Натхненне

Полацк і Ганза: гандлёвы саюз, крымінал і заняпад


Полацк і Ганза: гандлёвы саюз, крымінал і заняпад

Вандроўныя купцы, якія пракладалі гандлёвыя шляхі ў Еўропе, з часам сталі той сілай, што ператварыла невялікія гандлёвыя абшчыны ў магутны Ганзейскі саюз. Ганза кантралявала вялікую колькасць гарадоў, якія гандлявалі на паўночных морах Еўропы. Полацк быў адным з ключавых пунктаў гэтага шляху. Ён быў прамыслова-гандлёвым цэнтрам для нямецкіх купцоў і ўвайшоў у еўрапейскую гісторыю, дзе побач кіпелі жарсці, адбываліся здрады і судовыя спрэчкі, якія часам мог вырашыць толькі вялікі князь літоўскі.

PALATNO расказвае пра тое, як Полацк гандляваў з Еўропай.

Што за Ганзейскі саюз?

У XII стагоддзі быў створаны саюз вандроўных купцоў, які ў хуткім часе  ператварыўся ў аб’яднанне паўночна-заходніх еўрапейскіх гарадоў. Купцы прадстаўлялі свае гарады, а праз некаторы час галоўным горадам саюза стаў Любек. Любек быў перавалачным пунктам і палітычным цэнтрам, там адбываліся агульныя з’езды ганзейскіх гарадоў. Аднак толькі ў 1356 годзе была выкарыстана назва «Нямецкая Ганза».

Ганзейскі саюз валодаў манаполіяй на гандаль у басейнах Паўночнага і Балтыйскага мораў, яна мела канторы ў розных еўрапейскіх гарадах. За ўвесь час існавання ў Ганзейскі саюз уваходзіла каля 200 гарадоў.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Ад Рагвалода да нашчадкаў Альгерда: хто княжыў на Полацкай зямлі

 

Як царскі ўрад зачыніў Полацкі езуіцкі калегіум

 

Практыка, правераная стагоддзямі. Як палітзняволенымі гандлявалі на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва


Росквітам Ганзы лічыцца другая палова XIV — першая палова XV стагоддзяў. Пад канец XVI стагоддзя Ганзейскі саюз саступіў ролю англійскім, галандскім і французскім купцам. Заняпад Ганзы адбыўся з-за празмернай рэгламентацыі і кансерватызму ўнутранага жыцця саюзу, перамяшчэннем міжнародных шляхоў зносін і развіццём гандлю. Апошні з’езд купцоў адбыўся ў 1669 годзе.

Як Полацк звязаны з Ганзай?

Гандлёвыя сувязі нямецкіх купцоў з гарадамі беларускага Падзвіння ўсталяваліся яшчэ ў пачатку XIII стагоддзя. У раннім Сярэднявеччы гандляр і воін былі адным і тым жа чалавекам, таму раннія кантакты нямецкіх купцоў і мясцовага насельніцтва было спалучана з гвалтам: калі гандляры не маглі купіць нейкі тавар, то яны адымалі гэта сілай.

У 1229 годзе была падпісана дамова, якая адкрывала Смаленску, Полацку і Віцебску шлях у Рыгу, на Гоцкі бераг і далей, а вось немцы атрымалі доступ да вольнага гандлю па ўсёй Дзвіне.

Тую дамову падпісалі ўчорашнія ворагі, таму першыя артыкулы дамовы былі прапісаныя не пра ўласна гандаль, а пра гвалт і пакаранні за яго.

Ужо ў сярэдзіне XIII стагоддзя Полацк стаў гандлёвым цэнтрам для немцаў на Дзвіне. У горадзе адчынілася пастаянная ганзейская факторыя, дзе нямецкія купцы маглі жыць стала. Да прыкладу, у Ноўгарадзе яны мяняліся кожныя паўгода. Нямецкая абшчына ў Полацку кіравалася статутам, які распрацаваў рыжскі магістрат — яму ж належала вярхоўная ўлада. Ганзейская факторыя ў Полацку дасягнула росквіту пры Вітаўце, правы і льготы купцоў былі шырэйшыя, чым у іншых канторах Усходняй Еўропы. Полацкая ганзейская факторыя існавала да пачатку XVI стагоддзя.

Крымінал і Ганза

Гандаль у тыя часы быў прыбытковым і рызыковым заняткам адначасова. Таму дзейнасць гандляроў кантралявалася і абаранялася, але былі выключныя выпадкі злачынстваў, звязанымі з беларускімі землямі.

Забойствы адбываліся рэдка, былі выключнымі выпадкамі. Так, напрыканцы XIII стагоддзя жыхары Віцебска скардзіліся на рыжан, бо тыя нібыта забілі гандляра і скралі больш за тону воску. А ў сярэдзіне XV стагоддзя палачане патрабавалі пакараць дынабургскага комтура за забойства мясцовага.

Самым распаўсюджаным злачынствам было рабаўніцтва. Яго практыкавалі ўсе: ад мелкіх гандляроў (немцаў і мясцовых) да эліты (магістраў і князёў). Некаторыя рабаўніцкія ўчынкі былі такімі маштабнымі, што іх разглядаў сам вялікі князь літоўскі.

Цікава, што асаблівай знявагай у дачыненні да полацкіх гандляроў было гвалтоўнае абразанне барады, якое часам рабілі нямецкія гандляры пры рабаванні. На той час гэта лічылася свядомым гвалтоўным актам.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Як барада стала абярэгам ад ваўкоў і сімвалам урадлівасці

Крадзяжы ў раннім Сярэднявеччы караліся на месцы здарэння, аднак з часам і з развіццём права гэта змянілася. Так, злачынцаў каралі па месцы яго нараджэння: напрыклад, калі палачаніна злавілі на крадзяжы, то яго мусілі судзіць у Полацку.

Яшчэ адным з папулярных злачынстваў часоў Ганзейскага саюзу былі маніпуляцыі з шалямі. Махлярства ў гэтым кірунку было такім частым, што некаторыя князі абавязвалі вагаўшчыка цалаваць крыж, каб так абавязацца быць сумленным пры ўзважванні тавару.

Гандляры маглі падрабляць ці прадаваць няякасны тавар, за што таксама была прадугледжаная адказнасць. А яшчэ частымі парушэннямі былі ўхіленні ад аплаты тавараў і адмовы ад вяртання пазык і крэдытаў. Цікава, што Ганза катэгарычна забараняла гандляваць з рускімі і літоўцамі ў крэдыт.