У XVII-XIX стагоддзях у Францыі дуэль была рытуалам і лічылася спосабам абараніць гонар, аднак адначасова яна заставалася злачынствам, якое спрабавалі спыняць улады. Нягледзячы на забарону дуэлей, іх усё роўна праводзілі. У французскім дуэльным флёры ёсць і беларускі след: яго можна прасачыць да Клецка і Слуцка, да магнацкага двара Радзівілаў і асяроддзя паўстанцаў 1831 года.
PALATNO расказвае пра дуэлі ў Францыі, у якіх удзельнічалі ўраджэнцы беларускіх зямель.
Радзівіл, які забіў іспанскага пасла (ці не забіў)
У XIX стагоддзі ў Польшчы сталі пераказваць гісторыю пра Яна Уладзіслава Радзівіла, які ў свой час знаходзіўся пры двары французскага караля. Ян Уладзіслаў Радзівіл нарадзіўся ў 1620 годзе. Ён быў сынам Яна Альбрэхта Радзівіла і Лавініі Карэцкай, а пасля смерці бацькі стаў другім уладальнікам Клецкай ардынацыі.
Пра ўдзел Яна Уладзіслава Радзівіла ў дуэлі пры французскім двары стала вядома толькі ў 1857 годзе, то бок амаль праз два стагоддзі пасля меркаванай падзеі. Пра яе расказваў польскі гісторык Эдвард Катлубай у кнізе «Galerja Nieświeżska portretów Radziwiłłowskich». У ёй ён апісаў партрэты Радзівілаў, якія захоўваліся ў Нясвіжскім замку. У ёй жа Катлубай апісаў дуэль Яна Уладзіслава Радзівіла. Згодна з гэтым апісаннем, князь забіў пры французскім двары іспанскага пасла, які прыніжаў палякаў. Пазней гэты сюжэт амаль літаральна паўтарыў этнограф і гісторык Зыгмунт Глогер.
Катлубай і Глогер не паведамлялі галоўнага: як звалі забітага дыпламата, калі і дзе адбыўся паядынак, хто быў у той час французскім каралём, якой зброяй карысталіся праціўнікі і што сталася з Радзівілам пасля дуэлі. Таксама польскія гісторыкі расказваюць, што дуэль адбылася ў часы Яна Сабескага — у 1670-1680 гады, хаця Ян Уладзіслаў памёр яшчэ ў 1662 годзе.
У французскіх і іспанскіх крыніцах гісторыя не пацвярджаецца. Больш за тое, кіраўнікі іспанскай дыпламатычнай місіі ў Францыі памерлі пры іншых абставінах, а ў часы, калі Яна Уладзіслаў мог знаходзіцца ў Францыі, то Францыя і Іспанія ваявалі паміж сабой і не мелі дыпламатычных зносін.
Жанчына, аплявуха і дванаццаць чалавек з кожнага боку
У адрозненне ад Яна Уладзіслава, французскія прыгоды Багуслава Радзівіла пацвярджаюцца яго аўтабіяграфіяй і іншымі крыніцамі. Цікава, што дуэль Багуслава Радзівіла, хутчэй за ўсё, так і не адбылася, хоць князь спрабаваў правесці яе як мінімум тройчы.
Багуслаў нарадзіўся ў Гданьску у 1620 годзе. Значная частка яго жыцця была звязаная з беларускімі землямі: ён валодаў Слуцкам і Капылем, у дзяцінстве выхоўваўся ля Мінска. Пазней ён доўгі час вандраваў у Прусіі, Нідэрландах і Францыі.
Увосень 1645 года Багуслаў далучыўся да пасольства, якое прыбыло ў Францыю па Людвіку Марыю Ганзага — будучую жонку караля Уладзіслава IV. Парыж сустрэў гасцей баламі і прыёмамі. На адным з балаў Радзівіл пасварыўся з Франсуа-Луі дэ Латарынгія, графам дэ Рыё.
Праціўнік Радзівіла належаў да Латарынскага дому, быў праўнукам французскага караля Генрыха IV па пазашлюбнай лініі і меў уплывовых сваякоў пры двары. Канфлікт з ім мог ператварыцца для замежніка ў сур’ёзны дыпламатычны скандал.
Прычынай сваркі стала жанчына, верагодна гэта была парыжанка незнатнага паходжання. Пазней яе называлі асобай «сумнеўнай рэпутацыі», але імя жанчыны дагэтуль не ўстаноўлена. У аўтабіяграфіі Багуслаў сцвярджаў, што граф сказаў нешта ганебнае. Князь адказаў аплявухай — публічнай абразай, пасля якой прымірэнне без сатысфакцыі рабілася амаль немагчымым. Паядынак планавалі арганізаваць не сустрэчай двух чалавек з секундантамі, а па дванаццаць удзельнікаў з абодвух бакоў. Пра намеры дуэлянтаў стала вядома пры французскім двары, таму на дарогах расставілі каралеўскую гвардыю, а ў справу ўмяшаліся высокапастаўленыя святары, якія прымусілі бакі публічна прымірыцца. Яны прымірыліся перад сведкамі, але Багуслаў Радзівіл нібыта зразумеў падчас рукання з графам дэ Рыё, што іх гісторыя яшчэ не скончаная.
Праз паўгода пасля гэтых падзей граф дэ Рыё даслаў Радзівілу новы выклік. Ён прапанаваў сустрэцца яму і правесці дуэль. Паядынак павінен быў адбыцца ля Суасона. Радзівіл на той час знаходзіўся ў Гаазе, таму яму патрэбна было правесці сем дзён у далёкай і небяспечнай дарозе. На Радзівіла і яго слугу некалькі разоў нападалі і спрабавалі абрабаваць. Пасля іх затрымалі французскія салдаты ля Шампаня, бо палічылі іх купцамі, якія спрабуюць абмінуць мытны кантроль. Пасля таго, як Радзівіл раскрыў сваю асобу, яму не дазволілі працягнуць дарогу. Замест гэтага адправілі ў Парыж, а адтуль у Галандыю. Другая спроба дуэлі скончылася, так і не пачаўшыся.
Багуслаў Радзівіл не адмовіўся ад трэцяй спробы. Яшчэ праз год ён зноў прыбыў у Парыж, там жа была прызначаная сустрэча з графам дэ Рыё. Французскія ўлады дзейнічалі хутчэй і гэтым разам: Багуслава Радзівіла арыштавалі і адправілі ў Бастылію. Адтуль яго вызвалілі на наступны дзень. Так дуэль паміж Радзівілам і дэ Рыё ніколі не адбылася.
Дуэль паміж эмігрантамі да першай крыві
Амаль праз два стагоддзі пасля парыжскіх прыгод Радзівілаў у Францыю прыехала хваля выхадцаў з Вялікага княства Літоўскага — удзельнікаў Паўстання 1830-1831 гадоў, якія пасля паражэння мусілі пакінуць Расійскую імперыю. Сярод іх знаходзіліся Юзаф Зянковіч і Адам Калышка. Яны ўдзельнічалі ў Паўстанні на тэрыторыях сучаснай Беларусі і Літвы.
У Парыжы Зянковіч і Калышка пасварыліся і вырашыліся на дуэль. У 1832 годзе, на адным з эмігранцкіх сходаў, Калышка публічна пасмяяўся з Зянковіча, заявіўшы, што той нешта прайграў у парыжскім Palais-Royal — у той час гэта было вядомае месца забаваў, рэстаранаў і азартных гульняў. Зянковіч адказаў яшчэ больш крыўдна: сказаў, што ён, прынамсі, не з’яўляецца «зводнікам пані Герэн».
Адным з секундантаў Зянковіча стаў 22-гадовы Юльюш Славацкі, які пазней будзе вядомым класікам польскай літаратуры. Верагодна, у кожнага дуэлянта было па пяць памочнікаў і сведак. Спачатку кампанія прыехала ў Булонскі лес, але страляцца там ужо не дазвалялі: удзельнікаў выгналі і яны ледзьве пазбеглі арышту. Адтуль яны паехалі з Парыжу, у мілі ад французскай сталіцы ў агароджаны лес.
Пры сабе ў дуэлянтаў былі пісталеты. Яны павінны былі ісці насустрач адзін аднаму, цэліцца ў праціўніка, пакуль не дасягнуць вызначанага бар’ера. Мінімальная адлегласць паміж імі складала дзесяць крокаў.
Юльюш Славацкі камандаваў збліжэннем да бар’ера і зараджаў пісталеты. Пазней ён апісаў дуэль у лісце да маці. Дуэль працягвалася каля паўтары гадзіны і, паводле Славацкага, была страшнай менавіта праз павольнасць, з якой усё адбывалася.
Дуэлянты страляліся тры разы. Пасля трэцяга стрэлу Зянковіч быў паранены ў руку. Дуэль, па дамоўленасцях паміж секундантамі, магла працягвацца толькі да першай крыві. Аднак Зянковіч быў так абражаны, што выказаў гатоўнасць страляцца да смерці. Аднак секунданты скончылі дуэль першым раненнем.
Пасля дуэлі Зянковіч і Калышка не сталі сябрамі, але працягвалі вітацца паміж сабой у публічнай прасторы.



