Веды

Крыптавалюта, мастацтва і псіхіятры: як і за што плацяць у індустрыі самаразвіцця?


Крыптавалюта, мастацтва і псіхіятры: як і за што плацяць у індустрыі самаразвіцця?

Самаразвіццё перастала быць пра «лепшую версію сябе». Сёння гэта спосаб не з’ехаць з глузду, прафесійна рэалізавацца або зарабіць грошы. Людзі плацяць дзясяткі тысяч даляраў за крыптакурсы, стаяць у чэргах да псіхіятраў і гадамі шукаюць сябе ў мастацтве ды філасофіі.

PALATNO сабрала тры гісторыі, каб зразумець: як і за што насамрэч плацяць у індустрыі самаразвіцця.

Крыпта як неабходнасць, а не хобі

Таццяна, жанчына з вышэйшай адукацыяй, 38 гадоў, маці малога дзіцяці. Займаецца крыптою, інвестыцыямі і MLM.

У інтэрнэце Таццяна пачала зарабляць больш за пяць гадоў таму. Яны разам з мужам шукалі, чым можна заняцца, каб не быць прывязанымі да месца, бо шмат падарожнічалі. Так атрымалася, што яны жылі на тры краіны ў час, калі пачалася каронавірусная пандэмія. Апошнія два гады галоўны фокус Таццяны — малое дзіця. Самаразвіццё яна адклала, а бізнес вядзе па інэрцыі. Аднак у яе сферы без новых ведаў проста няма будучыні.

Па словах жанчыны, кожны праект — гэта асобная школа: трэйдынг, майнінг, арбітраж, фармінг. Дадаткова з гэтым ідзе навучанне па продажах, камунікацыях, SMM, праца з самаацэнкай і г.д. Яна адзначае, што трэнінгі і навучанне з’яўляюцца часткай працэсу пабудовы каманды і бізнесу: «Калі нешта працуе, то адразу трэба ўводзіць у практыку, інакш не мае сэнсу гэтым займацца».

— Кожны праект — гэта свая школа, ніша, свае навыкі. Пакуль не ўнікнеш — не зразумеш, а не зразумееш — не зможаш растлумачыць простымі словамі іншым людзям. Таму даводзіцца ўсё вывучаць самой, а пасля прасоўваць, прадаваць, навучаць, матываваць і рабіць грошы. А ўваход у праект каштуе вялікіх грошай. Вох, як потым матывуе адбіваць і зарабляць грошы назад і павялічваць іх!

Таццяна выдаткавала каля 30 тысяч долараў у 2025 годзе, у 2024 годзе — 20 тысяч.

Яна лічыць, што гэта не курсы дзеля росту, а ўваходныя квіткі ў сістэмы, у якія без навучання няма доступу. З аднаго боку, самаразвіццё тут — інструмент для заробку, веды акупляюцца і прыносяць грошы. З іншага боку, самаразвіццё становіцца працай без прасторы для сябе.

Псіхатэрапія замест росту

Вольга, 41 год, займае кіраўнічую пасаду, мае вышэйшую адукацыю і дарослага сына. 

Самаразвіццё як трэнд выклікае ў Вольгі раздражненне. Яна не імкнецца да дасягненняў, бо адзіная мэта цяпер — не звар’яцець. За плячыма ў яе кансультацыі псіхіятра, праца з псіхолагам, антыдэпрэсанты і групавая тэрапія. Вольга адзначае, што гэта гісторыя перадусім пра баланс, а не пра рост.

Вольга не выдаткоўвае цяпер грошы на самаразвіццё, бо ў яе няма лішніх сродкаў на гэта. Раней у яе была індывідуальная тэрапія па 40 долараў за сесію. Яна займалася каля паўтара года. Цяпер жа ходзіць на групавыя сеансы па дзяржаўнай страхоўцы. Таксама жанчына працягвае шукаць розныя бясплатныя «нішцякі» ў падкастах, прафесійных блогах.

— Мне падаецца, што я стаю ў кропцы. Думаю, што самаразвіццё — нейкі пастаянны працэс, у які ты нон-стоп павінен пад нейкім прымусам штосьці ўкладваць, штосьці рабіць, кудысьці рухацца.

Вольга адзначае, што атрымала стабільнасць, разуменне сябе і знізіла дозы лекаў. Але яна таксама падрэслівае, што псіхатэрапія — гэта гісторыя не пра рост і не пра лепшую версію сябе, а пра магчымасць жыць.

Мастацтва, філасофія і інтуітыўны шлях развіцця

Андрэй, 39 гадоў, мужчына без сям’і з сярэдняй адукацыяй, працуе прадаўцом у краме.

Для Андрэя самаразвіццё — гэта адначасова модны напрамак і неабходнасць. Яго шлях свядомага развіцця пачаўся ў 30 гадоў са спорту. Потым з’явіліся напрамкі ў замежных мовах, лекцыі людзей, якія жывуць сваёй справай, філасофскія і духоўныя пошукі, нават камп’ютарны курс.

Андрэй вучыўся праз назіранне, інтуіцыю. Ён адзначае, што прымярае чужы досвед на сябе. Для яго розныя курсы па самаразвіцці з’яўляюцца другаснымі, чым унутранае разуменне чужога досведу. Апошнія гады Андрэй займаецца тэатрам і выступае на сцэне, а яшчэ працягвае шукаць сябе.

— Нашмат цікавей самому разбірацца. Цяжка, доўга, але так я сам ўсё пражываю.

За дзевяць гадоў мужчына выдаткаваў на сваё развіццё прыблізна каля 7 тысяч долараў. Ён лічыць, што атрымаў досвед, упэўненасць і зразумеў сябе.