Ганна Тумаркін стала першай жанчынай у Еўропе, якая атрымала права не проста выкладаць ва ўніверсітэце, але прымаць экзамены ў дактарантаў і кандыдатаў на прафесарскія пасады. Яна стала першай жанчынай-прафесаркай у Швейцарыі і займалася філасофіяй на працягу ўсяго жыцця. Ганна нарадзілася на беларускіх землях, але амаль усё жыццё правяла ў Швейцарыі. Яна ўражвала не толькі навуковымі поспехамі, але асабістым жыццём: Ганна пражыла жыццё з жанчынай: таксама яўрэйкай, таксама ўраджэнкай Расійскай імперыі.
PALATNO расказвае пра Ганну Тумаркін.
Складаны шлях Тумаркін да прафесіі
Ганна Тумаркін нарадзілася ў Дуброўне ў 1875 годзе. Яна паходзіла з заможнай яўрэйскай сям’і: бацька быў купцом і дваранінам з Бесарабіі, а маці паходзіла з Дуброўны. Бацька Палтыэль Тумаркін займаўся перакладамі амерыканскай літаратуры на іўрыт, ён жа лічыцца адным з першых перакладчыкаў сучаснай амерыканскай літаратуры на іўрыт. У маленстве Ганны сям’я пераехала ў Кішынёў, дзе расла і вучылася маленькая дзяўчына.
У 1892 годзе Тумаркін пераехала ў Швейцарыю і паступіла на філасофскі факультэт Бернскага ўніверсітэта. Праз тры гады яна абараніла дысертацыю па параўнальнаму аналізу філасофскіх работ Гердэра і Канта. Яшчэ праз некалькі гадоў, у 1898-м, Тумаркін атрымала працу ў Бернскім універсітэце і стала першай у Еўропе жанчынай, якая прафесійна выкладала філасофію. Каля трох гадоў пасля Бернскага ўніверсітэта Ганна вучылася ў Вільгельма Дзільтэя з Берлінскага ўніверсітэта, вядомага гісторыка і філосафа свайго пакалення.
Пасля Берліна Тумаркін вырашыла вярнуцца ў Берн, бо там было больш перспектыў для працы. Аднак там яна сутыкнулася з крытыкай, бо раней не атрымала кваліфікацыі па класічнай лацінскай і грэчаскай мовах. Выкладчыкі Бернскага ўніверсітэту крытыкавалі яе за тое, што нельга выдаваць дазвол на выкладанне чалавеку, які не можа чытаць філасофскія творы на мовах арыгіналу — то бок, на грэчаскай і латыні. Тумаркін выдаткавала час на вывучэнне гэтых моў і аднагалосна атрымала дазвол да выкладання. Першая лекцыя Тумаркін у Бернскім універсітэце стала сенсацыяй, бо выкладчыкам упершыню стала жанчына. На той момант ёй было ўсяго 23 гады.
Паступова Ганна рабіла крок за крокам, ішла па кар’ернай лесвіцы. У пачатку 1900-х гадоў яна стала першай жанчынай у Еўропе, якой дазволілі прымаць студэнцкія дысертацыі і экзамены. Першай жанчынай, якая атрымала доктарскую ступень дзякуючы Ганне Тумаркін, стала ўкраінка Ева Шапіра. Тумаркін выкладала філасофію ў Бернскім універсітэце да 1943 года.
У 1921 годзе Тумаркін атрымала швейцарскае грамадзянства, да гэтага яна мела грамадзянства Расійскай імперыі.
Здароўе Ганны Тумаркін стала пагаршацца ў 1930-я гады. У 1943 годзе яна звольнілася з універсітэту, але часам чытала лекцыі па запрашэнні ў Берне. Ганна Тумаркін памерла ў 1951 годзе пасля працяглай хваробы.
Ганна Тумаркін і Іда Гоф
У канцы 1890-х гадоў Ганна Тумаркін пазнаёмілася з Ганнай Гоф, якая была сяброўкай Людвіга Штайна — у яго навучалася Тумаркін. Гоф пазнаёміла Тумаркін са сваёй дачкой, Ідай Гоф. Далейшае жыццё Ганны Тумаркін было звязана з Ідай Гоф, хоць ніякіх доказаў, што паміж імі была любоўныя адносіны, няма. Абедзве жанчыны ніколі не былі замужам. Сама Гоф казала, што не ведае, як будаваць адносіны з мужчынамі: «Ich wüsste wirklich nicht, was ich noch mit einem Mann anfangen sollte!». Сучаснікі былі ўпэўнены, што Гоф была паглыблена ў працу, таму не мела ні часу ні жадання да рамантычных стасункаў.

Гоф і Тумаркін пачалі жыць разам з 1912 года. У 1921 годзе Ганна Тумаркін і доктарка Іда Гоф разам знялі кватэру ў Берне, уладкавалі ў адным з пакояў бібліятэку. У 1925 годзе разам паехалі да сваякоў Тумаркін у Кішынёў, які на той час знаходзіўся пад кантролем Румыніі. Гоф і Тумаркін разам вандравалі па Швейцарыі. Гоф стала першай жанчынай, у якой быў аўтамабіль у Берне. Разам яны таксама наведалі Грэцыю ў 1927 годзе.
Дзякуючы Гоф Тумаркін пачала цікавіцца фемінізмам. У швейцарскі перыяд Тумаркін зацікавілася барацьбой за правы жанчын, што было прадыктавана і яе ўласнай барацьбой за права быць у прафесіі. У 1928 годзе яна працавала над першай Швейцарскай выставай жаночай працы, а яшчэ яна склала двухмоўны каталог «Спіс публікацый швейцарскіх жанчын». У 1929 годзе Тумаркін падтрымала агульнанацыянальную петыцыю з патрабаваннем поўных выбарчых правоў для жанчын.
Агульным для Гоф і Тумаркін было яўрэйскае паходжанне. Многія сваякі жанчын пацярпелі падчас пераследу нацыстаў па ўсёй Еўропе.
Тумаркін памерла раней за сяброўку на год. Іда Гоф памерла ў 1952 годзе, яе цела крэміравалі, а прах пахавалі ў магіле Тумаркін у Берне.
Навука і спадчына Тумаркін
У сваіх працах Ганна Тумаркін аналізавала і інтэрпрэтавала творчасць і ідэі філосафаў Гердэра, Канта і Спінозы. Яна займалася праблемамі эстэтыкі, псіхалогіі і культуралогіі. Праца Тумаркін «Wesen und Werden der schweizerischen Philosophie» ахоплівае гістарычны агляд развіцця швейцарскай філасофскай традыцыі.
Хоць пры жыцці Тумаркін не атрымала шырокага прызнання, як яе калегі-мужчыны, у наступныя дзесяцігоддзі яе ўнёсак адзначылі ў навуковым асяроддзі.
У 2000 годзе адну з прылеглых да Бернскага ўніверсітэта вуліц назвалі Tumarkinweg у гонар Ганны Тумаркін, а ў самім універсітэце адну з навуковых праграм назвалі яе імем. Ад 2022 года Бернскі ўніверсітэт праводзіць лекцыі па філасофіі імя Ганны Тумаркін, якія праводзяцца кожныя два гады. У 2025 годзе ў Бернскай універсітэцкай бібліятэцы адкрыта чытальная зала імя прафесаркі.
