У Францыі зноў пратэстуюць. А ці ведалі Вы, што гісторыю французскага супраціву пісалі людзі, якія нарадзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі? Бібліятэкар з Маладзечаншчыны стаў ад’ютантам Лафаета, паўстанец з Жалудка — генералам Парыжскай камуны, а анархістка са Смаргоні дапамагала Нестару Махно пісаць успаміны.
PALATNO капае беларускія каранні ў французскіх пратэстах.
Бібліятэкар, які стаў ад’ютантам Лафаета
Леанард Ходзька нарадзіўся ў 1800 годзе ў Аборку (цяпер — Маладзечанскі раён). У Францыю ён пераехаў прыблізна ў 1826 годзе. У Францыі Ходзька працаваў у бібліятэках Сарбоны і Святой Жэнеўевы, займаўся гісторыяй і выдаваў кнігі.
Францыя, у якой пераехаў Ходзька, жыла пра адноўленай манархіі Бурбонаў. Пасля паразы Напалеона каралеўская дынастыя вярнулася да ўлады, але тады спрэчкі пра межы гэтай улады нікуды не зніклі. У 1830 годзе кароль Карл X паспрабаваў узмацніць кантроль над краінай, таму выдаў арданансы, якія абмяжоўвалі свабоду прэсы і распускалі нядаўна абраную Палату дэпутатаў. Адказам на дзеянні караля стала паўстанне.
Падчас Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 года Ходзька быў капітанам Нацыянальнай гвардыі і ад’ютантам генерала Жыльбера Лафаета. Рэвалюцыя 1830 года скінула Карла X, але манархія засталася: новым каралём стаў Луі-Філіп Арлеанскі, якога падтрымаў Лафает.

За ўдзел у рэвалюцыйных падзеях Ходзька атрымаў Ліпеньскі крыж. У тым жа 1830-м годзе пачалося паўстанне супраць расійскага панавання на тэрыторыях былой Рэчы Паспалітай. Для Ходзькі французская палітыка і справы радзімы былі цесна звязаныя. Ён дапамагаў ствараць франка-польскі камітэт пад старшынствам Лафаета, працаваў яго сакратаром і архівістам.
Наступныя дзесяцігоддзі Леанард Ходзька прысвяціў выдавецкай працы. Ён памёр 12 сакавіка 1871 года ў Пуацье, ва ўзросце 70 гадоў. Да пачатку Парыжскай камуны заставалася ўсяго шэсць дзён, але яе давялося абараняць ужо іншаму ўраджэнцу беларускіх зямель.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Ад Бастыліі да стрэлаў у мілі ад Парыжа. Як ураджэнцы беларускіх зямель удзельнічылі ў дуэлях у Францыі
Абаронец рэвалюцыйнага Парыжа
Валер Урублеўскі нарадзіўся ў 1836 годзе ў Жалудку (цяпер — Шчучынскі раён). Да французскіх падзей меў досвед узброенай барацьбы, бо быў адным з камандзіраў Паўстання 1863-1864 гадоў. А пасля паражэння Паўстання ён аказаўся ў эміграцыі.
Спачатку ў Парыжу Урублеўскі жыў жыццём далёкім ад генеральскага. Урублеўскі працаваў настаўнікаў, даваў урокі фартэпіяна. У тыя часы нават сціплая арэндная плата за пакой была для яго цяжарам.
Падзеі, якія зноў зрабілі Урублеўскага вайскоўцам, пачаліся з катастрофы Францыі ў вайне супраць Прусіі. У верасні 1870 года імператар Напалеон III капітуляваў, а ў Парыжы абвясцілі рэспубліку. У гэты ж час вайна працягнулася: прускія войскі аблажылі сталіцу. Пасля перамір’я ўзнік новы канфлікт —паміж палітычна радыкальным Парыжам і больш кансерватыўнай агульнанацыянальнай уладай. На незадаволенасць паразай наклаліся галеча і рашэнні, якія пагаршалі становішча гараджан. Непасрэдным штуршком стала спроба ўрада забраць гарматы Нацыянальнай гвардыі. 18 сакавіка 1871 года жыхары перашкодзілі вывазу гармат, частка салдат перайшла на іх бок. Так пачалася Парыжская камуна.

Удзельнікі Парыжскай камуны належалі да розных левых і рэспубліканскіх плыняў, але іх аб’ядноўвала імкненне самастойна вырашаць лёс горада і праводзіць палітычныя ды сацыяльныя перамены. Камуна праіснавала 72 дні.
Урублеўскі ўзначаліў кавалерыю камунараў, затым стаў камандзірам трэцяй арміі і абараняў левы бераг Сены. Лічыцца, што Урублеўскі разам з Яраславам Дамброўскім адным з двух генералаў, якія адыгралі асабліва важную ролю ў абароне Камуны.
Падчас аопшніх баяў, вядомых як «крывавы тыдзень», Урублеўскі супраціўляўся ў 13-й акрузе Парыжа. Ён адмовіўся ад агульнага камандавання рэшткамі сіл Камуны напрыканцы, але працягнуў змагацца як шараговы нацыянальны гвардзеец. Ён выжыў, некаторы час хаваўся, а пасля пакінуў Францыю з прускім пашпартам і знайшоў прытулак у Вялікабрытаніі. На радзіме Камуны яго завочна асудзілі на смерць.
Пазней Урублеўскі ўсё-такі вярнуўся ў Францыю. Ён памёр у 1908 годзе і быў пахаваны на могілках Пер-Лашэз.
Прафсаюзная дзеячка і анархісцкія спрэчкі
Іда Мет нарадзілася ў 1901 годзе ў Смаргоні ў яўрэйскай сям’і. Яна вывучала медыцыну, у Маскве зблізілася з анархістамі. Пасля пераследу савецкімі ўладамі яна была вымушана пакінуць тэрыторыю Савецкага Саюза. У сярэдзіне 1920-х гадоў Іда Мет пераехала ў Францыю.
Пасля Кастрычніцкага перавароту ў 1917 годзе за мяжой аказаліся не толькі праціўнікі рэвалюцыі, але і людзі, якія падтрымлівалі яе, аднак адмаўлялі бальшавіцкую ўладу. Анархісты хацелі грамадства без прымусовай дзяржаўнай іерархіі і з самакіраваннем працоўных. Савецкая дзяржава ўсё больш абмяжоўвала магчымасць такой дзейнасці.
Адным з найбольш вядомых прадстаўнікоў гэтага асяроддзя быў Нестар Махно — кіраўнік паўстанцкай сялянскай арміі ва Украіне. Падчас грамадзянскай вайны яго сілы змагаліся супраць белых і часова супрацоўнічалі з бальшавікамі. Канфлікт вакол незалежнасці махноўскага руху завяршыўся пераследам з боку савецкай улады, а далей — і эміграцыяй яго кіраўніка.
У Парыжы Іда Мет супрацоўнічала з Нестарам Махно і працавала над яго мемуарамі. Цікава, што яе ўласныя тэксты паказваюць, што яна не была пакорлівай сакратаркай Махно. Яна раіла яму скарачаць прамовы і засяродзіцца на істотных фактах, а яшчэ спрачалася з ім, як пісаць пра гісторыю.

У 1928 годзе французскія ўлады выслалі Іду Мет з краіны. Пасля некалькіх гадоў у Бельгіі і паездкі ў іншыя еўрапейскія краіны яна вярнулася ў Парыж. Там яна стала сакратаркай прафсаюза работнікаў газавай галіны пры Біржы працы.
1936 год, калі Мет вярнулася ў Парыж, быў асаблівым годам для французскіх рабочых. Пасля выбарчай перамогі Народнага фронту краіну ахапілі масавыя страйкі і заняцці прадпрыемстваў. Працоўныя дамагаліся павышэння заробкаў, прызнання прафсаюзных правоў і лепшых умоў працы. Мет працавала ў прафсаюзным асяроддзі ў час гэтага ўздыму, але кіраўніцай страйкаў яна не была.
Падчас Другой сусветнай вайны Іда Мет і яе малалетні сын трапілі ў лагер, у якім знаходзіліся да 1941 года. Пасля вызвалення сям’я жыла на поўдні Францыі.
Пасля вайны Мет працавала ў дзіцячай медыцынскай установе, затым тэхнічнай перакладчыцай у хімічнай прамысловасці. У 1948 годзе яна апублікавала кнігу пра падаўленне Кранштацкага паўстання.
Іда Мет памерла ў 1973 годзе ў Парыжы, ёй быў 71 год.
