Натхненне

Продкі амерыканскага сенатара Джона Осафа эмігравалі ў Амерыку больш за сто гадоў таму. Мы знайшлі сувязь з Беларуссю


Продкі амерыканскага сенатара Джона Осафа эмігравалі ў Амерыку больш за сто гадоў таму. Мы знайшлі сувязь з Беларуссю

4 лістапада 2026 года дэмакрат Джон Осаф пераабраўся ў Сенат ЗША ад штата Джорджыя. За гісторыяй палітычнай кар’еры Осафа хаваецца іншая, ды яшчэ і з беларускімі каранямі.

PALATNO даследавала радавод сенатара і знайшла беларускі след у жыцці Осафа.

Трымаў карабельныя маніфесты падчас прысягі

У студзені 2021 года Джон Осаф упершыню прымаў прысягу сенатара ЗША. На той момант яму было 33 гады. У той час ён стаў першым яўрэем, абраным у Сенат ад Джорджыі, а яшчэ і самым маладым дзейным сенатарам.

Падчас цырымоніі ў яго кішэні ляжалі два незвычайныя дакументы — копіі пасажырскіх спісаў караблёў, якія больш за стагоддзе таму прывезлі ў Амерыку яго прадзеда і прабабулю. Ізраэль Осаф прыехаў у ЗША ў 1911 годзе, а яго жонка Эні крыху пазней — у 1913-м.

сенатар джон осаў, джон осаф беларусь, джон осаф слуцк
Джон Осаф прысягаў з карабельнымі маніфестамі прадзеда і прабабулі ў кішэні.

У адным з пазнейшых інтэрв’ю сенатар тлумачыў, што гэтыя дакументы былі для яго напамінам пра гісторыю сям’і, якая ратавалася ад антысемітызму ў Еўропе. Частка родных Осафа паспела пераехаць за акіян, а іншыя загінулі ў часы Халакосту.

У лістападзе 2026-га Осаф зноў перамог на выбарах у Сенат ад Джорджыі.

Джон Осаф нарадзіўся ў 1987 годзе ў Атланце. Яшчэ школьнікам зацікавіўся палітыкай і працаваў стажорам у камандзе кангрэсмена Джона Льюіса. Пасля вучобы ў Джорджтаўнскім універсітэце працаваў у камандзе кангрэсмена Хэнка Джонсана, займаўся пытаннямі нацбяспекі і знешняй палітыкі. Працяглы час Осаф займаўся журналісцкай дзейнасцю: быў кіраўніком медыякампаніі, якая рабіла расследаванні карупцыі, арганізаванай злачыннасці. У 2017 годзе Осаф балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў, але прайграў выбары.

Як амерыканскі сенатар звязаны са Слуцкам

Найстарэйшы надзейна ідэнтыфікаваны продак Джона Осафа, які звязаны з Беларуссю, — Гірш Асоўскі. Гірш мог нарадзіцца каля 1853 года ў Слуцку. Прынамсі, з гэтай беларускай мясцовасцю яго звязвае допіс у метрычнай кнізе віленскіх яўрэяў, дзе пазначана, што ён з’яўляецца слуцкім мяшчанінам. Яшчэ адзін вядомы факт пра прапрадзеда сенатара — ён служыў у войску Расійскай імперыі.

Гірш Асоўскі быў пабраны шлюбам з Сорай-Рохай Вапнер. Вядома, што Гірш памёр у Вільні ў 1908 годзе.

сенатар джон осаў, джон осаф беларусь, джон осаф слуцк
Допіс пра смерць Гіршы Асоўскага ў метрычнай кнігі Вільні.

Сора-Роха пражыла яшчэ 13 гадоў. Да дзяцей, якія пераехалі ў Амерыку, яна не трапіла. Жанчына памерла ў Вільні ад хваробы сэрца ў 1921 годзе.

сенатар джон осаў, джон осаф беларусь, джон осаф слуцк
Допіс пра смерць жонкі Гіршы Асоўскага, Соры Вапнер, у метрычнай кнігі Вільні.

У Гірша з Сарай-Рохай было, як мінімум, трое дзяцей: Сара Бэсі Асоўская, Ізраэль Осаф і Самуэль Осаф. Менавіта Ізраэль быў прадзедам будучага сенатара.

сенатар джон осаў, джон осаф беларусь, джон осаф слуцк
Допіс пра нараджэння Ізраэля Асоўскага (Осафа) у метрычнай кнігі яўрэяў Вільні.

Ізраэль Осаф, прадзед Джона, нарадзіўся ў 1889 годзе ў Вільні. Прыкладна ў 1909 годзе Ізраэль ажаніўся з Ханай Шохет. У 1911 годзе, калі яму было 22 гады, Ізраэль перабраўся ў Злучаныя Штаты. Жонка Эні прыехала разам з дзецьмі праз некалькі гадоў, паспеўшы пераехаць з Еўропы да пачатку Першай сусветнай вайны.

Прабабуля Джона Осафа, Хана (Эні) Шохет, нарадзілася каля 1890 года. Яе бацькамі былі Якаў Шохет і Сара Байла. Сям’я жыла ў Вільні. Акрамя Ханы, у сям’і былі яшчэ трое дзяўчынак. Адна з іх, Хінда, таксама пераехала ў Злучаныя Штаты. Дзве іншыя, Этэль і Лея, загінулі падчас Халакосту.

Ізраэль і Эні пасяліліся ў Пібадзі, штат Масачусетс. У пачатку XX стагоддзя горад быў вядомы як адзін з цэнтраў амерыканскай скураной прамысловасці. Ізраэль адкрыў аўтасэрвіс у горадзе, займаўся грузавымі перавозкамі скураных тавараў. Сям’я Асоўскіх, а ў ЗША яны ўжо сталі Осафамі, актыўна ўдзельнічала ў жыцці яўрэйскай супольнасці. У 1933 годзе Ізраэль увайшоў у кіраўніцтва Popular Credit Union, які абслугоўваў мясцовых яўрэяў.

У сям’і Осафаў было восем дзяцей, а сярод іх дзед сенатара — Хайман Осаф. Хайман нарадзіўся ў 1918 годзе ў Пібадзі, і, у адрозненні ад бацькоў, быў амерыканцам па нараджэнні. Ён скончыў мясцовую школу і вучыўся ў Бостанскім універсітэце. Падчас Другой сусветнай вайны служыў у авіяцыйных войсках, ваяваў на Ціхім акіяне.

Пасля вайны вярнуўся дадому і заснаваў уласны скураны бізнес. Хайман займаўся амаль што сямейнай справай некалькі дзясяткаў гадоў. Палова сям’і Осафаў займалася падобным бізнесам.

Хайман і Бланш — дзед і бабуля сенатара

Бланш Дораці Хофман, бабуля Джона, нарадзілася ў 1923 годзе ў Хартфардзе, штат Канектыкут. Яе бацькі былі таксама яўрэі, якія эмігравалі з тэрыторыі Расійскай імперыі.

Бацька Бланш, Морыс Хофман, у 1913 годзе падпісаў дэкларацыю аб намеры атрымаць амерыканскае грамадзянства. З яго можна даведацца яго месца нараджэння і апошняе месца жыхарства ў Еўропе. Ён нарадзіўся ў мястэчку Fustow, а апошнім разам жыў у Putegor. Хутчэй за ўсё, меўся на ўвазе, горад Фастаў у Кіеўскай губерні, а Пяцігоры таксама быў мястэчкам у гэтай жа губерні.

сенатар джон осаў, джон осаф беларусь, джон осаф слуцк
Дакументы аб прашэнні натуралізацыі Морыса Хофмана.

Падчас Другой сусветнай вайны Бланш паступіла на службу ў корпус медыцынскіх сясцёр арміі ЗША. Бланш пазнаёмілася з Хайманам дзякуючы свайму брату Гары, які сябраваў з Осафамі.

У 1947 годзе Бланш і Хайман пабраліся шлюбам. У сям’і нарадзіліся чацвёра дзяцей: Рычард, Карэн, С’ю і Дэвід. Старэйшы сын, Рычард, стаў бацькам будучага сенатара.

Бацька сенатара, Рычард Осаф, нарадзіўся ў 1948 годзе. Ён вырас у Масачусетсе і Нью-Гэмпшыры, адвучыўся ў Пенсільваніі, а пазней атрымаў адукацыю ў Бостане. Пасля вучобы ён уладкаваўся ў кампанію McKinsey&Co.

У 1978 годзе Рычард пераехаў у Атланту (штат Джорджыя), калі кампанія адкрыла там офіс. У 1980-х гадах Рычард заснаваў выдавецкі бізнес, які спецыялізаваўся на прафесійнай інфармацыі для юрыстаў і бухгалтараў.

У Атланце Рычард стварыў сям’ю: пабраўся шлюбам з Хізэр Фентан — аўстралійкай, якая эмігравала ў ЗША ў 1971 годзе. У 1987 годзе ў іх нарадзіўся сын Джон, які двойчы стане сенатарам.