбіралася нейкая літара. Напрыклад, на Віцебшчыне голуба называлі галуб (з націскам на апошні склад).

Ля Гродна можна было пачуць назву алуб (націск на апошні склад).

На Магілёўшчыне, Гомельшчыне і Палессі — галубец ці галубок.

Галка, шпак, крумкач

Галка была пазнавальнай назвай гэтай птушкі на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Аднак на Гродзеншчыне і Віцебшчыне (пераважна, заходняя частка гэтых абласцей) галку называлі каўкай. На Мядзельшчыне можна было пачуць іншую варыяцыю назвы — галец ці галіца.

Назва іншай птушкі — шпака — таксама была распаўсюджаная па ўсёй Беларусі. Аднак кропкава і ў зусім розных беларускіх рэгіёнах з’яўлялася іншая — скварэц. Скварцамі шпакоў называлі ля Віцебска, Магілёва, Гомеля і ў мясцовасцях паміж Гроднам і Брэстам.

На Гродзеншчыне і Брэстчыне крумкачоў называлі крукамі. Там жа была распаўсюджаная назва воран. Аднак найбольш назва воран прыжылася на Магілёўшчыне і Гомельшчыне. На Віцебшчыне побач з асноўнай назвай выкарыстоўвалі назвы грумкач, груган.

Божы баранчык

Хутчэй за ўсё, назву птушкі «божы баранчык» вы ніколі не чулі. Аднак менавіта так называлі ў некаторых мясцовасцях заходняй Беларусі бакаса.

Назва птушкі — «бакас» — была распаўсюджаная па ўсёй Беларусі, аднак у кожным рэгіёне былі свае асаблівасці. Напрыклад, на Гомельшчыне яе называлі пекур ці баранчык. На Палессі — бэкач, пэкач. На Магілеўшчыне бакаса называлі баранам ці баранчыкам.

На Віцебшчыне бакаса называлі бэкасам.