У Польшчы ён стаў выбітным кампазітарам і знаным аматарам гор, асабліва Татраў. Мечыслаў Карловіч нарадзіўся на Смаргоншчыне, але здабыў славу ў суседняй, блізкай да яго краіне.
PALATNO расказвае пра Мечыслава Карловіча.
Змест
Музыка ахутала ўсё яго жыццё
Мечыслаў Карловіч нарадзіўся ў 1876 годзе ў Вішневе, што цяпер знаходзіцца на Смаргоншчыне. Маленькі Мечыслаў жыў першыя шэсць гадоў у смаргонскай вёсцы, але ў хуткім часе сям’я вырашае пераязджаць.
У 1882 годзе сям’я Карловічаў прадала маёнтак, пераехала спачатку ў Гайдэльберг, пасля была Прага і Дрэздэн. У 1887 годзе Карловічы асядаюць у Варшаве.
Мечыслаў цікавіўся музыкай з дзяцінства. Яго бацька, Ян Карловіч, граў на віяланчэлі і фартэпіяна. З сямі гадоў, калі ён пераехаў у Германію, пачаў займацца на скрыпцы. Пазней ён паедзе ў Берлін, каб вучыцца ў Ёзэфа Ёахіма, аднак не змог трапіць да яго на навучанне. Мечыслаў усё роўна застаўся ў Берліне, вучыўся музыцы ў іншых знакамітых музыкантаў, а яшчэ наведваў лекцыі на філасофскім факультэце Берлінскага ўніверсітэта.
Напрыканцы 1890-х вярнуўся ў Польшчу, працягваў музычную кар’еру. На гады вяртання ў Варшаву прыпадае яго станаўленне як кампазітара, у хуткім часе ўжо мае рэпутацыю кампазітара новай хвалі. Там ён робіць адзіную завершаную сімфонію ў сваёй кар’еры.
У 1904 годзе вырашае цалкам змяніць кар’еру і пачынае ствараць тое, што сёння лічыцца яго галоўным укладам у музыку. Карловіч піша шэраг драматычных сімфанічных паэм. Асаблівасцямі стылю Карловіча былі фаталізм і меланхалічны настрой, захапленне псіхалагічным драматызмам.
Вялікая любоў Карловіча — горы
Пасля пераезду з беларускіх зямель Мечыслаў Карловіч захапіўся гарамі. Яго асаблівай цікавасцю сталі Татры. Ён ездзіў у Татры ад 1889 года, а альпінізмам стаў займацца ў 1902 годзе, калі канчаткова вярнуўся з Германіі ў Польшчу.
Мечыслаў Карловіч стане ўдзельнікам Татранскага таварыства — турыстычнай арганізацыі, якая займалася і навуковым даследаваннем польскіх гор.
У 1907 годзе Карловіч канчаткова пасяліўся ў Закапанэ. У Татрах скарыў з дзясятак вяршынь. У гэты перыяд стаў піянерам лыжнага спорту, захапляўся фатаграфіяй і стварыў фотаальбом «Карловіч у Татрах».
Горы былі вялікай любоўю Карловіча, але яны сталі і яго смерцю. 8 лютага 1909 года ён пайшоў у Татры на лыжах, каб пафатаграфаваць горы. Тая вандроўка стала пагібельнай: ён загінуў пад лавінай.
На месцы яго смерці ўсталяваны Карловіцкі камень з надпісам Non omnis moriar («Я не памру цалкам») — гэта словы рымскага паэта Гарацыя, які меў на ўвазе, што яго творы забяспечаць яму славу, якая будзе непадуладнай смерці.

Польшча ўганаравала імя і спадчыну Карловіча
Нягледзячы на тое, што Мечыслаў Карловіч нарадзіўся і пражыў частку жыцця на Смаргоншчыне, яго імя дагэтуль не было ўганаравана беларускімі ўладамі. Іншая сітуацыя з Польшчай, дзе ён стаў музыкантам і даследчыкам гор.
Імем Мечыслава Карловіча названа Шчэцінская філармонія, музычныя школы ў Познані, Кракаве, Зялёнай Гуры, Катавіцах.
Цягнік польскай чыгункі, які курсіруе па маршруце Закапанэ-Варшава Усходняя, названы ў гонар Мечыслава Карловіча.






