Натхненне

Ад скаргаў цару і яго брату да бойкі з паліцыяй. Як адно беларускае мястэчка дамагалася свабоды


Ад скаргаў цару і яго брату да бойкі з паліцыяй. Як адно беларускае мястэчка дамагалася свабоды

У пачатку XIX стагоддзя жыхары мястэчка Мальча (Малеч) на Пружаншчыне былі ўпэўненыя, што маюць права быць вольнымі. Калі ўладальнік пачаў павялічваць павіннасці, яны не проста паскардзілісся ўладам, а адмовіліся працаваць, хаваліся ад вайскоўцаў у лясах і балотах, адбівалі аднавяскоўцаў ад рук паліцыі. Што адбылося і чаму ўсё гэта стала магчымым?

PALATNO расказвае пра жыхароў Мальчы, якія не хацелі здавацца новай уладзе.

Сяляне лічылі сябе вольнымі

У пачатку XIX стагоддзя Мальча была мястэчкам на Пружаншчыне. Яе жыхары аказаліся ў вельмі незвычайнай сітуацыі: уладальнік лічыў іх залежнымі сялянамі, а самі яны былі перакананыя, што здаўна з’яўляюцца вольнымі людзьмі. Гэта пытанне — ці абавязаныя мальчанцы служыць пану — стала асновай доўгага канфлікту, які цягнуўся амаль 20 гадоў.

Пасля далучэння часткі зямель, у якіх знаходзілася Мальча, да Расійскай імперыі, мястэчка ўвайшло ў Блудзенскае староства. Спачатку мястэчка перадалі сенатару Пастухову, а ў 1802 годзе прадалі генералу Здзяхоўскаму. Праз некаторы час новы ўладальнік павялічыў павіннасці сялян.

На той час сяляне маглі быць абавязаныя некалькі дзён на тыдзень працаваць на зямлі памешчыка, даваць яму прадукты, выконваць перавозкі ці іншыя працы. Найбольш вядомая такая павіннасць звалася паншчынай, то бок бясплатнай працай на гаспадара. Мальчанцы адмаўляліся лічыць новая патрабаванні па павіннасцях законнымі.

У 1804 годзе сяляне падалі скаргу цару Аляксандру I і прасілі яго вярнуць ім свабоду.

Як пасля суда зніклі ўсе дакументы

Справа мальчанцаў цягнулася гадамі. Яны настойвалі, што раней былі вольнымі людзьмі, а значыць, памешчык не мае права ператвараць іх у залежных людзей і самастойна павялічваць павіннасці. Развязкі жыхары Мальчы, на жаль, так і не дачакаліся.

У 1812 годзе на беларускія землі зноў прыйшла вайна. Напалеон Банапарт пайшоў з вайной на Расійскую імперыію. У гэтым хаосе дакументы па справе мальчанскіх сялян аб свабодзе былі знішчаныя.

Для мальчанцаў гэта стала катастрофай, бо разам з паперамі зніклі і доказы, на якіх яны будавалі сваю шматгадовую барацьбу.

Пасля вайны становішча стала яшчэ горшым. У сялян адабралі частку ворнай зямлі і сенакосаў, а павіннасці зноў павялічылі. Асабліва абурыла сялян гісторыя з інвентаром.

У памешчацкім маёнтку інвентар быў важным дакументам, у якім фіксаваліся надзелы сялян і тое, колькі і якіх павіннасцяў яны павінны выконваць. Для селяніна гэта было нешта накшталт афіцыйных умоў працы: калі ў інвентары запісана тры дні паншчыны, то памешчык не павінен быў проста па сваім жаданні патрабаваць пяць. Мальчанцы патрабавалі вярнуцца да старых умоў, але ўладальнік прадставіў у Пружанскі земскі суд інвентар, нібыта складзены ў 1808 годзе. Сяляне лічылі яго відавочнай падробкай, а губернскія ўлады — сапраўдным афіцыйным дакументам.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

Фальшывыя пашпарты і ўцёкі ва Украіну. Як сотні беларускіх сялян паверылі ў чуткі і захацелі свабоды

Непапулярнае паўстанне: як Крычаўскае староства бунтавала супраць уласнікаў

Былі вольнымі — сталі прыгоннымі. Як у Быхаве сяляне бунтавалі супраць Сапегаў і прыгонніцтва

Разбіральніцтва ператвараецца ў пратэст з кулакамі

У снежні 1812 года цярпенне сялян скончылася. Мальчанцы заявілі, што больш не будуць падпарадкоўвацца ўладальніку маёнтка і выконваць павіннасці. Для таго, каб супакоіць мясцовых жыхароў, у мястэчка адправілі чыноўніка Горскага. Ён запатрабаваў прывесці да яго некалькі чалавек на допыт, каб даведацца, хто распальвае магчымы бунт.

Замест гэтага ў Мальчы ўдарылі ў набат. Удар у звон збіраў людзей у выпадку пажару, нападу ці іншай небяспекі, таму фактычна для жыхароў паселішча гэта быў тагачасны сігнал для збору. Людзі пачалі збірацца з палкамі і каламі. Чыноўнік патрабаваў, каб усе разышліся і выдалі шэсць чалавек, якіх улады называлі пабухторшчыкамі бунту. Мальчанцы адмовіліся выдаваць людзей.

З Брэста ў Мальчу накіравалі вайскоўцаў. Калі салдаты падышлі да мястэчка, то большасць мужчын знікла. Яны пакінулі дамы, а там засталіся толькі жанчыны і дзеці. Улады ўрэшце здолелі прымусіць людзей вярнуцца да працы. Аднак канфлікт не скончыўся.

У афіцыйных дакументах чыноўнікі апісвалі паводзіны сялян зусім інакш. Павераны ўладальніка Мальчы пазней скардзіўся, што людзі нібыта хадзілі натоўпамі і пагражалі ўцячы ўсім паселішчам. Для памешчацкай адміністрацыі гэта выглядала як нежаданне працаваць.

У 1818 годзе мальчанцы зноў падалі скаргу цару. Пісалі, што памешчык даводзіць іх да галечы праз празмерныя павіннасці. Яны нават выбралі свайго прадстаўніка, які павінен быў займацца справай. Праз год сяляне чаргвоы раз заявілі, што працаваць на памешчыка не будуць.

Салдаты гоняць людзей на працу, дэлегаты едуць да брата імператара

Ад 1819 да 1823 года хваляванні ў Мальчы амаль не спыняліся. У 1820 годзе туды накіравалі саветніка Гродзенскага губернскага праўлення Нячволадава. Яго лічылі своеасаблівым спецыялістам па супакаенні сялян. Спачатку ён спрабаваў угаворваць і пагражаць, але гэта не дапамагло. Тады сялян пад канвоем роты салдат пачалі гнаць на працу.

Двое сялян па прозвішчах Амельяновіч і Прыгодзіч леглі на зямлю і заявілі, што нікуды не пойдуць. З імі леглі і іншыя. Сялян высеклі і сілай пагналі да месца працы. Там яны таксама адмовіліся працаваць. Амельяновіча і Прыгодзіча арыштавалі, а іншых людзей штодня выводзілі на працы пад аховай салдат.

Сем чалавек, якіх прызналі галоўнымі арганізатарамі супраціву, адправілі ў турму ў Пружаны. Сітуацыя была настолькі сур’ёзнай, што ў Мальчу прыязджаў асабіста гродзенскі губернатар.

Аднак рэпрэсіі не разбілі салідарнасць жыхароў. У 1821 годзе пасля арышту аднавяскоўцаў мальчанцы зноў адмовіліся падпарадкоўвацца ўладальніку. Зняволеным у турме рэгулярна насілі прадукты.

Людзі спадзяваліся да апошняга, што змогуць перамагчы законным шляхам. Мальчанцы вырашылі, што змогуць дабіцца справядлівасці ў брата імператара, Канстанціна Паўлавіча. Той знаходзіўся ў Варшаве, таму менавіта туды і накіравалі дэлегатаў. Скаргу брат імператара разглядаць не стаў, дэлегатаў арыштавалі і адправілі ў турму.

Як Мальчу ўтаймавалі

Увесну 1821 года з Мальчы вывелі вайскоўцаў. Пасля гэтага сяляне зноў адмовіліся працаваць на гаспадара мальчанскага маёнтка. Таму салдат зноў вярнулі. З жыхароў узялі пісьмовае абавязальніцтва надалей слухацца ўладаў, але гэта не спыніла супраціў.

У 1823 годзе Мальча выбухнула зноў. Чыноўнік, які дакладваў пра падзеі губернатару, асабліва адзначаў незвычайнае адзінства жыхароў. Калі паліцыя спрабавала арыштаваць асабліва актыўных сялян, то астатнія кінуліся на паліцэйскіх адбіваць аднавяскоўцаў.

Бойка з паліцыяй стала апошняй кропляй для дзяржаўнай улады. Вялікі князь Канстанцін Паўлавіч запатрабаваў канчаткова спыніць дзеянні сялян. Вайскоўцам дазволілі забіваць сялян у крайніх выпадках, а салдаты павінны былі знаходзіцца ў Мальчы, пакуль жыхары не будуць пакорнымі.

У тым жа 1823-м сем чалавек, якіх улады назвалі галоўнымі завадатарамі, атрымалі асабліва цяжкі прысуд: іх збілі, кляймавалі і адправалі на катаржныя работы ў Сібір.